Аўторак, 17 Снежань 2024 10:13

29 верасня 2024 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Веры Віктараўны Церахавай (1934), педагога, гісторыка, краязнаўца

Вера Віктараўна Церахава (у дзяцінстве Вера Георгіеўна Рубіс) нарадзілася 29 верасня 1934 г. у г. Пскове. Перад самай Вялікай Айчыннай вайной маці Веры з другім мужам, афіцэрам, выехала ў Брэст.

Восенню 1943 г. Веру з бабуляй Ксеняй фашысты вывезлі ў рабства ў Прусію, дзе яны працавалі ў немца-фермера, зведалі ўдосталь бяды і гора. Зусім маленькай дзяўчынкай магла стаць вязнем сумна вядомага дзіцячага канцлагера Саласпілс у Латвіі, але з групай дзяцей у апошні момант была выратавана праваслаўнай абшчынай і вывезена ва Усходнюю Прусію. Жылі на хутарах у гаспадароў аж да самага вызвалення. В. В. Церахава мае статус малалетняга вязня.

 

Пасля вызвалення ў 1944 г. Вера з бабуляй вярнуліся ў Пскоў. З маці сустрэлася ўжо пасля вайны, вясной 1945 г. у Брэсце. Маці выйшла замуж за былога партызанскага камісара Віктара Аляксеевіча Церахава, які Веру ўдачырыў. У 1946 г. В. А. Церахава пераводзяць на працу намесніка старшыні Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. У Баранавічах Вера скончыла сярэднюю школу № 1 (1953), паступіла на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

 

Пасля заканчэння вучобы Вера Церахава некаторы час выкладала гісторыю ў Славаціцкай сярэдняй школе, а з 1961 г. — у Магілявецкай школе Пружанскага раёна. Тут маладая настаўніца сустрэла свой лёс. Яе мужам стаў Сцяпан Сямёнавіч Крэчка, які 33 гады (1961–1994) узначальваў школу, стаў заслужаным настаўнікам БССР (1978). Сваёй прагай да вывучэння гісторыі, збіральніцтвам заразіла спачатку мужа, потым калег, вучняў.

 

Пад кіраўніцтвам Веры Віктараўны вучні запісвалі ўспаміны старажылаў, шукалі сведак, відавочцаў, удзельнікаў падзей, збіралі, абагульнялі, афармлялі сабраныя матэрыялы. Ездзілі на экскурсіі па ўсёй вялікай краіне, Брэсцкую крэпасць наведвалі кожны год. Са сваімі краязнаўцамі В. В. Церахава была на злётах і сходах у Брэсце, Баранавічах, Мінску, Маскве. Цяпер былыя выпускнікі заходзяць, не забываюць свайго педагога, тэлефануюць, прысылаюць паштоўкі.

 

Вера Віктараўна адпрацавала ў Магілявецкай сярэдняй школе 58 гадоў, на пенсію сышла ў 82 гады. У 1968 г. была дэлегатам з’езда настаўнікаў Беларусі. У 1968–1989 гг. — арганізатар пазакласнай выхаваўчай работы, у 1989–2004 гг. — сацыяльны педагог, да 2015 г. – бібліятэкар. Адзін з вынікаў яе работы ў школе – багаты гісторыка-краязнаўчы музей, якім можа ганарыцца не толькі школа, але і раён. Музей пачала збіраць, як толькі прыступіла да работы настаўніцай — напачатку 1960-х гг., адкрыўся музей у 1975 г. У экспазіцыі сабрана мноства арыгінальных экспанатаў, якія паказваюць мінулае рэгіёна: ад старажытных вякоў да нашага часу.

 

На працягу многіх гадоў энтузіясты-краязнаўцы праводзілі гутаркі, агітавалі мясцовых жыхароў прыносіць бабуліны запасы з куфраў і гарышчаў. Упор рабіўся не на этнаграфічны куток, хаця традыцыйныя жорны, збанкі і прасніцы тут маюцца. Гэта сапраўдны гісторыка-краязнаўчы музей: дакументы, унікальныя здымкі, эксклюзіўныя рэчы, фрагменты зброі.

