Чацвер, 05 Верасень 2024 14:29

6 жніўня 2023 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Тыграна Ішханавіча Джавадзяна (1963), мастака, грамадскага дзеяча

Тыгран Ішханавіч Джавадзян нарадзіўся 6 жніўня 1963 г. у г. Дарбас Сісіанскага раёна Армянскай ССР. Ва ўзросце шасці гадоў з-за землятруса сям’я пераехала ў Ашхабад, сталіцу Туркменскай ССР, праз год — у Баку, сталіцу Азербайджанскай ССР, дзе Тыгран закончыў школу.

З дзяцінства захапляўся выяўленчай творчасцю. У 1978 г. закончыў Бакінскае мастацкае вучылішча імя Азіма Азімзадэ па спецыяльнасці «выкладанне чарчэння і малявання». У 1984 г. – факультэт выяўленчага мастацтва Азербайджанскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў імя М. А. Аліева. З 1987 г. працаваў кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва ў СШ № 162 г. Баку.

На фоне пад’ёму нацыянальных рухаў у Арменіі і Азербайджане ў 1987 г. выбухнуў этнапалітычны канфлікт паміж азербайджанцамі і армянамі вакол Нагорнага Карабаха. Шмат людзей вымушана пакінулі гэты край. З-за нестабільнай абстаноўкі ў рэспублікі Тыгран Джавадзян вырашыў пераехаць у Беларусь.

З 1988 г. Тыгран Джавадзян жыве ў г. Брэсце. Спачатку атрымаў работу мастаком у СПМК № 15, дзе дырэктарам быў Раль Рантавіч Тахіян. Потым адкрыў швейнае прадпрыемства, прадпрымальніцтвам займаўся да 2000 г. Але імкненне да творчасці прывяло да рашэння вярнуцца да прафесійных заняткаў жывапісам.

Тыгран Джавадзян працуе ў тэхніцы акварэлі, гуашы і алейнага жывапісу, у жанры карціны, партрэта, іконы, нацюрморта, гарадской архітэктуры, пейзажа, фантастыкі, анімацыі. Удзельнік міжнародных выставак і пленэраў. Прымае актыўны ўдзел у правядзенні выставак ў Брэсце і іншых гарадах Беларусі, у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Усяго за перыяд творчасці напісаны каля 3000 твораў, якія знаходзяцца ў музеях, школах, прадпрыемствах, прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Польшчы, Арменіі, Азербайджане, Германіі і іншых краінах.

Па даручэнні Брэсцкай праваслаўнай епархіі ў 2004–2009 гг. Тыгран Ішханавіч распісаў новы храм у гонар Трох Свяціцелей у в. Радзеж Маларыцкага раёна. Для гэтага адправіўся ў Маскоўскую епархію для вывучэння іканапісу. Напісаў для храма каля 120 абразоў, за што ўзнагароджаны Ганаровай граматай. Лаўрэат ІІ ступені па выніках ІІІ Міжнароднага конкурсу мастацтваў «ARTmotion», лаўрэат ІІІ ступені па выніках ІІІ Міжнароднага шматжанравага фестывалю-конкурсу творчасці «Millennium».

Тыгран Джавадзян актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, кіраўнік творчых грамадскіх арганізацый. У 2007 г. стаў адным з заснавальнікаў і намеснікам старшыні Брэсцкай міжраённай грамадскай арганізацыі майстроў выяўленчага мастацтва, мастацкіх промыслаў і рамёстваў. У 2015 г. працаваў педагогам па жывапісе ў вучэбных цэнтрах «Стахіс» і «Ямуна». З 2019 г. мастацкі дырэктар Установы папулярызацыі народнай творчасці «Центр БелКультуры».

З 2020 г. кіраўнік праекта «Асацыяцыя творчых людзей» Беларускага грамадскага аб’ядання дэмаграфічнай бяспекі. Член праўлення Брэсцкага абласнога грамадскага аб’яднання «Саюз прадпрымальнікаў, працадацеляў і рамеснікаў». Кіраўнік клуба народнай творчасці «Наследие» пры аддзеле культуры Брэсцкага гарвыканкама. Член Камуністычнай партыі Беларусі. У 2024 г. Тыгран Ішханавіч абраны першым сакратаром Брэсцкага гарадскога камітэта КПБ.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Козлович, В. Художник, что рисует Брест : [о художнике Тигране Джавадяне из г. Бреста] / Валентина Козлович // Народная газета. 2022. 21 кастрычніка (№ 42). С. 29.
  2. Кононович, Н. Аккорды «Осеннего блюза»: [в фойе гостиницы «Интурист» прошла выставка членов Клуба народного творчества «Наследие» Брестского городского центра культуры] / Наталья Кононович // Брестский вестник. 2021. 2 декабря (№ 48). С. 20.
  3. Ярмошук, Е. Портреты, пейзажи, натюрморты... : [в экспозиции, которая разместилась в гостинице «Интурист», представлены работы брестских художников] / Елена Ярмошук // Брестский вестник. 2021. 12 августа (№ 32). С. 20.
  4. Ковальская, О. Малой родине посвящается / Ольга Ковальская // Брестский вестник. 2019. 18 апреля (№ 16). С. 19.
  5. Селех, Л. Великие князья и короли вернулись в Скоки : [один из авторов портретов – Тигран Джавадян] / Людмила Селех // Брестская газета. 2019. 5 апреля (№ 14). С. 9.
  6. Селех, Л. Вместо картины-истории – копия : [о картине Тиграна Джавадяна в Союзе предпринимателей Брестской области] / Людмила Селех // Брестская газета. 2017. 14 июля (№ 29). С. 5.
  7. Крэйдзіч, М. Запалі ў душы агонь : [пра мастака Тыграна Джавадзяна з Брэста] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2008. 29 лістапада. С. 11.
  8. Шляжко, Н. Картина с секретом, или Как художники женщин поздравили : [в академическом театре драмы к женскому дню открыта выставка клуба народного творчества «Наследие»] / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2022. 10 марта (№ 10). С. 20.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 88 разоў Апошняя змена Чацвер, 05 Верасень 2024 14:32