Аўторак, 18 Чэрвень 2024 08:56

26 ліпеня 2024 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Леаніда Ібрагімавіча Друяна (1944), урача-тэрапеўта, дацэнта, заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь

Translator
 
 
 

Леанід Ібрагімавіч Друян нарадзіўся 26 ліпеня 1944 г. у г. Камянец Брэсцкай вобласці ў сям’і партызанскага ўрача Ібрагіма Леанідавіча Друяна (1916–1988) і партызанскай медыцынскай сястры Марыі Лявонцьеўны (у дзявоцтве Вежнавец). У гэтыя дні ішлі жорсткія баі за вызваленне Камянецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Да 1952 г. І. Л. Друян працаваў галоўным урачом Камянецкай раённай бальніцы. Затым сям’я пераехала з ў Гомель, дзе Iбрагiм Леанідавіч працаваў у шпіталі для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, на працягу 20 гадоў (1959–1979) узначальваў гэту установу. Яго памятаюць як прафесійнага хірурга, выдатнага кіраўніка. Кандыдат медыцынскіх навук (1959). Заслужаны ўрач БССР (1964). Аўтар кнігі «Клятву сдержали» (1975).

Леанід Друян скончыў сярэднюю школу № 2 у Навабеліцкім раёне г. Гомеля з залатым медалём. Абраў шлях у медыцыну, бо бацька быў яму прыкладам бескарыснага служэння абавязку і прафесіі. Паступіў ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, дзе захапіўся даследчай дзейнасцю пры кафедры тэрапіі, якой кіраваў прафесар Георгій Іванавіч Сідарэнка. Першым навуковым поспехам Леаніда Друяна быў даклад аб фонакардыяграфічнай карціне пры мітральным стэнозе на міжнароднай навуковай студэнцкай канферэнцыі ў Рызе (1968).

Пасля заканчэння ВНУ (1968) служыў у Савецкай арміі, дзе не пакінуў навуку. Лейтэнант Л. І. Друян абагульніў клінічныя назіранні па купіраванні прыступаў параксізмальнай тахікардыі ў палявых умовах. Даследаванні апублікавалі ў «Военно-медицинском журнале», а аўтара ўзнагародзілі медалём «За воинскую доблесть».

Пасля заканчэння аспірантуры (1974) Л. І. Друян абараніў кандыдацкую дысертацыю «Рэаграфічны метад даследавання ў ацэнцы кравазвароту і дыхання ў хворых вострай пнеўманіяй» і адным з першых у Гомельскай вобласці ўкараніў у практыку рэаграфічны метад даследавання, актыўна прыцягваў лекараў-практыкаў да навуковых даследаванняў.

З 1975 г. Л. І. Друян працаваў старшым выкладчыкам, з 1977 па 1990 гг. – загадчыкам кафедры медыцынскай падрыхтоўкі і грамадзянскай абароны Гомельскага кааператыўнага інстытута. У той жа самы час працаваў па сумяшчальніцтве ўрачом-тэрапеўтам ў шпіталі інвалідаў вайны. Дацэнт (1984). У чэрвені 1986 г. Л. І. Друян прыняў удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Узнагароджаны значком «Отличнику здравоохранения» (1986).

З 1990 па 2008 гг. Л. І. Друян працаваў галоўным урачом Гомельскага абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. З прыходам Леаніда Ібрагімавіча шпіталь стаў інтэнсіўна развівацца, былі пабудаваны новыя карпусы, адкрыты новыя аддзяленні і кабінеты. Распрацавана і ўкаранёна ў практыку новая медыцынская тэхналогія лячэння і рэабілітацыі хворых з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. Упершыню сярод беларускіх шпіталяў для інвалідаў вайны Гомельскі шпіталь стаў аказваць кругласутачную медыцынскую дапамогу насельніцтву абласнога цэнтра і сельскім жыхарам Гомельскага раёна пры інсультах. У 2006 г. шпіталь стаў сярэбраным прызёрам міжнароднага конкурсу сярод шпіталяў СНД.

Леанід Ібрагімавіч стаяў ля вытокаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, займаўся стварэннем кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб. З 2008 г. працуе дацэнтам гэтай кафедры. Прапедэўтыка – яго любімы прадмет, які ахоплівае найшырэйшы спектр хвароб: інфаркты, гастрыты, пнеўманіі. Навуковыя інтарэсы: функцыянальны стан міакарда пры розных захворваннях, організацыя аховы здароўя. З’яўляецца аўтарам 50 навуковых і метадычных работ, апублікаваных у беларускіх і замежных выданнях.

