Пятніца, 09 Жнівень 2024 08:10

4 лютага 2024 г. — 30 гадоў з дня нараджэння Ганны Аляксандраўны Малышчык (1994), лёгкаатлеткі, майстра спорту міжнароднага класа, удзельніцы Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра (2016)

Ганна Аляксандраўна Малышчык (у дзявоцтве Зінчук) нарадзілася 4 лютага 1994 г. у г. Драгічыне Брэсцкай вобласці.Бацькі – Аляксандр Міхайлавіч і Іна Аляксандраўна Зінчук родам з аддаленай вёскі Малінаўка Драгічынскага раёна, якая знаходзіцца за Дняпроўска-Бугскім каналам і дзе сёння засталося зусім няшмат жыхароў.

Бацькі ўзялі ўчастак у Драгічыне і паволі пачалі будаваць уласны дом. Заробкі былі невялікія, таму даводзілася цяжка. Трымалі сваю падсобную гаспадарку, саджалі цэлую плантацыю трускаўкі (клубніцы), дзе ў той час далучаліся да працы і іх дзеці. Да таго часу, як Ане было ісці ў школу, сям'я ўжо перасялілася ў свой невялікі дом у раёне хлебазавода. У пачатковых класах Аня вучылася ў Сямёнаўшчыне, а потым перайшла ў гарадскую СШ 2.

Аня была вельмі актыўным падлеткам, ахвотна займалася рукадзеллем, удзельнічала ў спартыўных мерапрыемствах. Там дзяўчынку і запрыкмеціў яе першы трэнер Валерый Пятровіч Расафонаў, які адкрыў ёй дарогу ў вялікі спорт.Неяк дзяўчынка паехала на спаборніцтвы ў Брэст, і там Аню заўважыў яе цяперашні трэнер Аляксандр Аляксеевіч Носаў. Пасля восьмага класа адправілася вучыцца ў Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву.

Упершыню беларуская лёгкаатлетка, спецыялістка па кіданні молата Ганна Малышчык заявіла пра сябе ў лёгкай атлетыцы на міжнародным узроўні ў сезоне 2011 г., калі ўвайшла ў склад беларускай нацыянальнай зборнай і выступіла ў кіданні молата на юнацкім сусветным першынстве ў Лілі – 52,73 м. Пазней у гэтым сезоне з вынікам – 59,48 м атрымала перамогу на Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў Трабзоне.

У 2012 г. стартавала на юніёрскім сусветным першынстве ў Барселоне, але праваліла ўсе тры свае спробы ў кіданні молата і не паказала ніякага выніку.У 2013 г. выйграла бронзавы медаль у маладзёжнай катэгорыі на Кубку Еўропы па зімовых кіданнях у Кастэльёне – 63,78 м, тады як на юніёрскім Еўрапейскім першынстве ў Рыеці перасягнула ўсіх сваіх саперніц і заваявала залаты медаль – 65,44 м. На чэмпіянаце Беларусі 2014 г. у Гродне стала сярэбранай прызёркай – 67,53 м, саступіўшы толькі Алене Навагродскай. За выдатныя спартыўныя дасягненні ўдастоена ганаровага звання «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа».

У 2016 г. Ганна Малышчык была найлепшай у маладзёжнай катэгорыі на Кубку Еўропы па кіданнях у Арадзе – 68,76 м, адзначылася выступленнем на чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме – 63,16 м. Выканаўшы алімпійскі кваліфікацыйны нарматыў, удастоена права абараняць краіну на летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра (2016) – у праграме кідання молата паспяхова пераадолела папярэдні кваліфікацыйны этап, тады як у фінале паказала вынік – 71,90 м і размясцілася ў выніковым пратаколе на сёмым радку.

Пасля Алімпіяды Ганна Малышчык засталася дзеючай спартсменкай і працягнула прымаць удзел у найбуйнейшых міжнародных стартах. Так, у 2017 г. яна перамагла на камандным чэмпіянаце Еўропы ў Лілі – 74,56 м, закрыла дзясятку наймацнейшых на чэмпіянаце свету ў Лондане – 69,43 м, атрымала сярэбраную ўзнагароду на Універсіядзе ў Тайбэі – 74,93 м.

