Панядзелак, 02 Чэрвень 2025 10:06

2025 г. — 110 гадоў з пачатку нямецкай акупацыі Кобрыншчыны (1915–1918) падчас Першай сусветнай вайны

У жніўні 2025 г. спаўняецца 110 гадоў з таго моманту, калі падчас Першай сусветнай вайны былі акупаваны заходнія тэрыторыі сучаснай Беларусі. Кобрыну, невялікаму мястэчку на заходняй ускраіне Расійскай імперыі, пашанцавала не стаць прыфрантавым горадам. У яго наваколлях не было значных баёў, не праходзіла лінія фронту. Але тэрыторыя падвергнулася працяглай акупацыі нямецкімі войскамі, былі панесены велізарныя людскія і матэрыяльныя страты. У выніку спешнай эвакуацыі знік архіў і ўсе ўнікальныя кобрынскія рэліквіі.

Па меры набліжэння фронту праз Кобрын па Брэсцкай шашы цягнуліся калоны бежанцаў і іх паток бесперапынна ўзрастаў. Уперамежку з бежанцамі рухаліся і вайсковыя абозы. Толькі нямногія мелі магчымасць ехаць па чыгунцы, большасць насельніцтва адпраўлялася ў гэты цяжкі шлях на падводах, гружаных няхітрым скарбам. Гэты шматтысячны адыход насельніцтва быў выкліканы стратэгічнай канцэпцыяй галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, які прытрымліваўся тэорыі пакідаць ворагу «выпаленую зямлю». I па меры адыходу арміі спецыяльныя атрады казакоў спальвалі эвакуіраваныя вёскі. У ліпені 1915 г. на ўчастку Кобрын – Баранавічы Брэсцка-Маскоўскай шашы знаходзілася 400 тыс. бежанцаў. Шмат магіл пакінулі пасля сябе бежанскія абозы.

У Кобрыне, які лічыўся стратэгічна важным пунктам, паколькі тут праходзіла чыгунка, былі ўведзены ваеннае становішча, каменданцкая гадзіна і падоўжаны рабочы дзень. Пачалася мабілізацыя: тысячы нашых землякоў былі мабілізаваны ў армію і прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, у рэвалюцыйных падзеях, пабывалі на франтах грамадзянскай вайны.

Рускі пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі (1892–1968) у час вайны быў ваенным санітарам. Разам з адступаючымі рускімі часцямі ў складзе палявога санітарнага атрада ён пабываў у Кобрыне напярэдадні заняцця горада нямецкімі войскамі. Пра гэты невялікі эпізод ёсць згадка ў главе «Местечко Кобрин» аўтабіяграфічнай аповесці «Беспокойная юность» (1954).

22 жніўня 1915 г. Кобрын быў узяты германскай арміяй «Буг». Горад быў так хутка захоплены немцамі, што рускія войскі не паспелі нічога знішчыць. Згарэлі толькі мост, частка вул. Ганчарнай (сучасная Пралетарская) і гандлёвыя рады (рынак). Каля в. Гайкоўка адбыўся вялікі бой з захопнікамі. Ля в. Паляцічы ў баі загінулі 126 салдат рускай арміі, ля в. Тэўлі — каля 200. Аб стратах сведчаць могілкі рускіх і нямецкіх салдат у вёсках Паляцічы, Тэўлі, Гайкоўка, Балоты, Бародзічы, Ізабелін.

Кобрынскі павет стаў этапным раёнам арміі «Буг». Немцы пачалі адміністраванне захопленых зямель, якія былі падзелены на акругі, а апошнія — на паветы. У кожным павеце былі спецыяльныя чыноўнікі, якія наглядалі за апрацоўкай зямлі і клапаціліся пра павелічэнне вытворчасці, а таксама жандармерыя і суд для мясцовага насельніцтва.

У першыя дні акупацыі пачалася агульная канфіскацыя ў насельніцтва меднага посуду. Здымаліся званы ў цэрквах, быў зняты з помніка ў гонар перамогі 1812 г. вялікі бронзавы арол. Праводзіліся рэквізіцыі жывёлы, коней, высякаўся лес, рыбная лоўля ў многіх месцах была здадзена ў арэнду. Немцы спрабавалі разгарнуць вялікую сельскагаспадарчую дзейнасць, але ўраджайнасць зямлі была нізкая. Сяляне хавалі жывёлу, калі акупанты пачалі яе перапіс.

