Пятніца, 19 Ліпень 2024 08:39

17 ліпеня 2024 г. –— 80 гадоў з дня вызвалення Драгічынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944)

Translator
 
 
 

Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі 25 чэрвеня 1941 г. За тры гады акупацыі на тэрыторыі раёна (тады былі Драгічынскі і Антопальскі раёны, аб’яднаны ў 1959 г.) было спалена 58 вёсак (2086 жылых дамоў), знішчана 6 тысяч мірных жыхароў, 1770 вывезена ў фашысцкае рабства ў Германію. Страшна ўявіць якіх яшчэ маштабаў магла б дасягнуць трагедыя генацыду, не здарся доўгачаканага вызвалення Драгічыншчыны падчас аперацыі «Баграціён».

У ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі 16 ліпеня вызвалены Антопальскі раён воінамі 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі 9-га гвардзейскага стралковага корпусу 61-й арміі 1-га Беларускага фронту. У ноч з 16 на 17 ліпеня 1944 г. войскі 61-й арміі ўвайшлі на тэрыторыю Драгічыншчыны.

Найбольш значнай падзеяй вызвалення Драгічынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з'яўляецца бой за горад Драгічын. Райцэнтр быў вызвалены ад акупантаў байцамі 669-га стралковага палка 212-й Крычаўскай ордэнаў Суворава і Кутузава Чырванасцяжнай дывізіі пад камандаваннем намесніка камандзіра палка Андрэя Іванавіча Дзеравянкі, які выконваў абавязкі камандуючага палка.

Раніцай 17 ліпеня, калі толькі пачало світаць, разведгруппы і сапёры палкоў пачалі прабірацца праз пасевы жыта да ўскраін горада. Але рух іх быў спынены моцным кулямётным агнём, варожую пяхоту падтрымалі артылерыя з пазіцый у Бронным і ў Сёманаўшчыне. Таму лугавіны, балоты і збажына паміж Ліпнікамі і Драгічынам з абодвух бакоў ад шашы шчыльна прастрэльваліся. Па ўсяму было відаць, што немцы пакінулі ў Драгічыне моцны заслон, гатовы сустрэць нашы перадавыя часці.

Атрымаўшы дадзеныя аб арганізаванай абароне праціўніка на подступах да Драгічына, камандаванне 212-й гвардзейскай стралковай дывізіі загадзя запрасіла авіападтрымку. Увесь агонь артылерыі дывізіі і артпалкоў быў сканцэнтраваны на ўскраіны горада. Па ўспамінах ліпніцкіх жыхароў, раніцаю ў бок Драгічына пачалася артпадрыхтоўка, якую падтрымаў налёт авіацыі. Здалёк былі бачны моцныя выбухі снарадаў і бомбаў.

Напалоханы савецкім агнявым націскам, праціўнік пакінуў рубеж абароны і адышоў у Драгічын. У гэты час з боку Ліпнік ланцугамі па жыце пачалі імкліва ісці батальёны 669-га стралковага палка падпалкоўніка Б. І. Гальперына. Па ўспамінах намесніка камандзіра палка А. І. Дзеравянкі, наступленне на Драгічын адбывалася з поўначы ад шашы батальёнам маёра Жукава, з поўдня ад дарогі – сіламі батальёна маёра Гурмана. Трэці батальён для прыкрыцця рухаўся воддаль ад перадавых.

Выкарыстаўшы панічнае адступленне гітлераўцаў з пакінутых рубяжоў абароны, чырвонаармейцы паспяхова наблізіліся да Драгічына і выбілі акупантаў з горада. Першым у горад уварваўся радавы Пётр Паўлавіч Скляр, у вулічным баю знішчыў двух салдат праціўніка. Усё што заставалася нямецкім войскам – адступіць і пакінуць тэрыторыю Драгічынскага раёна. На самай жа справе бой за горад быў не вельмі доўгім, але цяжкім. Па афіцыйных звестках, у баю загінулі 4 савецкія салдаты і 15 атрымалі раненні.

Драгічынскі раён вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 17 ліпеня 1944 г. палкамі 212-й стралковай Крычаўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі 61-й арміі генерал-лейтэнанта Героя Савецкага Саюза Паўла Аляксеевіча Бялова. У баях за вызваленне Драгічынскага раёна ў сучасных межах загінулі 275 савецкіх воінаў і партызан.

