Паблізу Малахоўцаў знаходзіцца вёска Ястрамбель. За чвэрць вярсты ад вёскі ў 1840 г. была пабудавана царква ў імя Мікалая Цудатворца. Драўляны храм меў квадраты зруб з адным глухім купалам і з прыбудовай апсіды. Фасады дзяліліся радам вокнаў і 2 дзвярамі. Унутры апсіду вылучаў просты драўляны іканастас з 7 абразамі. Званіца на 3 званы стаяла адасоблена. У 1879 г. прыход налічваў каля 1500 прыхаджан з вёсак Ястрамбель, Малахоўцы і інш. Царкве належала каля 40 дзесяцін зямлі (у тым ліку 17 дзесяцін ворыва). Напачатку ХХ ст. святыня згарэла.
Пасля Рыжскай мірнай дамовы (1921) Праваслаўная царква ў Заходняй Беларусі апынулася ў складанай сітуацыі. Палітыка Другой Рэчы Паспалітай праводзіла канфесійныя змены на карысць каталіцтва, тактыка ўлад сумяшчала меры дазволаў і абмежаванняў. Урад не забараняў ставіць новыя праваслаўныя храмы у тых месцах, дзе святыні згарэлі. У кожным выпадку польская адміністрацыя ўважліва разглядала і ўзважвала неаходнасць будаўніцтва, аднаўлення і рамонту праваслаўных святынь.
Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца пабудавана з дрэва ў 1924 г. на паўднёвай ускраіне вёскі Малахоўцы. Адназрубная пабудова пад 4-схільным дахам с прамавугольнымі прырубамі апсіды з рызніцай і прытворам. Дах завершаны 4-гранным шатровым барабанам. Бакавыя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконныі праёмамі ў арачных плінтусах і замацаваны контрфорсамі. Пры ўваходзе ўнутры лесвіца вядзе на хоры. Апсіда выдзелена іканастасам.
У пачатку 2000-х гг. буданак абкладзены цэглай, праведзены капітальны рамонт. Сцены атынкаваны і афарбаваны ў белы колер. У будынку ўладкавана газавае ацяпленне. Непадалёк пабудавана 3-ярусная званіца пад шатровым дахам, на якую падняты 7 новых званоў. Тэрыторыя абкружана бетоннай лёгкай агароджай з 3-арачнай брамай. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю храма адбылося 4 лістапада 2014 г.
Малахоўскі Свята-Мікалаеўскі храм – помнік народнага дойлідства. Знаходзіцца фактычна паміж вёскамі Малахоўцы і Ястрамбель, таму бывае, што яго памылкова называюць Ястрамбельскім. Да прыходу адносяццы вёскі Малахоўцы, Ястрамбель, Замошша, пасёлак Мірны. Настаяцелем з 1993 г. служыць протаіерэй Генадзь Пятровіч Каленік. У Ястрамбелі ў 2011 г. створана Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча. Айцец Генадзь праводзіць з кадэтамі выхаваўчыя гутаркі духоўна-маральнай тэматыкі.
26 мая 2024 г. адбылося свята, прысвечанае 100-годдзю з дня асвячэння храма. Святочную літургію ўзначаліў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій у саслужэнні духавенства Баранавіцкага благачыння. Пратаіерэй Віталій Лазоўскі асвяціў звон, які быў спецыяльна адліты да юбілею храма. Уручаны медалі і архіерэйскія граматы людзям, што ўнеслі пасільны ўклад у добраўпарадкаванне і аднаўленне царквы. У Мірнаўскім Доме культуры прайшоў святочны канцэрт.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства
- Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Малахоўцы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 248.
- Свята-Мікольская царква : [в. Малахоўцы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 124.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. – Са зместу: [Малахоўцы]. С. 285.
- Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Ястрамбель] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 613.
- Свята-Мікалаеўская царква : [в. Ястрамбель] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 214.
- Кулагін, А. М. Архітэктурная спадчына : Свята-Мікалаеўская царква рэтраспектыўна-рускага стылю у в. Ястрамбель / А. М. Кулагін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 647.
- Малахоўцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 59.
- Ястрамбель // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 89.
- Барановичи и окрестности : путеводитель : [достопримечательности населенных пунктов]. – Минск : Рифтур, 2009. – 69 с. – (Жемчужины Беларуси).
- Матейко, И. День рождения церкви : [о праздновании 100-летия церкви святителя Николая Чудотворца в д. Малаховцы Барановичского района] / Инна Матейко // Заря. 2024. 15 июня. С. 15.
- Гончар, И. Укрепляться в вере : [100-летний юбилей отметил храм Николая Чудотворца в д. Малаховцы Барановичского района] / Инна Гончар // Наш край. Барановичи, 2024. 29 мая. С. 13.
- Служит людям, заботясь о них : [прихожане Свято-Никалаевской церкви поздравляют с 50-летием отца Геннадия Каленика] // Наш край. Барановичи, 2017. 3 февраля. С. 8.
- Дегонский, Ю. Поговорили по душам : [с коллективом газовиков провел беседу настоятель храма Николая Чудотворца д. Малаховцы протоирей Геннадий Каленик] / Юрий Дегонский // Наш край. Барановичи, 2014. 10декабря. С. 3.
- Юркевич, Е. Поможем храму ! : [в мае 2009 г. храм Николая Чудотворца д. Малаховцы отметит свой 85-летний юбилей] / Елена Юркевич // Наш край. Барановичи, 2008. 8 ноября. С. 3.
- Юркевич, Е. Поможем храму ! : [храму Николая Чудотворца в д. Малаховцы требуется ремонт] / Елена Юркевич // Заря. 2008. 30 октября. С. 5.