На акупіраваных землях былі ўведзены асобыя грашовыя знакі галоўнакамандуючага Усходам, а таксама сістэма падаткаў. Гандаль развіваўся марудна, гэтаму перашкаджала забарона на свабоднае перамяшчэнне па краіне. Нямецкія ўлады пільна сачылі, каб не было шпіянажу. У час акупацыі Кобрына была выдадзена серыя паштовак на нямецкай мове з відамі горада, якія захоўваюцца ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворова. На адной з паштовак надпіс: «Паходная кніжная крама арміі “Буг” у Кобрыне».

Многія жыхары Кобрыншчыны сталі бежанцамі. Сярод іх быў і Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1904–1999) — заснавальнік і першы дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, ганаровы грамадзянін горада, краязнаўца. У адзінаццацігадовым узросце ён стаў удзельнікам «бежанскай эпапеі». Дзякуючы яго ўспамінам захавалася апісанне гэтага гістарычнага перасялення. Дзясяткі тысяч людзей розных узростаў былі сарваны з родных мясцін. Атрады казакаў высялялі вяскоўцаў з дамоў, часу на зборы давалі ў залежнасці ад настрою камандзіра. Панавала абстаноўка ўсеагульнай панікі. Каб бежанцы не спрабавалі вярнуцца назад, да бліжэйшага бальшака іх суправаджалі казакі. Па такім сцэнарыі адбывалася звычайная эвакуацыя сялян. З гараджанамі, пераважную большасць якіх складалі яўрэі, улады вялі сябе інакш, з аглядкай на кацярынінскі закон аб рысе аседласці Расійскай імперыі. Прымусовая эвакуацыя іх не кранула.

Згодна з планам эвакуацыі для размяшчэння кобрынскіх устаноў прызначаліся гарады Калужскай і Тамбоўскай губерняў. У гэтыя ж губерні было рэкамендавана накіроўвацца і астатнім жыхарам горада і павета. Аднак многія раз’ехаліся па неабсяжных прасторах Расіі. У далейшым гэтая абставіна адыграла немалаважную ролю ў ідэйным супрацьборстве з парадкамі буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Знаёмства з іншым ладам жыцця, устоямі прымушала крытычна ацэньваць уласнае жыццё ў пакінутых родных мясцінах. З далёкіх падарожжаў вярнуліся не тыя забітыя палешукі, што пакаленнямі прывыклі гнуць спіну перад панам, а людзі, якія ўсвядомілі сваю чалавечую годнасць, што сыграла рашучую ролю ў стыхійным адпоры масіраванай дэнацыяналізацыі.

У лістападзе 1918 г. вільгельмаўская Германія пацярпела крах і яе войскі на захадзе склалі зброю. Дзякуючы гэтаму спынілася трохгоддзе акупацыйнага рэжыму Кобрыншчыны. Рэвалюцыі, грамадзянская вайна ў Расіі, Польска-савецкая вайна ўскладнілі вяртанне бежанцаў. Гэты працэс для іх расцягнуўся да канца 1923 г. Вяртацца прыходзілася ўжо ў іншую краіну, паколькі Кобрыншчына паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. адышла да Польшчы.

