15 ліпеня на пл. Леніна адбыўся мітынг, парад войскаў і шэсце жыхароў горада, прысвечаныя вызваленню Пінска і Пінскай вобласці ад гітлераўскіх захопнікаў. Вайсковым злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Пінска, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 23 ліпеня 1944 г. нададзена найменне «Пінскіх».
Пачатак барацьбы супраць акупантаў у Пінскім раёне паклаў партызанскі атрад, створаны па ініцыятыве Васіля Захаравіча Каржа, які на той час працаваў у Пінскім аблкаме КП(б)Б. 28 чэрвеня 1941 г. ў раёне вёскі Пасенічы Пінскага раёна быў дадзены першы бой атрада пад камандаваннем В. З. Каржа. Гэты бой партызан лічыцца першым у гісторыі партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Баявыя дзеянні партызаны праводзілі на варожых камунікацыях, грамілі варожыя гарнізоны, вялі баі с карнікамі. Асабліва актыўна дзейнічалі дыверсійныя групы на чыгунцы, па якой рухаліся да фронту эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Партызанам у барацьбе дапамагалі падпольныя антыфашысцкія арганізацыі і групы. Многа слаўных спраў здзейснілі народныя мсціўцы Піншчыны, чым унеслі свой уклад у разгром ворага. Многія з іх былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Пінскае партызанскае злучэнне дзейнічала пад кіраўніцтвам Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б. У лістападзе 1942 г. падпольны абком стварыў штаб партызанскіх атрадаў Пінскай вобласці, які да студзеня 1943 г. наладзіў сувязь і аб’яднаў партызанскія атрады. У 1943 г. у складзе злучэння сфарміравана 7 брыгад, усяго 8431 партызан. У Пінскай вобласці на 1944 г. налічвалася больш за 15 тыс. партызан. У лютым–сакавіку і 7–14 ліпеня 1944 г. атрады злучыліся з Чырвонай арміяй.
У ходзе Беларускай аперацыі партызаны актыўна змагалася за вызваленне. Уладкоўвалі пасткі, расчляналі баявыя парадкі праціўніка, дапамагаючы савецкім войскам. 5 ліпеня Пінскае злучэнне разам з 55-й гвардзейскай стралковай дывізіяй пераправіліся цераз Ясельду і, узаемадзейнічаючы з 23-й стралковай дывізіяй, разграмілі артылерыйскую часць ворага.
Падчас канчатковага вызвалення тэрыторыі Беларусі кіраўніцтва БССР арганізацыяй масавых мітынгаў і партызанскіх парадаў імкнулася асобным чынам паказаць і падкрэсліць ролю партызанскіх фарміраванняў у барацьбе з акупантамі, падкрэсліць іх непарушную сувязь з Чырвонай арміяй.
22 ліпеня 1944 г. у Пінск прыйшла пяцітысячная армія партызан. Наперадзе ішоў камандзір Пінскага злучэння генерал-маёр В. З. Корж. На плошчы пабудавалі трыбуну. 23 ліпеня на яе падняліся першы сакратар абкама КП(б)Б Аляксей Яўхімавіч Кляшчоў, сакратар абкама Сяргей Рыгоравіч Вайцаховіч, член Ваеннага савета 61-й арміі Мікалай Цімафеевіч Жалабанаў, В. З. Корж, начальнік штаба злучэння М. С. Фядотаў, начальнік разведкі Гаўрыіл Пятровіч Сцешын, Барыс Сямёнавіч Ляўчэня. Прысутнічалі прадстаўнікі вайсковых часцей, якія адзначыліся пры вызваленні горада, чырвонафлотцы, партызаны, жыхары горада — усяго больш за 7 тыс. чалавек. Духавы аркестр граў пераможны марш.
А. Я. Кляшчоў, выступаючы на мітынгу, адзначыў, што важнейшае ваенна-палітычнае значэнне ўсенароднага партызанскага руху ў Беларусі заключаецца ў тым, што беларускі народ сваёй масавай барацьбой, непрымірымасцю да нямецкіх захопнікаў зрабіў усё для таго, каб падрыхтаваць падмурак для найбольш паспяховага наступлення Чырвонай арміі і разгрому ворага на ўсёй тэрыторыі Беларусі. М. Ц. Жалабанаў заверыў прысутных у канчатковай перамозе над фашыстамі, выказаў шчырую ўдзячнасць і спадзяванне ў аказанні дапамогі Чырвонай арміі.
Узрушаную прамову сказаў В. З. Корж, гэта была справаздача землякам аб трохгадовай барацьбе з ворагам. «Мы былі перакананы ў перамозе і не шкадавалі свайго жыцця ў барацьбе за свабоду сацыялістычнай Айчыны. — казаў ён. — Не ўсе вярнуліся ў родны горад, не ўсе дажылі да гэтага светлага дня, але іх месца занялі тысячы адданых байцоў. Вось яна армія смелых, высакародных, да канца адданых народу і Камуністычнай партыі воінаў! Наша пачэсная справа — аддаць усе сілы разгрому ворага».
