Чацвер, 01 Жнівень 2024 15:31

11 кастрычніка 2024 г. — 70 гадоў з дня Ларысы Фёдараўны Вырко (1954), пісьменніцы, паэтэсы

Ларыса Фёдараўна Вырко (у дзявоцтве Буранкова) нарадзілася 11 кастрычніка 1954 г. у в. Дзяляцічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 1957 г. сям’я пераехала ў Магілёўскую вобласць. Дзіцячыя і юнацкія гады Ларысы прайшлі ў в. Брацькавічы Касцюковіцкага раёна. Бацька Фёдар Герасімавіч Буранкоў працаваў дырэктарам мясцовай сярэдняй школы, маці Надзея Захараўна – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Пасля заканчэння Брацькавіцкай сярэдняй школы Ларыса Вырко паступіла ў Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава і закончыла яго ў 1977 г. З 1980 г. працавала інжынерам-тэхнолагам і галоўным інжынерам на Столінская фабрыцы кухоннай мэблі ў Брэсцкай вобласці.

У 1986 г. адбылася тэхнагенная катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, якая закранула і жыхароў Брацькавіч. У 1990 г. большую частку жыхароў вёскі, у тым ліку і бацькоў Ларысы Вырко, перасялілі ў в. Шарэйкі Касцюковіцкага раёна. Паэтэса напісала вершы аб малой радзіме: «Прысвячэнне Брацькавічам – вёсцы майго дзяцінства», «Куточак бацькоўскі, хата ўскрай сяла…», «Вяртанне на радзіму».

Любоў да літаратуры і роднага слова прывіла маці. З юнацкіх гадоў Ларыса Вырко пачала пісаць невялікія вершы. Пазней яе вершы і празаічныя творы друкаваліся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях – «Навіны Палесся», «Заря», «Народная трыбуна», «Літаратура і мастацтва» і інш. У 2009 г. у часопісе «Алеся» была надрукавана падборка вершаў Ларысы Вырко, як пераможцы паэтычнага конкурсу гэтага часопіса.

Яе вершы пявучыя, кранаюць сэрца, выклікаюць радасць і цеплыню. Верш «Мелодыя зямлі» ўвайшоў у калектыўны зборнік паэзіі «Беларускі ручнік» (2013). На верш «Мелодыя зямлі» («У белым вэлюме стаіць чаромха…») Наталля Курыловіч напісала музыку, гэта песня ўключана ў рэпертуар некалькіх мастацкіх калектываў.

Аўтар кніг «Там, дзе зоры глядзяцца ў Гарынь» (2009), «Тут мае карані» (2010), «Гронкі рабіны» (2020). Укладальнік зборнікаў «Фальклорныя песні Століншчыны» (2012), «Фальклорныя песні Прыбяседскага краю» (2014).

У зборнік выбранага «Гронкі рабіны» ўвайшлі вершы і апавяданні, напісаныя ў розныя гады. Тэматычная палітра тэкстаў разнастайная, але ўсе яны прасякнуты павагай і любоўю да людзей, роднага краю і сваёй малой радзімы. Аўтар успамінае свае цудоўныя школьныя гады, землякоў і родную вёску, маці, бацьку і яго сустрэчы з Аркадзем Куляшовым, апавядае аб радзіме Аркадзя Куляшова і Уладзіміра Караткевіча.

Ларыса Фёдараўна актыўна супрацоўнічае з Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай і раённым краязнаўчым музеем, бывае ў навучальных установах на творчых сустрэчах з вучнямі. З’яўляецца кіраўніком літаратурнай гасцёўні пры Столінскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Арганізатар і ўдзельнік літаратурных мерапрыемстваў, выдатны дэкламатар вершаў, прыемны суразмоўца.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

