Аўторак, 04 Чэрвень 2024 15:47

2024 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Кірылавіча Букрабы (1914–1977), удзельніка Кобрынскага (Навасёлкаўскага) узброенага выступлення сялян (1933), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны

Аляксандр Кірылавіч Букраба нарадзіўся ў 1914 г. у в. Навасёлкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Працаваў на зямлі, вызначаўся актыўнай жыццёвай пазіцыяй.

3 жніўні 1933 г. сяляне Кобрынскага павета пайшлі ў маёнтак паноў Малачэўскіх (в. Булькова), каб тыя заплацілі за палявыя работы. Па дарозе да месца збору разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў. Больш за 100 сялян, узброеных паляўнічымі стрэльбамі і наганамі, некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жніўня паліцыя, атрымаўшы падмацаванне з Брэста, разагнала сялян.

Арганізатары выступлення былі арыштаваны, аддадзены пад ваенна-палявы суд. Аляксандр Букраба, як адзін з актыўных удзельнікаў выступлення, быў асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення. Пакаранне адбываў у турмах Кобрына, Седльцаў, Вільні, Равіча.

У верасні 1939 г. Аляксандр Букраба вярнуўся на радзіму. Працаваў сакратаром Навасёлкаўскага валаснога выканкама, у 1940–1941 гг. – дырэктарам школы.

У Вялікую Айчынную вайну Аляксандр Букраба – партызан атрада імя А. В. Суворава. У верасні 1942 г. яго бацька Кірыл Сцяпанавіч Букраба (1884–1942) за сувязь з партызанамі быў схоплены і закатаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У жніўні 1943 г. – сакавіку 1944 г. Аляксандр Букраба – камісар атрада імя Г. К. Арджанікідзе брыгады імя В. М. Молатава Пінскага злучэння. З 1944 г. служыў у Польскім штабе партызанскага руху. Аляксандру Букрабе разам з Мікалаем Дорашам і іншымі было даручана выявіць у польскіх сем’ях лаяльна настроеных людзей, якія жадалі удзельнічаць у вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з многімі мясцовымі партызанамі вялі тлумачальную працу сярод польскага насельніцтва, даказвалі, што актыўны ўдзел палякаў у вызваленні беларускіх, украінскіх, польскіх земляў наблізіць выгнанне фашыстаў з гэтых тэрыторый.

Пасля вайны Аляксандр Кірылавіч знаходзіўся на савецкай і партыйнай рабоце. Працаваў намеснікам старшыні Дзівінскага, старшынёй Дзівінскага, Пружанскага і Антопальскага райвыканкамаў, першым сакратаром Шарашоўскага і Пружанскага райкамаў КП(б)Б.

У сувязі з перабудовай партыйнага і гаспадарчага кіраўніцтва эканомікай (1963) пачалася рэарганізацыя краявых і абласных саветаў прафсаюзаў. Быў створаны савет прафсаюзаў па кіраўніцтву прафсаюзнымі арганізацыямі: прымысловасці, будаўніцтва, транспарту і гарадской гаспадаркі (старшыня Мікалай Дзмітрыевіч Сенькін), а таксама сельскай гаспадаркі і ўстаноў, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Яго старшынёй быў абраны А. К. Букраба. Да 1965 г. гэтыя саветы былі зноў аб’яднаны ў абласны савет прафсаюзаў (аблсаўпраф). З верасня 1965 г. і да выхаду на пенсію (1975) – старшыня парткамісіі пры Брэсцкім абкаме КПБ.

За баявыя і працоўныя заслугі А. К. Букраба ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам ПНР «Віртуці Мілітары» («Залаты крыж»), медалямі.

А. К. Букраба памёр ў 1977 г., пахаваны ў г. Брэсце.

Звесткі пра Аляксандра Кірылавіча Букрабу і яго бацьку Кірыла Сцяпанавіча Букрабу, уяўляючы сабой прыклад патрыятызму, мужнасці і нязломнай стойкасці ў барацьбе за будучыню сваёй Радзімы, сёння служаць выхаванню будучага пакалення ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе, у якой працуе гісторыка-краязнаўчы музей. Некаторыя эпізоды з жыцця А. К. Букрабы можна знайсці ў кнізе Уладзіміра Літвінчука «Там, за Днепра-Бугам» (2008).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Букраба Аляксандр Кірылавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 214–215, 252.
  2. Дронец, А. В. Навасёлкаўскае ўзброенае выступленне сялян 1933 г. / А. В. Дронец // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 109–113.
  3. Кобрынскае выступленне сялян 1933 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 369.
  4. Кобрынскае выступленне сялян 1933 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 219.
  5. Кобрынскае ўзброенае выступленне сялян 1933 // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 44.
  6. Барысюк, Ю. Навасёлкаўскае ўзброенае выступленне сялян 1933 года / Юрый Барысюк // Загароддзе-3 : матэрыялы навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Палессе ў XX ст.», 1–4 чэрвеня 2000 г., Беласток. Мінск, 2001. С. 165–168.
  7. Ласковіч, В. П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі / В. П. Ласковіч // У суровыя гады падполля : [зборнік]. Мінск, 1958. С. 230–235.
  8. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом / Владимир Литвинчук. – 3-е изд., испр. и доп. – Брест : ОАО «Брестская типография», 2008. – 492 с. : фот. – Из содерж.: [Александр Букраба]. С. 259.
  9. Мацко, А. Н. Вооружённое выступление крестьян Кобринского повета в 1933 г. / А. Н. Мацко // Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933–1939) / А. Н. Мацко. Минск, 1963. С. 113–119.
  10. Ардэнаносцы : Букраба Аляксандр Кірылавіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 36.
  11. 110 гадоў з дня нараджэння А. К. Букрабы (1914) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 116–117.
  12. З гісторыі роднага краю ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў (1939–1945) : (на ўшанаванне памяці жыхароў в. Навасёлкі – удзельнікаў мінулай вайны, загінуўшых або пацярпеўшых у гады змагання з ворагам) / група экскурсаводаў школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, кіраўнік – настаўнік гісторыі Дронец Аляксандр Вячаслававіч. – Навасёлкі, 2010. – 192 с.
  13. Кароткія біяграфічныя звесткі пра Аляксандра Кірылавіча Букрабу : матэрыял падрыхтаваны для гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць Кобрынскі раён») / настаўнік гісторыі Навасёлкаўскай СШ А. В. Дронец // Гісторыя в. Навасёлкі. Навасёлкі, 1998.
  14. Навумчык, М. «Гарачая кропка» жніўня 1933 года – Вялікі Паўлопаль / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2023. 18 кастрычніка. С. 4.
  15. Белов, Д. Забвению вопреки : [об Александре Букраба, участнике Новоселковского крестьянского восстания 1933 г., в годы Великой Отечественной войны – комиссаре отряда им. Орджоникидзе Пинской бригады] / Дмитрий Белов // Кобрынскi веснiк. 2015. 4 лютага. С. 4.
  16. Бялоў, Д. Сялянскі бунт : Навасёлкаўскае паўстанне на Кобрыншчыне 1933 г. / Дзмітрый Бялоў / Народная трыбуна. 2009. 12 верасня. С. 10.

 

 

 

Чытаць 238 разоў