За вызваленне Драгічына ардэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны больш за 20 салдат і афіцэраў 212-й гвардзейскай стралковай дывізіі. На гарадскіх могілках і ў гарадскім скверы ў брацкіх магілах пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі ў баях з нямецка-фашыскімі захопнікамі. Адна з вуліц райцэнтра носіць назву ў гонар вызвалення – «вуліца 17 ліпеня». У 1965 г. на будынку Драгічынскага райвыканкама ўстаноўлена мемарыяльная дошка воінам-вызваліцелям і партызанам. Аб гераізме партызан і чырвонаармейцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны апавядае экспазіцыя Драгічынскага ваенна-гістарычнага музея імя Д. К. Удовікава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дні вызвалення // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 247–248.
  2. Драгічынскі раён // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга. Мінск, 2005. С. 98–101.
  3. Драгічын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 247–252.
  4. Гетаў, В. В. Драгічын / В. В. Гетаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 198.
  5. Камінскі, М. І. Антопаль / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 39.
  6. Дрогичинский район // Без срока давности. Беларусь : преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Брестская область : сборник архивных документов и материалов. Минск, 2022. C. 340–345.
  7. Братская могила советских воинов. Братская могила советских воинов и партизан. Мемориальная доска воинам-освободителям и партизанам : [Дрогичин] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 161–162.
  8. Братская могила советских воинов и партизан : [Антополь] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 163.
  9. Братская могила советских воинов и партизан : [Детковичи] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 166.
  10. Могилянчик, С. Листая страницы памяти / Светлана Могилянчик // Драгічынскі веснік. 2023. 28 ліпеня (№ 30). С.14.
  11. Кононенко, Т. Праздничная встреча / Татьяна Кононенко // Драгічынскі веснік. 2023. 21 ліпеня (№ 29). С. 10.
  12. Дорошенко, А. Главное сохранить мир на нашей земле / Александр Дорошенко ; беседовала Нина Ткачук // Драгічынскі веснік. 2023. 14 ліпеня (№ 28). С. 4.
  13. Граник, С. 12-я стрелковая дивизия: дорогами освобождения / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2021. 2 ліпеня (№ 26). С. 18.
  14. Куценко, О. В памяти народной / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2019. 27 ліпеня. С. 15.
  15. Граник, С. В боях за Дрогичин : [о награжденных за освобождение города] / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2019. 17 ліпеня. С. 4.
  16. Граник, С. Боевой путь 415-й стрелковой дивизии / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2019. 17 ліпеня. С. 5.
  17. Деюн, Г. Поклонимся великим тем годам / Г. Деюн // Драгічынскі веснік. 2016. 20 ліпеня. С. 1–2.
  18. Граник, С. Генерал Егоров : [генерал-лейтенант Максим Иванович Егоров – один из освободителей района в 1944 г.] / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2013. 17 ліпеня. С. 3.
  19. Граник, С. Бой в имении Астровки : [в 1944 г. в д. Салово Дрогичинского района] / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2013. 23 чэрвеня. С. 4.
  20. Освободители : [об освобождении Дрогичинского района от немецко-фашистских захватичиков] // Драгічынскі веснік. 2010. 17 ліпеня. С. 2.
  21. Граник, С. Они сражались на нашей земле : [об участниках освобождения Дрогичинскго района] / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2010. 13 студзеня. С. 4.
  22. Граник, С. Победный путь 212 дивизии / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2006. 22 ліпеня. С. 5.
  23. Валасюк, С. Вызваленне, або Хроніка ліпеня 1944 года на Драгічыншчыне / Сяргей Валасюк // Драгічынскі веснік. 2004. 25 жніўня. С. 4; 1 верасня. С. 4; 8 верасня. С. 2; 22 верасня. С. 2; 13 кастрычніка. С. 2; 10 лістапада. С. 2; 22 снежня. С. 2.
  24. Ткачук, Н. Памяць павiнна жыць... : [пра святкаванне 60-годдзя вызвалення раёна] / Нiна Ткачук // Драгiчынскi веснiк. 2004. 21 ліпеня. С. 1–2.
  25. Ігнатовіч, С. Гэта было на досвітку : [аб вызваленні Драгічына] / С. Ігнатовіч // Драгічынскі веснік. 1994. 12 ліпеня.
  26. Казлова, Г. Запомнім іх такімі… : [вызваліцелі Драгічына ў 1944 г.] / Г. Казлова // Драгічынскі веснік. 1992. 28 ліпеня.
  27. Асаўцоў, Б.В. Дзеля жыцця на зямлі : [40 гадоў з дня вызвалення Драгічыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў] / Б. В. Асаўцоў // Запаветы Леніна. Драгічын, 1984. 17 ліпеня.
  28. Репиха, А. В боях за Дрогичин / А. Репиха // Заря. 1984. 24 апреля.
  29. Рэпіха, А. Памяць вогненных гадоў : [вызваленне Драгічына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў] / А. Рэпіха // Запаветы Леніна. Драгічын, 1983. 16 ліпеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 179 разоў