15 студзеня 1940 г. паветы былі скасаваны, вобласць раздзялілі на 26 раёнаў: Быценскі, Валеўскі (Карэліцкі), Валожынскі, Васілішкаўскі, Воранаўскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Івянецкі, Іўеўскі, Казлоўшчынскі, Клецкі, Лідскі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мастоўскі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Радунскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі і Юрацішкаўскі, 9 гарадоў (у т. л. Баранавічы і Ліда абласнога падпарадкавання), 10 гарадскіх пасёлкаў, 376 сельсаветаў.
На тэрыторыі вобласці 12 кастрычніка 1940 г. стварана 6 гарадскіх пасёлкаў: Альберцін, Астрынь, Воранава, Гарадзея, Любча, Масты; гарадскі пасёлак Казлоўшчына аднесены да катэгорыі вёсак. Плошча вобласці — 23,3 тыс. кв. км, насельніцтва — 1184,4 тыс. чалавек (1940).
20 верасня 1944 г. у Гродзенскую вобласць былі перададзены Васілішкаўскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Зэльвенскі, Лідскі, Любчанскі, Мастоўскі, Радунскі і Шчучынскі раёны, у Маладзечанскую вобласць: Валожынскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі.
На пачатак 1954 г. Баранавіцкая вобласць была раздзелена на 15 раёнаў: Быценскі, Гарадзішчанскі, Дзятлаўскі, Івянецкі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Клецкі, Любчанскі, Ляхавіцкі, Мірскі, Навагрудскі, Навамышскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі. Былі 7 гарадоў — Баранавічы, Клецк, Ляхавічы, Навагрудак, Нясвіж, Слонім, Стоўбцы, 8 гарадскіх пасёлкаў, 215 сельсаветаў. Плошча вобласці складала 13,7 тыс. кв. км (1953).
Тэрыторыя вобласці з 1921 г. уваходзіла ў склад Польшчы, гаспадарка амаль не развівалася. Пасля ўз’яднання з БССР пачалі хутка развівацца харчовая, лясная і лёгкая прамысловасці, пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ва ўсіх раёнах створаны МТС.
У час нямецка-фашысцкай акупацыі (чэрвень 1941 г. – ліпень 1944 г.) гітлераўцы загубілі 269.586 грамадзян і ваеннапалонных, вывезлі на катаргу ў Германію 33 773 чалавек, разбурылі, спалілі і разрабавалі большасць прамысловых прадпрыемстваў, школ, бальніц, калгасаў, МТС. Насельніцтва гераічна змагалася супраць захопнікаў. Барацьбу ўзначальвалі Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б, Баранавіцкі агруговы антыфашысцкі камітэт. У красавіку 1943 г. было створана Баранавіцкае партызанскае злучэнне, якое ў 1944 г. яднала 26 брыгад — усяго больш за 30 тыс. узброеных партызан.
У пасляваенныя гады Баранавіцкая вобласць дамаглася значных поспехаў у аднаўленні гаспадаркі. Валавая прадукцыя прамысловасці ў 1949 г. перавысіла даваенны ўзровень на 77,5%; пабудаваны 24 цепла- і гідраэлектрастанцыі, маторарамонтны, рамонтна-механічны заводы; адноўлены і рэканструяваны лесапільныя заводы, шклозавод, папяровая фабрыка, мэблевыя і лесахімічныя прадпрыемствы, мясакамбінат, заводы будаўнічых дэталяў і спіртзаводы. У Навагрудку, Баранавічах, Слоніме створаны швейная, абутковая, трыкатажная, суконная фабрыкі; у Ляховічах наладжаны выпуск садова-агароднінных кансерваў; адноўлены ўсе калгасы, МТС.
У сельскай мясцовасці пабудавана 18,2 тыс. жылых дамоў; пашырыліся пасяўныя плошчы, павысілася ўраджайнасць збожжавых і бульбы, вырасла пагалоўе жывёлы. За поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі 160 калгаснікаў і рабочых саўгасаў вобласці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 7 перадавікам прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
У 1950 г. у вобласці было 689 пачатковых школ, 202 сямігодкі, 52 сярэднія, у іх навучаліся 113 тыс. дзяцей. Працавалі настаўніцкі інстытут і інстытут удасканалення настаўнікаў, 8 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 3 рамесныя вучылішчы, 2 школы фабрычна-заводскага навучання. Сфера культуры: абласны гісторыка-краязнаўчы музей, 60 раённых і сельскіх Дамоў культуры, 230 хат-чытальняў і сельскіх клубаў, 599 чырвоных куткоў, 1023 бібліятэкі (у т. л. абласная), абласны і раённы (у Слоніме) Дамы піянераў, дзіцячая тэхнічная станцыя ў Нясвіжы, 2 станцыі юных натуралістаў, 3 юнацкія спартыўныя школы. Выдаваліся абласная газета «Чырвоная звязда» і 15 раённых газет.