 

Музейная экспазіцыя стваралася па прынцыпе паказу гістарычных падзей праз лёсы землякоў. На кожны перыяд альбо падзею знойдзены ўдзельнікі альбо сведкі з Магілёўцаў, Лыскава, Асошнікаў і іншых навакольных вёсак Ружаншчыны. Вялікая частка экспазіцыі прысвечана польскаму перыяду гісторыі краю. Асобны раздзел прысвячаецца асобе і творчасці польскага паэта Францішка Карпінскага (1741–1825), які жыў у гэтых мясцінах і пахаваны ў Лыскаве. Асобны стэнд адведзены актывістам КПЗБ і вязням польскага канцлагера ў Бярозе-Картузскай.

 

Самая аб’ёмная частка экспазіцыі прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікі вайны прадстаўлены не толькі ў фотаздымках і кароткіх біяграфічных звестках. Ёсць цэлая калекцыя пісьмаў з вайны, дакументаў, рэчаў франтавікоў, якія цяпер выглядаюць сапраўднымі рэліквіямі.

 

Вера Віктараўна вельмі радуецца, што створаны ёю музей жыве, развіваецца, запатрабаваны. Сюды прыходзяць вучні ўсіх класаў на тэматычныя ўрокі, на заняткі ў фармаце ШАГ (Школы актыўнага грамадзяніна). Прыязджаюць вучні іншых школ раёна.

 

Увесь час В. В. Церахава вядзе вялікую даследчую работу, друкуе краязнаўчыя нарысы ў раённай, абласной і іншых газетах. Добрых паўстагоддзя яна з’яўляецца пазаштатным аўтарам раённай газеты «Раённыя будні» (да 1991 г. — «Зара камунізму»). Асаблівай увагі заслугоўваюць такія гістарычныя нарысы, як «Пружаны», «Адкуль пайшлі Магілёўцы», «Лыскава праз шэсць стагоддзяў», «Ад Ружаны да Ружан: позірк праз стагоддзі», «Пясняр зялёных Магілёўцаў (да 110-годдзя з дня нараджэння Альбіна Дзяконскага)» і інш.

 

У 2019 г. выйшла кніга В. В. Церахавай «Отличный на Пружанщине народ! C глубокими корнями». У першай частцы кнігі расказваецца аб паходжанні прозвішчаў жыхароў Пружанскага раёна, звязаных са старажытнай гісторыяй, назвамі язычніцкіх багоў, міфалагічных істот, царкоўных тэрмінаў, рэлігійных традыцый. У другой частцы — аб паходжанні геаграфічных назваў населеных пунктаў Пружаншчыны, пачынаючы ад Аляксандраўкі і заканчваючы Ярашэвічамі.

 

У другой кнізе «Пружанщина. Путешествие к истокам» (2023) сабраны эксклюзіўны матэрыял пра вялікіх людзей, якія тут пэўны час жылі, працавалі, пра населеныя пункты, малавядомыя старонкі з гісторыі. У трэцяй кнізе «Пружаны. Основные даты и события» (2024) расказваецца пра самыя значныя з’явы ў гісторыі з першага года дакументальнага ўпамінання (1433).

 

В. В. Церахава ўзнагароджана ордэнам «Знак Почёта», медалямі «60 лет Победы в Великой Отечественной войне», «65 лет Победы в Великой Отечественной войне», Граматай Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам «Отличник народного образования», дыпломам лаўрэата II Рэспубліканскага конкурсу «Холокост. История. Современность», дыпломам фіналіста VII Міжнароднага конкурсу «Уроки войны и холокоста — уроки толерантности».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.

