Чацвер, 15 Люты 2024 08:33

24 лютага 2024 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Фёдаравіча Трынды (1904–1944), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, удзельніка партызанскага руху

Мікалай Фёдаравіч Трында нарадзіўся 24 лютага 1904 г. у мястэчку Косава Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сям’і рабочага. Мікалай быў самым малодшым з пецярых дзяцей. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бенжанства. Жылі ў сяле Пакроўскім Ражскага павета Разанскай губерні. У гэтым сяле ж Мікалай атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю.

У 1920 г. памірае маці Мікалая. Бацька вырашыў вярнуцца на радзіму, у Косава. Забраў з сабой сыноў Антона і Мікалая. Сястра Аня засталася ў Расіі. На Радзіму, якая ў 1920 г. апынулася пад польскай уладай, вяртаюцца ў 1921 г. Мікалай Трында працуе і навучаецца пячной справе.

У 1925 г. уступае ў камсамол Заходняй Беларусі і ў хуткім часе становіцца сакратаром падпольных Косаўскага райкама камсамола і райкама КПЗБ пад партыйным псеўданімам «Майскі». Быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Косаўскай палітычнай дэманстрацыі 3 лютага 1927 г. у абарону Беларускай сялянска-рабочай грамады.

За камуністычную дзейнасць 26 лютага 1928 г. Мікалая Трынду арыштавалі. У наступным годзе адбыўся суд – разам з ім польскімі ўладамі былі асуджаныя і сорак яго таварышаў. Адбываў тэрмін у Гродне, Ракавічах. У турме выкладаў зняволеным матэматыку, вучыўся сам. Браў удзел у сямідзённай галадоўцы ў знак пратэсту супраць здзекаў з палітычных вязняў.

У 1935 г. Мікалай Трында выйшаў на волю і зноў заняўся рэвалюцыйнай работай. Па распараджэнні Палескага ваяводы ў 1936 г. быў арыштаваны. Патрыёта заключылі ў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Сюды ён трапіў за тое, што адмовіўся падпісаць «дэкларацыю» (абавязацельства) не ўдзельнічаць у рэвацыйнай барацьбе. У лагеры яго пазбавілі перадач, грашовых пераводаў і перапіскі. Нягледзячы на суровае, поўнае цяжкасцей турэмнае жыццё Мікалай Трында не мог дапусціць здзекаў над сабой. Ён аб’явіў сямідзённую галадоўку і дабіўся права не быць падстрыжаным пад арыштанта і насіць свой касцюм.Тут ён правёў 14 цяжкіх месяцаў.

У 1937 г. Мікалай Трында пераязджае ў Варшаву, дзе працуе на шкляным заводзе. У верасні 1939 г. вяртаецца ў Косава, дзе пасля прыходу Чырвонай арміі ўключыўся ў наладжванне жыцця па савецкіх законах. Быў прызначаны старшынёй прамысловага аддзела райвыканкама. Затым яго пераводзяць у г. Высокае на іншую гаспадарчую працу.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Трында вяртаецца ў Косава. Пад выглядам скупкі тытуню хадзіў па вёсках, ствараў антыфашысцкія ячэйкі. Так з'явіліся антыфашысцкія ячэйкі ў вёсках Скураты, Белавічы, Куляшы, Няхачава, Харошча. У першы год вайны арганізоўвае і ўзначальвае Косаўскі раённы антыфашысцкі камітэт, у які ўваходзілі былыя члены КПЗБ А. М. Мініч (другі сакратар) і В. Т. Радзюк. Члены камітэта збіралі зброю для партызан, вялі агітацыю сярод воінаў Чырвонай арміі, якія засталіся ў акружэнні, распаўсюджвалі ўлёткі і зводкі Саўінфармбюро. Устанавілі сувязь з падпольшчыкамі Слонімскага раёна і аказалі дапамогу ў стварэнні Слонімскай раённай антыфашысцкай арганізацыі.

Пад кіраўніцтвам Косаўскага антыфашысцкага камітэта былі сфарміраваны тры партызанскія атрады. М. Ф. Трында дапамагаў арганізоўваць партызанскі атрад імя Г. Дзмітрава. Баявая дзейнасць атрада праходзіла на тэрыторыі Косаўскага, Ружанскага і Бярозаўскага раёнаў.

