Чацвер, 15 Жнівень 2024 12:48

19 ліпеня 2024 г. — 15 гадоў з дня асвячэння Троіцкай царквы ў в. Вялікая Сваротва (Баранавіцкі р-н; 2009), помніка архітэктуры позняга класіцызму першай паловы ХIХ ст.

У в. Вялікая Сваротва Пачапаўскай воласці Навагрудскага павета (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у 1747 г. па загаду ўрадавага дзеяча ВКЛ Мікалая Аўсянага быў пабудаваны ўніяцкі храм у імя Святой Троіцы. 

          Драўляная пабудова была незвычайнай формы – у плане роўнабаковы трохвугольнік. Форма царквы, верагодна, адлюстроўвала імкненне дойлідаў пад час распаўсюджвання уніяцтва стварыць царкву не падобную да храмаў іншых канфесій. Канцэпцыя нібыта заключалася ў тым, каб тут маглі маліцца адразу прадстаўнікі трох канфесій – праваслаўныя, каталікі і уніяты.

Шатровы гонтавы дах завяршаўся невялікай вежай. На вуглах малітоўнай залы былі зроблены сакрэціі, што надавала асноўнаму памяшканню 6-гранную форму плана. У цэнтры залы быў трохвугольны, аздоблены разьбой і пазалотай, алтар. Хоры мелі выгляд круглага ў плане балкона з агароджай з балясін, на сценах абразы 12 апосталаў. Столь мела форму скляпення і была размалявана. Падлога была цаглянай. У 1812 г. французскія захопнікі апаганілі святыню – паставілі ў ёй коней.

У 1823 г. пабудова была разабрана і на сродкі памешчыка Якуба Незабытоўскага на яе месцы з каменю і цэглы пабудаваны храм той жа формы. Будынак складаецца з асноўнага трохвугольнага ў плане аб’ёма з крыху зрэзанымі вугламі і ўваходамі з трох бакоў. Сцены (таўшчыня 1 м) выкладзены з колатага каменя на вапнавым растворы. Звонку ў вуглах устаноўлены калоны дарыцкага ордэра, якія так сама, як і вуглавыя пілястры, карніз, абрамленні ваконных і дзвярных праёмаў, выкладзены з цэглы, атынкаваны і пабелены.

Усе сцены зверху маюць па 3 акны. Галоўны фасад па абодва бакі ад уваходных дзвярэй упрыгожаны паўкруглымі арачнымі нішамі. У завяршэнні шатровага даху трохвугольная ў плане вежа і крыж. Крыжамі ўвенчаны і невялікія шатровыя дашкі над калонамі ў кутах. Унутры зала перакрыта плоскай столлю. Унутранае ўбранства змянілася: іканастас, алтар і хор сталі на сваё традыцыйнае месца. У 1868 г. устаноўлены іканастас светла-блакітнай афарбоўкі на 13 абразоў. Царква апаясана каменнай агароджай, над праходам якой уладкавана званіца на масіўных каменных апорах.

У 1879 г. у прыходзе налічвалася 1500 прыхаджан. У храме меліся 4 мастацкага пісьма іконы святых евангелістаў. На званіцы, пабудаванай асобна ад храма,  было 3 званы, самы вялікі з іх важыў каля 3 пудоў. Царкве належала каля 90 дзесяцін зямлі, у тым ліку ворыва 46 дзесяцін. У 1886 г. дзейнічала царкоўна-прыходская школа.

У час Вялікай Айчыннай вайны Вялікасваратвянскі храм быў разбураны: у 1943 г. партызаны яго спалілі, каб у ім не размясціліся нямецка-фашысцкія захопнікі.

У 2006 г. стараннямі мясцовага свяшчэнніка протаіерэя Георгія Сапуна і прыхаджан пачалася рэстаўрацыя храма, якая была завершана ў 2009 г. Калі пачыналі разбіраць завалы, дык унутры храма давялося выразаць старыя дрэвы, яны былі настолькі тоўстыя, што абхапіць маглі некалькі чалавек. Пасля адбудовы ўваход выкарыстоўваецца адзін, алтар размешчаны на ўсходзе.

19 ліпеня 2009 г. адноўленая Свята-Троіцкая царква была асвячона архіепіскам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам (Корзунам) у саслужэнні свяшчэннікаў Баранавіцкага благачыння. Храм Святой Тройцы адносіцца да Баранавіцкага благачыння Пінскай епархіі. Настаяцель іерэй Віталій Вабішчэвіч, ураджэнец в. Аздамічы Столінскага раёна.

Протаіерэй Георгій Савіч Сапун (29 лютага 1924 г. – 13 снежня 2015 г.) нарадзіўся ў Валожынскім раёне ў сям’і свяшчэнніка. Вучыўся ў Навагрудскай настаўніцкай семінарыі. У час Вялікай Айчыннай вайны вучыўся на курсах свяшчэннікаў у Навагрудку, дапамагаў партызанам здабываць зброю. Пасля вызвалення прызваны ў Чырвоную армію, але навабранца як сына свяшчэнніка выслалі ў Іркуцкую вобласць. У 1947 г. уцёк з ссылкі і вярнуўся ў Беларусь, жыў у в. Пачапава Баранавіцкага раёна, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. У 1954 г. пачаў служыць. У Пачапава царква была разбурана ў вайну, засталася толькі могілкавая капліца, але з цягам часу айцу Георгію ўдалося аднавіць Свята-Пакроўскую царкву (2006), а потым і Вялікасваратвянскую (2009). Удастоены некалькіх царкоўных узнагарод, у тым ліку ордэна святога князя Уладзіміра ІІІ ступені.

