Серада, 19 Люты 2025 11:42

2025 г. — 500 гадоў з часу выдачы каралевай Бонай Сфорца граматы пінскаму мастаку Навошы (1525), ураджэнцу г. Давыд-Гарадка

У пачатку ХVI ст. у Давыд-Гарадку ўзнік новы від рамяства — вытворчасць высакароднага царкоўнага ўбранства. Вырабы мясцовых майстроў сталі шырока вядомы, з’яўляліся заказчыкі з іншых месцаў, горад стаў цэнтрам царкоўнага мастацтва своеасаблівага палескага накірунку.

Пінск у гэты час быў буйным горадам, адным з паважаных цэнтраў праваслаўя. У ім мелася 15 цэркваў, 2 манастыры і кляштар францысканцаў з касцёлам. Тут знаходзіўся палац пінскага князя Фёдара Іванавіча Яраславіча (1463–1521), які быў прыхільнікам праваслаўнага мастацтва, заахвочваў творчымі заказамі таленавітых майстроў.

Адным з прыдворных майстроў князя быў жывапісец Нявон Навоша, верагодна, ураджэнец Давыд-Гарадка. Звесткі пра яго вельмі сціплыя, гады жыцця — невядомыя. Свабодны рамеснік Навоша працаваў у Давыд-Гарадку, потым у Пінску. Распісаў княжацкі палац у Пінскім замку, насценным роспісам упрыгожыў цэрквы горада, выконваў заказы мясцовага магнацтва.

Князь Фёдар Яраславіч шчодра ўзнагародзіў мастака, надзяліў яго маёмасцю (як рыцара шляхты). Мастак меў двор у Пінску, а таксама два зямельныя надзелы за ваколіцай горада. Па тагачаснай шчыльнасці гарадской забудовы выкраіць участак у горадзе было не проста, але для Навошы гэта было зроблена. Яго сядзіба мясцілася непадалёк ад Ануфрыеўскай царквы, на правым беразе Піны, ля замка, побач з дваром гарадскога старасты Івана Падэбскага.

Пасля смерці князя Фёдара Яраславіча гаспадыняй усяго ўладання стала каралева Бона Сфорца (1494–1557). Тут яна ўстанавіла свае парадкі, на гэтых землях праходзіла яе рэфарматарская дзейнасць, а Пінск быў яе галоўнай рэзідэнцыяй, пераўтварыла Пінскае княства ў Пінскае староства. Каралева Бона любіла мастацтва, хутка пазнаёмілася з усімі майстрамі, апекуном якіх быў князь Фёдар. Адным з такіх майстроў быў Нявон Навоша.

Відавочна, у Навошы ўзніклі нейкія праблемы з мясцовымі ўладамі (магістратам) аб яго праве на валоданне дараванымі сядзібамі, і ён звярнуўся да сваёй гаспадыні. Каралева замацавала сваёй граматай саюз улады і мастака, каб і нашчадкі Навошы служылі сваёй творчасцю каралеве і яе нашчадкам. У грамаце, якая захавалася да нашага часу, запісана:

«Навоша, малер наш пнешский поведал, што князь Федор Иванович Ярославич дал ему два дворищи в селе нашом в Серниках (…), а еще дал ему двор в месте нашом Пинском (…) на што он и лист князя Федоров нам вказывал и бил нам челом, ему на то дали наш лист и то ему нашым листом подтвердили (…) бачачы того ремесника нам к месту нашому быть потребного и пожиточного тые две приречные дворища и двор (…) ему самому, и его жене, и детям их и потомках их (…) абы он и его дети и его потомкове нашым потомкам служили тою службою малерскою (…) Дано в Кракове 1525 году 20 апреля от Божьего народжения».

Каралева Бона была даволі супярэчлівай асобай. Вельмі багатай, але скупой – судзілася за кожны кавалачак зямлі. А вось Навошы аддавала тры сядзібы. Захавалася легенда аб тым, што таленавіты гарадзецкі мастак знаходзіўся ў даволі блізкіх адносінах з самой каралевай.

У 1552 г. пераглядаліся дакументы на землекарыстанне. Навошы ўжо не было ў жывых. Каралеўскую грамату прад’явіў яго сын Міхно Навошыч, які бацькоўскага рамяства «не вмел». Каралевы Боны ўжо не было ў княстве, але аўтарытэт яе дапамог нашчадку Навошы захаваць маёмасць.

Беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг Iсак Абрамавіч Сербаў (1871–1943) падарожнічаў па Палессі з мэтай збору матэрыялаў па этнаграфіі і вуснай народнай творчасці. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на Давыд-Гарадок. Вучоны прыйшоў да высновы, што на Палессі ўсе крыжы і іконы старажытнай вытворчасці зроблены менавіта ў Давыд-Гарадку. Аб гэтым ён напісаў у сваёй абагульняючай працы «Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг.» (1914).

Беларуская іканапісная школа ўзнікла напачатку ХVI ст. – як раз пры жыцці і творчай дзейнасці Навошы. Склалася на аснове традыцый візантыйскага і старажытна-рускага мастацтва пад уплывам ідэй Адраджэння. Творы вызначаюцца вернасцю канону, умоўнасцю і сімвалізмам выяўленчай мовы, характэрнасцю тыпажу, шырокім выкарыстаннем этнаграфічных элементаў, імкненнем адлюстраваць навакольную рэчаіснасць. Адметная рыса беларускіх абразоў – узорыстасць, багатая і разнастайная арнаментоўка, разны раслінны арнамент фону, мажорнасць агульнага эмацыянальнага ладу. У творах пачатку ХVI ст. спалучаюцца асноўныя рысы сярэдневяковага мастацтва з элементамі Рэнесанса: светлы каларыт, арнаментыка, якая памагае выявіць аб’ём, лірычнасць вобразнага ладу.

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца знойдзены ў Прачысценскай царкве в. Дубенец Столінскага раёна абраз «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская». Створаны ў ХVI ст., магчыма, рукой Навошы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,

загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

  1. Навоша // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 107.
  2. Навоша // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 739.
  3. Навоша // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 446.
  4. Навоша // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 441.
  5. Навоша // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 359.
  6. Спірыдонаў, М. Ф. Бона Сфорца / М. Ф. Спірыдонаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 55–56.
  7. Шэлехаў, М. У. Мастак і каралева / М. У. Шэлехаў // Давыд-Гарадок. Час і людзі / М. У. Шэлехаў. Брэст, 2000. С. 110–128. Са зместу: [Навоша]. С. 116–121.
  8. Шэлехаў, М. У. У складзе Вялікага Княства Літоўскага / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 54–56.
  9. Шэлехаў, М. У. Століншчына ў ХVI–ХVІІІ стагоддзях : сацыяльна-рэлігійнае жыццё. Культура / М. У. Шэлехаў // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 68.
  10. Грушевский, А. С. Каралева Бона і Пінск / А. С. Грушевский // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка, Мінск, 1998. С. 65–69.
  11. Іканапіс і алтарны жывапіс Беларусі ХVI – пачатку ХIХ стагоддзя : [альбом-катпалог / аўтар ідэі і кіраўнік праекта У. І. Пракапцоў]. – Мінск : Беларусь, 2021. – 271 с. : іл.
  12. Флікоп-Світа, Г. А. Беларускі іканапіс ХVI – першай паловы ХХ ст. : альбом / Г. А. Флікоп-Світа. – Мінск : Беларуская навука, 2019. – 364 с. : іл.
  13. Высоцкая, Н. Ф. Іканапіс Беларусі ХV–ХVІІІ стагоддзяў / аўтар тэксту і складальнік Н. Ф. Высоцкая. – Мінск, 1992.
  14. Карпенка, А. У. Беларуская іканапісная школа / А. У. Карпенка // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 554–555.
  15. Вецер, Э. І. Беларуская іканапісная школа / Э. І. Вецер // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 337–338.
  16. Салаўчук, Ю. С. Іканапіс Беларускага Палесся ў ХVI ст. / Ю. С. Салаўчук // Традиции и новации: культура, общество, личность : сборник трудов Международной научно-практической конференции. Брест, 2016. С. 104–106.
  17. Сербов, И. А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. / И. А. Сербов. – Вильна, 1914.
  18. Дранько-Майсюк, Л. Каралева Бона любіла мёд : [верш] / Леанід Дранько-Майсюк // Кніга для спадарыні Эл : проза, вершы, п’еса / Леанід Дранько-Майсюк. Мінск, 2012. С. 108.
  19. Дранько-Майсюк, Л. Горад Боны і Давыда : альбомная проза / Леанід Дранько-Майсюк // Дзеяслоў. 2009. № 1. С. 54–58.
  20. Лазіцкі, А. Навоша, маляр наш пінскі… / Л. Лазіцкі // Літаратура і мастацтва. 1969. 6 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 14 разоў Апошняя змена Серада, 19 Люты 2025 12:02