Аўторак, 04 Люты 2025 16:06

31 студзеня 2025 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Віктара Аляксеевіча Парыцкага (1925–2017), музыканта, хармайстра, дырыжора духавых аркестраў

Віктар Аляксеевіч Парыцкі нарадзіўся 31 студзеня 1925 г. у сяле Паланістае Галаванеўскага раёна Кіраваградскай вобласці Украінскай ССР. Ад бацькі пераняў любоў да музыкі, бацька вучыў яго іграць на скрыпцы, а Віктар самастойна асвоіў мандаліну, балалайку, гітару, духавыя інструменты.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1945–1977 гг. служыў у Савецкай арміі. З’яўляўся музыкантам, дырыжорам ваеннага аркестра. У складзе 148-га мотастралковага палка давялося прысутнічаць на выпрабаваннях атамнай бомбы ў час вайсковых вучэнняў на Тоцкім ваенным палігоне (1954). Служыў у г. Брэсце, дзе і застаўся жыць і працаваць пасля заканчэння службы (звольнены ў званні прапаршчыка).

У 1946 г. у Брэсце былі размешчаны 50-я стралковая, 33-я танкавая дывізіі і іншыя часці з штатнымі духавымі аркестрамі. У Брэсцкім гарнізоне было дзевяць ваенных духавых аркестраў, якія прымалі актыўны ўдзел у культурным жыцці горада і вобласці. У гарадскім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая працавалі два ваенныя аркестры: адзін на танцавальнай пляцоўцы, а другі — на канцэртнай.

Ужо як вопытны музыкант і дырыжор, В. А. Парыцкі закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча па дзвюх спецыяльнасцях: дырыжорска-харавое аддзяленне (1963) і аддзяленне духавой музыкі па класу габоя (1967). У 1977–2006 гг. працаваў вядучым метадыстам па музычна-інструментальнаму мастацтву ў Брэсцкім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы (з 1996 г. — Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр).

Пры яго непасрэдным удзеле былі прысвоены найменні «народны» і «ўзорны» больш чым 120 аматарскім калектывам, падрыхтаваны 3 ансамблі барабаншчыц, праведзены 17 абласных святаў-конкурсаў духавой музыкі. Член журы абласных, рэспубліканскіх фестываляў, аглядаў-конкурсаў. З 1956 г. у Брэсцкай вобласці пачалі праводзіць агляды-конкурсы і святы духавой музыкі, якія сталі традыцыйнымі. З імем В. А. Парыцкага звязаны новы этап у развіцці прафесійнага майстэрства аматарскіх духавых аркестраў вобласці.

Да В. А. Парыцкага ў Беларусі ніхто не практыкаваў з самадзейнымі калектывамі выконваць музычныя творы зводным духавым аркестрам, марш-парады не праводзіліся. Першым у рэспубліцы арганізаваў канцэрт зводнага духавога аркестра. Найбольшая нагрузка ў гэтым зводным аркестры была ўскладзена на духавыя аркестры Брэсцкага і Баранавіцкага музычных вучылішчаў. А базавым пры падрыхтоўцы дырыжораў да ўдзелу стаў ваенны аркестр Брэсцкага гарнізона, які дэманстраваў выкананне абавязковых твораў.

Сем разоў прымаў актыўны ўдзел у рэспубліканскіх масавых мерапрыемствах у якасці дырыжора зводнага духавога аркестра вобласці. Арганізатар семінара дырыжораў зводных духавых аркестраў рэспублік СССР на базе свята духавой музыкі Брэсцкай вобласці. Яго вопыт правядзення святаў духавой музыкі быў абагульнены і распаўсюджаны ў Савецкім Саюзе.

Духавы аркестр — важны фактар музычнай культуры. Традыцыі духавой музыкі, закладзеныя Віктарам Аляксеевічам на Брэстчыне, далі свой плён. З 1996 г. у г. Баранавічы пачаў праходзіць рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары», а з 2008 г. ён праводзіцца ў статусе міжнароднага.

Ініцыятар стварэння і адзін з першых дырыжораў Брэсцкага гарадскога духавога аркестра (1996), цяпер гэта Брэсцкі абласны канцэртны аркестр духавой і эстраднай музыкі пад упраўленнем В. Б. Коваля.

Віктара Аляксеевіча вельмі любілі ў раёнах, калі ён прыязджаў на прагляды аматарскіх калектываў. Цанілі яго прафесіяналізм, карэктныя настаўленні, універсальнасць. Ён быў не толькі духавіком, хармайстрам, але і іграў на многіх струнных інструментах. Любіў узяць балалайку і праспяваць прыпеўкі.

Узнагароджаны многімі медалямі, Ганаровымі граматамі рознага ўзроўню. У Брэсцкім АГКЦ былі праведзены творчыя вечары В. А. Парыцкага, прымеркаваныя да 80-годдзя (2005) і 90-годдзя (2015) музычнага дзеяча. Больш за 60 гадоў Віктар Аляксеевіч самааддана служыў музыцы і культуры Брэсцкай вобласці, пакінуў яскравы след у гісторыі музычнага мастацтва.

В. А. Парыцкі памёр 13 мая 2017 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

  1. Порицкий, В. А. Становление и развитие духовых оркестров в Брестской области / В. А. Порицкий ; ГУК «Брестский областной общественно-культурный центр» ; [ответственный за выпуск: С. В. Нестеренко ; редактор: И. В. Абакумова]. – Брест : [б. и.], 2012. – 23 с., включ. обложку. – Из содерж.: Об авторе. С. 3.
  2. Порицкий Виктор Алексеевич : [краткая биографическая справка] //  Атомные солдаты : книга памяти ветеранов подразделений особого риска Брестской области. Брест, 2014. С. 164.
  3. Порицкий, В. А. [Воспоминания прапорщика в отставке об учениях на Тоцком военном полигоне в 1954 г.] / В. А. Порицкий // Атомные солдаты : книга памяти ветеранов подразделений особого риска Брестской области. Брест, 2014. С. 94–95.
  4. Брестскому городскому духовому оркестру 10 лет. – Брест : Академия, 2006. – 23 с. : ил.
  5. Павлова, Л. Человек-оркестр : [о торжественном вечере к 80-летию брестского музыканта, дирижера духовых оркестров В. А. Порицкого] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. № 6. С. 3.
  6. Крейдич, М. По жизни с духовым оркестром : [о руководителе духового оркестра В. А. Порицком] / Мария Крейдич // Вечерний Брест. 1999. 2 октября. С. 8.
  7. Берасцень, С. Пленэр для духавых : [пра свята духавых аркестраў у Баранавічах] / С. Берасцень // Літаратура і мастацтва. 1996. 28 чэрвеня. С. 1, 10–11.
  8. Бунеева, Л. «Не надо цветов и оркестров!» – пела в Бресте Таня Буланова, а в нашей мэрии сказали: «Надо!» : [о городском духовом оркестре] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 1996. 9 мая. С. 8.
  9. Беркут, О. Май, цветы и медные трубы… : [о фестивале духовой музыки в Бресте] / О. Беркут // Вечерний Брест. 1993. 7 мая. С. 1.
  10. Архипова, А. По главной улице с оркестром : [о празднике духовой музыки в Бресте] / Ада Архипова // Заря. 1993. 4 мая.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 36 разоў Апошняя змена Аўторак, 04 Люты 2025 16:15