Чацвер, 05 Верасень 2024 14:43

8 студзеня 2024 г. — 70 гадоў з дня скасавання Пінскай вобласці (1954), уключэння яе раёнаў у Брэсцкую вобласць

Пінская вобласць з адміністрацыйным цэнтрам у г. Пінску была створана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 4 снежня 1939 г. Вярхоўны Савет СССР 4 красавіка 1940 г. зацвердзіў стварэнне вобласці.

Першапачаткова Пінская вобласць уключала 5 паветаў: Драгічынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі і Столінскі. 15 студзеня 1940 г. паветы былі скасаваны і вобласць раздзелена на 11 раёнаў: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Ленінскі, Лагішынскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі і Целяханскі.

На пачатак 1941 г. плошча Пінскай вобласці складала 16,3 тыс. кв. км., насельніцтва — 533,6 тыс. чалавек. У вобласці былі 1 горад абласнога падначалення — Пінск, 3 гарады раённага падначалення – Давыд-Гарадок, Лунінец, Столін, 5 гарадскіх пасёлкаў — Ганцавічы, Драгічын, Іванава, Ленін, Моталь, 1 рабочы пасёлак — Мікашэвічы. У 1950 г. цэнтр Ленінскага раёна перанесены ў Мікашэвічы, у 1952 г. гарадскі пасёлак Ленін пераўтвораны ў вёску.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі насельніцтва гераічна змагалася супраць захопнікаў. Партызанскай барацьбой кіравалі Пінскі падпольны абкам КП(б)Б і 11 раённых падпольных камітэтаў КП(б)Б, дзейнічалі Пінскае партызанскае злучэнне, Пінскае камуністычнае падполле, антыфашысцкія групы і арганізацыі. Гітлераўцы разбурылі, спалілі і разрабавалі большасць прамысловых прадпрыемстваў, школ, бальніц, калгасаў, МТС, загубілі 95.385 мірных савецкіх грамадзян і 24 613 ваеннапалонных, вывезлі на катаргу ў Германію 30 861 чалавека.

За пасляваенную пяцігодку прамысловыя прадпрыемствы былі адноўлены, у 1948 г. іх вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940 г. У 1953 г. закончана калектывізацыя сельскай гаспадаркі, у вобласці налічвалася 229 калгасаў (878,5 тыс. га зямлі, з іх 190,2 тыс. га пасяўных плошчаў), 13 МТС (392 трактары і 72 камбайны), 45 тыс. коней і 215 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. На 1944 г. у вобласці налічвалася 4800 зямлянак, да пачатку 1950 г. яны былі ліквідаваны. За 1945 г. было пабудавана 10.042 дамы, з 1946 па 1950 гг. — яшчэ 14.640.

У 1952–1953 навучальным годзе было 612 школ, у тым ліку 65 сярэдніх. 217 сямігадовых і 330 пачатковых школ (72.500 вучняў), настаўніцкі інстытут, 2 педвучылішчы (Пінск, Ганцавічы), фельчарская школа, электратэхнікум сувязі (з 1957 г. у Віцебску), фінансава-крэдытны тэхнікум, мяса-малочны тэхнікум, гідратэхнікум, сельскагаспадарчая школа (усе ў Пінску), сельскагаспадарчы тэхнікум (Столін).

Сфера культуры: абласны драматычны тэатр, абласны Дом народнай творчасці, 214 клубных устаноў, 93 бібліятэкі, 2 музеі, 76 сельскіх кінаперасовак, 32 калгасныя стацыянарныя ўстаноўкі. Выходзілі абласная газета «Палеская праўда», 11 раённых і 12 палітаддзельскіх газет. У 1953 г. было больш за 150 медыцынскіх устаноў, у іх 1565 ложкаў, каля 250 урачоў і больш за 1000 сярэдніх медработнікаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 студзеня 1954 г. Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобласці былі скасаваны. Гэта была значная рэарганізацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення БССР. Адміністрацыйныя раёны Пінскай вобласці ўвайшлі ў склад Брэсцкай вобласці. 26 красавіка Вярхоўны Савет СССР зацвердзіў ліквідацыю Пінскай вобласці.

Хуткімі тэмпамі ў Пінску было праведзена скасаванне абласных устаноў і арганізацый. Зніклі абкам КПБ, аблвыканкам, абкам ЛКСМБ, абласныя суд, пракуратура, саюз кааперацыі, трэст сельскага будаўніцтва, трэст сыраварнай прамысловасці, камітэт ДТСААФ, дашкольны метадычны кабінет і інш. У выніку сотні служачых засталіся без працы, многім спецыялістам былі прапанаваны іншыя пасады ў розных гарадах рэспублікі.

