Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024 11:58

1 кастрычніка 2024 г. — 15 гадоў з дня асвячэння царквы вялікамучаніка Георгія Перамоганосца ў аг. Камянюкі (Камянецкі р-н; 2009)

Свята-Георгіеўская царква ў аг. Камянюкі — адзін з найпрыгажэйшых драўляных храмаў Камянецкага раёна. Стаіць ён ля ажыўленай магістралі на Белавежскую пушчу і пабудаваны ў гонар велікамучаніка Георгія Перамоганосца.

Заклад каменя пад будаўніцтва храма быў асвечаны ў лістападзе 1998 г. епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам (Хомічам). Стараннямі настаяцеля царквы аг. Дзмітравічы протаіерэя Іаана Антонавіча Пашкевіча, на сродкі ДПУ «Нацыянальны парк “Белавежская пушча”», на ахвяраванні прыхаджан вясной 1999 г. пачалося будаўніцтва храма. Да пачатку 2006 г. былі ўзведзены сцены, а ў лютым 2007 г. узняты цэнтральны купал вагой 6,5 т з усталяваным на ім крыжам. З восені 2007 г. у склепе храма сталі праводзіцца набажэнствы, чытанні акафістаў. Будаўніцтва працягвалася 10 гадоў.

Пабудаваны храм у старажытнарускім стылі з драўлянага бруса, з вонкавага боку абабіты блок-хаўсам, унутры — вагонкай. Вышыня храма — 37 м. Завяршаюць яго 5 купалаў, пакрытых бляхай. Інтэр’ер упрыгожваюць трох’ярусны драўляны іканастас і шматлікія абразы.

15 жніўні 2009 г. у Камянюкі прыйшла з хрэсным ходам праваслаўная моладзь мястэчка Белавежа (Польшча). Хрэсны ход быў арганізаваны па ініцыятыве Гайнаўскай (Польшча) і Брэсцкай праваслаўных епархій. У Камянюках да польскіх паломнікаў далучыліся беларускія веруючыя.

1 кастрычніка 2009 г., напярэдадні святкавання 600-годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы, храм быў урачыста асвечаны епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам (Хамой) пры ўдзеле свяшчэннікаў Камянецкага благачыння і мноства веруючых. Па праваслаўным абрадзе да ўводу ў гэты дзень прынеслі дваіх немаўлят: Уладзіслава Рамашку і Максіма Кацуба.

У прыход Свята-Георгіеўскага храма ўваходзяць вёскі: Камянюкі, Малое Селішча, Вялікае Селішча, Абрамава, Лавы, Пашукі, Пашуцкая Буда, Вілы, Белая, Макавішча, Гарошкаўка. Нягледзячы на малады ўзрост храма, тут наладжана паўнавартаснае жыццё: здзяйсняюцца абрады вянчання, хрышчэння, адпявання, нясуцца да Бога цудоўныя спевы, якія славяць Хрыста і дораць радасць веруючым. У дзень памяці вялікамучаника Георгія Перамоганосца (6 мая), адзначаецца прастольнае свята храма.

З 18 па 20 мая 2010 г. у аг. Камянюкі адбылося выязное пасяджэнне Мытнага саюза Расіі, Казахстана і Беларусі. 20 мая, напярэдадні ад'езду, дэлегацыя Мытнага саюза наведала храм велікамучаніка Георгія і ўрачыста ахвяравала храму абраз святога апостала і евангеліста Матфея, апекуна мытных службаў.

З 2013 г. пры храме працуе нядзельная школа, якой кіруе цяперашні настаяцель Свята-Георгіеўскага храма іерэй Андрэй Валер’евіч Мароз.

16 верасня 2023 г. ад Свята-Георгіеўскага храма стартаваў Х Між'епархіальны Афанасьеўскі маладзёжны велапрабег «Храмы Брэсцкай і Гродзенскай епархій». Завяршыўся велапрабег з іконай прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, у Гродна ў прыходзе Афанасія Брэсцкага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Свята-Георгіеўская царква, в. Камянюкі // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. Брэст : РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 56–57.
  2. У адзіным хрэсным ходзе… : [пра польска-беларускі маладзёжны хрэсны ход, які прайшоў цераз Камянюкі] // Навіны Камянеччыны. 2009. 19 жніўня. С. 1.
  3. Муха, Ф. Крестный ход без границ : [15 августа православные верующие польского местечка Беловежа с крестным ходом отправились в пос. Каменюки Каменецкого района] / Федор Муха // Рэспубліка. 2009. 15 жніўня. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 68 разоў Апошняя змена Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024 12:27