У 1961 г. Якаў Малайчук скончыў Імянінскую сярэднюю школу і паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча на дырыжорска-харавое аддзяленне. У 1963 г. з трэцяга курса быў прызваны ў Савецкую армію. Дэмабілізаваўшыся, прадоўжыў вучобу ў вучылішчы ў класе выкладчыка В. Г. Жукоўскай.
Пасля заканчэння вучылішча ў 1968 г. Якаў Малайчук быў накіраваны на працу дырэктарам Ружанскай музычнай школы Пружанскага раёна. У гэтым жа годзе арганізаваў і кіраваў у Ружанах хорам, які ў кароткі час стаў папулярным не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
У 1971 г. пераведзены на працу дырэктарам Пружанскай музычнай школы (Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Р. Шырмы). Працаваў дырэктарам 34 гады — з 10 лютага 1971 г. па 15 чэрвеня 2005 г., а затым — выкладчыкам. За гады працы дырэктарам школы стварыў добры, творчы калектыў выкладчыкаў і вучняў. Пазнаў галоўныя сакрэты сваёй прафесіі і гэта станоўча адбілася на творчых дасягненнях калектыву. Пружанская музычная школа — адна з лепшых у Брэсцкай вобласці.
Пры школе паспяхова працуюць тры дзіцячыя калектывы з ганаровым званнем «узорны» і тры калектывы выкладчыкаў, якія маюць званне «народны». Шмат выпускнікоў школы абралі мастацтва сваёй прафесіяй.
Саветам Міністраў БССР у 1978 г. школе прысвоена імя харавога дырыжора, фалькларыста, народнага артыста СССР, народнага артыста БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Рыгора Раманавіча Шырмы (1892–1978). Пры школе ў 1982 г. Якаў Сямёнавіч стварыў мемарыяльны музей Р. Р. Шырмы (зараз «Памятны пакой народнага артыста СССР Р. Р. Шырмы»), дзе сабраны ўнікальныя дакументы.
Памятны пакой Р. Р. Шырмы наведвалі жыхары і навучэнцы горада і раёна, а таксама дзеячы культуры Беларусі: народны артыст СССР Г. І. Цітовіч, народны артыст СССР, кампазітар І. М. Лучанок, народны артыст БССР, прафесар М. Дрынеўскі і інш. У 2009 г. экспазіцыя музейнага пакоя папоўнілася новымі фотаздымкамі, дакументальнымі матэрыяламі, якія былі выяўлены падчас экспедыцыі Я. С. Малайчука на малую радзіму артыста — у в. Шакуны. У час экспедыцыі адбыліся сустрэчы са сваякамі і суседзямі вядомага дзеяча. Я. С. Малайчук доўгія гады з'яўляўся нязменным экскурсаводам і захавальнікам музейнага пакоя, праводзіў вялікую працу па прапагандзе творчасці выдатнага дзеяча беларускай культуры.
У 1976 г. пры Пружанскім Доме культуры Якаў Малайчук стварыў гарадскі хор, які ўзначальваў да 1992 г. Хор у асноўным выконваў песні беларускіх кампазітараў і апрацоўкі народных песень. За высокае выканаўчае майстэрства хор узнагароджваўся рознымі граматамі і дыпломамі. Народны камерны хор дзіцячай школы мастацтваў імя Р. Р. Шырмы, якім з 2003 г. кіраваў Я. С. Малайчук, пастаянна ўдзельнічаў у раённых і абласных святах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Выступаў у Мінску, Брэсце, Віцебску, на канцэртных пляцоўках у Польшчы.
З 2003 г. Якаў Сямёнавіч кіраваў народным камерным хорам Пружанскага гарадскога Палаца культуры. У рэпертуары хору больш за 30 твораў замежных, беларускіх і рускіх кампазітараў, а таксама духоўная музыка. Хор пастаянна ўдзельнічаў у раённых і абласных святах, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, з’яўляецца дыпламантам розных фестываляў і конкурсаў, часта спявае пры правядзенні богаслужэнняў у Пружанскім Аляксандра-Нейскім саборы.
Я. С. Малайчук унёс вялікі ўклад у развіццё культуры і вакальна-харавога мастацтва Пружаншчыны. Пры дапамозе Якава Сямёнавіча ў раёне адкрыты Ружанская, Шарашоўская дзіцячыя музычныя школы і Кляпачская дзіцячая школа мастацтваў.
Дзейнасць Якава Малайчука неаднаразова адзначалася граматамі і падзякамі розных узроўняў, у тым ліку граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 1999 г. за значны асабісты ўклад у памнажэнні духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 703 Я. С. Малайчук быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Сын Я. С. Малайчука — Аляксандр Якаўлевіч Малайчук, таксама музыкант, кіраўнік духавога аркестра Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў з 1993 г. Калектыў неаднаразова заваёўваў узнагароды на шматлікіх музычных конкурсах.
Я. С. Малайчук пайшоў з жыцця 25 кастрычніка 2015 г, пахаваны ў Пружанах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ
- Малайчук Яков Семёнович // Пружанский район : история нашего времени. [Брест : Брестская типография, 2014]. С. 59.
- Малайчук Якаў Сямёнавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2008. С. 75–77.
- Зялевіч, А. Вядзе ў аркестры духавым труба... : [пра духавы аркестр Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе Аляксандр Якаўлевіч Малайчук] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 10 кастрычніка. С. 4.
- Зялевіч, А. Памяці Якава Малайчука : [пра сустрэчу ў Палацы культуры, прысвечаную памяці Я. С. Малайчука] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 29 кастрычніка. С. 4.
- Сядова, І. З юбілеем, Якаў Сямёнавіч! : [70 гадоў з дня нараджэння Я. С. Малайчука – былога дырэктара Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2014. 17 верасня. С. 4.
- Василькова, Т. Волшебная сила культуры : [грамоту Брестского облисполкома получил Я. С. Малайчук – дирижер народного хора Пружанского городского Дворца культуры] / Тамара Василькова // Заря. 2014. 11 октября. С. 3.
- Каляда, Г. «Многія лета» юбіляру спявала ўся школа мастацтваў : [юбілей Я. С. Малайчука] / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2004. 17 кастрычніка. С. 2.
- Малайчук, Я. Тут заўсёды музыка гучыць / Я. С. Малайчук ; гутарыла Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 1999. 18 снежня. С. 1–2.
- Юркевич, Н. Лучшие люди Брестчины : [о Я. С. Малайчуке директоре Пружанской детской школы искусств им. Г. Р. Ширмы] / Н. Юркевич // Заря. 1996. 24 декабря. С. 1.
- Лепшыя людзі раёна : Я. С. Малайчук // Раённыя будні. Пружаны, 1995. 21 кастрычніка.