Першым сакратаром Пінскага абкама КПБ у 1950–1954 гг. быў Раман Навумавіч Мачульскі (1903–1990), адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскай барацьбы на Беларусі, Герой Савецкага Саюза (1944). Кіраўніку вобласці давялося аднаўляць гаспадарку, ствараць новыя галіны эканомікі краю, праводзіць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ўзмацненне калгасаў. Пасля скасавання Пінскага абкама Р. Н. Мачульскі быў абраны старшынёй Брэсцкага аблвыканкама, працаваў разам з першым сакратаром Брэсцкага абкама КПБ П. М. Машэравым.

Пінскі абласны драматычны тэатр быў пераведзены ў Магілёў, дзе пераўтвораны ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Абласны краязнаўчы музей пераўтвораны ў занальны. Абласная бібліятэка стала цэнтральнай гарадской, штат моцна скараціўся: было 28 работнікаў, засталося 8, што негатыўна адбілася на якасці абслугоўвання чытачоў. Калі ў 1953 г. бібліятэка абслугоўвала 6500 чалавек, дык у 1955 г. — 4200.

Абласная газета «Палеская праўда» атрымала статус гарадской і стала выходзіць пад назвай «Пинская правда» (у 1962 г. назва адноўлена — «Полесская правда»), яе штат скарочаны. У «Палескай праўдзе» да яе пераўтварэння працавала Паўла Пятроўна Украінец, у будучым сацыёлаг, доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987). Тыраж брэсцкай абласной газеты «Заря» з 10 тыс. экземпляраў (12 студзеня) вырас да 28 тыс. (15 студзеня), выданне стала асвятляць жыццё ў раёнах былых Баранавіцкай і Пінскай абласцей.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Пінская вобласць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 367.
  2. Пинская область // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 65.
  3. Пінская вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 499.
  4. Пинская область // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 570.
  5. Пінская вобласць // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1978. Т. 1. С. 562.
  6. Грамовіч, У. У. Пінская вобласць / У. У. Грамовіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 440–441.
  7. Пинская область // Энциклопедический словарь : в 3 т. Москва, 1954. Т. 2. С. 653.
  8. Брэсцкая вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 93.
  9. Брэсцкая вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 93.
  10. Малащицкий, А. Н. Милиция Пинщины : создание, становление, развитие : посвящается 100-летию милиции Республики Беларусь, 920-летию г. Пинска / Антон Малащицкий. – Пинск : Пинская региональная типография, 2017. – 135 с.
  11. Кузняцова, К. Б. Пінскі абласны драматычны тэатр / К. Б. Кузняцова // Энцыклапедыя літаратуры і культуры Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 286–287.
  12. «Полесская правда» // Энцыклапедыя літаратуры і культуры Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 339.
  13. Крывашэй, Д. А. Дзейнасць Пінскага абласнога драматычнага тэатра : [1939–1954 гг.] / Д. А. Крывашэй // Брестчина: история и современность. Брест, 2012. С. 89–92.
  14. Кейзаров, А. С. Эхо на Полесье : [докум. очерк о Р. Н. Мачульском] / Алексей Степанович Кейзаров. – Москва : Политиздат, 1979. – 110 с., [2] л. ил. – (Герои Советской Родины).
  15. Литвинович, Е. Коррективы о ЦК и... : [из истории образования районов в Барановичской, Белостокской, Вилейской и Пинской областях в 1940 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2020. 5 января. С. 4.
  16. Святлова, В. Мы з Брэстчыны, ці Тры ў адной : [з гісторыі скасавання Баранавіцкай і Пінскай абласцей і далучэння раёнаў да Брэсцкай вобласці] / Вольга Святлова // Ляхавіцкі веснік. 2019. 10 студзеня. С. 3.
  17. Годы, опалённые войной : [Пинская областная прокуратура в 1939–1954 гг.] / по материалам Пинской межрайонной прокуратуры // Полесская правда. 2017. 24 июня (№ 50). С. 9.

Лещенко, Е. 15 лет до векового юбилея : [из истории прокуратуры Пинской области па материалам госархива] / Елена Лещенко // Пінскі веснік. 2007. 26 чэрвеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 112 разоў