Панядзелак, 04 Лістапад 2024 16:46

22 красавіка 2024 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Мікалая Аляксеевіча Новіка (1959), мастака, дызайнера

Мікалай Аляксеевіч Новік нарадзіўся 22 красавіка 1959 г. у в. Астромічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Задаткі яго таленту былі ад бацькі Аляксея Уладзіміравіча, які намаляваў с сынам яго першы дзіцячы малюнак. У вольны ад сялянскай працы час браў маленькага сына на калені і алоўкам маляваў на паперы домікі, дрэвы, сонца.

Настаўнікі Астроміцкай пачатковай школы, пазней — Мухаўлокскай васьмігодкі, дзе вучыўся Мікалай, заўважылі яго здольнасці бачыць звыклыя рэчы інакш, чым іншыя вучні, жаданне намаляваць іх, і параілі бацьку аддаць сына ў Рэспубліканскую спецыялізаваную сярэдняю школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер — гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка).

Пасля заканчэння школы-інтэрната была тэрміновая служба ў Савецкай арміі (1977–1979), работа ў Нарыльску, куды паехалі бацькі, каб падмацаваць сямейны бюджэт, і некалькі спроб паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. У 1986 г. Мікалай Новік стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (спецыялізацыя: асяроддзевы дызайн, прамысловы дызайн, графічны дызайн), які закончыў на «выдатна».

Па атрыманай спецыяльнасці паспяхова працаваў у сталічным НВА «Цэнтр», спраектаваў некалькі цікавых рэчаў, займаўся дызайнам асяроддзя, абсталявання, графічным дызайнам. Любіў праектаваць дамы, непадобныя на пабудовы-блізняты. Сярод работ — праекты дзіцячай школы мастацтваў у саўгасе «Днепра-Бугскі» Кобрынскага раёна, абсталявання для вучэбнай майстэрні малюнка і жывапісу, дзіцячага паркавага атракцыёну. Член Саюза дызайнераў Беларусі (1991).

Але настаў час перабудовы, скарачэння аб’ёмаў работ, колькасці іх выканаўцаў. Па гэтай прычыне Мікалай Новік пакінуў дызайнерскую справу і пераключыўся на маляванне. Быў паспяховым мастаком, пісаў карціны для вядомых людзей. Галоўным напрамкам у сваёй творчасці для Мікалая Аляксеевіча стаў рэалістычны беларускі пейзаж. «Натуру» ён знаходзіў у родных мясцінах, куды прыязджаў пры магчымасці. У творчых пошуках таксама аб’ездзіў усю Міншчыну. На яго карцінах і адзінокі апусцелы хутар у лесе, і вясковая хата, напалову засыпаная снегам пасля нядаўняй завірухі, і шэрыя свінцовыя аблокі над прыціхлай зямлёй, і дрэвы, чые ствалы перапляліся так, быццам зрабіў гэта нейкі злы волат... На большасці карцін, якія беражліва захоўваюцца ў архіве на камп'ютары мастака, — вёска. Мастак любіў сельскія матывы, часта паўтараў беларускія краявіды.

Карціны нашага земляка ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі ў многіх краінах свету: Англіі, Германіі, Канадзе, Польшчы, ЗША, Францыі і інш. Яго ведаюць і любяць у гарадах Харватыі, іх пажадаў набыць для сваёй уласнай калекцыі былы пасол Германіі. Асаблівы гонар мастака — карціна, набытая паслом Вялікабрытаніі для самой каралевы. Яе сюжэт — старая беларуская хатка патанае ў снезе, а ў акенцы гарыць агеньчык. Выстава работ Мікалая Новіка экспанавалася ў Цэнтральным Доме мастакоў у Маскве.

З 2007 г. Мікалай Аляксеевіч выкладаў дызайн у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ).

30 гадоў М. А. Новік з сям'ёй (жонкай Вольгай і трыма дачкамі) пражыў у Мінску. Пасля смерці жонкі, таксама мастачкі, Мікалай Аляксеевіч прыняў рашэнне пабудавацца на радзіме. Будаваць звычайны сельскі дом мастак-канструктар па адукацыі не планаваў, а ідэя з перавернутым асабняком даўно круцілася ў галаве аўтара.

Сёння Мікалай Аляксеевіч жыве ў родных Астромічах у доме, які пабудаваў сам. Яго дом — мясцовая славутасць, «перавернуты» катэдж. Дом у выглядзе вялікага белага ромба стаіць, абапёршыся на адну са сваіх граняў. Дом-ромб аўтар называе метэарытам, які ўразаецца ў зямлю.

22 верасня 2024 г. Астроміцкі ЦКіВЧ правёў для падлеткаў экскурсію «По осенним улицам нашей деревни». Удзельнікі сустрэліся з мастаком Мікалаем Аляксеевічам Новікам.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Імі ганарацца землякі : Новік Мікалай Аляксеевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 439–440.
  2. 65 гадоў з дня нараджэння М. А. Новіка (1959) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская РЦБС, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 130.
  3. Гром, А. Ежегодное чудо Ольги Новицкой и Николая Новика : [для творческой семьи Ольги Новицкой и Николая Новика подготовка к новому году – настоящий ритуал] / Анна Гром // Кобрынскі веснік. 2011. 1 января. С. 8.
  4. Березюк, Е. Живут в деревне чудаки : [о творческих жителях д. Остромичи, в т. ч. о художнике Николае Новике] / Евгения Березюк // Рэспублiка. 2010. 27 лістапада. C. 5.
  5. Хільчук, М. Сапраўдны мастак і дом будуе не так : [пра мастака Мікалая Новіка з в. Астромічы Кобрынскага раёна] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2003. 16 жніўня. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 56 разоў