Чацвер, 12 Верасень 2024 09:47

2024 г. — 105 гадоў з часу стварэння Брэсцкага падпольнага камітэта КП(б) Літвы і Беларусі (2019), арганізатара барацьбы з польскай інтэрвенцыяй

Польскі ўрад на чале з Ю. Пілсудскім ў 1918–1920 гг. праводзіў палітыку, накіраваную на захоп тэрыторый на ўсходзе. Велікабрытанія і Францыя аказвалі палякам дапамогу ў стварэнні ўзброеных сіл. У час Польска-савецкай вайны польскія войскі, выціскаючы немцаў, 9 лютага 1919 г. увайшлі ў г. Брэст-Літоўск (Брэст) Гродзенскай губерні. Ужо ў лютым палякі стварылі Брэсцкі гарадскі магістрат.

Польскія войскі прасоўваліся па трох напрамках: Вільня–Ліда–Маладзечна, Баранавічы–Мінск, Кобрын–Пінск. Палякі захапілі Мінск (8 жніўня 1919 г.), Слуцк, Бабруйск, Рагачоў і інш. гарады, дзе стваралі свае органы ўлады. Фронт стабілізаваўся да вясны 1920 г.

Польская інтэрвенцыя прынесла новыя разбурэнні і беды беларускаму народу. Палякі ўстанавілі жорсткі рэжым тэрору і грабяжу: былі ліквідаваны органы самакіравання, забаронены прафсаюзы і іншыя рабочыя арганізацыі, аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, ажыццяўляліся рэквізіцыі, дзяржаўнай мовай была абвешчана польская, зачынены беларускія школы.

Па ўсёй тэрыторыі Беларусі, захопленай польскімі войскамі, шырыўся антыпольскі рух. Пад кіраўніцтвам ЦК КП(б) Літвы і Беларусі ў гарадах аднаўляліся падпольныя партарганізацыі. У сакавіку 1919 г. быў створаны Брэсцкі падпольны камітэт КП(б) Літвы і Беларусі. Узначаліў яго Якаў Барысавіч Быкін, які па заданні бальшавіцкай партыі прыбыў ў Брэст на нелегальную работу. Камітэт узначаліў падпольную Брэсцкую гарадскую партарганізацыю. На чале стаялі Я. Б. Быкін (старшыня камітэта), Н. Грынберг, А. Сакаленка, М. Хаўкін, С. Крушынская, А. Хруслінскі, С. Гурыновіч і інш.

Я. Быкін (1888–1938) нарадзіўся ў г. Крэйцбургу (цяпер Крустпілс, Латвія), вучыўся ў яўрэйскім вучылішчы. У 1904–1912 гг. — член «Бунда». З 1912 г. — член РСДРП(б), да 1918 г. знаходзіўся ў эміграцыі ў Швейцарыі. У час Грамадзянскай вайны на падпольнай рабоце ў тыле польскай арміі, затым — пры палітупраўленні 4-й арміі, на прафсаюзнай і партыйнай рабоце ў БССР. У 1922–1925 гг. — у Варонежы, у 1925–1927 гг. — інструктар ЦК КРП(б)–ВКП(б). У 1927–1934 гг. — член Цэнтральнай рэвізійнай камісіі ВКП(б)Б, у 1930–1937 гг. – першы сакратар Башкірскага абкама ВКП(б). Дэлегат ХVII з’езда ВКП(б) (1934). Узнагароджаны ордэнам Леніна (1935). У 1937 г. арыштаваны, расстраляны 10 лютага 1938 г., рэабілітаваны ў 1956 г.

Члены камітэта арганізавалі выданне лістовак, для гэтага з Беластока былі дастаўлены гектограф і папера. Першая лістоўка (тыраж 500 экз.) заклікала да барацьбы з польскімі захопнікамі. Другая выдадзена пад загалоўкам «Большевики ведут борьбу» (30 чэрвеня 1919 г.), заклікала рабочых-чыгуначнікаў і рамеснікаў аб’яднацца для рашучай барацьбы супраць акупантаў, за ўстанаўленне Савецкай улады.

Брэсцкі камітэт КП(б)ЛіБ устанавіў сувязі з бальшавіцкімі камітэтамі Мінска, з ЦК Польскай камуністычнай партыі, з падпольнымі камуністычнымі арганізацыямі Варшавы, Беластока, Седльца і інш. гарадоў. Брэст-Літоўск стаў важным цэнтрам рэвалюцыйнай барацьбы. Вакол яго канцэнтраваліся партызанскія атрады Пружанскага, Кобрынскага, Пінскага, Лунінецкага і іншых падраёнаў.

Брэсцкая крэпасць у гэты перыяд стала месцам фарміравання розных нацыянальных вайсковых частак, гатовых змагацца на польскім баку: украінскіх, беларускіх, расійскіх. З красавіка 1920 г. у казармах побач з фортам «Граф Берг» дыслацыраваўся атрад С. Булак-Булаховіча. Падпольны камітэт КП(б)ЛіБ выкрываў захопніцкую палітыку кіраўнікоў Польшчы, збіраў звесткі аб умацаваннях крэпасці, вёў палітычную работу сярод польскіх часцей. У 1920 г. Брэсцкая гарадская партарганізацыя бальшавікоў налічвала 200 чалавек, уключаючы ячэйкі населеных пунктаў у навакаллях.

