Гісторыю Давыд-Гарадка вывучалі археолагі, архівісты, этнографы, краязнаўцы. У СШ № 2 працаваў былы партызан і франтавік, настаўнік гісторыі, дырэктар у 1962–1986 гг. Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў (1926–2015), які сабраў шмат звестак аб мінулым горада, аўтар многіх артыкулаў у перыядычным друку, кнігі «Давыд-Гарадок. Час і людзі» (2000).
У СШ № 2 з верасня 1963 г. працуе гісторыка-краязнаўчы музей, дзе накоплены багаты экспазіцыйны матэрыял аб гісторыі роднага краю і горада. Ёсць звесткі аб гераічнай барацьбе партызанскіх атрадаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Заслужаная настаўніца БССР Ніна Аляксандраўна Шэлехава (1929–2017) актыўна вяла пошукавую работу, па яе ініцыятыве каля брацкай магілы воінаў і партызан устаноўлена мемарыяльная дошка з імёнамі пахаваных.
Краязнаўца Мікалай Паўлавіч Бразоўскі, былы дырэктар электрамеханічнага завода, сабраў цікавую этнаграфічную калекцыю, стаў заснавальнікам і першым загадчыкам грамадскага музея гісторыі Давыд-Гарадка. Музей быў заснаваны ў 1995 г. пры Давыд-Гарадоцкім гарадскім Доме культуры. Адкрыты 23 лютага 2001 г. у двух пакоях будынка Дома дзіцячай творчасці (вул. Юрчанкі, 11), які быў узведзены ў 1908 г. для народнага вучылішча.
Захавальнік фондаў і экскурсавод М. П. Бразоўскі вёў значную асветніцкую работу. Музей працаваў тры дні на тыдзень. Прыходзілі групы школьнікаў з розных школ раёна, прыязджалі аўтобусамі арганізаваныя турысты. Па замове праводзіў экскурсіі на археалагічны помнік «Замкавая гара» да памятнага знака «Отсюда есть пошел городок Давыда. ХII век», па гістарычным цэнтры горада, дзе месціцца мураваная царква Казанскай іконы Божай Маці (1913), капліца Аляксандра Неўскага (1906), помнік князю Давыду (2000), крыху далей, за возерам Сежка, — помнік народнага драўлянага дойлідства Георгіеўская (Юр’еўская) царква (1724), за ракой Гарынь, ля СШ № 1, — да помніка загінуўшым воінам і партызанам. Грамадскаму музею гісторыі Давыд-Гарадка 5 кастрычніка 2004 г. было прысвоена ганаровае найменне «народны».
У 2017 г. Давыд-Гарадок рыхтаваўся да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі». У сувязі з перадачай будынка пад размяшчэнне гарвыканкама, музей часова спыніў сваю дзейнасць. Новае жыццё музея горада пачалося пасля рашэння перадаць яго ў якасці філіяла Столінскаму раённаму краязнаўчаму музею. Дырэктар раённага музея Святлана Паўлаўна Вярэніч разам з супрацоўнікамі правяла вялікую работу па напісанні канцэпцыі, стварэнні экспазіцыі філіяла. Музею Давыд-Гарадка быў перададзены будынак па вул. Яраслаўскай, 2. Пасля рамонту тут з’явілася экспазіцыйная плошча 81 кв. м.
4 красавіка 2018 г. была ўрачыста адкрыта другая экспазіцыя музея гісторыі горада Давыд-Гарадка. У музеі тады знаходзілася 1,2 тыс. экспанатаў, з іх некаторая частка была сюды перададзена з фондаў раённага музея. Першым малодшым навуковым супрацоўнікам (загадчыкам) была Кацярына Вальдэмараўна Казлоўская, выпускніца Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці «музейная справа». З верасня 2019 г. — Таццяна Алегаўна Шыкунец. З 2021 г. — Сяргей Гаўрылавіч Кулага.
