Серада, 17 Красавік 2024 09:58

2024 г. — 370 гадоў з часу пабудовы Успенскай царквы ў в. Быцень (Івацэвіцкі р-н; 1654), помніка архітэктуры з рысамі рэнесансу і ранняга барока

Упершыню ў пісьмовых крыніцах в. Быцень Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ўзгадваецца 12 мая 1555 г., калі Ганна Андрэеўна Давойнаўна ў завяшчанні запісвае мужу Ярашу Карыцкаму, канюшаму гаспадарскаму дворнаму, «третюю часть имений моих, то есть Городишъча, Своятич и Бытенья и местечок при тых преречоных именьях и дворцов, данников, бояр путных, людей тяглых к ним прислухаючих».

У канцы ХVI ст. Быцень стаў уласнасцю шляхецкага роду Трызнаў. У 1607 г. Рыгор Трызна, маршалак слонімскі, з жонкай Раінай Сапежанкай выдзелілі сродкі на пабудову у Быцені базыльянскага кляштара (1607–1845), які стаў апорай уніяцтва ў ВКЛ. Першыя будынкі кляштара былі драўляныя.

Настаяцелем у кляштары быў І. Кунцэвіч (да 1613), затым Катлубай Д. Цісовіч (да 1640), С. Стаўроўскі (да 1654). У 1615 г. Папа Рымскі даў кляштару прывілей на адкрыццё духоўнай школы (навіцыянту), у якой затым навучалася шмат дзеячаў уніяцкай царквы. Навучанне было самым элементарным. У школе вучылі пісаць і чытаць на духоўныя тэмы, галоўным жа былі практыкаванні ў манашаскай дысцыпліне, малітве, падпарадкаванні пастановам ордэна і папскаму прастолу.

У 1626 г. Мікалай Трызна заснаваў у кляштары шпіталь на 10 месцаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) умацаваны кляштар даў прытулак базыльянам з Вільні, Полацка, Віцебска, Мінска. Настаяцель Бенедыкт Цярлецкі (часовы кіраўнік ордэна) вывез сюды з Віленскага Троіцкага кляштара цудатворны абраз Маці Божай і іншыя царкоўныя каштоўнасці. Тут захоўваўся абраз Жыровіцкай Маці Божай, жыў Іасафат Бражыц (1635–1683), уласнік гэтага абраза.

Быценскі кляштар базыльян лічыўся адным з найбольш заможных у ордэне. Тут працаваў протакансультар ордэна базыльян Ян Альшэўскі (каля 1656–1723). Пры кляштары была свая друкарня і буйная бібліятэка, якая ў перыяд вайны 1812 г. загінула ў агні.

У 1640 г. Мікалай Трызна перадаў манахам мястэчка і маёнтак Быцень, заклаў каменную царкву (магчыма, сучасная Успенская царква), якая, відаць, была і сямейнай пахавальняй. Будынак Троіцкай царквы часткова разбураны ў Першую сусветную вайну ў 1915 г., у 1929 г. часткова адноўленыБольшыя разбурэнні храм атрымаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, а ў пасляваенны час быў разабраны мясцовымі жыхарамі на будаўнічыя матэрыялы. Ад комплексу кляштара захавалася малая Успенская царква.

Свята-Успенская царква пабудавана ў 1654 г. з цэглы як хатняя царква ў ансамблі базыльянскага кляштара для тых, хто ўжо прыняў манашаства. Храм злучаўся хадамі па левым баку з Троіцкай царквой, а па правым баку — з жылым двухпавярховым корпусам кляштара. Храм абсталяваны сістэмай ацяпляльных хадоў і выкарыстоўваўся як зімовы храм кляштара. Пасля скасавання уніі ў 1839 г. кляштар быў перададзены праваслаўным. Да канца ХIХ ст. жылы корпус з-за неэфектыўнага выкарыстання прыйшоў у нягоднасць і быў разабраны.

У Быценскай царкве ўвасоблены элементы архітэктуры рэнесансу і ранняга барока. Кампактны, прамавугольны ў плане аб'ём, накрыты вальмавым дахам з васьмігранным барабанам. Галоўны фасад падзелены лапаткамі на тры роўныя часткі. У цэнтры над уваходам размешчана акно з паўцыркульным завяршэннем, па баках — дзве плоскія, прастакутныя нішы. Сцены бакавых фасадаў раскрэпованы лапаткамі і парэзаныя паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, зрушаныя ў бок алтара.

