Панядзелак, 16 Верасень 2024 10:42

2024 г. — 55 гадоў з часу першага выдання дапаможніка «Буквар» (1969) Анатоля Канстанцінавіча Клышкі (1935–2021)

Пісьменнік, крытык, педагог Анатоль Канстанцінавіч Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 г. у в. Данейкі Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Закончыў Навагрудскае педагагічнае вучылішча (1952), філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1958), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1961).

Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сцэнарным аддзеле кінастудыі «Беларусьфільм». З 1971 г. — загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981–1983 гг. — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986–1990 гг. — загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя».

З 1953 г. Анатоль Клышка выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1960 г. Даследаваў праблемы развіцця беларускай паэзіі, вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе. Перакладаў з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў. Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет» (1980). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992).

Напісаў кнігі для дзяцей: «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Узнагароджаны медалямі Францыска Скарыны, «За трудовую доблесть», «Ветеран труда», літаратурнай прэміяй імя В. Віткі (2014). Атрымаў ганаровыя званні «Выдатнік народнай асветы БССР», «Отличник просвещения СССР», «Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь» (1994).

А. К. Клышка памёр 14 красавіка 2021 г.

Адным з самых значных дасягненняў у творчасці Анатоля Клышкі стала стварэнне дапаможніка да навучання чытанню «Буквар» (1969). Міністэрства асветы БССР абвясціла конкурс на новы буквар. Анатоль Канстанцінавіч аддана ўзяўся за сварэнне першага школьнага падручніка. Перад пачаткам працы прагледзеў больш за 250 буквароў рознага часу на рускай, украінскай, польскай і нямецкай мовах з фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна. Дапаможнік быў створаны з улікам апошніх дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. У ім практычна рэалізоўваліся прынцыпы навучання чытанню і пісьму, якія вынікалі з заканамернасці засваення граматы з улікам гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду.

Вучні паступова падводзіліся да ўсведамлення сказа і слова: сюжэтныя малюнкі суправаджаліся адпаведнымі графічнымі абазначэннямі. Пасля аналітычнага выдзялення ў слове пэўнага гука і знаёмства з яго літаратуным абазначэннем пачынаўся сінтэз: аб’яднанне гукаў у сказы, складоў — у словы, слоў — у сказы. Тэкставы матэрыял «Буквара» быў у асноўным аўтарскі. Кніга вызначалася тонкім паэтычным адчуваннем жывой беларускай мовы з яе багатым лексіка-граматычным ладам, экспрэсіяй, разнастайнасцю гульнявога моўнага матэрыялу (прыказкі, прымаўкі, загадкі, скорагаворкі, рэбусы). Знайшлося месца гумару, жарту, казцы, лічылцы, народнай прыкмеце.

Для дзяцей «Буквар» А. К. Клышкі стаў сапраўднай энцыклапедыяй прыроды і жыцця, з якой навык пісьма выпрацоўваўся паралельна з чытаннем. У якасці дадатку да «Буквара» выпускаліся спецыяльныя сшыткі з пропісямі. З густам аформлены падручнік А. К. Клышкі атрымаў сярэбраны медаль на ВДНГ СССР, залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Лейпцыгу (1977).

Новы «Буквар» (1986) А. К. Клышкі для шасцігодак змяніў парадак увядзення гукаў і літар з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. У яго быў уключаны новы дыдактычны матэрыял, унесены метадычныя змены прыватнага характару.

