Чацвер, 05 Верасень 2024 14:21

12 ліпеня 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Гаўрылавіча Давідчыка (1924–1995), настаўніка, паэта

Васіль Гаўрылавіч Давідчык нарадзіўся 12 ліпеня 1924 г. у в. Сенькавічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацькі — Гаўрыіл і Сафія Давідчыкі — гадавалі яшчэ трох сыноў: Мікалая, Міхаіла і Яўгена.

«Бацька меў пять гектараў зямлі, — згадваў Васіль Гаўрылавіч у накідзе да аўтабіяграфіі, — але хлеба хапала да Каляд». У 1935–1936 гг. Васіль, а яму было 11–12 гадоў, служыў у пана Карпацкага з Курпічаў: даглядаў яго скаціну.У школу, якая знаходзілася ў в. Сакалова, хадзіў толькі зімой. Пасля 1939 г. вучыўся ў Жабінкаўскай школе.

Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі са сваім сябрам дзяцінства Пятром Літвінюком выконваў заданні партызанскага атрада імя Чарнака, перадаваў звесткі пра фашыстаў. Вясной 1944 г. быў арыштаваны фашыстамі і змешчаны ў Брэсцкую турму, дзе яго білі, катавалі, дапытываліся пра партызан. Затым быў адпраўлены ў канцлагер пад Кёнігсберг, адкуль у той жа год уцёк.

Пасля вызвалення Жабінкаўскага раёна Васіля Давідчыка на фронт не ўзялі. Не столькі з-за малога росту, колькі з-за пашкоджанага ў лагеры пазваночніка.

Пасля Перамогі паступіў у Брэсцкае педагагічнае вучылішча. Там заўважылі ў яго здольнасці да жывапісу. Хлопец пакінуў вучылішча, скончыў у Жабінцы дзясяты клас і падаўся ў Кіеўскае вучылішча мастакоў, але займаўся там нядоўга, бо атрымаў з дома трывожную вестку. Пасля завочна вучыўся ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, але захапленне маляваннем і скульптурай не кінуў.

Трыццаць пяць гадоў працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Жабінкаўскім раёне. Спачатку ў Хмелева, затым — у Багуславічах, пазней, пасля аб’яднання трох вёсак, у Залуззеўскай пачатковай школе. Васіль Гаўрылавіч імкнуўся спасцігнуць дзіцячыя душы, знайсці да кожнага сваю сцяжынку. То ён прапаноўваў напісаць сачыненне па карціне, то намаляваць ілюстрацыю да прачытанай казкі, то дапоўніць аповяд па кнізе. Вясной разам з дзетварой рыхтаваў гняздоўі для крыжанак і лысух. Першым у раёне арганізаваў для дзяцей сваёй школы гарачае харчаванне, у чым яму шчыра дапамагала жонка Анэля Іосіфаўна.

У першыя гады працы ў Залуззі вяскоўцы выбралі В. Г. Давідчыка дэпутатам у сельскі Савет працоўных. Ён стаў арганізатарам добраўпарадкавання вёскі, стварыў мастацкую самадзейнасць у мясцовым клубе, наладзіў дзейнасць добраахвотнай народнай дружыны. У школе ён — настаўнік, у клубе — лектар, на брыгадным стане — агітатар.

З 1946 г. з’яўляўся сябрам Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.Быў старшынёй мясцовага паляўнічага калектыву. Аднойчы абяззброіў браканьераў і здаў іх ружжо ў міліцыю.

Васіль Гаўрылавіч стаяў ля вытокаў і з’яўляўся душою фальклорнага калектыву «Багуслаўка» (1990) Залуззеўскага сельскага Дома народнай творчасці, для якога складаў аднаактавыя п’есы, сцэнкі, інтэрмедыі і песні. Пісаў вершы на рускай і беларускай мовах, а таксама на мясцовым дыялекце. Час ад часу вершы, байкі і песні друкаваліся ў раённай газеце «Сельская праўда». Ягоныя гумарыстычныя творы заўсёды добра прымаліся чытачамі.

Самвыдатам выпусціў кнігі вершаў «Уйми боль сердца моего» (на рускай мове), «Е у Полісься своя мова» і «Пашкадуй нас, наша доля» (на мясцовым дыялекце), а для Брэсцкага інстытута ўдасканалення настаўнікаў на беларускай мове падрыхтаваў рукапіс кніжкі-малышкі «Алфавіт у малюнках і вершах» для дзяцей дашкольнага ўзросту. Многія гады ён быў душою літаратурнага аб’яднання «Плынь» пры рэдакцыі раёнкі «Сельская праўда».

