Генерал А. П. Тармасаў неаднойчы выказваў пажаданне ўвекавечыць памяць пра тутэйшую бітву — адну з першых у вайне 1812 г. Расійскім урадам гэта было даручана мясцоваму землеўладальніку Брунану Пуслоўскаму (1768–1832), які стаў фундатарам пабудовы царквы.
Першапачаткова храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы меў выгляд вялізнага свірна, ні купала, ні званіцы не было. Верагодна, царква спачатку была пабудавана як уніяцкая. Дакладных звестак пра гэта няма. Вядома, што першым настаяцелем яе быў Андрэй Кургановіч, які перайшоў з уніяцтва ў праваслаўе толькі ў 1838 г. Ён устанавіў у храме першы іканастас — простую драўляную раму, зацягнутую тканінай, з прымацаванымі абразамі Спасіцеля і Божай Маці.
Паступова ішло дабудоўванне храма і развіццё прыхода. У 1884 г. на ахвяраванні прыхаджан пры настаяцелі Віктару Ральцэвічу быў пабудаваны жылы дом для святара, свіран, хлебная адрына, а таксама дом для псаломшчыка. Прыкладна ў 1900 г. усе яны былі заменены новымі на сродкі казны. У 1901 г. пачынаецца збор ахвяраванняў на капітальны рамонт царквы, які быў праведзены ў 1903–1904 гг. Згодна з праектам рамонту, была ўладкавана новая званіца, перароблены вокны, уладкаваны сляпы купал. Храм набыў сучасны выгляд. 12 калон (2 пры ўваходзе і 10 унутры) у ім сімвалізуюць 1812 г.
Храм узведзены з цэглы, атынкаваны. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам пад 2-схільнаым дахам. Надбудавана чацверыковая званіца з купальным пакрыццём і макаўкай. Такім жа пакрыццём завершаны 8-гранны барабан, узведзены па цэнтры даху. Галоўны ўваход вырашаны накладным пілястравым порцікам з 3-вугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах.
У габарыты малітоўнай залы за кошт бакавых рызніц упісана прамавугольная апсіда. Чатыры пары слупоў падтрымліваюць светлавы барабан. Пры ўваходзе — хоры на дзвюх калонах.
У 1921 г. польскія ўлады хацелі перадаць царкву 29-ці каталіцкім сем’ям, але 3 тыс. праваслаўных гэта палічылі несправядлівым, хадайнічалі аб рэгістрацыі самастойнага праваслаўнага прыхода. Да 1925 г. прыход меў добраўпарадкаваны храм, дом для святара, халодныя пабудовы, 90 дзесяцін зямлі. 3 тыс. душ праваслаўнага насельніцтва акармляў святар Іосіф Марушковіч. У 1944 г. царкву моцна пашкодзілі нямецка-фашысцкія акупанты.
У час ваяўнічага атэізму многія храмы былі зачынены. 6 лютага 1963 г. Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце Міністраў СССР дазволіў зняць з рэгістрацыі прыход у Гарадзечна, Спаса-Пакроўская царква была зачынена. Нейкі час будынак выкарыстоўваўся пад калгаснае збожжасховішча, пад школьную спартыўную залу. Паступова прыйшоў у заняпад: дах праржавеў і разбурыўся, каменная агароджа была разабрана, з чатырох каменных слупоў, якія падпіралі скляпенні, застаўся толькі адзін.
У 1990 г. царква была вернута праваслаўным. Дзякуючы намаганням ураджэнца гэтых мясцін гісторыка Леаніда Міхайлавіч Несцерчука і пры падтрымцы грамадскасці і мясцовых уладаў пачалася рэстаўрацыя храма. Захаваліся гістарычныя дакументы, таму храм быў адноўлены ў тым выглядзе, якім быў напачатку ХХ ст. Праект аднаўлення выканаў брэсцкі архітэктар Рыгор Рыгоравіч Будзько (1933–2017), рэстаўрацыйныя працы здзейсніла брыгада з Валыні. 12 кастрычніка 1991 г. царкву асвяціў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін.
Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Гарадзечна адносіцца да Пружанскага благачыння Брэсцкай епархіі. Прастольнае свята — 14 кастрычніка. Першым настаяцелем адбудаванага храма служыў іерэй Аляксандр Уладзіміравіч Крэчко. З 2012 г. настаяцелем з’яўляецца іерэй Георгій Станіслававіч Хадыніцкі. З 2021 г. да прыхода аднесены новапабудаваны храм у гонар іконы Прасвятой Багародзіцы «Спаручніца грэшных» у в. Шчарчова. Асвячэнне яго адбылося 11 снежня 2021 г. архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам.
