Для прадухілення магчымых рабаванняў і гвалту група былых падпольшчыкаў Кобрыншчыны – членаў КПЗБ стала ствараць атрады працоўнай самаабароны. 18 верасня на дапамогу кобрынчанам прыбыў з Дзівіна атрад пад камандаваннем Яўгена Рамановіча Ступы. Былы палітвязень узначаліў мясцовыя сілы самаабароны, якія колькасна выраслі да 500 чалавек. Так нарадзілася Рабочая гвардыя Кобрына, якая спыніла марадзёрства і паніку ў горадзе і наваколлях, устанавіла ахову найважнейшых аб’ектаў. Рабочая гвардыя выконвала свае функцыі да канца 1939 г. Пазней Кобрынскі гарадскі Савет на ўшанаванне памяці аб тых днях пастанавіў назваць адну з вуліц Чырвонагвардзейскай, другую – Чырвонаармейскай.
Раніцай 22 верасня 1939 г. з боку Маскоўскай шашы ў Кобрын увайшлі савецкія войскі. Настала доўгачаканае вызваленне. На наступны дзень, 23 верасня, у Кобрынскім павеце ствараецца новы орган улады – Часовае ўпраўленне. Для арганізацыі новага жыцця горада сюды прыбылі некалькі груп партыйных і савецкіх работнікаў з БССР, і сярод іх – Ц. Ф. Субоцін, сакратар аднаго з райкамаў на Гомельшчыне, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Ён стаў старшынёй камітэта Часовага кіравання, у склад якога ўвайшлі і былыя падпольшчыкі, члены КПЗБ А. І. Федасюк, А. П. Карпук, Ф. Б. Масліевіч, П. Д. Газук і іншыя. У Кобрыне ствараюцца органы пракуратуры, суда і міліцыі, арганізуецца забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, вядзецца барацьба са спекуляцыяй, ліквідуецца беспрацоўе, нацыяналізуюцца банкі і прамысловыя аб'екты.
Да канца верасня ў горадзе паспяваюць выпусціць першы нумар газеты «Труд» (сёння – «Кобрынскі веснік»). Справа ў тым, што ў верасні 1939 г. разам з перадавымі часцямі 4-й арміі ішлі два спецыяльныя карэспандэнты газеты «Часовой Родины», вядомыя ў той час дзеячы савецкай літаратуры А. Т. Твардоўскі і Б. Л. Гарбатаў. Было вырашана пачаць выданне павятовай газеты «Труд». Рэдакцыя размясцілася ў Кобрыне, літаратары вучылі газетнай справе, самі рабілі праўкі, апрацоўвалі і рыхтавалі да друку матэрыялы. На палосах газеты адлюстроўваліся працоўныя будні горада.
Прымаюцца меры для найхутчэйшага адкрыцця школ на роднай мове і гарадской бібліятэкі. Да канца года паспяваюць завезці і размеркаваць па школах падручнікі, накіраваць і размясціць настаўнікаў з усходніх раёнаў рэспублікі. Спецыяльныя курсы рыхтавалі настаўнікаў пачатковай школы з мясцовага пісьменнага насельніцтва. Змагаліся з малапісьменнасцю, арганізоўваючы вячэрнія школы для дарослых. У 1940 г. працавалі: 59 школ, 13 хат-чыталень, у в. Плянта дзейнічала школа трактарыстаў міжраённага значэння.
У ходзе падрыхтоўчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі працоўныя ў пераважнай большасці выказаліся за новую ўладу. У Беласток, месца правядзення сходу, ад Кобрына выехала вялікая дэпутацкая дэлегацыя, якая 28–30 кастрычніка 1939 г. прагаласавала за ўстанаўленне савецкай улады. 2 лістапада 1939 г. сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада сесія Вярхоўнага Савета БССР, кіруючыся вынікамі галасавання прадстаўнічых органаў на месцах, прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР. На вызваленых тэрыторыях разгарнулася шырокае будаўніцтва, ішлі сацыяльныя і палітычныя пераўтварэнні.
Ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці» і ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г. Кобрыне» захоўваюцца дакументы, якія сведчаць аб тым, як гэтыя гістарычныя падзеі адбіліся на нашых земляках. Па звестках Часовага ўпраўлення ад 12 лістапада 1939 г., на тэрыторыі г. Кобрына і павета пражывала 124.260 чалавек, з іх 47% – беларусы, 32% – украінцы, 14% – рускія, 4% – яўрэі, 3% – палякі.
Пасля ўтварэння новых абласцей і раёнаў, якія замянілі ранейшы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, Кобрын з 15 студзеня 1940 г. стаў цэнтрам раёна Брэсцкай вобласці. Кобрынскі раён уключаў былыя Падалескую (цалкам), Кобрынскую, Тэвельскую і Навасёлкаўскую (часткі) воласці. Таксама быў утвораны Дзівінскі раён з цэнтрам у в. Дзівін (скасаваны ў 1959 г.).
