Пятніца, 25 Кастрычнік 2024 11:36

24 ліпеня 1904 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Барыса Рыгоравіча Ільясюка (1904–1989), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўнага дзеяча

Барыс Рыгоравіч Ільясюк нарадзіўся 24 ліпеня 1904 г. у в. Пецькі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). У час Першай сусветнай вайны сям’я знаходзілася ў бежанстве ў Варонежскай губерні (сяло Троіцкае). Там Барыс Ільясюк закончыў гімназію.

У 1923 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, удзельнічаў у рэвалюцыйнай барацьбе. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў настаўнікам, потым інспектарам раённага аддзела па адукацыі, дырэктарам дзіцячай тэхнічнай школы Кобрына.

У Вялікую Айчынную вайну Барыс Ільясюк са снежня 1941 г. знаходзіўся на фронце. Удзельнічаў у баях за гарады Ялец (Ліпецкая вобл.), Ліўны (Арлоўская вобл.) і інш. Быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі, дзе, дарэчы, пазнаёміўся з будучай жонкай. З 1943 г. працаваў у Саўнаркоме Удмурцкай АССР.

Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. вярнуўся ў Кобрын. З 1948 г. — старшыня Кобрынскага гарадскога выканаўчага камітэта, з 1959 г. — сакратар Кобрынскага гарвыканкама.

Паступова знікалі руіны і завалы на вуліцах Кобрына. Людзі працавалі з энтузіязмам, кожны разумеў неабходнасць хутчэйшага аднаўлення прадпрыемстваў горада. У ліку першых аднавіў работу Кобрынскі райпрамкамбінат. У 1948 г. з’явіўся кансервавы завод — адзін з першых такіх заводаў у Беларусі. Працавала арцель «Сацпраца» па пашыву адзення, а з 1953 г. там пачаўся выпуск жакардавых пакрывал. У 1948 г. была заснавана арцель імя А. Суворава, якая вырабляла мэблю — шафы, спальныя гарнітуры, сталы, трумо (працавалі 30 чалавек).

З 1949 г. міжраённая майстэрня капітальнага рамонту рэарганізавана ў рамонтны завод. З 1959 г. завод праводзіў капітальны рамонт аўтамабіляў ГАЗ–51, іх рухавікоў, рулявога кіравання. У 1955 г. пачаў працаваць пункт пачатковай апрацоўкі льну, у 1959 г. пачаў працаваць ільнозавод. Інтэнсіўнае эканамічнае развіццё горада, вялікія сацыяльныя і культурныя зрухі выклікалі хуткі рост насельніцтва, гэта паўплывала на актыўнае будаўніцтва.

У 1954 г. Б. Р. Ільясюк, як старшыня гарвыканкама, падтрымаў жаданне кобрынчан навучаць дзяцей музыцы, і было прынята рашэнне адкрыць у Кобрыне дзіцячую музычную школу ў гістарычным цэнтры горада на плошчы Камсамольцаў. Дарэчы, яго дачка Ніна Барысаўна доўгі час працавала ў дзіцячай школе мастацтваў г. Кобрына.

У 1964 г. Б. Р. Ільясюк выйшаў на пенсію. Жыхары Кобрына памятаюць яго як добрага, адказнага чалавека, сапраўднага кіраўніка. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Славы III ступені, 9 медалямі. 

Барыс Рыгоравіч Ільясюк памёр 4 верасня 1989 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ільясюк Барыс Рыгоравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 242, 452.
  2. 120 гадоў з дня нараджэння Б. Р. Ільясюка (1904) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская РЦБС, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 121.
  3. Савчук, М. Музыкальные искры зажигали зал : [в связи с празднованием 60-летнего юбилея школы искусств г. Кобрина во время экскурса в историю отмечено, что председатель Кобринского горисполкома Б. Ильясюк принимал решение об открытии музыкальной школы] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2015. 8 января. С. 5.
Чытаць 54 разоў