Сваю прапіску экспазіцыя «Агоўскі куфэрак» атрымала невыпадкова. У першую чаргу гэта было прадыктавана неабходнасцю задзейнічаць тэрыторыю Ляскавіцкага сельсавета як турыстычнага аб’екта. Улічваючы наяўнасць памяшкання, было прынята рашэнне размясціць у ім экспазіцыю куфэркаў, шкатулак, скарбонак і дэкаратыўнага размаляванага посуду і прадоўжыць добрую справу нашых продкаў — выраб і роспіс куфэркаў, чым сёння займаюцца вучні і настаўнікі Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык выступіла ініцыятарам праекта па адраджэнні ўнікальнага промыслу — роспісу куфэркаў.
Агоўская размалёўка — від беларускай народнай творчасці, традыцыйнае аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздыкаў, тканін для ўпрыгожвання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава, Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага раёнаў Брэсцкай вобласці ў канцы ХIХ ст. – 1960-х гг. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Агоўскія куфры — вырабы народных майстроў з вёсак Агова, Опаль Іванаўскага, Крамно, Хомск Драгічынскага раёнаў. Промысел узнік у пачатку ХХ ст., найбольшага росквіту дасягнуў у 1950-я гг. Паводле канструкцыі куфры традыцыйныя: прамавугольная скрыня памерам прыкладна 6х110х80 см з пукатым векам, на чатырох металічных ці драўляных колцах, з дзвюма ручкамі па баках.
У 1920–1930-я гг. пярэдняя сценка і века набываюць багатую рознакаляровую расфарбоўку, якая звычайна выконвалася ў выглядзе свабоднай размалёўкі, часам пры дапамозе трафарэта. Плоскасць куфра падзяляецца на некалькі прамавугольнікаў, якія запаўняюцца расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе букетаў, вянкоў, гірляндаў, вазонаў, лісця, гронак ягад, калосся, фруктаў. Фон звычайна цёмна-зялёны (Агова) ці блакітны (Крамно). Фарбы яркія, інтэнсіўныя, без паўтаноў і пераходаў.
Кампазіцыі размалёўкі маюць сэнсавы падтэкст, які выражае добрыя запаветы і пажаданні, часта напісаныя на пярэдняй сценцы. Бакавыя і задняя сценкі размалёўваюцца фляндроўкай у выглядзе касой сеткі. Мужчыны выконвалі сталярныя работы, а жанчыны займаліся размалёўкай.
Промысел прыйшоў у заняпад у пачатку 1960-х гг. У 1970-я гг. адроджаны, у 1978 г. у в. Агова быў створаны філіял Брэсцкай фабрыкі сувеніраў. Традыцыі агоўскага роспісу працягвалі майстры Пінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Майстры-надомнікі выраблялі невялікія сувенірныя куфэркі, размаляваныя ў народных традыцыях. Яны экспанаваліся на многіх выстаўках народнага мастацтва ў Савецкім Саюзе і за мяжой. Агоўскія куфры ёсць у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі старажытна-беларускай культуры НАН Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту і інш.
Экспазіцыя ў Ляхавічах, прадстаўленая старадаўнімі куфрамі, з якіх самы старэйшы датуецца 1917 г., будзе рэгулярна папаўняцца іншымі вырабамі мясцовых умельцаў, а таксама навучэнцаў і выкладчыкаў Іванаўскай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна,
бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Раманюк, М. Ф. Агоўская размалёўка / М. Ф. Раманюк // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 79.
- Сахута, Я. М. Агоўскія куфры / Я. М. Сахута // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 79.
- Сахута, Я. М. Агоўская размалёўка / Я. М. Сахута // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2010. Т. 1. С. 44.
- Сахута, Я. М. Агоўскія куфры / Я. М. Сахута // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2010. Т. 1. С. 44–45.
- Сахута, Е. М. Оговская роспись / Е. М. Сахута // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 155.
- Оговская роспись // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 525.
- Сахута, Е. М. Оговские сундуки / Е. М. Сахута // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 525–526.
- Раманюк, М. Ф. Агоўская размалёўка / М. Ф. Раманюк // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 35.
- Сахута, Я. М. Агоўскія куфры / Я. М. Сахута // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 35–36.
- Агоўская куфры // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 2000. С. 540–541.
- Починова, Н. В. Белорусская народная декоративная роспись : учеб. пособие для уч-ся учрежд. проф.-тех. образования / Н. В. Починова. – Минск : Вышэйшая школа, 2005. – 175 с. : ил.
- Огово // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 797.
- Ізотава, Т. М. Маленькі даследчык : [аб даследчай рабоце Мацвея Жыдко «Агоўскія куфры»] / Т. М. Ізотава // Янаўскі край. Іванава, 2022. 4 лютага (№ 5). С. 6.
- Сыч, А. Агоўскі куфар : заняткі па адукацыйнай галіне «Выяўленчае мастацтва» (Маляванне) для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў) / Алена Сыч // Пралеска. 2020. № 11. С. 47–49.
- Климовец, Д. Где увидеть «Оговские куфры»? / Дарья Климовец // Янаўскі край. Іванава, 2020. 13 ноября (№ 46). С. 4.
- Кривецкая, Н. Филантроп из «Грифа», чудо в полене и молодовский Тесла / Наталья Кривецкая // Заря. 2020. 17 октября. С. 10–11.
- Городецкая, Я. Культура. Итоги года : [уникальную экспозицию «Агоўскі куфэрак» открыли в Ляховичах] / Янина Городецкая // Янаўскі край. Іванава, 2020. 21 лютага (№ 8). С. 7.
- Цалюк, А. Стваралі цуд на куфрах : [самабытная экспазіцыя куфэркаў, скрынак, скарбонак і дэкаратыўнага фарбаванага посуду і шмат усяго таго, што зроблена рукамі працавітых і нястомных жыхароў в. Агова, адкрылася ў Ляхавіцкім сельскім Доме культуры] / Анастасія Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2019. 20 снежня. С. 6.