У 1978 г. Аляксандр Кошалеў скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, у 1986 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне графікі, у 1993 г. – творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Вучыўся ў А. Салькова, В. Шаранговіча, У. Савіча, Г. Паплаўскага.
У 1987–2007 гг. А. В. Кошалеў выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава. З 2011 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка – старшы выкладчык кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі.
Працуе ў станковай графіцы (пераважна ў эстампе) і жывапісе. Удзельнік мастацкіх выставак з 1984 г. Член Беларускага саюза мастакоў (1993). Асноўныя творы: серыя афортаў «Пакінутая зямля»; трыпціх «З жыцця дрэў»; жывапісныя пейзажы «Зямля і вада», «Жураўліны крык», «Стары свет», «Алея ў Залессі», «Ценям Касцюшкі».
Творы Аляксандра Кошалева знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Нацыянальным мастацкім музеі ва Уроцлаве (Польшча), прыватных калекцыях Расіі, Італіі, Францыі, Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі і іншых краін.
А. В. Кошалеў жыве ў Мінску, часта наведвае малую радзіму. Захапляецца пчалярствам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.
Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў
- Кошелев Александр Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 506–507.
- Кошалеў Аляксандр Васільевіч : [рэпрадукцыя «Хутар пры дарозе»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 269.