Аўторак, 04 Люты 2025 15:04

10 чэрвеня 2024 г. — 30 гадоў з дня адкрыцця «Музейнай гасцёўні» (1994), філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей размешчаны ў гістарычным цэнтры г. Брэста ў двухпавярховым будынку, узведзеным у 1888 г., які вядомы сярод краязнаўцаў як «асабняк купца Арона Фогеля». Тут да Першай сусветнай вайны знаходзіліся гасцініца і тэатр. У 1990 г. будынак быў перададзены абласному краязнаўчаму музею, пачаўся капітальны рамонт, які ва ўмовах эканамічнага крызісу пасля разбурэння Савецкага Саюза працягваўся пяць гадоў.

Будынак музея мае недастатковую плошчу для размяшчэння экспазіцый, фондаў і калекцый, бібліятэкі і тэхнічных службаў. Часовыя выставы размяшчаюцца ў калідоры другога паверху. Складана праводзіць лекцыі і тэматычныя сустрэчы, бо адсутнічае актавая зала. У 1994 г. выйсце з сітуацыі знайшлі ў стварэнні выставачнай залы ў арандаваным памяшканні па вул. Пушкінскай, 38.

У 1987–2009 гг. дырэктарам музея працавала Таісія Мікалаеўна Новікава, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1999). З 1985 г. у музеі на пасадзе загадчыка навукова-асветніцкага аддзела працавала Таццяна Міхайлаўна Ходцава (1929–2021). Выпускніца гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1956) з 1956 г. жыла ў г. Брэсце, у 1957–1985 гг. працавала ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці.

Т. М. Ходцава стварыла філіял «Музейная гасцёўня», які быў урачыста адкрыты 10 чэрвеня 1994 г. Тут ладзіліся часовыя тэматычныя экспазіцыі, выставы мастакоў, адбываліся творчыя сустрэчы, літаратурна-музычныя вечары. На вернісажах часта выступалі навучэнцы Брэсцкага музычнага каледжа, што пераўтварала падзею ў прыгожы музычны вечар.

Першай тут была арганізавана персанальная выстава жывапісу брэсцкай мастачкі Настассі Фяцісавай «Міражы над старым Брэстам». На адкрыццё «Музейнай гасцёўні» і выставы прышлі мастакі, літаратары, педагогі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. З музычнымі нумарамі выступілі навучэнцы Брэсцкага музычнага каледжа, вакальны ансамбль «Мілавіца».

У рамках выставы 26 жніўня пачалі дэманстравацца 8 работ майстра Мікалая Валошчыка з г. Белаазёрска Бярозаўскага раёна «Лазапляценне». 1–25 верасня працавала выстава рэдкіх кніг з фондаў абласнога краязнаўчага музея і абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

Сумесна з абласным навукова-метадычным цэнтрам культуры 29 верасня адкрыта выстава самадзейных мастакоў вобласці, былі прадстаўлены работы 21 аўтара. 15–25 снежня дэманстравалася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў ПТВ-25 (швейнікаў) г. Брэста.

9 лютага 1995 г. — вернісаж Аксаны Гайдуковіч, студэнткі Беларускай акадэміі мастацтваў. 28 сакавіка пачала працаваць выстава жывапісу брэсцкага мастака Сяргея Камлюка. 15 чэрвеня — вернісаж выставы жывапісу Ігара Сідарэнкі і графікі Алены Сідарэнка, настаўнікаў брэсцкіх школ. 31 жніўня адкрыта выстава жывапісу выкладчыка дзіцячай мастацкай школы Аляксея Жарэлы, яго вучаніц Святланы Крэпскай і Вольгі Семянюк, жывапісу і графікі мастака-дызайнера АТ «Дываны Брэста» Ноны Жарэлы.