Пасля таго, як Беларусь стала суверэннай дзяржавай, змест «Буквара» А. К. Клышкі прыкметна састарэў і перастаў адпавядаць часу. Таму аўтар яго перапрацаваў: быў ануляваны савецкі ідэалагізаваны матэрыял, уведзены тэксты пра славутых асоб беларускай гісторыі — Еўфрасінню Полацкую, Міколу Гусоўскага, Францыска Скарыну. У 1997 г. дапаможнік быў яшчэ раз перапрацаваны. У 1999 г. атрымаў першую прэмію на конкурсе «Падручнік года». «Буквар» А. К. Клышкі выкарыстоўваўся ў беларускіх школах да 2021/2022 навучальнага года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

Працы А. К. Клышкі

  1. Буквар : падручнік для 1-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / Анатоль Клышка. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2014. – 151 с. : іл.
  2. Літаратурнае чытанне : падручнік для 4-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання / Анатоль Клышка. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2014. – 125 с. : іл.
  3. Чую, бачу, гавару : вучэбны наглядны дамаможнік для вучняў пачатковых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання: для работы ў классе / Анатоль Клышка ; [ілюстрацыі М. Р. Казлова і Н. У. Суставай]. – Мінск : Асар, 2013. – 135 с. : іл.
  4. Пропісь 2 : [вучэбны дапаможнік для 1-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання] / Анатоль Клышка. – Мінск : Народная асвета, 2012 – 48 с.
  5. Пропись 2 : [учебное пособие для 1-го класса общеобразовательных учреждений с русским языком обучения] / Анатоль Клышка. – Минск : Народная асвета, 2007. – 48 с. : ил.
  6. Буквар : падручнік для падрыхтоўчага класа агульнаадукацыйных школ з бел. мовай навучання / Анатоль Клышка. – Мінск : Народная асвета, 2002. – 199 с. : іл.
  7. Чабарок : падручнік па літаратурнаму чытанню для 3-га класа агульнаадукацыйных школ з рускай мовай навучання / Анатоль Клышка. – Мінск : Народная асвета, 2001. – 278 с. : іл.
  8. Буквар : падручнiк для падрыхтоўчага класа агульнаадукацыйных школ з беларускай мовай навучання / А. К. Клышка. – 2-е выд. – Мінск : Народная асвета, 1999. – 200 с. : іл.
  9. Букварь: страницы и уроки : учебно-методическое пособие / А. К. Клышка. – Минск : Народная асвета, 1999. – 112 с.
  10. Буквар / А. К. Клышка. – Мінск : Народная асвета, 1996. – 216с. : іл.
  11. Буквар / А. К. Клышка. – Выд. 6-е. – Мінск : Народная асвета, 1993. – 144 с. : іл.
  12. Буквар / А. К. Клышка ; [мастакі: Р. С. Фралоў і інш.]. – Выд. 3-е. – Мінск : Народная асвета, 1988. – 159 с. : іл.
  13. Буквар / А. К. Клышка. – Выд. 11-е. – Мінск : Народная асвета, 1983. – 110 с. : іл.
  14. Пропісі : вучэбны дапаможнік для першага класа / А. К. Клышка. – 11-е выд. – Минск : Народная асвета, 1983. – 48 с.
  15. Буквар / А. К. Клышка. – Выд. 10-е. – Мінск : Народная асвета, 1982. – 110 с. : іл.
  16. Буквар / А. К. Клышка ; [мастак С. Р. Кавалёў]. – 4-е. выд. – Мінск : Народная асвета, 1976. – 110, [1] с. + 2 л. іл. 
  17. Буквар / А. Клышка. – Выд. 3-е. – Мінск : Народная асвета, 1971. – 128 с. : іл.
  18. Буквар / А. Клышка. – Выд. 2-е. – Мінск : Народная асвета, 1970. – 128 с. : іл.
  19. Буквар / А. Клышка ; [мастак Ф. М. Бараноўскі]. – Мінск : Народная асвета, 1969. – 128 с. : іл.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. К. Клышкі

