Аўторак, 18 Чэрвень 2024 08:53

2024 г. — 160 гадоў з часу пабудовы царквы святых апосталаў Пятра і Паўла ў в. Гарадзішча (Камянецкі р-н; 1864), помніка драўлянага народнага дойлідства

Першая вядомая царква ў Гарадзішчы (цяпер в. Гарадзішча Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) была пабудавана ў 1587 г. Чарговую драўляную святыню са званіцай пабудавалі ў 1698 г. мясцовыя землеўладальнікі Аляксандр і Мікалай Махвіцы.

Да 1839 г. Гарадзішчанская царква належала да Камянецкага ўніяцкага дэканата, была філіяльнай ад уніяцкай царквы Святога Пятра ў Малой Ельні. Помнік быў шырокавядомы ў сувязі са знаходжаннем у ім старажытнага мясцовашанаванага абраза Багародзіцы, аздобленага срэбнай шатай. Вакол святой выявы мацавалася вялікая колькасць крыжыкаў, сэрцайкаў, таблічак з надпісамі.

Асаблівыя ўрачыстасці штогод адбываліся тут 29 чэрвеня, 25 ліпеня і 15 жніўня. Да 1841 г. храм быў прыходскім, пазней – прыпісным да царквы ў Малой Ельні. У 1858 г. з-за аварыйнага стану будынка царкву закрылі.

У 1864 г. Свята-Петрапаўлаўскую царкву перабудавалі і адрамантавалі. Асноўны зруб накрыты высокім двухсхільным дахам, у цэнтры якога ўзвышаецца двух’ярусная глаўка з металічным крыжам. Апсіда пяцігранная. Сцены фасадаў храма вертыкальна абшаляваны дошкамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Да будынка прыбудавалі трох’ярусную званіцу, якая, стаўшы дамінантнай часткай у кампазіцыі храма, адсунула на задні план працяглую малітоўную залу. У 1913 г. званіцу адрамантавалі, пераклалі з новага дрэва. Званіца, якая ўтварае галоўны фасад храма, складаецца з двух ярусаў. Першы ярус (тамбур, прытвор) чацверыковы, аддзелены ад другога скляпеннямі даху, прарэзаны прамавугольнымі ўваходамі і вокнамі на бакавых гранях.

Другі ярус таксама чацверыковы, але па аб’ёму ён меншы за першы. Трэці ярус васьмерыковы, у якім чаргуюцца грані з трохвугольнымі і чатырохвугольнымі завяршэннямі. Накрыта званіца шатровым дахам з глаўкай. Грані двух верхніх ярусаў званіцы абшаляваны гарызантальна. Дзякуючы высокай званіцы царква мае выразны сілуэт, які вылучаецца сярод звычайнай забудовы вёскі.

У інтэр’еры ёсць хоры на дзвюх драўляных слупах. Іканастас двух’ярусны драўляны з разнымі калонамі. Іканастас аздоблены абразамі XIXст.: «Ісус Хрыстос», «Божая Маці», «Архістраціг Міхаіл», «Архангел Гаўрыіл». На верхнім ярусе ёсць іконы апосталаў «Нафанаіл», «Піліп», «Іаан Зілот», «Фама», «Іуда», «Андрэй і Матфей», «Галава Іаана Хрысціцеля», «Абраз нерукатворны Спаса», «Тайная вячэра». Адноўлены іканастас – справа ўмелых рук прыхаджан і айца Анатоля Калесніка.

Значнай падзеяй у жыцці храма з’яўляецца наведванне яго ў 1886 г. імператарам Аляксандрам IIIі сынам Мікалаем – будучым імператарам Мікалаем II.

У гады Вялікай Айчыннай вайны храм уцалеў. Старажылы вёскі згадваюць, як летам 1944 г. у час бою на званіцы царквы прытаіўся савецкі разведчык і адтуль па рацыі перадаваў звесткі-арыенціры. Калі фашысты заўважылі яго, пачалі накіравана біць па царкве з гармат. Сяляне з трывогай сачылі, як зноў і зноў царква знікае ў клубах дыму. Але, калі дым рассейваўся, яна па-ранейшаму глядзела ў неба сваёй высокай званіцай. Старажылы сведчаць, што вакол царквы налічылі 32 варонкі ад снарадаў.

У 1961 г. царква была закрыта, у храме быў арганізаваны зернесклад. Дзейнасць прыходу была адноўлена ў 1990-я гг. У 2000–2002 гг., у час рамонту, былі заменены ніжні вянец бярвенняў, колатая дранка на даху і вокны. Пасля рамонту царкоўны прастол быў асвячоны нанова 1 чэрвеня 2002 г.

Аб тым, што храм і сёння ўпрыгожвае наваколле, немалая заслуга старасты царквы Уладзіміра Каляды і яго аднавяскоўцаў: Васіля Шума, Паўла Карпіевіча, Міхаіла Дацкевіча, які за сімвалічную плату вырабіў вокны для званіцы, а таксама плашчаніцу з дрэва. Не абыйшлося і без дапамогі прадстаўнікоў мясцовай улады А. Пісарыка, І. Ярашука, В. Кавальчука, У. Федаровіча.

Гарадзішчанскі храм адносіцца да Камянецкага благачыння Брэсцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. У склад прыхода ўваходзяць вёскі: Гарадзішча, Галоўчыцы, Горы. Прыход прыпісны да царквы Параскевы Пятніцы в. Мікалаева. Настаяцель протаіерэй Анатоль Рагоравіч Калеснік.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г. Петрапаўлаўская царква в. Гарадзішча набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Помнік занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000344).

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Городищенская Петропавловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 292
  2. Свята-Петра-Паўлаўская царква : [в. Гарадзішча] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 55.
  3. Свята-Петра-Паўлаўская царква : [в. Гарадзішча] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 55.
  4. Свята-Петра-Паўлаўская царква, в. Гарадзішча// Праваслаўныя храмы Камянеччыны. Брэст : РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 37–39.
  5. Петрапаўлаўская царква (в. Гарадзішча) // Памяць: Камянецкі раён : гіст.-дакум хроніка. Мінск, 1997. С. 69–70.
  6. Петропавловская церковь : [д. Городище, Дмитровичский сельсовет] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 227.
  7. Петрапаўлаўская царква : [в. Гарадзішча, Дзмітравіцкі сельсавет] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 206.
  8. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Гарадзішча]. С. 196.
  9. Гарадзішча : [Камянецкі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 37.
  10. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарнчяўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.
  11. Новик, Г. Здесь луч молитвы не погас / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2019. 20 ліпеня (№ 29). С. 8.
  12. Верстова, А. Большая жизнь маленькой церкви : [церковь Святых апостолов Петра и Павла в Городище Каменецкого района] / Алла Верстова // Брестская газета. 2018. 13 июля (№ 28). С. 9.
  13. Трибулева, Е. Городище под храмом : [церковь Святых апостолов Петра и Павла в Городище] / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. Камянец, 2018. 7 ліпеня (№ 27). С. 6.
  14. Парафянюк, Г. Царква пры дарозе / Г. Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 2011. 22 студзеня. С. 4.
  15. Новік, Г. Побач з Гарадзішчам / Г. Новік // Навіны Камянеччыны. 2007. 21 красавіка. С. 2.

 

 

Чытаць 236 разоў