На падставе пастановы Часовага ўпраўлення ад 23 верасня 1939 г. былі перайменаваны вуліцы Кобрына. Манастырская вуліца перайменавана ў вуліцу 17 Верасня. Кінатэатру «Эбрамі» таксама была дадзена назва ў гонар гэтага гістарычнага дня – кінатэатр «17 Верасня».
У жыцці горада і раёна пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні. На тэрыторыі раёна знаходзіліся 8 нацыяналізаваных газагенератарных млыноў, 2 цагельныя заводы, 2 маслабойкі, мылаварня, 2 ваўначоскі, торфазаводы ў вёсках Залессе і Багач, лесазавод. Пачаліся тэхнічная рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых прадпрыемстваў. У 1940 г. у горадзе працаваў райпрамкамбінат, які аб’яднаў разам дробныя майстэрні. Вялікай падзеяй у гаспадарчым жыцці раёна стала адкрыццё Кобрынскай машынна-трактарнай станцыі. Усяго ў прамысловасці працавалі 1229 чалавек. Беспрацоўе да пачатку 1941 г. практычна было ліквідавана.
Паступова здзяйсняўся працэс калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Да чэрвеня 1940 г. былі арганізаваны 2 калгасы: імя Варашылава, у былым маёнтку Паляцічы; імя Сталіна, у в. Пескі. Усяго ў раёне да чэрвеня 1941 г. былі створаны 5 калгасаў, МТС у в. Яромічы. Хуткімі тэмпамі пайшло будаўніцтва Дняпроўска-Бугскага канала – тое, што польскія ўлады разлічвалі зрабіць за 10 год, было выканана за 7 месяцаў. Было ўведзена бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, павялічана прапускная здольнасць раённай бальніцы, адкрыта інфекцыйная бальніца, амбулаторыі. Развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы, навукі, культуры і адукацыі было перапынена Вялікай Айчыннай вайной.
У ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава захоўваецца ўнікальная рукапісная праца «Непокоренная Кобринщина», складзеная ў 1967 г. Ігнатам Сямёнавічам Сідарукам і Праскоўяй Сямёнаўнай Сідарук. Аўтары – члены КПЗБ, актыўныя ўдзельнікі падпольнага руху за вызваленне Заходняй Беларусі, непасрэдныя ўдзельнікі вераснёўскіх падзей 1939 г. на Кобрыншчыне.
На будынку, дзе ў 1939 г. размяшчаўся камітэт Часовага ўпраўлення (пл. Камсамольская, 5), у 1972 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На вул. Суворава, 1 у 1986 г. умацавана мемарыяльная дошка, прысвечаная арганізатарам газеты «Труд».
Жыццё даказала дабратворны ўплыў аб'яднання беларусаў на развіццё заходніх рэгіёнаў рэспублікі. Кобрыншчына гэтаму сведчанне. Уз'яднанне беларускага народа, распачатае 17 верасня 1939 г., было актам гістарычнай справядлівасці, які аб'яднаў падзелены беларускі народ у адзіную дзяржаву – БССР, што стала яшчэ адным важным крокам на шляху да незалежнасці і суверэннага развіцця Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат.
аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Князева, В. М. Сацыяльна-эканамічнае становішча Кобрыншчыны ў 1939–1940 гг. / В. М. Князева // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 126–130.
- Пліско, Н. М. Да новага жыцця / Н. М. Пліско // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 122–124.
- Той незабыўны верасень… : з успамінаў А. М. Сушчука, ветэрана вайны і працы // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 124–124.
- Шидловский, А. К. Бои за Кобрин в сентябре 1939 года / Антон Шидловский // Карані і кроны : гісторыя Кобрыншчыны: першая палова XX стагоддзя / [укладальнікі: Ю. А. Барысюк, А. А. Мезенцэва]. Брэст, 2017. С. 60–65.
- Мисаревич, Е. На освобожденной земле : политическая работа в западных областях Белоруссии (сентябрь 1939 – июнь 1941 гг.) / Е. Мисаревич. – Минск : Беларусь, 1989. – 96 с. – См. на с. 9, 76, 86, 92.
- Василёнок, М. В. В семье единой / М. В. Василёнок. – Минск : Вышэйшая школа, 1977. – 112 с. – См. на с. 68.
- Мемориальная доска в честь комитета Временного управления. Мемориальная доска Горбатову Борису Леонтьевичу и Твардовскому Александру Трифоновичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 248.
- 1939 год, 22 верасня. У Кобрын увайшлі савецкія войскі // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская РЦБС, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 110.