  1. Клышка Анатоль / В. М. Крыцкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 351.
  2. Клышка Анатоль Канстанцінавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 3. С. 502.
  3. Клышко Анатолий Константинович // Регионы Беларуси : энциклопедия. в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 461.
  4. Анатоль Клышка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск : БелЭн, 1994. Т. 3. С. 276–279.
  5. Батвіннік, М. Азбука на ўсе часы / Марат Батвіннік. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 287 с. : іл. – Са зместу: «Буквар» А. Клышкі. С. 250–279.
  6. Чамярыцкі, В. Дык перачытайма «Буквар»! : [А. К. Клышкі] / Вячаслаў Чамярыцкі // Наша слова. 2016. 29 чэрвеня. С. 2–3.
  7. Кацяловіч, І. Каму і чаму мы абавязаныя сваім букваром? : [пра А. Клышку] / Ірына Кацяловіч // Звязда. 2015. 18 красавіка. С. 8.
  8. Бутэвіч, А. Стваральнік галоўнай кнігі : [аб творчасці А. К. Клышкі і яго «Буквары»] / Анатоль Бутэвіч // Літаратура і мастацтва. 2010. 16 красавіка (№ 15). С. 15.
  9. Гардзей, В. Педагагічныя навацыі : [пра «Буквар» А. Клышкі] / Віктар Гардзей // Літаратура і мастацтва. 2013. 8 лютага. С. 5.
  10. Клышка, А. К. Славуты букварыст Анатоль Клышка / Анатоль Клышка ; гутарыў А. Канановіч // Роднае слова. 2010. № 4. С. 18–21.
  11. Наварыч, Т. В. З любоўю да кнігі : да 75-годдзя з дня нараджэння Анатоля Клышкі / Т. В. Наварыч // Пачатковая школа. 2010. № 4. С. 26–27.
  12. Клышка, А. К. Айчынная букварыстыка – паняцце рэальнае / Анатоль Клышка ; гутарыў Сяргей Макарэвіч // Літаратура і мастацтва. 2009. 18 верасня (№ 35). С. 4.
  13. Федаровіч, Г. М. Літаратурнае чытанне : прыкладнае планаванне вучэбнага матэрыялу па падручніку «Літаратурнае чытанне» аўтара А. Клышкі (для IV класа школ з рускай мовай навучання) / Г. М. Федаровіч // Пачатковая школа. 2008. № 8. С. 45–47.
  14. Клышка, А. К.От самшитового гребешка до клавиатуры : вышло 40-е издание белорусского «Букваря» / Анатоль Клышка ; беседовала Людмила Рублевская // СБ. Беларусь сегодня. 2008. 29 августа. С. 9.
  15. Па яго букварах вучыліся і вучацца : [Анатолю Клышку – 70] // Маладосць. 2005. № 4. С. 137.
  16. Шубiч, М. Вясёлыя кніжкі ад Анатоля Клышкі : [пра сустрэчу з пісьменнікам у Баранавіцкай дзіцячай бібліятэцы] / М. Шубіч // Наш край. Барановичи, 2005. 16 апреля. С. 5.
  17. Юруць, В. Стваральнiк буквара наведаў Баранавiчы : [пра сустрэчу з А. Клышкам у Баранавіцкай дзіцячай бібліятэцы] / Вольга Юруць // Ганцавіцкі час. 2005. 22 красавіка. С. 9.
  18. Максимов, С. Взрослые споры о детском букваре / С. Максимов // Советская Белоруссия. 2001. 8 сентября.
  19. Клышка, А. К. Веды пачынаюцца з буквара : [гутарка] / А. К. Клышка // Алеся. 1999. № 9. С. 1–2.
  20. Клышка, А. К. Перад сустрэчай з новым букваром : [пра свае тэарэтычныя падыходы да буквара] / А. К. Клышка // Пачатковая школа. 1995. № 5–6. С. 37–38.
  21. Клышка, А. «Хачу, каб «Буквар» далучаў дзіця да сырадою жывой мовы, а не адгону-сывараткі» : [гутарка] / Анатоль Клышка // Чырвоная змена. 1995. 22 красавіка. С. 2.
  22. Клышка, А. Навучыць добра чытаць – значыць даць чалавеку магчымасць падняцца ў грамадстве / Анатоль Клышка // Звязда. 1995. 21 красавіка. С. 1–2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 72 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Верасень 2024 11:45