Доўгі час каля будынка Залуззеўскай школы на пастаменце стаяла скульптура піянера з ускінутай у салюце рукой, створаная Васілём Гаўрылавічам. Другая яго работа — скульптура салдата — знаходзілася на магіле чатырох савецкіх воінаў у Агародніках.

Васіль Давідчык жыў з вечным клопатам пра выхаванне вучняў, пра надзённыя справы аднавяскоўцаў. Сэрца і веды ён аддаваў людзям. Разам з жонкай Анэляй Іосіфаўнай выхоўвалітраіх дзяцей — Міраслава, Неллі і Людмілу. Пайшоў з жыцця «Настаўнік», як называлі яго ў Залуззі, 10 мая 1995 г.

Работнікі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сабралі вершы, байкі, прыпеўкі, песні, мініяцюры Васіля Давідчыка і выдалі зборнік «Бо я чоловік» (2023). Такім чынам, праз шмат гадоў пасля смерці непаўторнага мясцовага паэта захавана яго паэтычная спадчына.

У ліпені 2024 г. у Залуззеўскім сельскім Доме народнай творчасці прайшоў вечар памяці «Знакамітыя землякі», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, стваральніка фальклорнага калектыву «Багуслаўка», педагога і самабытнага паэта Васіля Гаўрылавіча Давідчыка.Таксама тут існуе куток з кнігамі, рукапісамі, фатаграфіямі ветэрана.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

Творы В. Г. Давідчыка

 

  1. Бо я чоловік : [зборнік вершаў] / Васіль Давідчык ; ДУК «Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», аддзел бібліятэчнага маркетынгу ; [складальнік Дулевіч Г. Г.; афарміцель Купрацэвіч Л. В.]. – Жабінка : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – 142 с. : іл.
  2. Припевки : [верш] / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1995. 28 кастрычніка.
  3. Вы спітэ ; Ны могу забуты ; Дытынство пастушка ; Зозуля кукуе / Васіль Давідчык : [вершы, песня] // Сельская праўда. Жабінка, 1995. 21 чэрвеня. С. 3.
  4. Чы то жарты, чы то ні? : [верш] / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1995. 27 мая.
  5. Песня ветерана : [верш] / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1995. 11 лютага.
  6. В лесу ; Мухы-бзыкатухы : басні / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1994. 7 снежня.
  7. Сыныгрядущих поколений : [верш] / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1994. 27 жніўня.
  8. Рассказ деда ; Песня ветерана войны ; Крестьянин и поэт : новыя вершы / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1992. 29 жніўня. С. 2.
  9. Волк і ліса : басня / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1988. 16 ліпеня.
  10. На чёрную землю лёг белый снежок : [стихотворение] / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1987. 19 снежня.
  11. Семейка : [верш] / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1987. 4 ліпеня. С. 3.
  12. Шакал : басня / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1986. 27 верасня.
  13. Пчелиный рой : басня / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1986. 22 сакавіка.
  14. Медведи и волки : басня / Васіль Давідчык // Сельская праўда. Жабінка, 1983. 3 снежня.

 

Аб жыцці і вторчасці В. І. Давідчыка

 

  1. Васіль Давідчык // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 473.
  2. Літаратурнае аб’яднанне «Плынь» // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 469–470.
  3. Бензярук, А. Сто год і вечнасць : [да 100-годдзя В. Давідчыка] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2024. 24 ліпеня. С. 6.
  4. Бензярук, А. Залуззе: край майстроў між Бугам і Дняпром : [пра в. Залуззе, Дом народнай творчасці і мясцовых жыхароў, якія памятаюць В. Г. Давідчыка] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2024. 27 сакавіка (№ 13). С. 4.
  5. Бензярук, Р. Яблынька : абразок-памяць : [В. Давідчыку] / Р. Бензярук //Сельская праўда. Жабінка, 1995. 21 чэрвеня. С. 3.
  6. Светлай памяці Васіля Гаўрылавіча Давідчыка // Сельская праўда. Жабінка, 1995. 21чэрвеня. С. 3.
  7. Васіль Гаўрылавіч Давідчык : [некралог] // Сельская праўда. Жабінка, 1995. 13 мая.
  8. Хакімава, А. «Музыку прыроды захавайце дзецям» : [пра мясцовага паэта В. Давідчыка] / А. Хакімава // Сельская праўда. Жабінка, 1994. 1 студзеня.
  9. Сахарчук, В. Е своя мова у Полісья : [пра творчасць паэта В. Давідчыка] / Васіль Сахарчук // Сельская праўда. Жабінка, 1990. 17 лютага.
  10. Гатоўчыц, А. Шчодрае сэрца : [пра паэта, настаўніка В. Давідчыка] / Анатоль Гатоўчыц // Сельская праўда. Жабінка, 1977. 17 лютага.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 60 разоў Апошняя змена Чацвер, 05 Верасень 2024 14:28