Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024 12:45

16 кастрычніка 2024 г. — 80 гадоў з дня адкрыцця Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У. М. Ігнатоўскага (1944)

Кніжная культура Беларусі налічвае шмат стагоддзяў развіцця, на працягу якіх былі створаны каштоўныя скарбы. З 1732 г. стараства ў Камянец-Літоўскім атрымала жонка канцлера ВКЛ Яна Сапегі Канстанцыя Сапега, якая пераехала разам са сваім кнігазборам (каля 740 назваў). Нашчадкам Канстанцыі быў яе брат Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька». Па яго волі ў 1757 г. бібліятэку Канстанцыі Сапегі перавезлі ў Нясвіж, а адтуль у 1772 г. яна перададзена бібліятэцы Расійскай акадэміі навук.

Першымі бібліятэкамі ў Камянцы лічацца бібліятэкі Васкрасенскага манастыра (1640) і Свята-Сімяонаўскага храма. У XIX–XX ст. найбольш поўныя зборы кніг мелі асабістыя бібліятэкі святароў: а. Іаана Маркевіча, настаяцеля Свята-Сімяонаўскага храма (1882), а. Льва Паеўскага, гісторыка, краязнаўцы, этнографа, грамадскага дзеяча, настаяцеля Свята-Сімянаўскага храма, а. Уладзіміра Філосафава, настаяцеля Свята-Сімяонаўскага храма ў 1940–1969 гг. (800 экз.), бібліятэка ксяндза касцёла Пятра і Паўла (1928–1945), краязнаўцы Ігнацы Вараб'я (1000 назв.).

Наяўнасць кніг класікаў яўрэйскай і сусветнай літаратуры на мове ідыш мела дзіцячая бібліятэка (720 экз.), бібліятэка імя Перэца (1014 экз.), бібліятэка яўрэйскай школы «Мар'ях» (1300 экз.), бібліятэка вышэйшай ешывы на іўрыце (630 экз.).

Пасля вызвалення Камянца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (22 ліпеня 1944 г.) пачалася гісторыя раённай бібліятэкі – была адкрыта першая хата-чытальня. Яна размяшчалася ў драўляным будынку каля цяперашняга Дома культуры па вул. Брэсцкай, 21, затым — на другім паверсе раённага Дома культуры. Першы бібліятэкар раённай бібліятэкі — Мікалай Аўрамавіч Лось. З 16 кастрычніка 1944 г. на пасаду загадчыка раённай бібліятэкі прызначаная Марыя Сцяпанаўна Жэшка.

У 1950 г. у Камянецкім раёне функцыянавала 4 бібліятэкі (1 — раённая, 1 — дзіцячая, 2 — сельскія) і 13 хат-чытальняў з агульным фондам 8 тыс. экз. У канцы 1950-х гг. раённая бібліятэка пераведзена ў будынак былой пякарні па вул. Леніна 3, займала два пакоі на другім паверсе плошчай 112 кв. м. У раённай бібліятэцы працавалі: Вера Іосіфаўна Нядужка (1950), Лідзія Пятроўна Шкрэдава (1950–1951), Ніна Цімафееўна Карабейнікава (загадчык у 1951 г.), Марыя Фёдараўна Курачкіна (1951–1952), Тамара Гаўрылаўна Маркаўцава (1952), Варвара Рыгораўна Іванова (1952–1959), Марыя Мікалаеўна Кавашэвіч (1956), Галіна Іванаўна Коўган (1959).

У 1960 г. у раённай бібліятэцы абслугоўвалася 1943 чытача, кніжны фонд складаў 16.181 экз. У 1965 г. кніжны фонд павялічыўся да 23.470 экз. У 1968 г. праведзена рэканструкцыя будынка бібліятэкі: дабудавана палова будынка, дзе зараз размешчаны чытальныя залы. У бібліятэцы працавалі: Марыя Кавалевіч (загагадчык у 1960 г.), Л. В. Пашкоўская (загадчык у 1961 г.), Л. П. Іванаўская (загадчык у 1963 г.), Марыя Мікалаеўна Камарова (1963–1970), Таццяна Якаўлеўна Голуб (загадчык у 1965 г.).

16 лістапада 1973 г. раённую бібліятэку ўзначаліла Ніна Астапаўна Нікіцюк. На пасадзе дырэктара яна прапрацавала 36 гадоў. У 1976 г. наступіў новы этап у гісторыі бібліятэкі — цэнтралізацыя бібліятэчнай сеткі. Камянецкая бібліятэка стала цэнтральнай раённай, на яе ўскладзены функцыі метадычнага цэнтра для 68 бібліятэк-філіялаў.