Аб выніках барацьбы Пінскага партызанскага злучэння дакладваў начальнік штаба Мікалай Сцяпанавіч Фядотаў. Ён называў толькі лічбы: з чэрвеня 1941 г. па 15 ліпеня 1944 г. злучэннем разбіта 65 фашысцкіх ганізонаў, знішчана 26.616 гітлераўцаў, узята ў палон 422, спушчана пад адхон 468 эшэлонаў, знішчана 585 цягнікоў, 4587 вагонаў і платформаў, 65 цыстэрнаў і палівам, 770 аўтамашын, 86 бронемашын і танкаў, 62 чыгуначныя масты, падарвалі 23.616 рэек.
Пасля кожнага новага паведамлення на плошчы грымелі апладысменты і воклічы ў гонар партызан. Завяршыўся мітынг парадам войскаў гарнізона і партызанскіх атрадаў. Стройнымі радамі з вінтоўкамі «на руку» прайшлі калоны партызан. Затым перад трыбунай прайшлі жыхары горада з чырвонымі флагамі, лозунгамі. У заключэнне быў дадзены канцэрт ансамбля 61-й арміі. Многія партызаны зноў ішлі на фронт, але ўжо ў складзе Чырвонай арміі. Шэраг партызан быў накіраваны на адказныя пасады ў партыйныя, савецкія і гаспадрчыя ўстановы для аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі.
Партызанскія парады і мітынгі прайшлі ў Гомелі, Магілёве, Мінску (16 ліпеня), Віцебску, Мазыры, Слуцку, Пінску, Гродне, Брэсце (13 жніўня). Мітынгі і парады партызан і жыхароў гарадоў і сёл Беларусі, прысвечаныя вызваленню ад нямецка-фашысцкай акупацыі, з’яўляліся яркім праяўленнем стыхійнага пачуцця ўдзячнасці насельніцтва сваім вызваліцелям, палітычнай лаяльнасці насельніцтва да савецкай улады, удзячнасці Чырвонай арміі за вызваленне ад гітлераўскага рабства.
Памяць аб партызанах увекавечана: вуліцы названы імёнамі герояў, устаноўлены мемарыяльная дошкі, памятныя знакі. У фондах Музея Беларускага Палесся — самаробныя аўтаматы, міны, айчынная і трафейная зброя, падпольныя газеты і лістоўкі, фотаздымкі, асабістыя рэчы партызан. 28 чэрвеня 2002 г. у Пінску адкрыты мемарыяльны комплекс «Партызанам Палесся». 28 чэрвеня 2023 г. у в. Пасенічы адкрыты помнік В. З. Каржу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Парад у Пінску : [з кнігі: Граховский, С. Сеятель добра и гнева. Мн., 1975.] // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 303–304.
- Литвин, А. М. Партизанские парады и праздники на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны : [для детей среднего и старшего школьного возраста] / А. М. Литвин. – Минск : Беларусь, 2024. – 111 с. – (Белорусская детская энциклопедия).
- Літвін, А. М. Савецкія святы і партызанскія парады на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны / Аляксей Літвін. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2020. – 143, [8] с. – (Беларусь памятае: у імя жыцця і міру). – Са зместу: Пінск. С. 130–133.
- Корж, Е. С. Вся жизнь – Отчизне : [о В. З. Корже] / Е. С. Корж. –Минск : Беларусь, 1984. – 239 с. : ил. – [Митинг партизан в Пинске]. С. 238.
- Граховский, С. И. Сеятель добра и гнева : [о В. З. Корже] / Сергей Граховский. – Москва : Политиздат, 1975. – 142 с. : ил. – Из содерж.: [Парад партизан в Пинске]. С. 117–119.
- Павлович, Р. К. Пинская операция 1944 / Р. К. Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 209–210.
- Пінскае партызанскае злучэнне // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 495.
- Рогаў, А. Б. Пінскае камуністычнае падполле ў гады Вялікай Айчыннай вайны / А. Б. Рогаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 439.
- Манаенкаў, А. Л. Пінскае партызанскае злучэнне ў гады Вялікай Айчыннай вайны / А. Л. Манаенкаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 439–440.
- Вайцаховіч, С. Р. Пінскі падпольны абком КП(б)Б у гады Вялікай Ачыннай вайны / С. Р. Вайцаховіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 442–443.
- Дулебо, А. И. Мемориальный комплекс освободителям : [г. Пинск] / А. И. Дулебо, Б. В. Миролюбов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 321–322.
- Дулебо, А. И. Место создания партизанского отряда В. З. Коржа : [г. Пинск] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 322–323.
- Дулебо, А. И. Место первого боя Пинского партизанского отряда : [д. Посеничи] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 347.
- Ребковец, Л. Памятник легендарному партизану : [в Пинском районе открыли памятник Герою Советского Союза В. З. Коржу] / Людмила Ребковец // Заря. 2023. 1 июля. С. 6.
- Крейдич, А. Навечно не забыты... : [об открытии памятника партизанам Полесья в Пинске] / Анатолий Крейдич // Заря. 2002. 2 июля.
- Литвинович, Е. Тот первый бой – он главный самый... : [о партизанском отряде В. З. Коржа] / Евгений Литвинович // Заря. 2022. 2 июля. С. 8.