Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024 12:27

2024 г. — 155 гадоў з часу пабудовы царквы святой вялікамучаніцы Варвары ў в. Сухадол (Камянецкі р-н; 1869), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Вёска Сухадол Камянецкага раёна вядома з ХVІ ст. Мясцовыя жыхары адрозніваюць Сухадол-сяло і Сухадол-пасёлак, паміж імі паўкіламетра дарогі і значная розніца ва ўзросце. Сухадол-пасёлак утвораны пасля Вялікай Айчыннай, калі дамы былі перавезены з хутароў. Упрыгожваннем вёскі з'яўляецца царква Святой Варвары. Яна будавалася з 1863 па 1869 гг. Першапачаткова царква была асвечана ў імя святога Іосіфа Песнапісца, затым — у гонар іконы Казанскай Божай Маці.

Цікавую гісторыю будаўніцтва царквы, якая ўспрымаецца амаль як легенда, захавала памяць сухадольскага старажыла Аляксандра Іванавіча Марчука, а чуў ён яе ад свайго дзеда. На месцы, дзе цяпер знаходзіцца царква, стаяла карчма, якую трымаў багаты гандляр яўрэйскага паходжання. Жыў ён у Высокім. Карчма прыносіла добры прыбытак, але разам з гэтым у вёску прыйшла бяда: стала квітнець п'янства. Усё заробленае за дзень сухадольскія мужчыны пакідалі ў карчме. Аднойчы ноччу, дачакаўшыся ад'езду гаспадара, жанчыны вёскі сабраліся разам і падпалілі карчму. Гаспадар, калі прыехаў раніцай, стаў шукаць вінаватых, але як іх знайсці, калі ў гэтай справе ўдзельнічала ўся вёска? Пакінуўшы думкі аб пошуку падпальшчыкаў, ён прывёз у Сухадол новыя будаўнічыя матэрыялы і пачаў аднаўленчыя работы. У гэты ж дзень яго атачылі праваслаўныя жанчыны: «Калі ты зноў пабудуеш гэтую праклятую карчму, то мы зноў яе спалім, але на гэты раз разам з табой». Пасля такой размовы гандляр забраў усе будаўнічыя матэрыялы і больш у вёсцы не з'яўляўся.

Праз некалькі дзён у родную вёску з заробкаў са Злучаных Штатаў вярнуўся Юліан Іванавіч Дубяга і прапанаваў на месцы карчмы пабудаваць царкву. На яго сродкі, а таксама на ахвяраванні аднавяскоўцаў у 1869 г. была пабудавана каменная царква ў імя святога прападобнага Іосіфа Песнапісца — у памяць выратавання імператара Аляксандра II ад смерці пры замаху на яго жыццё. Новы храм стаў прыпісным да Свята-Міхайлаўскага прыхода ў вёсцы Полаўцы.

19 лістапада 1960 г. Савет па справах РПЦ пры Савеце Міністраў СССР прыняў рашэнне аб зняцці з уліку дзеючых царкву ў в. Сухадол. У 1960 г. Сухадольская царква была зачынена, а ўся царкоўная маёмасць была перавезена ў Высокае. Трыццаць гадоў будынак царквы паступова разбураўся. Толькі ў 1990-я гг., пасля рэстаўрацыі царквы, у ёй зноў сталі гучаць малітвы. У 1992 г. царква была асвечана ў гонар святой вялікамучаніцы Варвары благачынным цэркваў Камянецкай акругі, протаіерэем Яўгенам Лукашэвічам.

Па сваёй архітэктурнай кампазіцыі Свята-Варварынская царква нагадвае мураваныя храмы XVII–XVIII стст. Пабудавана яна з цэглы і атынкавана. Пабудова складаецца з трох частак: квадратнага прытвора, над якім узвышаецца двух'ярусная званіца, выцягнутага прамавугольнага аб'ёму асноўнага храма і паўцыліндрычнай апсіды, па вышыні роўнай асноўнаму храму. У цэнтры прытвора — дзвярны праём арачнай формы, над якім размешчана круглае акно. Грані прытвора ўпрыгожаны дэкараванымі выступамі і закончаны танкапрофільным карнізам.

Першы ярус званіцы квадратны, дэкараваны невялікімі арачнымі нішамі, завершаны тонкім карнізам. Другі ярус — васьмігранны, дзе чаргуюцца шырокія грані з арачнымі аконнымі праёмамі і вузкія — глухія. Завершана званіца невысокім шатром з цыбулепадобнай глаўкай і крыжам. Асноўны аб'ём храма пакрыты двухсхільным дахам з невялікім купалам і крыжам на вільчаку. Апсіда пакрыта трохсхільным дахам. Бакавыя сцены храма прарэзаны высокімі паўкруглымі вокнамі, завершаны тонкім карнізам.

У інтэр'еры асноўнае памяшканне мае плоскі драўляны столь. Пры ўваходзе зверху — хоры з драўлянай разной агароджай. Алтар аддзелены ад асноўнай часткі храма аднаярусным драўляным іканастасам. Вернікі з глыбокай павагай ставяцца да праваслаўных святыняў. Асабліва шанаваныя абразы святой вялікамучаніцы Варвары, Казанскай Божай Маці.

У царкве праходзяць службы ў нядзельныя і святочныя дні, праводзяцца вянчанні, хрышчэнні, адпяванні. У склад прыхода ўваходзяць вёскі: Сухадол, Пагранічная, Пясчатка, Хлевішча. У цяперашні час царква прыпісная да Свята-Міхайлаўскай царквы в. Такары, дзе настаяцелем служыць іерэй Антоній Аляксеевіч Кажаноўскі.

Свята-Варварынская царква в. Сухадол — помнік архітэктруы з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю, унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000371).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Суходольская Варваринская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 393–394.
  2. Царква ў імя святой велікамучаніцы Варвары : [в. Сухадол] // А. М. Кулагін. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 387.
  3. Свята-Варварынская царква, в. Сухадол // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. Брест: РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 95–98.
  4. Чарняхоўская, Т. Помнікі архітэктуры і манументальнага мастацтва Камянеччыны : Варварынская царква (в. Сухадол) / Т. Чарняхоўская // Памяць: Камянецкі раён : гіст.-дакументальная хроніка. Мінск, 1997. С. 84.
  5. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Сухадол. С. 103, 311, 131, 318.
  6. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.
  7. Сухадол // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 88.
  8. Ролич, О. Варварин день в Суходоле / Ольга Ролич // Заря. 2020. 8–9 января. С. 19.
  9. Семенюк, О. Архиерейское богослужение : [о богослужении в Варваринском храме, посвященном 145-летию со дня его освящения] / О. Семенюк // Навіны Камянеччыны. 2014. 6 снежня. С. 6.
  10. Грыцук, Г. А ў Сухадоле дол зялёны… : [гісторыя Варварынскай царквы] / Г. Грыцук // Навіны Камянеччыны. 2001. 6 чэрвеня.
  11. Новікава, Г. Той, хто заблудзіўся, ходзіць па крузе : [гісторыя будаўніцтва царквы ў в. Сухадол] / Г. Новікава // Навіны Камянеччыны. 1993. 16 студзеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 60 разоў Апошняя змена Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024 12:45