У сярэдзіне 1980-х гг. створана літаратурная гасцёўня. На яе пасяджэннях праводзіліся чытацкія канферэнцыі, абмеркаванні, прэм'еры кніг, літаратурна-музычныя вечары. Кіравалі гасцёўняй пісьменніца Святлана Курылева і дырэктар Н. А. Нікіцюк.

Камп'ютарныя тэхналогіі пачалі ўкараняцца ў бібліятэцы з 1998 г. З 2002 г. пры аддзеле абслугоўвання працуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ). У 2013 г. бібліятэка пачала абслугоўваць чытачоў у аўтаматызаваным рэжыме ў аўтаматызаванай інфармацыйнай бібліятэчнай праграме АLIS-WEB.

У 2005 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прысвоена імя ўраджэнца краю, першага прэзідэнта АН БССР, гісторыка Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага (1881–1931). Памятная дошка У. М. Ігнатоўскаму на будынку бібліятэкі ўстаноўлена ў 2012 г.

У 2006 г. бібліятэку наведалі ўдзельнікі міжабласнога семінара «Публічныя бібліятэкі Гомельскай і Брэсцкай абласцей: каардынацыя дзейнасці па ўзаемавыкарыстанні інфармацыйных рэсурсаў». У 2007 г. супрацоўнікі Камянецкай ЦРБ прынялі ўдзел у семінары ў бібліятэцы імя Тадэвуша Ракавецкага ў Гайнаўцы (Польшча) падчас рэалізацыі праекта «З гісторыяй у будучыню. Распаўсюджванне і захаванне культурнай спадчыны рэгіёна «Белавежская пушча».

У 2009 г. на пасаду дырэктара РЦБС прызначана Ларыса Анатольеўна Хухлаева. У снежні 2011 г. створаны вэб-сайт Цэнтральнай раённай бібліятэкі. У красавіку 2014 г. раённая бібліятэка імя У. М. Ігнатоўскага па выніках конкурсу «Інтэрнэт-прэмія «ТІБО-2014» узнагароджана спецыяльным дыпломам у намінацыі «Культура і мастацтва».

У 2016 г. рашэннем Камянецкага раённага выканаўчага камітэта ад 21 снежня 2015 г. № 1956 створана Дзяржаўная ўстанова культуры «Камянецкая раённая бібліятэчная сістэма».

Сёння Камянецкая ЦРБ імя У. М. Ігнатоўскага — інфармацыйны, культурны, дасугавы цэнтр. У бібліятэцы працуюць 3 аддзелы: абслугоўвання і інфармацыі, фарміравання бібліятэчнага фонду, бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы. Кніжны фонд налічвае больш за 31 тыс. экз. дакументнага фонду, у т. л. 92 назвы перыёдыкі, электронныя выданні. Штогод абслугоўваецца больш за 3 тыс. чытачоў. Выконваецца 34 віды дадатковых платных паслуг насельніцтву. Бібліятэка абсталявана 15 камп’ютэрамі, аб'яднанымі ў лакальную сетку. Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці: краязнаўства, экалагічная асвета, духоўна-маральнае выхаванне. Назапашаны немалы досвед працы з сацыяльна неабароненай групай насельніцтва. Больш за 10 гадоў пры бібліятэцы працуе клуб «Залаты ўзрост».

Праграмна-праектная дзейнасць стала адным з якасных крытэрыяў дзейнасці работы бібліятэк. Дзякуючы праектнай дзейнасці ўзмацняецца іх роля ў мясцовай супольнасці, паляпшаецца якасць паслуг, з'яўляюцца новыя перспектывы ў працы. «Прагулкі па горадзе»: праект па вывучэнні і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны горада (2022–2025); «Прававыя ўніверсітэты»: праект па выхаванні прававой культуры грамадзян (2022–2025); «Бібліятэка без межаў»: праект па працы з сацыяльна-неабароненымі групамі насельніцтва (2022–2025).

