Стаіць у цэнтры вёскі, галоўным фасадам да дарогі Брэст – Камянец (вул. Брэсцкая, 33). Спраекціраваў касцёл італьянскі манах-іезуіт, якога Радзівілы запрасілі, калі ён працаваў у Польшчы на Любліншчыне. Потым гэты архітэктар працаваў у Нясвіжы.
Цагляны будынак (30х15 м) Троіцкага храма — аднанефны з невялікім трансептам (папярэчным нефам), бяскупальны, накрыты высокім (9 м) двускатным дахам з трохвугольнымі шчытамі на тарцах. Шчыт на галоўным фасадзе разбіты вертыкальнымі лапаткамі, аздоблены круглым акном, плоскімі прамавульгольнымі і круглымі нішамі. Паўкруглая апсіда і бакавыя фасады нясуць рысы гатычнай архітэктуры: масіўныя (таўшчыня 1,3 м) атынкаваныя сцены з контрфорсамі, вузкія выцягнутыя паўцыркулярныя вокны.
Да крылаў трансепта і бакоў апсіды прылягаюць нізкія квадратныя ў плане прыбудовы з аднасхільным дахам. З паўднёвага боку да апсіды прылягае круглая ў плане вежа з самастойным шатровым дахам і вінтавой лесвіцай унутры. Да галоўнага фасада прыбудаваны бабінец.
Трох’ярусная чатырохгранная званіца на высокім цокале стаіць асобна на паўночным захадзе ад храма. На другім ярусе — па два высокіх выцягнутых паўцыркулярных акна, на трэцім — па адным круглым акне. Архітэктура званіцы мае ярка выражаныя рысы абарончага дойлідства. У самым будынку храма-крэпасці ў 2009–2010 гг. былі знойдзены дзве круглыя і дзве вузкія вертыкальныя байніцы, закладзеныя цэглай. Але сваю абарончую функцыю касцёл ні разу не выканаў.
Асноўныя даты гісторыі храма ў розных крыніцах адрозніваюцца. Сёння католікі лічаць, што касцёл быў асвечаны ў 1585 г. біскупам Смаленскім Юрыем Белазорам. Аднак, Юрый Белазор жыў пазней — у 1622–1665 гг. 30 мая 2010 г. адбылася парафіяльная ўрачыстасць з нагоды асвячэння святыні, якое адбылося 425 год таму. Магчыма, у 1585 г. была асвечана закладка будоўлі храма. Па некаторых крыніцах, будоўля распачалася ў 1583 г. альбо ў 1585 г. і зацягнулася на 10 гадоў. Практычна адначасова — у 1587–1593 гг. — Мікалай Радзівіл будаваў касцёл у Нясвіжы.
У 1661 г. была праведзена рэканструкцыя Чарнаўчыцкага храма — тады прыбудаваны вежа і рызніца. У інтэр’еры храма цыліндрычны свод упрыгожаны ляпнымі нервюрамі з геаметрычным малюнкам — гэта матыў рэнесанснай архітэктуры. Выдзяляюцца тры барочныя драўляныя паліхромныя скульптуры ХVІІІ ст. — святога Дамініка ў алтары і святога Антонія і святога Мартына ў нішах галоўнага фасада.
У храме была асабліва шанаваная ікона Панны Марыі, якая ў час Першай сусветнай вайны была вывезена ўглыб Расіі і страчана. Захоўваецца каштоўная ікона «Чудо святого Георгия о змии» (1729), выкананая беларускімі жывапісцамі. У рызніцы знаходзіцца арнат, аблямаваны слуцкім поясам другой паловы ХVІІІ ст. Таксама беражліва захоўваюцца старыя метрычныя кнігі з канца ХVІІІ ст.
Пасля падаўлення польскага паўстання 1863–1864 гг. храм быў перададзены праваслаўным, перароблены ў царкву. Скульптуры і абразы ХVI ст. вынеслі на цвінтар, парубілі сякерамі і спалілі. У 1918 г., калі тут усталявалася польская ўлада, храм вернуты католікам. У 1935 г. налічвалася каля 1900 прыхаджан. У час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі разрабавалі касцёл, знішчылі яго інтэр’ер. Калі савецкая армія наступала, немцы залезлі на вежы касцёла і адстрэльваліся. Па касцёле былі выпушчаны 18 снарадаў, храм застаўся стаяць, але трэшчыны захаваліся і дагэтуль.
Пасля вайны ў касцёле служыў ксёндз Антоні Грыбоўскі, які захоўваў шматлікія рэліквіі, што звозілі з зачыненых касцёлаў з усяго рэгіёна. Ксёндз Антоні сябраваў з пісьменнікам Уладзімірам Караткевічам, які бываў у Чарнаўчыцах, падрабязна аглядаў святыню і цікавіўся яе гісторыяй, напісаў пра гэта ў нарысе «Званы ў прадоннях азёр» (1969). Каля касцёла пахаваны ксёндз Мечыслаў Лявінскі, на вясковых могілках — ксёндз Антоні Грыбоўскі.