Унутраная прастора храма магутнымі пілонамі падзелена на тры нефы, цэнтральны шырокі перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам. Абразы «Маці Божая Замілаванне Жыровіцкая» (сярэдзіна ХVIII ст.) і «Гасподзь Усеўладны» (спіс; арыгінал знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі).

У 1984–1998 гг. настаяцелем Быценскага храма быў святар Рыгор Піліпчук, пры ім быў праведзены капітальны рамонт царквы: зроблена ацяпленне, пабудавана металічная агароджа вакол храма, набыты царкоўны дом. З 1998 г. настаяцелелем служыць протаіерэй Аляксандр Пашкевіч.

У пачатку 2000-х гг. перад храмам пастаўлена мураваная брама-званіца у гонар 2000-годдзя Хрысціянства (архітэктар Л. Макарэвіч). На сённяшні дзень Свята-Успенская царква знаходзіцца ў добрым стане, служыць месцам для малітвы ўжо многіх пакаленняў быценцаў. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспубліткі Беларусь (шыфр 112Г000292).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

імя П. Пестрака.

Маслоўскі Сяргей Віктаравіч,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Быценская капліца // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 380.
  2. Быценская Успенская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 141–142.
  3. Бытенская Успенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1. С. 221.
  4. Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы : [в. Быцень] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 61–62.
  5. Бытенский монастырь базилиан // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 2. С. 570.
  6. Ярашэвіч, А. Быценскі Успенскі манастыр / Аляксандр Ярашэвіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 1. С. 361.
  7. Бытенский мужской монастырь // Православные монастыри Беларуси / автор-составитель С. Э. Сомов. Минск : Четыре четверти, 2003. С. 81.
  8. Базыльянская святыня // Страчаная спадчына / уклад. Т. В. Габрусь. Мінск, 2003. С. 141–144.
  9. Свята-Успенская царква : [в. Быцень] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 29–30.
  10. Ярашэвіч, А. Быценскі манастыр базыльян / А. Ярашэвіч // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Минск, 2001. С. 59.
  11. Кулагін, А. М. Быценская капліца / А. М. Кулагін // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 98.
  12. Гарбусь, Т. В. Быценскі манастыр базыльян / Т. В. Гарбусь // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 98–99.
  13. Быценскі кляштар базыльян // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 34.
  14. Самбук, С. Ф. Успенская церковь : [д. Бытень] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры. Брестская область. Минск, 1990. С. 203–204.
  15. Свята-Успенская царква // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Мінск, 2009. С. 45.
  16. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. – Са зместу: Быцень. Свята-Успенскі базыльянскі манастыр. С. 154–155.
  17. Быцень // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 452–453.
  18. Зайка, А. Быцень / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск, 2012. С. 46–48.
  19. Несцярчук, Л. М. Быцень / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ ст. : (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 151.
  20. Габрусь, Т. Здань базыльянскай святыні / Тамара Габрусь // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 34–36.
  21. Быценскі манастыр і кнігапісанне // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 36–37.
  22. Мароз, У. Быцень / Уладзімір Мароз // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 469–470.
  23. Свірыдовіч, В. У кожнага свая святыня : [гісторыя манастыроў у Кобрыне, Быцені, Бярозе, Пінску] / Вольга Свірыдовіч // Заря. 2022. 27 августа. С. 12–13.
  24. Кузьмич, В. О чудесах Божьих и суровой жизни : [истории нескольких случаев чудесного исцеления, которые происходили на Ивацевичской земле и были запечатлены в архивах] / архивы читал Василий Кузьмич // Івацэвіцкі веснік. 2022. 13 красавіка. С. 6.
  25. Русак, Н. Быценьская Мадона : [гісторыя іконы Божай Маці з Быцені] / Н. Русак // Краязнаўчая газета. 2006. № 14. С. 5.
  26. Ярашэвiч, А. Неўвядальныя святыні : [пра выставу «Духоўныя святыні Беларусі» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. У т. л. абраз «Спас Уседзяржыцель», які выяўлены ў Быценскай царкве] / А. Ярашэвіч // Мастацтва. 2005. № 4. С. 39–41.
  27. Піліпчук, Р. Ад продкаў ідзе гісторыя… / Р. Піліпчук // Кастрычнік. Івацэвічы, 1990. 21 жніўня. С. 3.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 373 разоў