Першыя сакратары Баранавіцкага абкама КПБ: Іван Пятровіч Тур (лістапад 1939 г. – сакавік 1941 г.; ліпень 1944 г. – чэрвень 1946 г.), Аляксандр Іванавіч Савалаў (красавік – чэрвень 1941 г.), Васіль Яўхімавіч Чарнышоў (1942–1944), Васіль Емяльянавіч Самуцін (красавік 1949 г. – чэрвень 1950 г.), Мікалай Пракопавіч Пакроўскі (1950–1952), Сяргей Восіпавіч Прытыцкі (1953–1954). Старшыні аблвыканкама: Сямён Ільіч Царэнка (1939–1940), Пётр Венядзіктавіч Бандарэнка (ліпень 1944 г. – лістапад 1950 г.), Васіль Васільевіч Ледзянёў (лістапад 1950 г. – студзень 1954 г.).
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 студзеня 1954 г. Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобласці былі скасаваны. 26 красавіка Вярхоўны Савет СССР зацвердзіў ліквідацыю Баранавіцкай вобласці.
У склад Гродзенскай вобласці былі ўключаны: Дзятлаўскі, Казлоўшчынскі, Карэліцкі, Любчанскі, Мірскі, Навагрудскі, Слонімскі раёны. У склад Мінскай: Клецкі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі раёны. У склад Маладзечанскай (скасавана ў 1960 г.): Івянецкі раён. У склад Брэсцкай: г. Баранавічы, Быценскі (скасаваны 14 кастрычніка 1957 г.), Гарадзішчанскі (скасаваны 25 снежня 1962 г.), Ляхавіцкі, Навамышскі (8 красавіка 1957 г. перайменаваны ў Баранавіцкі) раёны.
Хуткімі тэмпамі ў Баранавічах было праведзена скасаванне абласных устаноў і арганізацый. Зніклі абкам КПБ, аблвыканкам, абкам ЛКСМБ, абласныя суд, пракуратура і інш. Некаторыя абласныя ўстановы пераўтвораны ў гарадскія з адпаведным скарачэннем штатаў. У выніку сотні служачых засталіся без працы, многім спецыялістам былі прапанаваны іншыя пасады ў розных гарадах рэспублікі. С. В. Прытыцкі (1913–1971) быў абраны першым сакратаром Маладзечанскага абкама КПБ.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Баранавіцкая вобласць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 293.
- Барановичскаяобласть // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 192.
- Камінскі, М. І. Баранавіцкая вобласць / М. І. Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 298.
- Барановичская область // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 61.
- Баранавіцкая вобласць // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1978. Т. 1. С. 90.
- Афонін, Ю. П. Баранавіцкая вобласць / Ю. П. Афонін // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 136–137.
- Барановичская область // Энциклопедический словарь : в 3 т. Москва, 1953. Т. 1. С. 143.
- Брэсцкая вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 93.
- Белорусская ССР : Брестская область. – 3-е изд., перераб. и доп. – Минск : Беларусь, 1987. – 207 с. : [8] л. ил.
- Старшыні Баранавіцкага аблвыканкама. Першыя сакратары Баранавіцкага абкома КПБ // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 631.
- Будай, Г. В. Баранавіцкі падполны абком КП(б)Б / Г. В. Будай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 299–300.
- Будай, Г. В. Баранавіцкі падпольны абком КП(б)Б / Г. В. Будай // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 60.
- Будай, Г. В. Баранавіцкі падпольны абком КП(б)Б / Г. В. Будай // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 138.
- Шавяла, Р. М. Баранавіцкі падпольны абком ЛКСМБ / Р. М. Шавяла // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 300.
- Фактаровіч, А. А. Баранавіцкі акруговы антыфашысцкі камітэт / А. А. Фактаровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 137.
- Манаенкаў, А. Л. Баранавіцкае партызанскае злучэнне / А. Л. Манаенкаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 58–59.
- Манаенкаў, А. Л. Баранавіцкае паўднёвай зоны партызанскае злучэнне / А. Л. Манаенкаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 59.
- Чарнышоў, В. Я. Баранавіцкае партызанскае злучэнне / В. Я. Чарнышоў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 135–136.
- Пакроўскі Мікалай Пракопавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 378.
- Прытыцкі Сяргей Восіпавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 584–585.
- Чарнышоў Васіль Яўхімавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн.2. С. 147.
- «Чырвоная звязда» : [орган Баранавіцкага абкама КП(б)Б] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 630.