Вялікасваратвянская Свята-Троіцкая царква – адзіная ў сучаснай Беларусі царква трохвугольнай ў плане формы. Помнік культавай архітэктуры позняга класіцызму першай паловы ХIХ ст. У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь помнік мае шыфр 112Г00745. Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2016 г. царкве нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

 

 

  1.  Сергачёв, С. А. Большесворотвенская Троицкая церковь : [Барановичский район] / С. А. Сергачёв // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 115–116.
  2. Царква ў гонар Святой Троіцы : [в. Вялікая Сваротва] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 99.
  3. Свята-Троіцкая царква : [в. Вялікая Сваротва] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 310.
  4. Сергачоў, С. А. Вялікасваротаўскія Троіцкія цэрквы : [драўляная і каменная] / С. А. Сергачоў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 138.
  5. Кулагін, А. М. Архітэктурная спадчына / А. М. Кулагін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 633–655. Са зместу: [Свята-Троіцкая царква]. С. 642.
  6. Вялікая Сваротва // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 34.
  7. Барановичи и окрестности : путеводитель : [достопримечательности населенных пунктов]. Минск : Рифтур, 2009. – 69 с. – (Жемчужины Беларуси).
  8. Яско, А. Открытый в трех стенах : [о церквях Покрова Пресвятой Богородицы в д. Почапово и Троицы Живоначальной в д. Большая Своротва Барановичского района] / Алена Яско // Сельская газета. 2024. 2 марта. С. 26.
  9. Яскевіч, С. Трохкутнік веры : [пра помнік архітэктуры ХVIII ст. – царкву Святой Тройцы ў в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2021. 21 верасня. С. 12.
  10. Шубич, М. Треугольная церковь : [исполнилось 10 лет со дня освящения Троицкой церкви в д. Большая Своротва Барановичского района] / Михаил Шубич // Заря. 2019. 27 июля. С. 9.
  11. Апанасенок, В. Силуэты наследия : [церковь в д. Большая Своротва Барановичского района] / Виктория Апанасенок // 7 дней. 2018. 29 ноября (№ 48). С. 25.
  12. Понамарев, О. Три стены, три двери и один алтарь... : [о версиях необычной формы церкви Троицы Живоначальной, что находится в д. Большая Своротва Барановичского района] / Олег Пономарев // Заря. 2016. 1 сентября. С. 8.
  13. Флікоп-Світа, Г. А. Прысценныя алтары ўніяцкіх храмаў Беларусі ў канцы ХVII – пачатку XIX ст. : [упамінанні аб праваслаўнай царкве у в. Новая Мыш, трохкутным храме ў в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна] / Галіна Флікоп-Світа // Беларускі гістарычны часопіс. 2016. № 3. С. 26–37.
  14. Лабецкая, Ю. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : [туристический маршрут Великая Своротва – Полонка – Почапово – Новая Мышь – Железница – Старая Мышь в Барановичском районе] / Юлия Лабецкая // 7 дней. 2016. 11 февраля (№ 6). С. 16–17.
  15. Пантелеева, Е. Три угла веры : [история церкви Святой Троицы в д. Великая Своротва Барановичского района] / Екатерина Пантелеева // Рэспубліка. 2015. 20 лістап. С. 8.
  16. Пясецкі, Я. Мой родны трэці кут : [аб царкве Святой Троіцы ў в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага раён] / Яўген Пясецкі // Звязда. 2014. 10 верасня. С. 3.
  17. Марчук, Н. Храм на месцы капішча : [Свята-Троіцкая царква ў в. Вялікая Сваротва] / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. 2011. № 36. C. 3.
  18. Саўчук, І. Цудоўнае адраджэнне : [пра адраджэнне трохкутнай царквы ў в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна] / Iрына Саўчук // Народная газета. 2011. 8 лютага. С. 8.
  19. Юркевич, Е. Храм восстал из руин : [об освящении восстановленной церкви в д. Великая Своротва Барановичского района] / Елена Юркевич // Заря. 2009. 23 июля. C. 8.
  20. Освящены надхрамные кресты : [Свято-Троицкая церковь в д. Великая Своротва] // Наш край. Барановичи, 2007. 21 июня. С. 2.
  21. Маліноўскі, М. Ажывае трохкутная царква : [аб праваслаўным храме ў в. Вялікая Сваротва Баранавіцкага раёна] / Міхась Маліноўскі // Культура. 2007. 6–12 студзеня. С. 14.
  22. Юркевич, Е. Восстановление из руин : [о ходе восстановления Свято-Троицкой церкви (1823 г.) в д. Великая Своротва Барановичского района] / Елена Юркевич // Заря. 2006. 28 сентября. С. 17.
  23. Шубіч, М. Адраджэнне святыні : [вядзецца аднаўленне Свята-Троіцкай царквы ў в. Вялікая Сваротва] / Міхаіл Шубіч // Наш край. Барановичи, 2006. 3 августа. С. 4.
  24. Шубич, М. Треугольный храм : [Свято-Троицкая церковь в д. Великая Своротва] / Михаил Шубич // Наш край. Барановичи, 2006. 6 апреля. С. 3.
  25. Малiноўскi, М. Тут зiхацеў трохкутны храм : [пра Траецкi храм ХIХ ст. у в. Вялiкая Сваротва Баранавiцкага раёна] / Міхась Малiноўскi // Белорусская нива. 2003. 22 ноября. С. 6.
  26. Iльянкоў, В. «Трохвугольны» храм : [пра рэшткi царквы ў в. Вялiкая Сваротва Баранавiцкага раёна] / Вячаслаў Iльянкоў // Культура. 2000. 8–14 красавіка. С. 14.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 132 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Жнівень 2024 12:58