Аўторак, 02 Красавік 2024 15:17

2024 г. — 130 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Лемяшэвічы (Пінскі р-н; 1894), помніка архітэктуры драўлянага дойлідства

 

Першая згадка пра існаванне праваслаўнай царквы ў в. Лямяшевічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Лапацiнскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) адносіцца да 1564 г. Паселішча з даўніх часоў належала вядомым шляхецкім сем'ям, пераважна Лемяшэўскім, які пабудавалі ў сваім сяле каменны храм у гонар Святой Тройцы.А калі той згарэў, то па абяцанні пабудавалі новую царкву Раства Прасвятой Багародзіцы.

У 1681 г. шляхтай узводзіцца царква. Дакумент, які пацвярджае рашэнне сумесна пачаць яе будаўніцтва, захоўваўся ў вяскоўцаў аж да першай паловы XX ст. Вядома, што яго падпісалі Павел Цянюк, Тэадор, Ян і Андрэй Лемяшэўскія, Андрэй Колб, Валяр'ян і Бенедыкт Шаламіцкія. Царква, верагодна, неаднаразова абнаўляючыся, прастаяла больш за 200 гадоў. Але яна не захавалася. 

У XIX ст. Лемяшэвічы – сяло, цэнтр воласці Пінскага павета, 73 жыхары, паспяхова працавалі крама і школа з рамесным класам. У 1810 г. на сродкі прыхаджан была пабудавана драўляная царква ў выглядзе карабля з адным глухім купалам. Існуючы цяпер храм пабудаваны ў 1894г. (па іншых звестках – 1885 г.) з дрэва архітэктарам Вайковічам, асвячоны ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы.

У аснове планіроўкі царквы цэнтральны кубападобны зруб, да якога далучаны прытвор, бакавыя прыдзелы і прамавугольная апсіда,якія надаюць будынку крыжападобны план. У прасторавай кампазіцыі пераважаюць трох'ярусная шатровая званіца і цэнтральны зруб, перакрыты шатровым дахам з франтонамі і шлемападобным купалам на вяршыні чатырохвугольнага барабана.

Храм Раства Прасвятой Багародзіцы моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ ў 1943 г. мясцовымі жыхарамі ў надзеі атрымаць нябеснае заступніцтва каля храма была ўсталявана скульптура Хрыста Збавіцеля, вырабленая ў Пiнску. Нямецка-фашысцкія акупанты спалілі ў Пінскім раёне не меньш за 14 храмаў. Па расказах мясцовых жыхароў, менавіта гэтая скульптура Хрыста выратавала вёску і храм ад поўнага разбурэння падчас акупацыі. Адзінае што прыйшлося аднаўляць – купалы. У ліпені 1944 г. акупанты знішчылі 9 двароў у Лемяшэвiчах, 13 жыхароў.

Упрыгожвае Лемяшэвіцкі храм абраз «Цуд Мікалая, які ратуе тапельцаў». У гэтай царкве знаходзіліся арыгінальныя сплеценая з саломкі царскія вароты канца XVIII ст. – пачатку ХIХ ст. Сёння гэты твор народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (выстаўлены ў філіяле ў Раўбічах). Саломка – матэрыял не вечны, у 1970-я гг. рэстаўрацыю варот правяла народны майстар Беларусі Ларыса Мікалаеўна Лось, а потым разам з дачкой Наталляй выканала тры копіі.

У 1980-я гг. настаяцелем у Лемяшэвічах служыў айцец Васілій Рабцэвіч. Сёння храм у Лемяшэвічах адносіцца да Пінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі. Настаяцель – протаіерэй Аляксандр Каляда. Да прыходу адносяцца 10 вёсак.

Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў в. Лемяшевічы – помнік драўлянага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага (псеўдарускага) стылю. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000570).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна, гал. бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Лемешевичская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 18.
  2. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Лемяшэвічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 224.
  3. Злобін, Э. Л. Помнікі культавай і сядзібна-паркавай архітэктуры : царква Раства Багародзіцы / Э. Л. Злобін // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 519.
  4. Габрусь, Т. В. Церковь Рождества Богородицы : [д. Лемешевичи] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 338.
  5. Лемяшэвiчы : [Пінскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 427–428.
  6. Лемяшэвічы // Беларуская энцыклапедыя : у18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 199.
  7. Лемяшевічы // Беларуская савецкая энцылапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 4. С. 30.
  8. [д. Лемешевичи Пинского района] // В глубинном Полесье : (Турово-Пинская земля) / Ю. А. Лабынцев. Москва, 1989. С. 102–103.
  9. Козел, Т. Н. Маршрутами святынь моей малой родины / Т. Н. Козел, Алина Невдах // Гісторыя і грамадазнаўства. Серыя «У дапамогу педагогу». 2020. № 1. С. 30–35.
  10. Собор новомучеников и исповедников : Порфирий Рубанович : [(1883–1943), род. в д. Лемешевичи Пинского уезда] // Православные Святые земли белорусской. Минск, 2014. С. 57.
  11. Плышевские : православные священно- и церковнослужители Беларуси XVIII–XX вв. / сост., авт. предисл., биографий и родословных А. В. Зиновьев. Минск : Белорусская Православная Церковь, 2008. – 582 с.
  12. Лабачэўская, В. Мастацтва дзеля славы Божай : саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы / Вольга Лабачэўская. – Мінск : Беларуская навука, 2018. – 263 с.
  13. Казанина, В. Ю. Взаимодействие персонального и универсального в феномене царских врат из соломы (Беларусь, ХVIII–ХХI вв.) / В. Ю. Казанина // Актуальные проблемы и перспективы развития декоративно-прикладного искусства. Минск : БГУКИ, 2020. С. 65–70.
  14. Субат, У. «...У палесскай старане кожны сокал – брацейка...» : [в. Лемяшэвічы] / Уладзімір Субат // Белорусская нива. 2013. 31 августа. С. 12.
  15. Храмы Піншчыны // Варяг-пресс. Пинск, 2007. 13 июля. С. 5.
  16. Демид, И. Шляхетское поселение Лемешевичи / Инна Демид // Варяг-пресс. Пинск, 1999. 1 октября.
  17. Злобин, Э. Поселения Пинщины / Э. Злобин // Пінскі веснік. 1999. 30 ліпеня.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 314 разоў