Экспазіцыя размешчана ў трох залах. Першая зала раскрывае фрагменты вытокаў існавання Давыд-Гарадка. У вітрыне знаходкі з раскопак гарадзішча, якія правёў у 1967 г. археолаг Інстытута гісторыі АН БССР Пётр Фёдаравіч Лысенка. Экспануюцца копіі дакументаў і інвентароў Давыд-Гарадоцкага замка ХVІІ ст., карты ХIХ–ХХ стст., вырабы рамеснікаў ХVІІ–ХVІІІ стст., выява герба горада 1796 г. (на яго аснове ў 1997 г. зацверджаны сучасны герб), прадметы местачковай культуры ХІХ – пачатку ХХ стст.
Другая зала распавядае пра жыццёвы і творчы шлях давыд-гарадоцкіх літаратараў: празаіка, драматурга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996) Георгія Марчука (1947–2023), празаіка, публіцыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1998) Уладзіміра Глушкова, паэта Леаніда Дранько-Майсюка, паэта, кінасцэнарыста, журналіста Міхаіла Шэлехава. Знаёміць з творчасцю майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Канстанціна Казёлкі (1915–1991), майстра дэкаратыўнага роспісу Дзмітрыя Цубера (1939–2022).
У экспазіцыі трэцяй залы сабраны работы мясцовых мастакоў: заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Уродніча, Анатоля Концуба, Аляксандра Харашуна, Валянціны Ціхан.
Фонды музея пастаянна папаўняюцца манетамі, кнігамі, дакументамі, фатаграфіямі і іншымі прадметамі, якія прыносяць у дар неабыякавыя гарадчукі. Музей арганізуе часовыя выставы, праводзіць музейна-педагагічныя заняткі для вучняў школ раёна, удзельнічае ў культурна-асветніцкай акцыі «Ноч музеяў».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Давыд-Гарадок // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 577–579.
- Давыд-Гарадок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 189.
- Ганаровыя грамадзяне г. Давыд-Гарадка : Бразоўскі Мікалай Паўлавіч : [ініцыятар стварэння музея гісторыі Давыд-Гарадка] // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 499.
- Шэлехаў, М. Давыд-Гарадок. Час і людзі / Міхаіл Шэлехаў ; [прадмова П.Лысенкі]. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с., [8] л. іл.
- Шелехов, М. В. Забытое княжество Городецкое / М. В.Шелехов // Деды : дайджест публикаций о белорусской истории. Минск, 2012. С.135–145
- Шэлехаў, М. Забытае княства / Міхаіл Шэлехаў // Берасцейскія карані ’98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С.140–159.
- Міцкевіч, М. Раніца Гарыні : [вучні Арлоўскай СШ наведалі музей гісторыі Давыд-Гарадка] / Марыя Міцкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2023. 3 сакавіка. С. 12.
- Кулага, С. 17 сентября: экскурс в прошлое : [о значении присоединения Западной Белоруссии к БССР в 1939 г.] / Сергей Кулага // Навіны Палесся. Столін, 2021. 3 верасня. С. 9.
- Кулага, С. Партизанское движение и антифашистское подполье на территории Столинского и Давид-Городокского районов в 1941–1944 гг. / Сергей Кулага // Навіны Палесся. Столін, 2021. 13 ліпеня. С. 4.
- Кобец, М. О чем расскажет история... : [открылся музей истории города Давид-Городка – филиал Столинского районного краеведческого музея] / Мария Кобец // Заря. 2018. 12 апреля. С. 14.
- Мельнік, Г. Музей – сэрца горада : [у Давыд-Гарадку адчыніў свае дзверы музей гісторыі горада] / Ганна Мельнік // Навіны Палесся. Столін, 2018. 6 красавіка. С. 4.
- Козлович, В. Историческое новоселье : [сегодня открыт музей истории г. Давид-Городка] / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2018. 4 апреля. С. 8.
- Раманенка, Л. Музей у пагарынскай Венецыi... : [пра музей гісторыі г. Давыд-Гарадка] / Леанiд Раманенка // Культура. 2005. 5–11 лiстапада (№ 45). С. 12.
- Раманенка, Л. Руплiвец духоўнай культуры горада Давыда : [пра малодшага навуковага супрацоўнiка народнага музея гiсторыi г. Давыд-Гарадка М. П. Бразоўскага] / Леанiд Раманенка // Навiны Палесся. Столiн, 2005. 9 верасня. С. 3.