Бібліятэка ўзнагароджана шматлікімі дыпломамі і граматамі за ўдзел у рэспубліканскіх і абласных акцыях і праектах. У 2015 г. заняла І месца ў I Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання», у намінацыі «Гісторыя праваслаўя роднага краю». Па выніках абласнога тура I Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання» ўзнагароджана дыпломам II ступені ў намінацыі «Гісторыя праваслаўя роднага краю». Па выніках працы за 2015 г. узнагароджана Ганаровай граматай Камянецкага райвыканкама, занесена на раённую Дошку гонару. У 2022 г. заняла ІІ месца ў VIII Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання» ў намінацыі «Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях» і ўзнагароджана граматай Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі БПЦ.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф І кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Каменецкая центральная районная библиотека // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 438–439.
  2. Мусевич, Г. С. Библиотеки на Каменетчине / Г. С. Мусевич // Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання. Брэст, 2013. С. 308–317.
  3. За духовное просвещение : [по результатам VIII Республиканского конкурса «Библиотека – центр духовного просвещения и воспитания» Каменецкая центральная районная библиотека им. В. Игнатовского заняла 2 место] // Навіны Камянеччыны. 2022. 26 лістапада (№ 48). С. 1.
  4. Нарэйка, Н. 100 ідэй для Беларусі. Сярод іх – камянецкая! / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2021. 30 студзеня (№ 5). С. 7.
  5. Жедик, Г. П. Вечный огонь Победы / Галина Жедик // Бібліяпанарама. Мінск, 2019. Вып. 22. С. 34–38.
  6. Жэдзік, Г. П. Краязнаўства ў бібліятэцы: стварэнне інфармацыйнага асяроддзя / Г. П. Жэдзік // Бібліяпанарама. Брэст, 2018. Вып. 21. С. 31–35.
  7. Радывонюк, М. Быть библиотекарем – это искусство: [о встрече, посвященной ветеранам библиотечного дела в Каменецкой ЦРБ им. В. Игнатовского] / Михаил Радывонюк // Навіны Камянеччыны. 2018. 10 сакавіка (№ 10). С. 5.
  8. Сайт кніжнай скарбніцы // Навіны Камянеччыны. 2017. 28 кастрычніка (№ 43). С. 1.
  9. Ролич, О. Библиотечный час : [Каменецкая центральная районная библиотека им. В. Игнатовского – победитель республиканского конкурса по духовному просвещению и воспитанию] / Ольга Ролич // Заря. 2015. 8 октября. С. 17.
  10. Нарейко, А. Награда за сотрудничество : [Каменецкая ЦРБ им. В. Игнатовского заняла первое место в республиканском конкурсе «Библиотека – центр духовного просвещения и воспитания»] / Анастасия Нарейко // Навіны Камянеччыны. 2015. 19 верасня. С. 19.
  11. Троцюк, Д. 30 лет с книгой : [о библиотечных работниках Каменецкого района с 30 летним стажем] / Денис Троцюк // Навіны Камянеччыны. 2015. 12 верасня. С. 20.
  12. Нарэйка, Н. Храм жывой кнігі. 70 гадоў разам / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2014. 6 снежня. С. 5.
  13. Хухлаева, Л. А. Уютный дом для мудрой книги / Лариса Хухлаева // Навіны Камянеччыны. 2014. 13 верасня. С. 6.
  14. Жедик, Г. П. Возрождение духовной жизни : [о работе Каменецкой районной библиотеки по духовно-нравственному воспитанию] / Галина Жедик // Бібліятэчны свет. 2014. № 4. С.18–22.
  15. Демянко, Д. В дар библиотеке : [о передаче документов из личного архива краеведа Георгия Мусевича в Каменецкую ЦРБ им. В. М. Игнатовского] / Дарья Демянко // Навіны Камянеччыны. 2013. 1 чэрвеня. С. 16.
  16. Камянеччына літаратурная : [аб прэзентацыі электроннага выдання Камянецкай бібліятэкі «Літаратурная карта Камянецкага раёна»] // Навіны Камянеччыны. 2011. 3 снежня. С. 3.
  17. Нарэйка, Н. Дарога да кнігі :[бліц-апытанне бібліятэкараў Камянецкай бібліятэкі] / Н. Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2011. 10 верасня. С. 11.
  18. Бібліятэцы – імя славутага земляка : [У. М. Ігнатоўскага] // Навіны Камянеччыны. 2005. 10 снежня.
  19. Нікіцюк, Н. У кніжны храм – каб душа не збяднела / Н. Нікіцюк // Навіны Камянеччыны. 2002. 27 сакавіка. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 77 разоў Апошняя змена Панядзелак, 14 Кастрычнік 2024 15:01