Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 16:10

9 сакавіка 2025 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Магамедавіча Бісултанава (1950), ветэрана Ваенна-Марскога Флота, грамадскага дзеяча, паэта

Уладзімір Магамедавіч Бісултанаў нарадзіўся 9 сакавіка 1950 г. у г. Чу (з 1993 г. — Шу) Жамбылскай вобласці Казахскай ССР. У 1958 г. сям’я пераехала ў Чачню, на радзіму продкаў. Закончыў СШ № 91 г. Грознага. Пасля школы працаваў на чыгунцы, неўзабаве быў прызваны ў Савецкую армію. Служыў у Пінску, у 1-м вучэбным атрадзе Ваенна-Марскога Флоту СССР. Прайшоў шлях ад матроса да капітан-лейтэнанта.

Вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінскім педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага, Кіеўскім вышэйшым ваенна-марскім палітычным вучылішчы (экстэрнам). Працаваў прапагандыстам палітаддзела Пінскага вучэбнага атрада, затым пераведзены на Камчацкую флатылію.

На Камчатцы служыў прапагандыстам у палітаддзеле і зампалітам на караблі «Чажма» ў 35-й брыгадзе караблей вымяральнага комплексу Міністэрства Абароны СССР. Караблі брыгады забяспечвалі іспыты балістычных ракет з прывадненнем іх у заданых раёнах Ціхага акіяна, запуск і стыкоўку касмічных караблёў, выхад касманаўтаў у адкрыты космас, сачэнне за касмічнымі аб’ектамі і авіяцыяй верагоднага праціўніка, правядзенне разведкі. Усе экіпажы караблёў 35-й брыгады аб’яднала флоцкае братэрства, карабельная дружба, высокі прафесіяналізм і пастаянная гатоўнасць да выконвання важных дзяржаўных задач.

Пасля распаду СССР капітан 2-га ранга У. М. Бісултанаў вярнуўся ў Пінск. На той час Пінскі вучэбны атрад быў скасаваны. Актыўная жыццёвая пазіцыя, паважлівыя адносіны да людзей і арганізатарскі талент знайшлі прымяненне пасля выхаду афіцэра ў адстаўку. З 2002 г. па 2015 г. — старшыня гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. З’яўляўся членам прэзідыума рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза, прынцыпова адстойваў інтарэсы рэгіёна. У 2015–2017 гг. — старшыня гарадскога аб’яднання прафсаюзаў.

Ветэран Ваенна-Марскога Флота У. М. Бісултанаў — старшыня Савета ветэранаў ваенных маракоў г. Пінска. Стаяў ля вытокаў стварэння народнага музея Чырвонасцяжнай ордэна Ушакова 1-й ступені Дняпроўскай ваеннай флаціліі і 1-га вучэбнага атрада Ваенна-Марскога Флота СССР у СШ № 1 г. Пінска. Школьны музей баявой славы створаны ў 2000 г., адкрыты ў 2002 г., у 2005 г. пераўтвораны ў новым памяшканні, у 2016 г. удастоены наймення «народны».

У. М. Бісултанаў актыўна ўдзельнічаў у рабоце клуба юных маракоў «Палескія гардэмарыны», які створаны па ініцыятыве пінскіх ветэранаў МВФ у 2010 г. Аўтар дакументальнай кнігі «Пинск — город морской славы» (2022). Праводзіць урокі мужнасці ў навучальных установах, расказвае аб подзвігу вызваліцеляў г. Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Старшыня гарадскога клуба аматараў песні «Дыялог», які часта выступае з канцэртамі. За 2024 г. клуб «Дыялог» даў 50 канцэртаў у асноўным у санаторыях, дамах ветэранаў, цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Уладзімір Магамедавіч не растаецца з гітарай, выступае на розных гарадскіх мерапрыемствах, у школах і бібліятэках. Захапляецца мастацкай літаратурай. Аўтар 15 зборнікаў паэзіі (частка на электронных носьбітах): «О друзьях, товарищах» (2021), «С любовью к жизни» (2022), «С любовью к женщине» (2023) і інш., трох кніг прозы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі

 

Творы У. М. Бісултанава

  1. С любовью к женщине : стихотворения / В. М. Бисултанов. – Пинск : [б. и., 2023?]. – 100 с.
  2. С любовью к жизни : стихотворения / В. М. Бисултанов. – Пинск : [б. и.], 2022. – 117 с.
  3. О друзьях, товарищах : стихотворения и поэмы / В. М. Бисултанов. – Пинск : [б. и.], 2021. – 92 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. М. Бісултанава

  1. Строцкая, Г. Музы морского офицера : [о В. М. Бисултанове из Пинска] / Галина Строцкая // Беларускі час. 2025. 13 июня (№ 24). С. 19.
  2. Бисултанов, В. М. К столетию прославленной Днепровской военной флотилии / В. М. Бисултанов // Морской сборник. 2019. № 3. С. 30–34.
  3. Веренич, А. Когда в дома приходит радость... : [заместитель председателя Пинского горисполкома М. В. Ковалевская и председатель городского объединения профсоюзов В. М. Бисултанов посетили дома семейного типа] / Анна Веренич // Пінскі веснік. 2016. 23 снежня. С. 12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 12 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 16:30