6 кастрычніка адбыўся вернісаж жывапісу і графікі Нілы Гарчанюк. Сумесна з вучнямі СШ № 20 праведзена літаратурная вечарына да 100-годдзя з дня нараджэння паэта Сяргея Ясеніна. З 26 кастрычніка дэманстравалася выстава «Ваенныя капеланы: 1914–1945 гг.» з фондаў Музея Войска ў г. Беластоку (Польшча). 18 снежня адкрыта абласная выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Таленты зямлі берасцейскай».

Аднак, «Музейная гасцёўня» праіснавала нядоўга — да студзеня 1996 г. У канцы лістапада 1995 г. было прынята рашэнне пасля навагодняга свята перанесці гасцёўню ў асноўны будынак музея, а на Пушкінскай арганізаваць музей прыроды Брэсцкага краю. Неўзабаве была створана пастаянная музейная экспазіцыя «Родная прырода», якая была адкрыта 19 сакавіка 1996 г. выставай аб сістэме аздараўлення Парфірыя Іванова, рускага падзвіжніка. Фармальна гасцёўня працягвала працаваць у асноўным будынку музея, але ўжо страціла прывабную ўтульную і сяброўскую атмасферу, назва «Музейная гасцёўня» болей не ўзгадвалася.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

  1. Фядосік, В. І. Брэсцкi абласны краязнаўчы музей / В. І. Фядосік // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 68.
  2. Брэсцкi абласны краязнаўчы музей // Музеi Беларусi = Музеи Беларуси : даведнiк. Мiнск, 2008. С. 134–139.
  3. Новікава, Т. М. Брэсцкi абласны краязнаўчы музей / Т. М. Новікава, В. І. Фядосік // Памяць. Брэст : гiст.-дакум. хронiка : у 2 кн. Мiнск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 611–612.
  4. Гомонов, И. Звезда пленительного счастья : [о вечере-чествовании научного сотрудника областного краеведческого музея Т. М. Ходцевой] / Иван Гомонов // Брестский курьер. 1999. 21 января. С. 3.
  5. Крейдич, М. Четверг. От Марии Крейдич : [о работе «Музейнай гасцёўні»] / Мария Крейдич // Вечерний Брест. 1996. 19 января. С. 8.
  6. Машнов, С. Секреты мастеров доступны каждому : [о выставке работ народных умельцев области в «Музейнай гасцёўні»] / С. Машнов // Заря. 1996. 4 января.
  7. Бунеева, Л. Сутана среди мундиров : [о выставке «Военные капеланы: 1914–1945 гг.» в «Музейнай гасцёўні»] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 1995. 2 ноября. С. 8.
  8. [Познакомить брестчан… : информация о выставке «Военные капеланы: 1914–1945 гг.» в «Музейнай гасцёўні»] // Вечерний Брест. 1995. 27 октября. С. 1.
  9. Сухапар. У. Чыталі ў гасцёўні «Русь кабацкую» : [інфармацыя пра вечар паэзіі С. Ясеніна ў «Музейнай гасцёўні»] / Уладзімір Сухапар // Чырвоная змена. 1995. 25 кастрычніка. С. 3.
  10. В Бресте отметили день рождения Сергея Есенина : [информация о вечере поэзии С. Есенина в «Музейнай гасцёўні»] // Брестский курьер. 1995. 12 октября. С. 2.
  11. [Кветкамі берасцейца Аляксея Жарэло… : інфармацыя аб выставе жывапісу ў «Музейнай гасцёўні»] // Вечерний Брест. 1995. 1 сентября. С. 1.
  12. [Іх злучыў мастацкі густ… : інфармацыя пра выставу Алены і Ігара Садарэнкаў у «Музейнай гасцёўні»] // Вечерний Брест. 1995. 23 июня. С. 1.