У 2017 г. закончыла факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. У 2018 г. на спаборніцтвах у Брэсце ўстанавіла свой асабісты рэкорд у кіданні молата – 76,26 м. Акрамя гэтага, была лепшай на Кубку Еўропы па кіданнях у Лейрыі – 72,62 м, стала фіналісткай чэмпіянату Еўропы ў Берліне – 72,39 м. У 2019 г. выйграла Кубак Еўропы па кіданнях у Шаморыне – 74,95 м, заняла дзясятае месца на чэмпіянаце свету ў Досе – 71,24 м.

На чэмпіянаце Беларусі 2020 г. у Мінску з вынікам – 68,92 м Ганна Малышчык атрымала серабро, саступіўшы Алене Сабалевай. Выйграла бронзу мемарыяла Іштвана Дзьюлаі ў Венгрыі, лідар сусветнага сезона ў сваёй лепшай спробе кінула снарад на 70,59 м. У 2021 г. не змагла прайсці кваліфікацыю ў кіданні молата на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Спартсменка, якая выступала ў групе А, у лепшай спробе адправіла снарад на адлегласць – 70,80 м і заняла 13-е месца.

У рамках правядзення мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці і фестывалю «Студэнцкая вясна – 2022» у БрДУ імя А. С. Пушкіна 22 сакавіка 2022 г. адбылася сустрэча з удзельнікамі Алімпійскіх гульняў. Ганна Малышчык стала ганаровым госцем мерапрыемства.

У 2023 г. лёгкаатлетка падвергнулася двухгадовай дыскваліфікацыі. Гэта стала вядома з афіцыйнай заявы на сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва. Адлік дыскваліфікацыі пачаўся 9 жніўня 2023 г., а скончыцца гэты тэрмін 9 жніўня 2025 г.Ганна Малышчык два гады правядзе па-за родным лёгкаатлетычным сектарам.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Рассафонов, А. «Звездный час» для юных и талантливых / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2022. 20 мая (№ 20). С. 8.
  2. Мечная, Н. Хорошо метнули / Наталья Мечная // Заря. 2021. 20 февраля. С. 9.
  3. Рассафонов, А. Молотобойцы из Дрогичина стали победителями и призерами республиканских соревнований / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2020. 29 лютага. С. 14.
  4. Зинчук, И. А.«Гиря, которую метнула Аня, перелетела стадион, и мы ее до сих пор ищем», рассказывает мама нашей землячки, чемпионки Кубка Европы Анны Малыщик / Инна Александровна Зинчук ; беседовала Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2018. 28 сакавіка. С. 3.
  5. Куценко, О. Анна Малыщик завоевала «серебро» матча Европа-США / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік .2019. 14 верасня. С. 13.
  6. Куценко, О. Лицензия на Олимпиаду / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік . 2019. 24 ліпеня. С. 2.
  7. Серебров, А. Догнать и перегнать / А. Серебров // Сельская газета. 2018. 4 августа. С. 30.
  8. Куценко, О. Дрогичинские спортсменки удачно выступили на кубке Европе по метаниям / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік . 2018. 17 сакавіка. С. 1.
  9. Рассафонов, А. «Серебро» из Китая : [Анна Малыщик (метание молота) на 2-й позиции] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2017. 2 верасня. С. 2.
  10. Рассафонов, А. Восходящая звезда на спортивном небосклоне : [о спортсменке, метательнице молота Екатерине Володкевич из Дрогичина] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2017. 5 жніўня. С. 14.
  11. Малыщик, А. Наш человек на Олимпиаде : [легкоатлетка делится своими впечатлениями об Олимпийских играх в Рио-де-Жанейро] / Анна Малыщик ; [беседовал] Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016.2 верасня. С. 15.
  12. Наумовец, А. Мечты сбываются : [легкоатлетистка Анна Малыщик – первая участница Олимпийских игр в истории Дрогичинского района] / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016. 2 ліпеня. С. 2.
  13. Наумовец, А. Чемпионская уверенность : [мастер спорта международного класса Анна Малыщик (Зинчук) вернулась из Румынии с «золотом» кубка Европы в молодежной группе] / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016. 30 сакавіка.
  14. Наумовец, А. С мечтами о Рио : [о Анне Зинчук мастере спорта международного класса, члене национальной сборной по легкой атлетике] / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2015. 14 студзеня. С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 92 разоў Апошняя змена Пятніца, 09 Жнівень 2024 08:12