У ліпені 1920 г. Брэсцкі камітэт КП(б)ЛіБ правёў пашыраную нараду з удзелам прадстаўнікоў з раёнаў (каля 20 чалавек), на якім абмяркоўваліся пытанні партыйнай работы і задачы па аказанню дапамогі наступаючай Чырвонай арміі. Камітэт арганізаваў у горадзе партызанскі атрад пад камандаваннем Мацвея Паўлавіча Хаўкіна (1887–1980). Склалася так, што атрад не паспеў уступіць у бой, але потым стаў асновай міліцыі горада.

Войскі Заходняга фронту Чырвонай арміі ў ліпені 1920 г. пачалі наступленне, вызваляючы тэрыторыю Беларусі. 11 ліпеня 1920 г. вызвалілі Мінск, 18 ліпеня — Баранавічы, 23 ліпеня — Пінск, 30 ліпеня — Кобрын, 1 жніўня — Брэст-Літоўск. Гарнізон Брэсцкай крэпасці быў атакаваны трыма стралковымі дывізіямі 16-й арміі, не прастаяў ў абароне і сутак.

Брэсцкі камітэт КП(б)ЛіБ устанаўліваў Савецкую ўладу ў вызваленых раёнах. 1 жніўня 1920 г. стварыў Брэсцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт, які ўзначаліў начальнік палявога палітаддзела 57-й дывізііАляксандр Іванавіч Угараў (1900–1939), рабоча-сялянскую міліцыю на чале з М. П. Хаўкіным, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.

Праз некалькі дзён адбыўся агульнагарадскі мітынг, прысвечаны вызваленню Беларусі ад польскай інтэрвенцыі. Працоўныя Брэста падтрымалі ўстанаўленне Савецкай улады, праўда, яна праіснавала толькі 18 дзён. Неўзабаве па распараджэнні рэвалюцыйнага камітэта БССР старшынёй Брэсцкага павятовага рэўкама быў назначаны Міхаіл Іванавіч Мароз (1893–1944), вопытны бальшавік.

На доме, дзе ў 1919–1920 гг. была явачная кватэра бальшавікоў (вул. Куйбышава, 47), у 1976 г. адкрыта мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Сташкевич, М. С. Брэсцкі падпольны камітэт КП(б)ЛіБ / М. С. Сташкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 106.
  2. Брестский подпольный комитет КП(б)ЛиБ в годы Гражданской войны и военной интервенции // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 141.
  3. Брестское коммунистическое подполье в годы Гражданской войны и военной интервенции // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 149.
  4. Рамановіч, П. С. На крутых паваротах гісторыі / П. С. Рамановіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1998. Кн. 1. С. 221–227.
  5. Сташкевич, М. С. Савецка-польская вайна 1920 / М. С. Сташкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 60–61.
  6. Селіванаў, П. Ліпеньская аперацыя 1920 / Панцеляймон Селіванаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 369.
  7. Очерки истории Брестской областной парторганизации : посвящается 50-летию Брестской областной партийной организации / [авт. кол.: Я. Я. Алексейчик и др. ; под ред. В. А. Бобкова]. – Минск : Беларусь, 1989. – 447, [1] с. : [12] л. ил., портр. – Из содерж.: [Брестский подпольный комитет КП(б)ЛиБ]. С. 44.
  8. Курков, И. Н. «Чижик» высокого полета : [о М. П. Хавкине] / И. Н. Курков // Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков. Минск : Медиафакт, 2005. С. 197–201.
  9. Борисовец, А. С. Дом, в котором была явочная квартира большевиков : [г. Брест] / А. С. Борисовец, Т. А. Слесарук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 61.
  10. Барысавец, А. С. Явачная кватэра бальшавікоў : [г. Брэст] / А. С. Барысавец, Т. А. Слесарук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 68.
  11. Купцова, В. Г. Я иду по городу, по знакомой улице… / Валентина Купцова. – Брест : Альтернатива, 2007. – 248 с. – Из содерж.: Улица Куйбышева. С. 123–125.
  12. Бешанов, В.В. Брестская крепость / В. В. Бешанов. – Минск : Беларусь, 2004. – 158 с. : ил. – Из содерж.: [Брест в 1919–1920 гг.]. С. 72–74.
  13. Гребенников, О. Комендант Брестской крепости : [о М. П. Хавкине] / Олег Гребенников // Заря. 2022. 2 марта. С. 8.
  14. Литвинович, Е. Милицейский след в истории ЛитБел : [о М. П. Хавкине в Бресте в 1920 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2021. 6 марта. С. 10–11.
  15. Слесарук, Т. Красное знамя над Брестом : [установление Советской власти в 1920 г.] / Т. Слесарук, А. Борисовец // Заря. 1977. 11 марта.
  16. Слесарук, Т. Ревкомы Брестчины : [1920 г.] / Т. Слесарук, А. Борисовец // Заря. 1970. 25 августа.
  17. Слесарук, Т. За правое дело : [об установлении Советской власти в Бресте в 1920 г.] / Т. Слесарук, Н. Хорошко // Заря. 1967. 11 июня; 14 июня; 20 июня; 23 июня.

 

Чытаць 92 разоў