Рэдка каму з тых, хто вярнуўся, удалося застаць адносна ўцалелае жыллё. У большасці выпадкаў вяртанне было на папялішчы родных хат. «Рэпатрыянты», як іх тады называлі, вымушаны былі жыць у зямлянках, пакуль будаваліся новыя хаты. У горадзе дзейнічала амерыканская дабрачынная місія, якая дапамагала рэпатрыянтам абуткам, адзеннем, прадуктамі харчавання, ішла дапамога і ад землякоў, якія калісьці паехалі на заробкі ў ЗША і Канаду і засталіся там. У адрозненні ад вёсак гарадская забудова выстаяла амаль цалкам. Гараджанам перападала і дапамога ад розных дабрачынных фондаў і арганізацый, таму наступствы бежанства на вёсцы ў і горадзе пераадольваліся па-рознаму. Аднаўленне сельскай гаспадаркі расцягнулася на доўгія гады.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Беларусь в годы Первой мировой войны (1914–1918) : сборник документов / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь, Национальный исторический архив Беларуси, Национальный исторический архив Беларуси в г. Гродно ; [составители: В. В. Врублевский и др.]. – Минск : Беларусь, 2014. – 352, [3] с., [12] л. ил. – См. на с. 122, 323.
  2. Беларусь в пламени Первой мировой войны : сборник научных статей / Национальная академия наук Беларуси, Институт истории ; [сост. М. М. Смольянинов]. – Минск : Беларуская навука, 2022. – 374, [1] с. – См. на с. 16, 43, 108, 291–293.
  3. Барысюк, Ю. А. Кобрыншчына ў 1-ю сусветную вайну / Ю. А. Барысюк // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 75–78.
  4. Дронец, А. В. [Спіс жыхароў вёскі Навасёлкі – удзельнікаў Першай сусветнай вайны] / А. В. Дронец // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 82.
  5. Мартынаў, А. М. Бежанская эпапея / А. М. Мартынаў // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 78–79.
  6. Марчук, Н. Г. Что осталось от воинских захоронений Первой мировой войны? / Нина Марчук // Карані і кроны : гісторыя Кобрыншчыны: першая палова XX стагоддзя. Брэст, 2017. С. 151–154.
  7. Перечень воинских захоронений времен Первой мировой войны на территории Беларуси. Кобринский район // Последний приют солдата = Letzte Ruhestatte fur die Soldaten / А. В. Шариков [и др.]. Минск, 2014. С. 54, 55, 56, 171, 172.
  8. Военное кладбище : [д. Полятичи] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 262.
  9. Военное кладбище : [д. Тевли] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 263.
  10. Паустовский, К. Беспокойная юность / К. Паустовский / Собрание сочинений : в 8 т. / К. Паустовский. Москва, 1968. Т. 4. С. 273–512. См. Местечко Кобрин. С. 390–395.
  11. Гребенников, О. Курган в Залесье : [о могилах солдат Первой мировой на территории Кобринского района] / Олег Гребенников // Заря. 2023. 3 июня. С. 11.
  12. Волкава, В. В. Дэмаграфічныя змены на акупаванай тэрыторыі Беларусі падчас Першай сусветнай вайны / Вольга Віктараўна Волкава // Беларускі гістарычны часопіс. 2018. № 1. С. 30–43.
  13. Волкава, В. В. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне акупаванай тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (кастрычнік 1915 г. – люты 1918 г.) : [упамінанне г. Кобрына і Кобрынскага павета] / Вольга Віктараўна Волкава // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 10. С. 32–44.
  14. Бялоў, Д. З павагай да мінулага : [праведзена грунтоўная рэканструкцыя мемарыяла памяці аб ахвярах Першай сусветнай вайны ў в. Тэўлі] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2017. 17 мая. С. 4.
  15. Марчук, Н. Беженцы Первой мировой / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2015. 27 августа. С. 7.
  16. Бабенко, Е. На западных границах империи, год 1915 : [в августе 2015 г. исполняется 100 лет с момента оккупации в ходе Первой мировой войны г. Кобрина] / Елена Бабенко // Кобрин-информ. 2015. 20 августа. С. 6.
  17. Бабенко, Е. Кобрин в годы Первой мировой войны / Елена Бабенко // Заря. 2015. 15 августа. С. 7.
  18. Марчук, Н. Что осталось от воинских захоронений Первой мировой войны? : [на Кобринщине находится большое количество военных кладбищ времен Первой мировой войны] / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2014. 30 октября. С.11.
  19. Чирун, А. Столетию Первой мировой посвящается... : [о событиях, происходивших в начале Первой мировой войны на Кобринщине] / Александр Чирун // Кобрин-информ. 2014. 7 августа. С. 11.
  20. Козлович, В. Эхо дней : [Кобринский район сохранил память о Первой мировой]/ Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2014. 23 мая. С. 3.
  21. Бондаренко, В. «Здесь газы и огонь – там золото, брильянты» : тыловой быт Беларуси времен Великой войны 1914–18 гг. / Вячеслав Бондаренко // Юстыцыя Беларусi. 2011. № 9. C. 75–79.
  22. Мартынов, А. Беженская эпопея / А. Мартынов // Кобрин-информ. 2009. 2 июля. C. 26 ; 13 августа. С. 26.
  23. Карлюкевич, А. В поисках утраченного: ретро : [фотография немецкой санитарной колонны в Кобрине 1916 г.] / Алесь Карлюкевич // Советская Белоруссия. 2008. 14 ноября. C. 16.
  24. Смольянинов, М. Трагедия народа : [во время Первой мировой войны территория Кобринского уезда послужила пристанищем для многих сотен беженцев] / Михаил Смольянинов // Беларуская думка. 2008. № С. 28–31.
  25. Лапановіч, С. Першая сусветная вайна і бежанства як дзяржаўная праблема : [упамінаецца Кобрынскі павет] / С. Лапановіч // Беларускі гістарычны часопіс. 2005. № 10. С. 5–12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 18 разоў Апошняя змена Панядзелак, 02 Чэрвень 2025 10:24