- Чирун, А. БССР или Польша: развитие или путь в никуда / Александр Чирун // Кобрынскі веснік. 2022. 21 верасня. С. 5.
- Елизарова, Ж. Тернистый путь к свободе и единству / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2021. 25 верасня. С. 4.
- Елизарова, Ж. То, что нас объединяет : [о воссоединении Западной и Восточной Белоруссии в 1939 г.] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2021. 15 верасня. С. 1, 3–4.
- Елизарова, Ж. 17 сентября 1939 года. Одно событие и не одна история / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2021. 1 верасня. С. 5.
- Вовк, Ю. Объединяя усилия, изучаем историю Кобринщины : [научно-практическая конференция «Мартыновские чтения», посвященая 115-летию со дня рождения А. М. Мартынова и 80-летию воссоединения Западной Беларуссии с БССР] / Юлия Вовк // Кобрин-информ. 2019. 26 сентября (№ 39). С. 3.
- Кузина, С. Судьбоносная дата : [радикальные социально-экономические преобразования на Кобринщине после присоединения территории Западной Белоруссии к БССР] / Светлана Кузина // Кобрин-информ. 2019. 12 сентября. С. 4.
- Рысь, Е. Н. Сентябрь 1939-го в Кобрине: живые голоса истории : [воспоминания очевидцев и участников событий А. М. Мартынова, А. М. Сущука, Е. Р. Ступа и И. С. Сидорука] / Елена Рысь // Кобрин-информ. 2019. 29 августа (№ 35). С. 4; 5 сентября (№ 36). С. 4; 12 сентября (№ 37). С. 3; 19 сентября (№ 38). С. 4.
- Самовіч, А. Гістарычнае рашэнне : верасень 1939 года на старонках беларускага перыядычнага друку : [звесткі пра падзеі 19 верасня 1939 г. у г. Кобрыне былі надрукаваны ў газеце «Советская Белоруссия» ад 20 верасня 1939 г.] / Аляксандр Самовіч // Беларуская думка. 2016. № 9. С. 24–31.
- Мартынов, А. Судьбоносный 1939 / А. Мартынов // Кобрин-информ. 2010. 6 января. С. 6.
- Китайчук, М. Советская власть в Кобрине / М. Китайчук // Кобрин-информ. 2008. 30 апреля. C. 18.
- Бодак, М. С. Формирование органов советской власти на территории Кобринского района (1939–1940) / М. С. Бодак // Вестник Брестского государственного технического университета. 2006. № 6. С. 33–34.
- Сущук, А. 1939 год глазами современника / А. Сущук // Радавод. 2000. № 4. С. 40-57.
- Батулин, С. И въехал танк на переправу… : [к 60-летию воссоединения белорусских земель с БССР, воспоминания очевидца] / С. Батулин // Заря. 1999. 2 сентября. С. 2.
- Сушчук, А. М. Той незабыўны верасень / А. М. Сушчук // Народная газета. 1999. 26 жніўня. С. 2.
- Плиско, Н. Бой был, но не тогда. И не такой… : [17 сентября 1939 г., бой под Кобрином] / Н. Плиско, А. Мартынов // Рэспубліка. 1994. 29 верасня. С. 3.
- Хільчук, М. Што ж было ў верасні 1939 года? : [у Кобрыне] / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. 1993. 16 кастрычніка. С. 2.
- Пераломны момант гісторыі : [да 50-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР] // Камуністычная праца. Кобрын, 1989. 16 верасня.
- Сушчук, А. М. Незабыўня дата : [да 50-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР] / А. М. Сушчук // Камуністычная праца. Кобрын, 1989. 29 жніўня.
- Голікава, А. Восенню 1939-га / А. Голікава // Камуністычная праца. Кобрын, 1987. 26 верасня.
- Амельянчук, Н. Першыя дні пасля вызвалення / Н. Амельянчук // Камуністычная праца. Кобрын, 1986. 16 верасня.
- Сідарук, П. С. Мужнелі ў барацьбе / П. С. Сідарук, І. С. Сідарук // Камуністычная праца. Кобрын, 1980. 12 жніўня.
- Мартынаў, А. У памятным 39 / А. Мартынаў // Камуністычная праца. Кобрын, 1979. 20 кастрычніка.
- Мартынаў, А. Мармуравыя вехі гісторыі : [аб памятных знаках у Кобрыне, звязаных з уз’яднаннем беларускага народа ў 1939 г.] / А. Мартынаў // Камуністычная праца. Кобрын, 1979. 13 верасня.
- Кірысь, Н. З усходу свяціла нам сонца свабоды / Н. Кірысь // Камуністычная праца. Кобрын, 1978. 5 снежня.
- Сідарук, П. С. Яны змагаліся за шчасце / П. С. Сідарук // Камуністычная праца. Кобрын, 1976. 1 мая.