Пасля Вялікай Айчыннай вайны сям’я пераехала ў Целяханы, гэта за 12 км ад роднай вёскі. Сямігадовы хлопчык пазнаёміўся з суседкай, якая ўмела пісаць простыя пейзажы алейнымі фарбамі. Паступова і сам прызвычаіўся да малявання. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, куды паступіў з першай спробы і якое скончыў у 1963 г. Вучылішча рыхтавала настаўнікаў малявання і чарчэння для школ, мастакоў-афарміцеляў, скульптараў.
У час вучобы ў вучылішчы яму пашчасціла пазнаёміцца з рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута П. В. Масленікавым, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, кандыдатам мастацтвазнаўства. Мастак-педагог адабраў сем найбольш таленавітых навучэнцаў, адным з якіх быў і Марат Клімаў. У 1963–1968 гг. ён вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на мастака-манументаліста. Яго педагогамі былі народныя мастакі Беларусі А. М. Кішчанка, Г. Х. Вашчанка, М. В. Данцыг.
Працоўную дзейнасць Марат Клімаў пачаў у 1968 г. выкладчыкам малюнка і жывапісу на кафедры архітэктуры Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. У 1969 г. перайшоў на Брэсцкі камбінат «Мастацтва», працаваў мастаком-манументалістам ў жанры вітража, мазаікі, манументальнай размалёўкі. З 1977 г. член Саюза мастакоў СССР (Беларускага саюза мастакоў), актыўна ўдзельнічаў у рабоце абласной арганізацыі, у 1983–1989 гг. быў старшынёй мастацкага савета.
З 1968 г. удзельнічаў у абласных, рэспубліканскіх, замежных і міжнародных мастацкіх выставах: ва Усесаюзнай выставе маладых мастакоў у Маскве (1972), у групавой выставе беларускіх мастакоў у Любліне (Польшча, 1973), рэспубліканскай выставе «30 год Вялікай Перамогі» (1975) і інш. Правёў персанальныя выставы ў г. Брэсце (1990, 2000, 2005). У 2015 г. у Мінску прайшла персанальная выстава М. Р. Клімава, прымеркаваная да 45-годдзя творчай дзейнасці. 1 ліпеня 2015 у выставачнай зале Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра адкрылася персанальная выстава твораў М. Р. Клімава, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння. У студзені 2016 г. была арганізавана персанальная выстава «Палескія матывы» ў Драгічынскім гарадскім Доме культуры, на якой прадстаўлены 32 карціны.
Стварыў шмат манументальных работ для розных прадпрыемстваў (у тым ліку і сумесна з мастаком Уладзімірам Аляксандравічам Нікалаевым (1939–1997)): вітражы для Брэсцкага музычнага вучылішча, кінатэатраў «Беларусь» (1975), «Мір» (1983), рэстарана «Брэст» (1978), «Песня аб Палессі» ў Палацы культуры прафсаюзаў у Брэсце (1981), у Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц і Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага; сграфіта на фасадах Дома культуры ў Маларыце (1982), вучэбнага корпуса ПТВ № 88 у г. Пінску (1988), дзіцячага садка ў Кобрыне; размалёўка ў клубе калгаса «40 гадоў Кастрычніка» Івацэвіцкага раёна (1972); мазаіка на будынку «Галоўпалессевадбуда» ў г. Пінску (1975), на фасадзе Дома культуры г. Пінска. Многія яго вясёлкавыя вітражы, сграфіта, мазаікі ўпрыгожваюць і да гэтага часу пералічаныя будынкі, ствараюць непаўторную атмасферу ўтульнасці інтэр’ераў і экстэр’ераў у розных кутках нашай вобласці і г. Брэста.
Марат Клімаў па прафесіі і па прызванні — мастак-манументаліст. Ён майстар палотнаў вялікіх памераў: як пейзажаў, так і партрэтаў. Велічнасць яго твораў ідзе ад вялікай любові да магутных сіл прыроды, да родных краявідаў. З’яўляецца аўтарам станковых твораў: «Дыпломнік» (1972), «Гаворыць Масква» (1974), «Каля заходніх рубяжоў» (1975), «На кальцавой трасе» (1976), «Родная зямля» (1983), «Футбалісты» (2005), «Перад навальніцай» (2007) і інш.
На яго жывапісных палотнах, якія напоўнены светам, галоўная дзеючая асоба — прырода роднай Брэстчыны. Яе трапяткую душу мастак адчувае і перадае з аднаму яму адметнай любоўю. Мастак любіў маляваць ваду, якая быццам жывая, адлівае на многіх палотнах серабрыстым колерам — да яе так і хочацца дакрануцца далонню. Не цураўся Марат Рыгораввіч і партрэта, які атрымліваецца ў яго велічна-манументальны, багатым колерам, змястоўным.
Сярод сваіх жывапісных твораў Марат Клімаў лепшымі лічыў пейзажы «Ветраны дзень» і «Ля заходніх межаў», «Натхненне» (партрэт сына Алега). На гэтых палотнах, па меркаванні аўтара, удала спалучаецца задуманае і створанае. Шмат жывапісных палотнаў прысвяціў спорту: «Футбалісты» (2005), «Хакеісты», «Востры момант», «Разборка». Яны дакладна адлюстроўваюць свет спорту, яго складанасці, гармонію і прыгажосць. У 2007 г. мастак адзначаны дыпломам Нацыянальнага алімпійскага камітэта за ўдзел у конкурсе творчых прац «Алімпійскі спорт у мастацтве».
