Кампактную трохчастковую кампазіцыю храма складаюць квадратны ў плане бабінец, прамавугольная малітоўная зала і пяцігранная выцягнутая апсіда. Маляўнічы сілуэт будынку надае спалучэнне працяглага вальмавага даху з цэнтральным шатром асноўнага аб’ёму, завершанага цыбулепадобнай галоўкай на васьмігранным барабане. Невялікая макаўка пастаўленая над апсідай.
Плоскасныя фасады шчыльна гарызантальна ашаляваны дошкамі і прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах. Уваход вырашаны праз нізкі прытвор пад двухсхільным дахам. У апісанні 1879 г. гаворыцца, што царква ў той час была пафарбавана ў шэры колер, а дах быў чырвоным. Цяпер храм афарбаваны ў блакітны колер.
Цэнтральны аб’ём спачатку меў пірамідальны верх (ліквідаваны пры перабудовахXIX–XX стст.), цяпер памяшканні царквы аб’яднаны агульнай плоскай столлю. Апсіда вылучана невысокім драўляным іканастасам.У заходняй частцы бабінца размешчаны хоры.
Інтэр’ер царквы ўпрыгожваюць абразы ў металічных абкладах XVIII–XIX стст.: «Спас Пантакратар» (1767), «Маці Божая» (1785), «Пакроў Багародзіцы» (XVIII ст.), «Маці Божая Адзігітрыя» (1810), «Маці Божая з дзіцем» (1843), «Вогненнае ўзнясенне Іліі» і «Узнясенне» (у 1855 г. ахвяраваны мясцовым дваранствам), «Святы Мікалай» (XIX ст.).
У архітэктурны ансамбль уваходзіць двух’ярусная зрубна-каркасная званіца у паўднёва-заходнім баку ад царквы. Першы зрубны вертыкальна ашаляваны ярус вылучаны шырокім гонтавым адлівам, другі — слупавы каркас, накрыты пакатым гонтавым шатровым дахам.
У 1875 г. храм быў капітальна адрамантаваны. Гэты помнік драўлянага дойліцтва Прыпяцкага Палесся здолеў перажыць некалькі войнаў і ўцалець. У гады Вялікай Айчыннай вайны храм моцна пацярпеў. Нямецка-фашысцкія акупанты спалілі ў Пінскім раёне не менш за 14 храмаў. Ні пад час вайны, ні ў савецкі час храм святой Параскевы Пятніцы не закрываўся.
Мясцовыя жыхары лічаць, што царкву выратавала ікона Божай Маці Мясяціцкай, што ўпрыгожвае храм. Гісторыя паяўлення ў Мясяцічах гэтага цудатворнага абраза дзіўная. Захаваліся звесткі аб тым, што у 1893 г. на рацэ Прыпяць цярпеў бедства купецкі параход, які накіроўваўся з Пінска ў Кіеў. Каб перажыць непагадзь, капітан прыняў рашэне паставіць судна на якар. Увечары матрос Іван Міхайлавіч Шпакоўскі выйшаў на палубу і ўбачыў, як па рацэ ў бок Пінска супраць плыні рухаецца невялікі прадмет, які свяціўся. Яго дасталі з вады, ім аказалася невялікая дошчачка з выявай Божай Маці з Дзіцяткам на руках. Бура сціхла, падарожжа завяршылася ўдала, і Іван Шпакоўскі, які быў родам з Мясяцічаў, вярнуўся дадому і прывёз абраз з сабой. Некалькамі гадамі пазней па просьбе святара абраз быў передадзены ў царкву Параскевы Пятніцы, а аднойчы ў 1903 г. пры сцячэнні народу абраз цудоўным чынам абнавіўся.
З гэтай святой іконай звязаны цудоўныя гісторыі. Распавядаюць некалькі выпадкаў, што калі да яе набліжаўся чалавек, які не шанаваў святыню, то абраз пакрываўся налётам, які нельга было ачысціць. А ў моманты шчырай малітвы заслона злятала сама сабой. Абраз таксама вылечваў хворых людзей, якія звярталіся праз яго да Божай Маці аб заступніцтве. У 1929 г. на сродкі ўдзячных вернікаў, што працавалі у Нью-Йорку, было набыта прыгожае апраўленне для гэтай палескай святыні.
У сакавіку 2014 г. старадаўняя царква была абрабаваная. Сарваўшы навясны замок з дзвярэй храма, злаўмыснік вынес адтуль пяць абразоў, два Евангелля і сярэбраны кубак для прычасця. Але злодзей быў злоўлены, пасля абвяшчэння прысуду выкрадзеныя прадметы вярнуліся ў храм.