Парафіяльны будынак (плябанія) выкарыстоўваўся пад размяшчэнне ўчастковай бальніцы, потым — дзіцячай музычнай школы, у 1998 г. перададзены парафіі. У 2010 г. касцёл адрэстаўраваны.
Адміністрацыйна Чарнаўчыцкі касцёл Найсвяцейшай Троіцы адносіцца да Брэсцкага дэканата Пінскай дыяцэзіі рымска-каталіцкага касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Пробашч парафіі ў Чарнаўчыцах — ксёндз Павел Халяўкін.
Чарнаўчыцкі касцёл — помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 110Г000122). Адзіны ў сваім родзе ўзор нацыянальнай архітэктурнай спадчыны, які ўключае гатычныя формы, прыёмы рэнесансу і ранняга барока, традыцыі абарончага дойлідства.
Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 26 снежня 2017 г. выпусціў дзве памятныя манеты — сярэбраную наміналам 20 рублёў і медна-нікелевую наміналам 1 рубель — «Троіцкі касцёл са званіцай. Чарнаўчыцы» серыі «Помнікі архітэктуры Беларусі».
Каля агароджы тэрыторыі касцёла з боку вул. Брэсцкай знаходзіцца магіла групы савецкіх грамадзян, расстраляных тут нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 чэрвеня 1941 г. У 1950 г. на магіле ўстаноўлены абеліск, у 1979 г. — новы помнік.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Кушнярэвіч, А. М. Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл / А. М. Кушнярэвіч, Л. Г. Лапцэвіч, У. А. Чантурыя // Беларускія энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2008. Т. 17. С. 232.
- Чернавчицкий Троицкий костел // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минска, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 456.
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 366–367.
- Чернавчицкий костел Пресвятой Троицы // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 102.
- Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2007. Т. 2. С. 737–738.
- Чернавчицкий костел Пресвятой Троицы // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 608.
- Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 141.
- Касцёл Прасвятой Тройцы : [в. Чарнаўчыцы] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2000. С. 155.
- Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : [Троіцкі касцёл у Чарнаўчыцах] / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 515–516.
- Лапцэвіч, Л. Г. Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл / Л. Г. Лапцэвіч, У. А. Чантурыя, А. М. Кушнярэвіч // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 481–482.
- Лапцевич, Л. Г. Троицкий костел : [д. Чернавчицы] / Л. Г. Лапцевич, В. А. Чантурия // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 146–147.
- Лапцэвіч, Л. Г. Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл / Л. Г. Лапцэвіч, У. А. Чантурыя // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 511–512.
- Чантурыя, У. А. Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл / У. А. Чантурыя // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т . 11. С. 193.
- Мароз, В. В. Нататкі пра гісторыю і мастацкую спадчыну Чарнаўчыцкай каталіцкай парафіі / В. В. Мароз // Берасцейскія кнігазборы : праблемы і перспектывы даследавання. Мінск, 2016. С. 68–88.
- Трацевский, В. В. Архитектурно-конструктивные особенности костела Св. Троицы в Чернавчицах / В. В. Трацевский // Архитектура, город, человек : тезисы докладов. Минск : БНТУ, 2010. С. 66.
- Караткевіч, У. Званы ў прадоннях азёр / Уладзімір Караткевіч // Збор твораў : у 8 т. / Уладзімір Караткевіч. Мінск, 1991. Т. 8, кн. 2. С. 49–107. Са зместу: [Чарнаўчыцы]. С. 102–105.
- Чарнаўчыцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 142–144.
- Могила жертв фашизма : [д. Чернавчицы] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 146.
- Шляжко, Н. (Не)известные тайны прибужского храма : [о костеле в д Чарнавчицы Брестского района] / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2023. 20 июля (№ 29). С. 18.
- Гармель, Е. Каждая эпоха здесь оставила след : [история костела Святой Троицы в д. Чернавчицы Брестского района] / Елена Гармель // Заря. 2015. 7 марта. С. 5.
- Ракукин, В. В чернавчицком костеле нашли орнат из слуцкого пояса : [литургическое одеяние католического священника; возраст находки примерно 250 лет] / Владислав Ракукин // Брестская газета. 2014. 28 февраля (№ 9). С. 2.
- Трацевский, В. В. Костел Св. Троицы в Чернавчицах – оборонный храм / Владимир Трацевский // Архитектура и строительство. 2010. №7.
- Коцевич, И. «Патриарх» каменного зодчества – творение рук Радзивила Сиротки : [о костеле в д. Чернавчицы] / И. Коцевич // Заря над Бугом. Брест, 2008. 16 июня. С. 6.
- Макавецкая, Г. З веку ў век : [гісторыя Троіцкага касцёла ў в. Чарнаўчыцы] / Г. Макавецкая // Заря над Бугом. Брест, 2006. 15 апреля. С. 6.