Непадалёк ад Гарадзечна, ва ўрочышчы Высокая Гара каля в. Паддубна, у 1912–1914 гг. была пабудавана з цэглы капліца ў памяць Гарадзечанскай бітвы 1812 г., асвечаная ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Сродкі на будаўніцтва капліцы сабралі мясцовыя жыхары, земскі сабор і афіцэры. У Вялікую Айчынную вайну капліца была разбурана. Адноўлена ў 1992–1994 гг. на дзяржаўныя сродкі. Уваходзіць у склад прыхода Свята-Пакроўскага храма в. Гарадзечна. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000631).
Свята-Пакроўская царква ў в. Гарадзечна – помнік архітэктуры позняга класіцызму. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000607).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М.Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна,
бібліёграф АаіІ
- Городечненская Покровская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 289.
- Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы : [в. Гарадзечна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 113–114.
- Свята-Пакроўская царква : [в. Гарадзечна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 54.
- Церковь Покрова Пресвятой Богородицы : [д. Городечно]. Часовня : [д. Поддубно]. Церковь иконы Пресвятой Богородицы «Споручница Грешных» : [д. Щерчово] // Храмы Брестчины / составитель Наталья Васюк. Брест : ООО «РИА «Вечерний Брест», 2024. С. 170.
- Городеченская Свято-Покровская церковь : [д. Городечно] // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 56.
- Городеченская Свято-Покровская церковь : [д. Городечно] // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 146.
- Покровская церковь : [д. Городечно] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 363.
- Пакроўская царква : [в. Гарадзечна] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 321.
- Капліца ў імя святога дабравернага княза Аляксандра Неўскага : [в. Паддубна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 310.
- Гарадзечна // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 501.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. – Са зместу: Гарадзечна. С. 298, 307, 314.
- Несцярчук, Л. М. Гарадзечна: матэрыяльная і духоўная спадчына : гісторыка-архітэктурны нарыс / Л. М. Несцярчук. Брэст : Тэхнічны цэнтр-88, 1997. С. 9–10.
- Несцярчук, Л. М. Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам / Л. Несцярчук. – Брэст : Паліграфіка, 2012. – 319 с. : іл.
- Антонаў, В. В. Гарадзечанская бітва 1812 / В. В. Антонаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 472.
- Сядова, І. Пад светлым покрывам Багародзіцы : 14 кастрычніка 1825 года была асвечана царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в. Гарадзечна, узведзена ў памяць Гарадзечненскай бітвы / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2022. 22 кастрычніка. С. 11.
- Несцярчук, Л. Праз 30 гадоў пасля адраджэння : 30-годдзе з дня аднаўлення і новага асвячэння Гарадзечненскай Свята-Пакроўскай царквы, узведзенай у 1825 годзе / Леанід Несцярчук // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 23 кастрычніка. С. 11.
- Зялевіч, А. Іерэй Георгій Хадыніцкі: «Палівайце сад сваёй душы...» : [пра настаяцеля Свята-Пакроўскага храма ў в. Гарадзечна іерэя Георгія Хадыніцкага] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2019. 21 верасня. С. 11.
- Каляда, Г. Гучаць Пакроўскія званы : Свята-Пакроўская царква ў в. Гарадзечна адзначыла 15-годдзе другога свайго нараджэння / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2006. 18 кастрычніка. C. 2.
- Каляда, Г. Перазвонам храм абвясціў пра юбілей : 180 гадоў Свята- Пакроўскай царкве ў в. Гарадзечна / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2005. 22 кастрычніка. C. 1.
- Кабяк, Э. Помнік-капліца : [адноўлена капліца, прысвечаная падзеям 1812 г. ля в. Гарадзечна Пружанскага раёна] / Эдуард Кабяк // Народная газета. 1994. 25 кастрычніка. С. 2.
- Каляда, Г. Над памяццю гамоняць сосны : [пра ўрачыстае адкрыццё адноўленай капліцы ля в. Гарадзечна, прысвечанай памяці загінулых у вайне 1812 г.] / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 1994. 22 кастрычніка.
- Духоўныя скарбы : [у в. Гарадзечна Пружанскага раёна адноўлена Свята-Пакроўская царква] // Народная трыбуна. 1991. 2 лістапада. С. 5.
- [Журналістам «Зари»… : аб аднаўленні Свята-Пакроўскай царквы ў в. Гарадзечна Пружанскага раёна] // Заря. 1991. 11 октября.