Пятніца, 16 Жнівень 2024 16:03

15 мая 2024 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Івана Данілавіча Бінько (1934), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1999)

Іван Данілавіч Бінько нарадзіўся 15 мая 1934 г. у в. Моталь Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Любоў да працы на зямлі яму перадалася ад бацькоў і дзеда. Гаспадарка ў сям’і была вялікая. З сямі гадоў Іван выконваў абавязкі пастуха, дапамагаў у іншых работах. Пакуль бацька, Даніл Васільевіч, працаваў у леспрамгасе, ён разам з дзедам выконваў усю мужчынскую працу.

У калгасе Іван Бінько пачаў працаваць з пятнаццаці гадоў. Адслужыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі (1956) вярнуўся ў родны Моталь, працаваў учотчыком ў калгасе «40 гадоў Кастрычніка».

 

У 1958 г. дваццаціпяцігадовага калгасніка прызначылі загадчыкам жывёлагадоўчай фермы. Справы тады на ферме абстаялі не вельмі добра. Надоі былі невысокімі, бо ў статку рознапародная малапрадукцыйная жывёла. Для стварэння племянного статку завёз з Калінградскай вобласці чорна-пярэстых кароў. Паступова справы пайшлі на лад, малака стала больш. Парадак на ферме, дзе ўтрымліваліся не толькі каровы, але і свінні, авечкі, прыцягнуў увагу кіраўніцтва калгаса і раёна. За дзесяць гадоў працы на ферме Іван Бінько спазнаў усе сакрэты жывёлагадоўлі, навучыўся працаваць з людзьмі.

 

У 1968 г. Іван Данілавіч быў назначаны брыгадзірам комплекснай брыгады калгаса «40 гадоў Кастрычніка». Першая брыгада ўжо тады была даволі моцным у эканамічных адносінах вытворчым падраздзяленнем калгаса, працавала як самастойная гаспадарча-разліковая адзінка. Праўда, гаспадарчы разлік у калгасе толькі ўкараняўся. У брыгадзе меўся статак 400 галоў, было 600 га ворыва, збожжавых культур збіралі па 14–15 ц/га.

 

Вырашылі пашырыць землі за кошт распрацоўкі забалочаных тэрыторый, давялі плошчу ворыва да 1150 га. З’явілася магчымасць павялічыць статак да 1000 галоў, з іх 280 кароў. Расшырылі ворыўныя землі – адчулі востры недахоп тэхнікі. Прыйшлося яе набываць, многае перагледжваць у сістэме арганізацыі працы механізатараў. Сваімі сіламі пабудавалі кароўнік.

 

Вырасла ўраджайнасць бульбы, цукровых буракоў, павялічыўся продаж дзяржаве прадуцыі жывёлагадоўлі. У 1972 г. збожжавых культур сабралі 28,3 ц/га, бульбы – 208 ц/га, цукровых буракоў – 285 ц/га. Брыгада прадала звыш 200 т мяса, больш за 500 т малака. За гэтыя дасягненні брыгада І. Д. Бінько была ўдзельнікам ВДНГ СССР.

 

Калі Івану Данілавічу было за сорак, закончыў агранамічны факультэт Пружанскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Прыродны розум, кемлівасць, адказнасць за даручаную справу заўсёды прыходзілі на дапамогу Івану Бінько. Дзякуючы яго вопыту і ведам, уменню зладжана арганізоўваць работу структурнага падраздзялення калгаснай гаспадаркі, поспехі брыгады па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі неаднаразова былі адзначаны ўзнагародамі ВДНГ СССР.

І. Д. Бінько ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1986), «Знак Пашаны» (1970), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972). У 1999 г. яму прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». З’яўляўся дэлегатам XXIII з’езда КПСС (1966).

 

У дзень юбілею павіншаваць ветэрана ў Моталь прыбыла дэлегацыя ў складзе першага намесніка старшыні райвыканкама Віктара Іванавіча Безсілкі, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Людмілы Аляксееўны Стасевіч, старшыні раённага аграпрамысловага саюза Уладзіміра Рыгоравіча Марковіча, кіраўніцтва мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Агра-Моталь» і Мотальскага сельвыканкама. З цёплымі словамі віншаванні і пажаданні міру, здароўя, шчасця, дабра і дабрабыту яны ўручылі Івану Данілавічу кветкі і падарункі.

 

«Гэта сапраўдны чалавек-легенда, якім ганарыцца ўвесь Моталь» – так ахарактарызаваў юбіляра кіраўнік ААТ «Агра-Моталь» Вячаслаў Мікалаевіч Каштальян.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панферава.

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

 

  1. Бінько Іван Данілавіч // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хронiка / уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. Мінск, 2000. С. 477–478.
  2. Сельское хозяйство // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 428–439.
  3. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь : 1999 : І. Д. Бінько // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 389.
  4. ОАО «Агро-Мотоль» // Мотоль. Шесть столетий на берегах Ясельды : [рекламное издание / гл. ред. Владимир Шпарло]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2012. С. 5259.
  5. Земля отцов – земля святая // О подвигах, о доблести, о славе... / [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 122–133.
  6. Наша земля – наша биография : материалы торжественного собрания, посвященного 60-летию образования Ивановского района / Ивановский район. исполком ; сост. М. П. Горупа. – Иваново, 2000. – 52 с.
  7. Стасевіч, П. С. Веска над Ясельдай : гістарычна-краязнаўчы нарыс / П. С. Стасевіч. – Мiнск : Полымя, 1991. – 99, [2] с.
  8. Соломка, И. Выносливость и сила – от земли : [о жителе аг. Мотоль Иване Даниловиче Бинько, который отмечает 90-летний юбилей] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2024. 31 мая (№ 22). С. 5.
  9. Сергеева, Л. Легенда о затопленном колоколе и не только... : [о Мотоле и мотолянах] / Людмила Сергеева // Янаўскі край. Іванава, 2023. 28 красавіка (№ 17). С. 16.
  10. Кресс, Д. Мотольская трагедия / Диана Кресс // Янаўскі край. Іванава, 2022. 15 ліпеня (№ 28). С. 7.
  11. Соломка, И. Родной земли целительная сила : [упоминается И. Д. Бинько] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 18 мая. С. 4.
  12. Федорук, М. Ветеранское единство – великая сила / Мария Федорук // Янаўскі край. Іванава, 2017. 21 лютага. С. 4.
  13. Горупа, М. Покой нам только снится! : [упоминается И. Д. Бинько] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 11 сакавіка. С. 5.
  14. Сергеева, Л. Традиции и новшества ОАО «Агро-Мотоль» : [упоминается И. Д. Бинько] / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 6 марта.
  15. Котковец, А. Славен трудом, честью, умом : [о заслуженном работнике сельского хозяйства И. Д. Бинько из Мотоля] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 2 мая. С. 1.
  16. Жушма, В. Слава і гонар Палескага Моталя : [заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Іван Бінько] / Васіль Жушма // Белорусская нива. 2002. 6 ноября. С. 2.
  17. Бабрыковіч, У. Моталь – вёска ардэнаносцаў : [згадваецца І. Д. Бінько] / У. Бабрыковіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 13 кастрычніка.
  18. Зайцава, Л. На пярэднім краі : [нарыс пра І. Д. Бінько] / Л. Зайцава // Чырвоная звязда. Іванава, 1973. 1 мая.
Чытаць 105 разоў Апошняя змена Пятніца, 16 Жнівень 2024 16:14