М. Ф. Трында прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы разгрому варожага гарнізона ў Косава, у складанні плана гарнізона, асабіста ўдзельнічаў у баявой аперацыі 3 жніўня 1942 г. У аперацыі ўдзельнічала больш за 400 партызан. Партызаны знішчылі і паранілі больш за 100 гітлераўцаў, разбурылі вузел сувязі, спалілі масты, смалакурны завод, камендатуру і іншыя адміністрацыйныя будынкі, захапілі больш за 100 вікнтовак, 12 аўтаматаў, боепрыпасы, харчы і амуніцыю. На працягу месяца Косава было пад кантролем партызан.

У жніўні 1943 г. Мікалай Трында стаў членам Брэсцкага антыфашысцкага камітэта. Яго «штаб-кватэрай» заставалася зямлянка ў Гута-Міхалінскім лесе. 1 лістапада 1943 г. прымаў удзел у баі каля в. Белавічы.

За перыяд дзейнасці ў партызанскім атрадзе Мікалая Трынду ўзнагародзілі ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943) і Чырвонага Сцяга, медалём «Партизану Отечественной войны» I ступені.

Незадоўга да вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 10 мая 1944 г. Мікалай Трында з партызанам Уладзімірам Іосіфавічам Паляшчуком знаходзіліся ў в. Харошча, праводзілі гутаркі з вяскоўцамі. Уначы не змаглі вярнуцца ў атрад. На наступны дзень у вёску наляцелі конныя паліцаі з Косава. Схавацца было немагчыма, партызан паліцаі заўважылі адразу, завязаўся бой. Уладзіміра Паляшчука хутка забілі, а Мікалай доўга адстрэльваўся. Паліцаі яго схапілі параненага, амаль бяздыханнага, і жорстка забілі. Абодва героі пахаваны ў скверы на вуліцы 3 Лютага г. Косава, у 1968 г. на магіле ўстаноўлены абеліск.

Сястра М. Ф. Трынды, Ганна Фёдараўна Трында, таксама змагалася з фашызмам, была членам Косаўскага антыфашысцкага камітэта. З чэрвеня 1942 г. – вязень канцлагера «Асвенцым», вызвалена вясной 1945 г. Пасля вайны жыла ў Маскве. Яе ўспаміны аб гадах няволi ў канцлагеры апублікаваны ў кнізе «В фашистских застенках» (1961). У 1977 г. напісала ўспаміны пра брата «Мужнае сэрца».

У 1965 г. рашэннем выканкама Косаўскага гарсавета вуліца Надрэчная перайменавана ў гонар Мікалая Трынды. У 1975 г. на доме, дзе праходзілі пасяджэнні Косаўскага антыфашысцкага камітэта (вул. 3 Лютага, 71) устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Маслоўскі Сяргей Віктаравіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Тринда Николай Фёдорович // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 612.
  2. Кажадуб, С. Партызанскі стараста / Святаслаў Кажадуб // Жывая гісторыя / Святаслаў Кажадуб. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2017. С. 398–399.
  3. Мароз, В. Лёс Мікалая Трынды / В. Мароз // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 234–235.
  4. Дулебо, А. И. Могила Полещука Владимира Иосифовича и Тринды Николая Федоровича : [Коссово] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 209.
  5. Дулеба, Г. І. Магіла Палешчука Уладзіміра Іосіфавіча і Трынды Мікалая Фёдаравіча : [Косава] / Г. І. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 188.
  6. Дом, в котором проходили заседания антифашистского комитета : [Коссово] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 209.
  7. Скалабан, В. У. Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя / В. У. Скалабан // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 272.
  8. Криштафович, М. Е. По велению долга / Мирон Емельянович Криштафович // Буг в огне : [сборник воспоминаний]. Минск : Беларусь, 1965. С. 232–238.
  9. Фактаровіч, А. А. Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны : [узгадваецца М. Ф. Трында] / А. А. Фактаровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 370–371.
  10. Зайка, А. Косава / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск, 2012. С. 188.
  11. Гапееў, В. Падполле дзейнічае… / Валерый Гапееў // Івацэвіцкі веснік. 2013. 19 лістапада. С. 6.
  12. Банасевіч, М. Байцы нябачнага фронту / М. Банасевіч // Івацэвіцкі веснік. 1994. 4 лютага.
  13. Трында, Г. Мужнае сэрца : [пра М. Ф. Трынду] / Ганна Трында // Кастрычнік. Івацэвічы, 1977. 22 кастрычніка ; 27 кастрычніка ; 1 лістапада ; 12 лістапада.
  14. Кравченко, Д. Жизнь, отданная народу : [о Н. Ф. Тринде] / Д. Кравченко // Заря. 1966. 20 апреля.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 407 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Люты 2024 08:36