  13. Брэсцкая вобласць. [Выстава Аксаны Гайдуковіч у «Музейнай гасцёўні» г. Брэста] // Мастацта. 1995. № 5. С. 77.
  14. [Для Яна Кузьмицкого… : информация о выставке Яна Кузьмицкого в «Музейнай гасцёўні»] // Вечерний Брест. 1995. 19 мая. С. 1.
  15. Международный день музеев собирает друзей : [информация о выставке Яна Кузьмицкого в «Музейнай гасцёўні»] // Брестский курьер. 1995. 18 мая. С. 6.
  16. Кабяк, Э. Першая выстава : [інфармацыя пра выставу Аксаны Гайдуковіч у «Музейнай гасцёўні»] / Эдуард Кабяк // Літаратура і мастацтва. 1995. 17 сакавіка. С. 12.
  17. Кобяк, Э. Оксане – споем осанну : [информация о вернисаже выставки Оксаны Гайдукович в «Музейнай гасцёўні»] / Эдуард Кобяк // Знамя юности. 1995. 7 марта. С. 4.
  18. Кабяк, Р. [Мастачка Аксана Гайдуковіч у «Музейнай гасцёўні»] / Раман Кабяк // Чырвоная змена. 1995. 7 сакавіка.
  19. Дудзюк, З. Пад нязгаснаю паходняй : [пра выставу Аксаны Гайдуковіч у «Музейнай гасцёўні»] / Зінаіда Дудзюк // Народная трыбуна. 1995. 4 сакавіка.
  20. Знаёмцеся: старадаўнія кнігі : [выстаўка ў «Музейнай гасцёўні»] // Народная трыбуна. 1994. 29 кастрычніка.
  21. [Цікавую выставу старадаўніх кніг… : у «Музейнай гасцёўні»] // Рэспубліка. 1994. 22 кастрычніка. С. 8.ё
  22. Сухапар. У. Выстава выпускніцы : [пра выставу Нілы Гарчанюк у «Музейнай гасцёўні»] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна 1994. 15 кастрычніка. С. 4.
  23. Сухапар. У. «Выстава вельмі бадзёрыць» : [пра выставу самадзейных мастакоў вобласці ў «Музейнай гасцёўні»] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1994. 15 кастрычніка. С. 4.
  24. Озерский, Н. Краски чистых криниц : [о выставке работ самодеятельных художников области в «Музейнай гасцёўні»] / Н. Озерский // Брестский курьер. 1994. № 40. С. 9.
  25. Микрюков, А. Книг палата : [о выставке редких книг в «Музейнай гасцёўні»] / Александр Микрюков // Брестский курьер. 1994. 15–21 сентября (№ 37). С. 11.
  26. Выстава старадрукаў : [выстава кніг у «Музейнай гасцёўні»] // Народная трыбуна. 1994. 3 верасня.
  27. Король, В. Приглашает «гасцёўня» / В. Король // Заря. 1994. 27 августа.
  28. Пракаповіч, М. Горад наш і Настассі : [пра выставу жывапісу Настассі Фяцісавай у «Музейнай гасцёўні»] / Мікола Пракаповіч // Звязда. 1994. 17 жніўня.
  29. Кабяк, Э. Міражы старога Бярэсця : [інфармацыя пра выставу Анастасіі Фяцісавай у «Музейнай гасцёўні»] / Эдуард Кабяк // Літаратура і мастацтва. 1994. 1 ліпеня. С. 12.
  30. Лавринович, Н. Добрый вечер, город… Мой? : [о выставке работ Анастасии Фетисовой «Міражы над старым Брэстам» в «Музейнай гасцёўні»] / Н. Лавринович // Заря. 1994. 28 июня.
  31. Глущенко, Т. Погостите в глубине веков : [о выставке живописи Анастасии Фетисовой в «Музейнай гасцёўні»] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 1994. 17 июня.
  32. Александров, Н. В Бресте открылась «Музейная гасцёўня» : [в которой размещена выставка живописи Анастасии Фетисовой] / Николай Александров // Брестский курьер. 1994. 16 июня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 5 разоў Апошняя змена Аўторак, 04 Люты 2025 15:22