У 1920 г. месца святара ў храме заняў былы палкоўнік царскай арміі Іван Данілавіч Кірдан (1874–1955), які быў вымушаны пакінуць Савецкую Расію, там засталася яго сям’я. Протаіерэя Іаана прыхаджане вельмі шанавалі. Святар пахаваны на тэрыторыі храма, яго магіла заўсёды дагледжаная. Менавіта падчас святарства айца Іаана ўзнікла традыцыя адзначаць дзень з’яўлення іконы Божай Маці Мясяціцкай на дзясятую пятнiцу пасля Вялікадня. Патомкі айца Іаана ў 2016 г. прыязджалі ў Мясяцічы.
Сёння храм у Мясяцічах адносіцца да Пінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі. Настаяцель — протаіерэй Аляксандр Каляда. Да прыходу адносяцца 17 навакольных вёсак.
Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы ў в. Мясяцічы — помнік народнага драўлянага дойлідства Прыпяцкага Палесся. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000574).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай
імя Я. Янішчыц.
Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна,
гал. бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі
- Якімовіч, Ю. А. Мясяціцкая царква Параскевы Пятніцы / Ю. А. Якімовіч // Беларуская энцыклапедыя : у18 т. Мінск, 1999. Т. 11. С. 81.
- Месятичская церковь Параскевы Пятницы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 89–90.
- Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы : [в. Мясяцічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 289.
- Злобін, Э. Л. Помнікі культавай і сядзібна-паркавай архітэктуры : царква Параскевы Пятніцы / Э. Л. Злобін // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 519–520.
- Свята-Параскева-Пятніцкая царква // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 143.
- Габрусь, Т. В. Церковь Параскевы Пятницы : [д. Месятичи] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 340.
- Якімовіч, Ю. А. Мясяціцкая царква Параскевы Пятніцы / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 719.
- Якімовіч, Ю. А. Царква Параскевы Пятніцы / Ю. А. Якімовіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 143.
- Мясяцічы : [Пінскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 438–439.
- Воротникова, О. Храм и его музейная функция : (по результатам экспедиции в Пинский район в июле 2006 г.) / О. Воротникова // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фальклора. Мінск, 2007. Вып. 2. C. 451–456.
- Шпакоўскі, І. С. Фальклорныя тэксты з Пінскага раёна : [матэрыялы дыялекталагічных экспедыцый 1970–1980-х гг., вв. Мясяцічы і Шаломічы] / І. С. Шпакоўскі, Б. П. Калодзіч // Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні : зборнік навуковых артыкулаў. Мінск, 2012. Вып. 2. С. 161–185.
- Мацкевич, Г. Православные святыни Белорусского Полесья : [Месятичская икона Божьей Матери] / Г. Мацкевич // Православные святыни белорусского народа : материалы Международной научно-практической конференции, Минск, 1–2 ноября 2006 г. Минск, 2008. С. 67–76.
- Рэбкавец, Л. Царква Параскевы Пятніцы ў Мясяцічах адна са старэйшых на Піншчыне / Людміла Рэбкавец // Полесская правда. Пинск, 2022. 9 июля. С. 12.
- Чарнякевіч, Ю. Нераскрыты патэнцыял, або Паляшуцкія брэнды – навідавоку / Юрый Чарнякевіч // Культура. 2022. 3 верасня (№ 36). С. 6.
- Козел, Т. Н. Маршрутами святынь моей малой родины / Т. Н. Козел, Алина Невдах // Гісторыя і грамадазнаўства. Серыя «У дапамогу педагогу». 2020. № 1. С. 30–35.
- Владимирова, А. Арестован похититель икон / подготовила Анна Владимирова // Полесская правда. Пинск, 2016. 30 января. С. 10.
- Воложина, В. Месятичская Икона Божией Матери / Вера Воложина // Самарянин. Пинск, 2015. № 1 (4). С. 4.
- Воложина, В. Месятичская Чудотворная Икона Божией Матери : 12 июля – 120-летие Явления Месятичской Иконы Пресвятой Богородицы / Вера Воложина // Полесская правда. Пинск, 2013. 10 июля. С. 3.
- Воложина, В. А. Месятическая Чудотворная Икона Божией Матери : к 120-летию Явления Месятической Иконы Пресвятой Богородицы / Вера Воложина // Пінскі веснік. 2013. 9 ліпеня. С. 3.
- Янiцкая, Л. Падарожжа ў Мясяцічы : [гісторыя вёскі Пінскага раёна] / Л. Янiцкая // Полесская правда. Пинск, 2011. 28 мая. С. 4.
- Ильенков, В. «Иже на водах явилась нам…» / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2003. 11 ліпеня.