Чацвер, 25 Ліпень 2024 17:08

2024 г. — 150 гадоў з часу асвячэння Петрапаўлаўскай царквы ў в. Моўчадзь (Баранавіцкі р-н; 1874), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Вёска Моўчадзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці вядома з 1422 г. У той год тут была заснавана каталіцкая царква Святой Тройцы, якая, верагодна, неаднаразова рамантавалася, праіснавала доўгі час – да сярэдзіны ХІХ ст. Мястэчка, якое знаходзіцца на ажыўленым шляху са Слоніма на Навагрудак, Ліду і Вільню, не раз спусташалася захопнікамі. 

У ХVI–ХVII стст. дзейнічалі дзве праваслаўныя царквы, адну з іх заснаваў вялікі князь Сігізмунт Аўгуст ІІ. Драўляная царква згарэла ў 1852 г. У 1862 г. у Моўчадзі было адчынена народнае вучылішча. У 1886 г. 1100 жыхароў, 2 праваслаўныя царквы, 3 сінагогі, 4 разы на год адбываліся кірмашы. Мясцовы праваслаўны прыход налічваў каля 2500 вернікаў. У 1901 г. адкрыта царкоўна-прыходская школа на 35 дзяцей. На пачатку ХХ ст. было 1800 жыхароў. У час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі тут загубілі 3600 мірных жыхароў.

У 1866 г. у Моўчадзі на могілках была пабудавана праваслаўная капліца ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Капліца з цэглы вырашана цэнтрычным чатырохранным аб’ёмам, завершаным шатровым дахам з макаўкай. Атынкаваныя фасады прарэзаны арачнымі ўваходным і аконнымі праёмамі.

Будаўніцтва новага мураванага храма ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла пачалося ў 1869 г. на месцы струхнелага драўлянага касцёла, які ў 1867 г. быў разабраны. Тыпавы праект храма на 450 чалавек быў дапрацаваны гродзенскім архітэктарам Мікалаем Ільічом Ціхвінскім. Будаўнічыя матэрыялы ахвяравалі навакольныя памешчыкі. Падрадчыкамі былі купцы Нахман Буткоўскі, Шымон Скідзельскі і Абрам Прэхнер. Завершана будаўніцтва ў 1873 г., храм быў асвячоны 7 красавіка 1874 г. пры шматлікім сцячэнні багамольцаў з навакольных вёсак. Настаяцелем храма быў святар Венядыкт Качаноўскі, які праслужыў да 1897 г.

Петрапаўлаўская царква ўзведзена ў цэнтры вёскі на насыпаным плато. Абкружана агароджай з бутавага каменю з чатырохслупавай брамай. Будынак уяўляе сабой кананічны чатырохчастотны тып храма: уключае званіцу, трапезную, асноўны аб’ём, апсіду. У прадольна-восевай сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трохярусная (2 васьмерыкі на чацвярыку) званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай.

Асноўны кубічны аб’ём з чатыроскатным дахам увенчаны 5-купаллем (цыбулепадобныя галоўкі на 8-гранных драўляных барабанах). Карніз даху вырашаны падугай з двума цягамі-выкружкамі. Прамавугольны ў плане прытвор і бакавыя прыдзелы аформлены па франтальных фасадах кілевіднымі франтонамі на кароткіх пілястрах, маюць глыбокія ўваходныя арачныя парталы. Кілевіднымі налічнікамі аформлены і арачныя ваконныя праёмы – высокія адзінарныя ў асноўным аб’ёме і паўкруглай апсідзе, строенныя ў трапезнай. Храм атынкаваны і афарбаваны ў белы колер – сімвал чысціні праваслаўя.

У інтэр’еры столь плоская, трох’ярусны выбелены іканастас з іканаграфіяй мяжы ХIХ–ХХ стст. – 13 абразоў. З найболей старых абразоў захавалася ікона «Святы Аляксандр Неўскі» (1861).

Храм у Моўчадзі ніколі не зачыняўся, працаваў і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да Моўчадскага прыходу адносяцца таксама вёскі Міцковічы, Малая Сваротва і Кузевічы. Пра настаяцелей храма звестак мала. У 1948 г. служыў пратаіерэй Леанід Гамаліцкі. Каля пяцідзесяці гадоў служыў протаіерэй Георгій Столяр. З 2003 г. – іерэй Іаан Пашкевіч, ураджэнец в. Рубель Столінскага раёна. Iснуе прыгожы звычай: на Хрышчэнне Хрыстова асвячаюць усе дамы і пабудовы прыхаджан – тры тыдні ад дома да дома ходзіць святар з пеўчымі.