Л. І. Друян выкладае курс студэнтам з Шры-Ланкі ў рэжыме онлайн на англійскай мове. Ведаць англійскую мову яго абавязвала навуковая дзейнасць. У свой час выступаў з дакладам на 26-м кангрэсе тэрапеўтаў у Японіі, Еўрапейскай тэрапеўтычнай канферэнцыі ў Славакіі, стажыраваўся ў ЗША. Курс навучання прайшоў на кафедры замежных моў медуніверсітэта, у 2019 г. здаў экзамены на права выкладання на англійскай мове.

Сваё каханне Леанід Друян сустрэў яшчэ ў школе, у пятым класе. З дзяўчынкай Аняй сядзелі за адной партай. Жонка Ганна Іванаўна прысвяціла сябе дзейнасці, цесна звязанай з медыцынай і аховай здароўя, працавала ўрачом-лабарантам і кіраўніком хімічнай лабараторыі Гомельскай абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. Сын Аляксандр Леанідавіч Друян – урач-рэаніматолаг, арганізатар аховы здароўя. Сын Андрэй Леанідавіч Друян – эканаміст, кандыдат эканамічных навук.

Л. I. Друян актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў дэпутатам Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў 24-га склікання, старшынёй Гомельскага аддзялення Беларускай асацыяцыі ўрачоў-арганізатараў аховы здароўя, членам Прэзідыума Гомельскага абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя, членам Вучонага савета Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта, членам Прэзідыума абласной ветэранскай арганізацыі.

Л. І. Друян атрымаў падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998) У 2001 г. яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны урач Рэспублікі Беларусь». Узнагароджаны Ордэнам Пашаны (2007), прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Навабеліцкага раёна г. Гомеля» (2007).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы Л. І. Друяна

  1. Медицинская терминология в пропедевтике внутренних болезней : учебно-методическое пособие для студентов / Л. И. Друян, А. Л. Калинин. – Гомель : ГомГМУ, 2021. – 203 с.
  2. Медицинская терминология в пропедевтике внутренних болезней : учебно-методическое пособие для студентов / Л. И. Друян, А. Л. Калинин. – Гомель : ГомГМУ, 2017. – 214 с.
  3. Терминологическое пособие по пропедевтике внутренних болезней : учебно-методическое пособие для студентов / Л. И. Друян, А. Л. Калинин. – Гомель : ГомГМУ, 2016.
  4. Схема учебной истории болезни в книлике пропедевтики внутренних болезней : учебно-методическое пособие для студентов / Л. И. Друян, Л. В. Романьков. – 3-е изд. – Гомель : ГомГМУ, 2011. – 23 с.
  5. Краткий терминологический словарь для медицинских сестер / Л. И. Друян. – Минск : Вышэйшая школа, 1992. – 90 с.
  6. Краткий терминологический словарь для медицинских сестер гражданской обороны : (методическое пособие для самостоятельной работы студентов) / Л. И. Друян. – Гомель, 1989. – 76 с.
  7. Реографический метод исследования в оценке кровообращения и дыхания у больных острой пневмонией : автореферат диссертации … кандидата медицинских наук : 14.00.05 Внутренние болезни / Друян Леонид Ибрагимович. – Минск, 1974. – 17 с.

 

 

Аб жыцці і дзейнасці Л. І. Друяна

 

  1. Друян Леонид Ибрагимович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. Минск, 2006. Вып. 3. С. 120.
  2. Друян Леонид Ибрагимович // Организаторы здравоохранения Республики Беларусь. Минск, 2002. С. 235236.
  3. Династия Друян // Медицинские династии Беларуси : биографические очерки / [сост. О. В. Салова]. Минск, 2012. С. 4–13.
  4. Друян, И. Л. Клятву сдержали : [медицинские работники в Великой Отечественной войне] / И. Л. Друян. – 2-е изд., пераб. и доп. – Минск : Беларусь, 1987. – 205 с.
  5. Тягунова, С. Семья, карьера, судьба : [о Л. И. Друяне] / Светлана Тягунова // Гомельские ведомости. 2023. 5 сентября. С. 4.
  6. Друян, Л. И. О деле и о себе. Начистоту : [беседа с заслуженным врачом Республики Беларусь главным врачом областного клинического госпиталя инвалидов Великой Отечественной войны] / Леонид Ибрагимович Друян ; [беседовал] Николай Демчихин // Гомельские ведомости. 2006. 17 июня.С.34.
  7. Леонид Ибрагимович Друян: (к 60-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 2004. № 8. С. 59.

 

 

 

Чытаць 342 разоў