Панядзелак, 16 Верасень 2024 11:01

17 лiпеня 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Пракопавіча Агейчыка (1924–2004), Ганаровага дарожніка БССР (1969), Героя Сацыялістычнай Працы (1971)

Сяргей Пракопавіч Агейчык нарадзіўся 17 ліпеня 1924 г. у в. Любішчыцы Борка-Гічыцкай гміны Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Любішчыцы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай шматдзетнай сям'і. Вучыўся ў польскай школе, з 1939 г. — у савецкай.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Агейчык застаўся працаваць разам з бацькамі ў сельскай гаспадарцы. З лютага 1942 г. быў партызанскім сувязным, актыўна прымаў удзел у партызанскім руху — у атрадзе імя Молатава брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкага злучэння.

У чэрвені 1944 г. Сяргей Агейчык Косаўскім райваенкаматам быў прызваны ў Чырвоную армію. У дзеючай арміі з 10 сакавіка 1945 г. Чырвонаармеец, радыст аддзялення сувязі 3-й батарэі 180-й цяжкай гаўбічнай артылерыйскай брыгады 24-й артылерыйскай дывізіі прарыву рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандуючага на 4-м Украінскім фронце. Прымаў удзел у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на пасадзе разведчыка на тэрыторыі Польшчы, Чэхаславакіі. Быў паранены. Вайну скончыў у Празе.

Вызначыўся на заключным этапе Мараўска-Остраўскай наступальнай аперацыі ў Чэхіі. Яго артылерыйскі полк наступаў, а фашысты акапаліся і з вышыні шквальным агнём з кулямётаў абстрэльвалі дарогу, не даючы нашым прасунуцца наперад. Капітан Лявонцьеў узяў з сабой васямнаццаць байцоў — разведчыкаў, сярод якіх быў і Сяргей Агейчык, і адправіўся ў тыл ворага. Воіны знішчылі кулямётныя кропкі, захапілі «языка» і адправілі яго з аховай у падраздзяленне. На досвітку знішчылі на дарозе некалькі аўтамабіляў і бронетранспарцёр праціўніка. За гэту аперацыю Сяргей Агейчык і яго таварышы былі прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі.

Пасля Перамогі працягнуў службу ў Савецкай арміі. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (02.06.1945), Айчыннай вайны ІІ ступені (17.05.1945), шматлікімі медалямі. У 1946 г. быў накіраваны на курсы шафёраў, якія функцыянавалі пры вайсковай частцы, атрымаў спецыяльнасць шафёра.

У жніўні 1947 г. Сяргей Агейчык быў дэмабілізаваны, вярнуўся ў родную Беларусь. У 1947–1954 гг. — шафёр будаўнічага ўпраўлення № 10 у Стоўбцах Мінскай вобласці. У 1948 г. паступіў працаваць шафёрам у ДСР-6 па будаўніцтве аўтадарогі Брэст – Масква. Высокая воінская загартоўка спатрэбіліся С. П. Агейчыку, калі ён сеў за руль аўтамабіля. Перыядычна павышаючы кваліфікацыю, стаў шафёрам першага класа.

У 1952 г. паступіў у аўтамабільны тэхнікум, дзе з адзнакай абараніў дыплом тэхніка-механіка па рамонце і эксплуатацыі аўтамабіляў і дарожных машын. У 1957 г. пачалася яго працоўная дзейнасць у мостабудаўнічым раёне № 3 г. Баранавічы. З сярэдзіны 1970-х да выхаду на пенсію ў 1987 г. працаваў на пасадзе механіка ў яго структуры.

Сяргей Пракопавіч заваяваў высокі аўтарытэт сярод рабочых і кіраўніцтва баранавіцкіх дарожнікаў. Выступаў ініцыятарам спаборніцтва за ўдарную работу па перавозцы грузаў. Адзначаны нагрудным знакам «Почётный дорожник Белорусской ССР» (1969).

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 мая 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў 8-га пяцігадовага плана па будаўніцтве, рамонце і ўтрыманні аўтамабільных дарог С. П. Агейчыку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат» (№ 13643).

За дзявятую пяцігодку (1971–1975) С. П. Агейчык перавёз звыш плана 5600 тон грузаў, зэканоміў каля 4500 літраў паліва. Узнагароджаны знакамі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва за 1973 і 1974 гг. Імя перадавога вадзіцеля было занесена ў Кнігу пашаны Галоўнага ўпраўлення па будаўніцтве аўтамабільных дарог пры Савеце Міністраў СССР.

Сяргей Пракопавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Абіраўся дэпутатам Баранавіцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў. Член партыі з 1962 г. Член Рэвізійнай камісіі КПБ (1976–1981). Дэлегат XXV з’езда КПСС (1976), XXVIII (1976) і XXIX (1981) з’ездаў КПБ.

С. П. Агейчык памёр 28 лютага 2004 г., пахаваны на сваёй радзіме ў Любішчыцах. Рашэннем Івацэвіцкага раённага Савета раённага Савета дэпутатаў № 19 ад 30 чэрвеня 2010 г. у г. Івацэвічы была названа вуліца ў гонар С. П. Агейчыка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака

Маслоўскі Сяргей Віктаравіч,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Агейчик Сергей Прокопович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 28.
  2. Агейчик Сергей Прокопович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 10.
  3. Агейчык Сяргей Пракопавіч// Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 10.
  4. Агейчык Сяргей Пракопавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 576.
  5. Агейчык Сяргей Пракопавіч// Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 594.
  6. Агейчык Сяргей Пракопавіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 440.
  7. Литвинчук, С. Большая дорога : [о С. П. Агейчике] / С. Литвинчук // Земные звезды: [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 5–10.
  8. Кажадуб, С. Дарогі жыцця Героя Сацыялістычнай Працы С. П. Агейчыка / С. Кажадуб // Івацэвіцкі вестнік. 2013. 2 ліпеня. С. 2.
  9. Агейчик Сергей Прокопович : [некролог] // Наш край. Барановичи, 2004. 2 марта. С. 5.
  10. Литвинчук, С. Большая дорога: [о С. П. Агейчике] / С. Литвинчук // За рулем. 1978. № 8. С. 7.
  11. Литвинчук, С. Большая дорога : [о С. П. Агейчике] / С. Литвинчук // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 27 июня.
  12. Литвинчук, С. Большая дорога : [о С. П. Агейчике] / С. Литвинчук // Заря. 1976. 24 января.С. 2.
  13. Сушкевич, Б. Трудные километры : [о С. П. Агейчике] / Б. Сушкевич // Советская Белоруссия. 1976. 18 января. С. 1.
  14. Награды вручены : [Герою Социалистического Труда С. П. Агейчику] // Заря. 1971. 1 июня.
  15. Мальцев, Н. Его кредо : [о водителе Сергее Агейчике] / Н. Мальцев // Знамя коммунизма. Барановичи, 1971. 22 мая.
Чытаць 41 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Верасень 2024 11:12