Творчы плён працы брэсцкага мастака быў адзначаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (2000), Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2015).
Творы станковага жывапісу М. Р. Клімава знаходзяцца ў Брэсцкім мастацкім музеі — філіяле абласнога краязнаўчага музея, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, музеі Беларускага Палесся г. Пінска, прыватных калекцыях Беларусі і шэрагу замежных краін.
Многа падарожнічаў па Беларусі, неаднойчы ўдзельнічаў у міжнародных пленэрах. Людзі, якім пашчасціла сустрэцца з Маратам Рыгоравічам на жыццёвым шляху, адзначаюць яго просты, дружалюбны характар. У апошнія гады жыцця падрыхтаваў шмат эскізаў для напісання вялікіх палоцен, прысвечаных народным святам. На жаль, не паспеў…
М. Р. Клімаў памёр 15 сакавіка 2019 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэкай імя П. Пестрака.
Русак Таццяна Сяргееўна,
бібліёграф аддзела абслугоўвання
і інфармацыйна-бібліяграфічай работы
- Климов Марат Григорьевич : [репродукция «Перед грозой»] // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 459–460.
- Клімаў Марат Рыгоравіч : [рэпрадукцыя «Воблачны дзень»] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / склад. П. А. Рабаў. Брэст, 2019. С. 46–47.
- Марат Клімаў = MaratKlimau // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-складальнік М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 58–59.
- Марат Климов : [репродукция «Озеро в поле»] // Художники Брестчины : альбом-каталог / авторы-составители: М. Коньков [и др.]. Минск, 2002. С. 54–55.
- Марат Климов // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 649.
- Клімаў Марат Рыгоравіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 300.
- Клімаў Марат Рыгоравіч : [фота «Вітраж у кінатэатры «Мір» у Брэсце»] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 75.
- Валасюк, Л. Мастак-манументаліст Марат Клімаў : [рэпрадукцыі «Ветраны дзень», «Восень. Рака Мухавец»] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 10–11.
- Марат Климов : [репродукция «Осень. Река Мухавец»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 1997. С. 38–39.
- Традиции и легенды Малоритского края : пленэр, 2014 : [среди участников М. Климов]. – [Брест : Альтернатива, 2014]. – 15с., включая обложку.
- Марат Климов // Пленэр : посвящается 100-летию со дня рождения Николая Чурабо / Т. О. Бембель. Брест. 2013.
- Выганашчы : [радзіма мастака М. Клімава] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 462–463.
- Светава, Я. Натхненне – ад роднай зямлі : [пра дзеячаў мастацтваў Беларусі – ураджэнцаў Івацэвіцкага раёна] / Яна Светава // Літаратура і мастацтва. 30 жніўня (№ 33). С. 12.
- Даніловіч, Ш. Хто будзе на варце? : [узгадваецца, што некалькі манументальных работ М. Клімава зніклі са сцен устаноў] / Шура Даніловіч // Культура. 2023. 24 чэрвеня (№ 25). С. 10.
- Валасюк, Л. Напісанае застаецца : [да 80-годдзя з дня нараджэння мастака М. Клімава] / Леанід Валасюк // Заря. 2020. 22 февраля. С. 17.
- Ткачук, Н. Палескія матывы Марата Клімава : [у файе гарадскога Дома культуры разгарнулася персанальная выстава мастака М. Р. Клімава] / Ніна Ткачук // Драгічынскі веснік. 2016. 6 студзеня. С. 9.
- Славін, В. Карціны, напоўненыя святлом і любоўю : [у Брэсце адкрыта персанальная выстава М. Клімава, прысвечаная яго 75-годдзю] / Віктар Славін // Народная трыбуна. 2015. 10 ліпеня (№ 28). С. 10.
- Валасюк, Л. Майстар вялікіх палотнаў : [да 75-годдзя мастака М. Клімава] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2015. 6 сакавіка (№ 10). С. 12.
- Валасюк, Л. Натхненне : [да 70-годдзя мастака М. Клімава] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 27 лютага (№ 12). С. 12.
- Куштель, Г. Вернисаж Марата Климова : [об открытии выставки живописи М. Г. Климова в выставочном зале Брестского общественно-культурного центра] / Галина Куштель // Брестская газета. 2005. 9 декабря (№ 49). С. 2.
- Своя дорога Марата Климова : [об открытии выставки к 65-летию художника] // Брестский курьер. 2005. 8 декабря. С. 2.
- Глущенко, Т. Пейзаж на взлете : [о выставке живописи М. Климова] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2000. 24 марта.
- Аксенін, С. Ад манументальнасці да жывога ўвасаблення : [пра выставу твораў М. Клімава] / Сымон Аксенін // Літаратура і мастацтва. 2000. 17 сакавіка. С. 3.
- Янчук, М. Живая вода Марата Климова : [о выставке брестского художника] / М. Янчук // Брестский курьер. 2000. 2–7 марта. С. 14.
- Марат Клімаў. «Да восені». Палатно, алей : [рэпрадукцыя] // Культура. 1997. 3–16 мая (№ 17–18). С. 15.
- Гусева, Р. …И краски зазвучали : [о брестском художнике М. Климове] / Р. Гусева // Заря. 1990. 3 марта.
- Крэпак, Б. Расказаць пра сваё : [аб брэсцкіх мастаках У. Нікалаеве і М. Клімаве] / Барыс Крэпак // Літаратура і мастацтва. 1979. 9 лютага. С. 12.