Творы Л. Ф. Вырко

  1. Гронкі рабіны : выбранае / Ларыса Вырко. Мінск : Кнігазбор, 2020. 238 с.
  2. Фальклорныя песні Прыбяседскага краю : [зборнік / уклад. Л. Ф. Вырко]. – Мінск : ПУП «Кнігазбор», 2013. – 116 с.
  3. Фальклорныя песні Століншчыны : [зборнік / укладальнік Л. Ф. Вырко ; уступны артыкул В. Вабішчэвіча]. – Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. – 135 с.
  4. Там, дзе зоры глядзяцца ў Гарынь : вершы / Ларыса Вырко. Мінск : Кнігазбор, 2009. 58 с.
  5. Там, дзе зоры глядзяцца ў Гарынь : [вершы] / Ларыса Вырко. Столiн : [б. в.], 2008. 55 с.
  6. Мелодыя зямлі : [верш] / Ларыса Вырко // Беларускі ручнік : зборнік паэзіі. Мінск, 2013. С. 185.
  7. Восенскі настрой ; Першы снег : [вершы] / Ларыса Вырко // Добрыя словы кажыце… : [зборнік]. Брэст, 2000. С. 6–7.
  8. Душой і сэрцам не астынь : [верш] / Ларыса Вырко // Заря. 2024. 27 июля. С. 17.
  9. Родныя вобразы : [верш] / Ларыса Вырко // Заря. 2024. 18 мая. С. 17.
  10. Я веру салдату : [верш] / Ларыса Вырко // Навіны Палесся. Столін, 2024. 17 мая. С. 17.
  11. Санет : [верш] / Ларыса Вырко // Заря. 2024. 20 января. С. 17.
  12. Восень у лесе : [верш] / Ларыса Вырко // Навіны Палесся. Столін, 2023. 6 кастрычніка. С. 17.
  13. Прысвячэнне гораду Століну : [верш] / Ларыса Вырко // Навіны Палесся. Столін, 2023. 14 ліпеня. С. 17.
  14. Зіхоткае неба вясновых мар : [вершы беларускіх пісьменнікаў да Сусветнага дня паэзіі] / Ларыса Вырко [і інш.] // Літаратура і мастацтва. 2023. 24 сакавіка (№ 12). С. 8.
  15. Фарбы восені : [верш] / Ларыса Вырко // Навіны Палесся. Столін, 2022. 4 лістапада. С. 17.
  16. Дае жыццё зямля, як маці... : [верш] / Ларыса Вырко // Заря. 2022. 10 сентября. С. 17.
  17. Фарбы маёй Радзімы : [верш] / Ларыса Вырко // Навіны Палесся. Столін, 2022. 24 чэрвеня. С. 17.
  18. Санет; «Яны ляцяць у цёплыя краіны...» ; Уходит осень : [вершы] / Ларыса Вырко // Заря. 2021. 27 ноября. С. 16.
  19. Настаўнікі 1940 года / Ларыса Вырко // Заря. 2021. 6 октября. С. 18.
  20. Саспела лета ; Дарога ў заўтра : [вершы] / Ларыса Вырко // Літаратура і мастацтва. 2021. 27 жніўня (№ 34). С. 8.
  21. Жнівень; Саспела лета; «Расступілася цемра паволі...» : [вершы] / Ларыса Вырко // Заря. 2021. 21 августа. С. 14.
  22. Дарункі восені : [верш] / Ларыса Вырко // Заря. 2019. 16 ноября. С. 17.
  23. Асенняя пара : [верш] / Ларыса Вырко // Заря. 2018 . 10 ноября. С. 15.
  24. Восень у нашым садзе ; Восеньскі эцюд : [вершы] / Ларыса Вырко // Заря. 2018. 1 сентября. С. 8.
  25. Родная вёска : [верш] / Ларыса Вырко // Сельская газета. 2018. 19 мая. С. 1.

 

Аб жыцці і творчасці Л. Ф. Вырко

  1. Стахейка, Т. Вянок санетаў : [у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з паэткай Ларысай Вырко] / Таццяна Стахейка // Навіны Палесся. Столін, 2023. 24 лістапада. С. 13.
  2. Каспяровіч, Л. На Багача работа скончана : [у аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Столінскага ТЦСАН адбылося пасяджэнне клуба «Літаратурнае кафэ»] / Людміла Каспяровіч // Навіны Палесся. Столін, 2023. 22 верасня. С. 15.
  3. Грэчка, І. Свет паэзіі Ларысы Вырко / Ірына Грэчка // Навіны Палесся. Столін, 2022. 25 лістапада. С. 12.
  4. Стахейка, Т. З любоўю да роднага краю : [у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшла паэтычная вечарына з Ларысай Вырко] / Таццяна Стахейка // Літаратура і мастацтва. 2022. 18 лістапада (№ 46). С. 3.
  5. Стахейка, Т. Паэтычная вечарына : [у Давыд-Гарадоцкай гарадской бібліятэцы прайшла паэтычная вечарына з Ларысай Вырко] / Таццяна Стахейка // Навіны Палесся. Столін, 2022. 11 лістапада. С. 12.
  6. Гушча, Л. Трапяткая і жыццёвая кніга : [пра кнігу паэзіі Л. Ф. Вырко «Тут мае карані»] / Лілія Гушча // Навiны Палесся. Столiн, 2010. 7 снежня. С. 6.
  7. Мiрановiч, В. «Тут мае каранi» : [аб прэзентацыі кнiгi паэзiii прозы Л. Ф. Вырко «Тут мае каранi» ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы] / Валянцiна Мiрановiч // Вита-Пресс. Столин, 2010. 2 декабря.
  8. Гушча, Л. Творчасць нашых землякоў : [выйшла кніга паэзіі Л. Ф. Вырко «Там, дзе зоры глядзяцца ў Гарынь» / Лілія Гушча // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 20 лістапада. С. 1.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 234 разоў Апошняя змена Чацвер, 01 Жнівень 2024 15:40