{gcontent}У дзяцiнстве была нямецка-фашысцкая акупацыя, беднасць беларускай вёскi. Пасля дзесяцігодкі паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1955 годзе. Марыў стаць следчым, але няўрымслiвасць, камунiкабельнасць спадабалiся кiраўнiцтву i маладога юрыста накiравалi на камсамольскую работу.
Працоўную дзейнасць пачаў інструктарам ЦК ЛКСМ Беларусі, затым працаваў кіраўніком лектарскай групы Гродзенскага абкама камсамола, першым сакратаром Навагрудскага РК ЛКСМБ, узначальваў Гродзенскую абласную камсамольскую арганізацыю. З 1961 па 1969 год працаваў сакратаром ЦК ЛКСМБ.
Ужо падчас працы ў камсамольскіх арганізацыях выявіўся талент А. М. Ваніцкага як выдатнага арганізатара, чалавека, які ўмее захапіць за сабой іншых, неабыякавага да праблем беларускай культуры. Будучы сакратаром ЦК ЛКСМБ, а пазней з 1969 па 1984 гады і намеснікам міністра культуры БССР, А. М. Ваніцкі асабіста зрабіў вельмі шмат для развіцця нацыянальнай культуры, падтрымкі таленавітай моладзі.
Усе свае лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці А. М. Ваніцкі праявіў на пасадзе старшыні прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, на якую ён нязменна абіраўся пачынаючы з 1984 года. Беларускае таварыства дружбы стала сапраўдным цэнтрам народнай дыпламатыі, дзякуючы якому ў шматлікіх замежных краінах з’явіліся сябры нашай рэспублікі. Арсеній Мікалаевіч пабываў на Кубе i ў Мексiцы, у Сальвадоры i Нiкарагуа, у Кувейце i Нарвегii, на Цэйлоне i ў Iсландыі, у Кітае і Ізраілі, Эфіопіі і на Мадагаскары. Беларускае таварыства дружбы пад кіраўніцтвам А. М. Ваніцкага праводзіла вялікую работу па аказанні гуманітарнай дапамогі людзям, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС.
Арсеній Мікалаевіч быў чалавекам, да якога заўсёды цягнуліся людзі таленавітыя, неабыякавыя да праблем роднай краіны, такія ж шчырыя і адкрытыя, як і ён сам. Ён імкнуўся дапамагчы кожнаму чалавеку, хто ў гэтым меў патрэбу. Не забываў малую радзіму, аказваў садзейнічанне мясцоваму калгасу, усяляк дамапагаў землякам.
Быў абраны ў склад шэрагу грамадскіх фарміраванняў Беларусі, у тым ліку член рэдкалегіі часопіса «Беларусь», газеты «Культура». Узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», шасцю медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь. У 1993 годзе Мiжнародны рэгістр зорак прысвоіў імя Арсенія Ваніцкага зорцы ў сузор’і Аўрыга. Заслужаны работнік культуры Рэспублiкi Беларусь з 1994 года.
Аўтар дзвюх кнiг публiцыстыкi “От сердца к сердцу” (1988), “На орбите народной дипломатии” (1992) i кнiгi ўспамiнаў “Адценнi жыцця” (2001).
19 студзеня 2001 года пасля цяжкай хваробы А. М. Ванiцкi пайшоў з жыцця. Пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.
У 2008 годзе на малой радзiме А. М. Ваніцкага – у Каўпеніцкім сельскім Савеце Баранавіцкага раёна – на будынку Дома культуры ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Вялеська Таццяна Славаўна, гал. бібліёграф
{/gcontent}
- Ванiцкi, А. М. Адценнi жыцця : роздум аб мiнулым i сучасным / А. М. Ваніцкі ; маст. рэд. Э. Э. Жакевіч. Мiнск : Чатыры чвэрці, 2000. 240 с.: іл.
- Ваницкий, А. Н. На орбите народной дипломатии / А. Н. Ваницкий. Минск : Беларусь, 1992. 79 с.
- Ваницкий, А. Н. От сердца к сердцу : [связи общественности Белоруссии с представителями зарубежных стран] / А. Н. Ваницкий. Минск : Беларусь, 1988. 70 с.
- Ваницкий Арсений Николаевич : [некролог] // Советская Белоруссия. 2001. 23 янв. С. 6.
- Ваницкий Арсений Николаевич // Кто есть кто в Республике Беларусь / В. В. Федосов и др. Минск : Завигар, 1999. 304 с.
- Баравікова, Р. Зоркавыя постаці ў інтэр’еры жыцця : літаратурная вандроўка з Яўгенам Коктышам, [фатографам; узгаданы А. Ванiцкi] / Раiса Баравікова // ЛіМ. 2011. 13 мая (№ 19). С. 4.
- Ваніцкі, А. Простыя людзі хутчэй знаходзяць агульную мову, чым афіцыйныя асобы : [гутарка са старшынёй БЕЛТД] / Арсенiй Ванiцкi ; гутарыла Л. Лахманенка // Звязда. 1995. 11 лют. С. 2.
- Лахманенка, Л. “Ажыўшыя старонкі” кнігі Арсена Ваніцкага : [аб прэзентацыi кнiгi А. Ванiцкага “Адценни жыцця”] / Леанiд Лахманенка // Звязда. 2001. 13 студз. С. 4.
- Цішук, Г. Імгенні жыцця : [пра кнігу А. М. Ваніцкага “Адценні жыцця”] / Глеб Цішук // Беларусь. Belarus. 2001. № 3. С. 41.
- http://agustin.by/434-vanitskij-arsenij-nikolaevich-nekrolog.html
- http://www.slounik.org/80025.html