Моўчадскі храм – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У 2016 г. быў праведзены капітальны рамонт, у фінансаванні якога прынялі ўдзел прыхаджане, спонсары і райвыканкам (выдзеліў 200 млн. недамінаваных руб.). Па заканчэнні рамонту ў жніўні 2016 г. было праведзена свята з удзелам архепіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана (Корзуна). Медалямі і архіерэйскімі граматамі ўзнагароджаны шэраг прыхаджан і спонсараў. Да святкавання 600-годдзя вёскі Моўчадзь у верасні 2022 г. тэрыторыя храма добраўпарадкавана: знесены старыя аварыйныя дрэвы, высаджаны туі, пастаўлены лаўкі, абсталявана невялікая дзіцячая пляцоўка.

У заходняй частцы вёскі знаходзіцца крыніца «Сунглоўшчына», якая добраўпарадкавана сіламі Моўчадскага лясніцтва і асвячона архепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам (Корзунам). Сюды прыходзяць мясцовыя жыхары за чыстай і гаючай вадой. Выцякаючая вада стварае ручай, які падпітвае рэчку Моўчадзь.

12 ліпеня 2024 г. святочна адзначана 150-годдзе з дня асвячэння Петрапаўлаўскага храма. Святочную літургію ўзначаліў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій (Вайтовіч) у саслужэнні духавенства Баранавіцкага благачыння.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Моўчадская Петрапаўлаўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 628–629.
  2. Молчадская Петропавловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 103.
  3. Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла : [в. Моўчадзь] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 284–285.
  4. Свята-Петра-Паўлаўская царква : [в. Моўчадзь] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 140.
  5. Кулагін, А. М. Архітэктурная спадчына : Свята-Петрапаўлаўская царква <…> у в. Моўчадзь / А. М. Кулагін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 646–647.
  6. Кулагин, А. Н. Церковь : [д. Молчадь] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 102–103.
  7. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. – Са зместу: 1422, Моўчадзь. С. 50; 1800, Моўчадзь. С. 255.
  8. Моўчадзь // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 63–64.
  1. Моўчадзь. Баранавіцкі раён : да 600 гадоў. – Брест : Вечерний Брест, 2022. – 15 с. : фот.
  1. Шарков, А. В. Родник Сунгловщина : [Барановичский район, д. Молчадь] / А. В. Шарков, Е. И. Хорошевич // Святые родники Белой Руси / А. В. Шарков, Е. И. Хорошевич. Минск, 2017. С. 52–53. 
  2. Матейко, И. Нести красоту Православия : [о праздновании 150-летия церквы в честь святых апостолов Петра и Павла в д. Молчадь] / Инна Матейко // Заря. 2024. 17 июля. С. 12.
  3. Гончар, И. Нести красоту Православия : [о праздновании 150-летия церквы в честь святых апостолов Петра и Павла в д. Молчадь] / Инна Гончар // Наш край. Барановичи, 2024. 17 июля. С. 13.
  4. Юркевич, Е. Милый сердцу уголок... : [д. Молчадь отметила 600 лет] / Елена Юркевич // Заря. 2022. 21 сентября. С. 13.
  5. Сцяцко, В. Беларуская Швейцарыя, што, як Рым, стаіць на сямі ўзгорках : [пра мінулае і сучаснае в. Моўчадзь Баранавіцкага раёна, якой 600 год] / Валерыя Сцяцко // Звязда. 2022. 20 верасня. С. 13.
  6. Лаўрык, Т. Вёска з шасцісотгадовай гісторыяй : [в. Моўчадзь] / Таццяна Лаўрык // Краязнаўчая газета. 2022. № 28. С. 5.
  7. Харашэвіч, А. Добраўпарадкаваць усёй грамадой : [пра святую крыніцу «Сунглоўшчына» ў в. Моўчадзь Баранавіцкага раёна] / Алена Харашэвіч // Настаўніцкая газета. 2022. 23 чэрвеня. С. 16.
  8. Сцяцко, В. Адчуць подых гісторыі, каб ствараць сучаснае : [аб гісторыі і сучаснасці в. Моўчадзь Баранавіцкага раёна] / Валерыя Сцяцко // Звязда. 2021. 1 верасня. С. 8.
  9. Лиходеев, В. Молчадь: жизнь не из окна вагона : [об истории деревни Барановичского района] / Владимир Лиходеев, Галина Улитенок // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 4 января. С. 20.
  10. Хорошевич, Е. Источник серебряной воды : [родник Сунгловщина находится в д. Молчадь Барановичского района] / Елена Хорошевич ; Анатолий Шарков // Родная прырода. 2018. № 12. С. 45.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 129 разоў