Казлоўская Надзея Анатольеўна,

бібліёграф ААіІ

 

Кнігі і артыкулы В. В. Церахавай

 

  1. Пружаны. Основные даты и события / Вера Терехова. – Минск : [б. и.], 2024. – 78, [1] с. – (Пружанам 590).
  2. Пружанщина. Путешествие к истокам / Вера Терехова. – Минск : [б. и.], 2023. – 129, [1] с.
  3. Отличный на Пружанщине народ! C глубокими корнями / Вера Терехова. – Минск : Б. и., 2019. – 247, [1] с.
  4. Фронт, бежанства і лёсы землякоў : да 110-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2024. 3 жніўня. С. 10.
  5. Святы Казімір – заступнік Ружан / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 27 верасня. С. 5.
  6. «Каменныя магілы» ля вёскі Шпакі / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 29 сакавіка. С. 8.
  7. Аптэка ў Лыскаве адзначыла 125-годдзе / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2022.12 лістапада. С. 19.
  8. Лыскава. Яўрэі. Халакост / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 20 лютага. С. 5.
  9. Ціхан Баран, маленькі беларускі Сусанін / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 13 лістапада. С. 11.
  10. «Не надо лезть без спросу в мою душу...» : [о творчестве поэта Валерия Ивановича Николаева из Ружан] / Вера Терехова // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 6 лістапада. С. 8.
  11. Вясна 45-га года, вясна адраджэння / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 8 мая. С. 6.
  12. Закон жыцця Міхаіла Шавеля / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 14 снежня. С. 5.
  13. Ружанскі танк-франтавік / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 30 чэрвеня. С. 11.
  14. Рускія пісьменнікі і Пружаншчына / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 6 студзеня. С. 18.
  15. Таварыш бацюшка : [пра айца Антонія Юшко ў гады Вялікай Айчыннай вайны] / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 22 чэрвеня. С. 4.
  16. Настаўнікаў мужныя сэрцы : настаўнікі Пружаншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 29 красавіка. С. 5.
  17. Як не тутэйшыя сталі тутэйшымі / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2014. 14 чэрвеня. С. 14.
  18. Сказание об исчезнувшем замке : [городище возле д. Мосевичи] / Вера Терехова // Беларуская думка. 1994. № 11. С. 72–76.

 

Аб жыцці і дзейнасці В. В. Церахавай

 

  1. Церахава Вера Георгіеўна (Віктараўна) // Здановіч, І. Ю. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння : грамадска-літаратурны даведнік / Іван Здановіч. Пружаны, 2008. С. 118–119.
  2. Крэчка, В. В. Шлях праз ваеннае ліхалецце / [Вера Віктараўна Крэчка (Церахава)] ; гутарыла Алена Смірнова // Раённыя будні. Пружаны, 2024. 10 красавіка. С. 5.
  3. Яскевіч, С. Справа жыцця : [пра школьны музей ў Магілёўцах, які быў створаны В. Церахавай, яе калегамі і аднадумцамі] / Святлана Яскевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2022. 13 ліпеня. С. 5.
  4. Яскевіч, С. Справа жыцця / Святлана Яскевіч // Звязда. 2022. 21 чэрвеня. С. 1, 5.
  5. Архуцік, М. Кніга для ўсіх : у Мінску выйшла кніга Веры Церахавай «Отличный на Пружанщине народ! С глубокими корнями» / Мікола Архуцік // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 27 лютага. С. 6.
  6. Церахава, В. «Не магу ні забыць, ні дараваць... : [да 85-гадовага юбілея педагог, журналістка, краязнавец В. В. Церахава расказвае пра сваё жыццё] / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 28 верасня. С. 5.
  7. Панюцiч, А. Выхоўвае школьны музей : [пра музей Магілявецкай сярэдняй школы, які стварыла і ўзначаліла настаўніца гісторыі В. В. Церахава] / Аляксандр Панюціч // Раённыя будні. Пружаны, 2007. 8 мая. C. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 26 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Снежань 2024 10:50