Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 16:38

25 красавіка 2025 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Аляксея Навумавіча Алесіка (1915–1942), міліцыянера, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Аляксей Навумавіч Алесік нарадзіўся 25 красавіка 1915 г. у в. Нікольскае Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. У гады польскай акупацыі (1918–1939) актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбе.

Пасля ўсталявання Савецкай улады (1939) адным з першых пайшоў служыць у міліцыю, стаў участковым оперупаўнаважаным па Радзежскім сельсавеце Маларыцкага раённага аддзела міліцыі. Сям’я Алесікаў адной з першых уступіла ў калгас імя Леніна, які быў створаны ў в. Нікольскае ў 1940 г.

У першы ж дзень Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Алесік добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. Пазней стаў стралком асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння НКУС СССР.

У марозныя дні ў студзені 1942 года атрад асобнай мотастралковай брыгады асобага прызначэння НКУС СССР пад камандаваннем старшага лейтэнанта Кірыла Лазнюка атрымаў загад здзейсніць марш-кідок на лыжах па лясах Калужскай вобласці і напасці на фашыстаў у в. Хлуднева, каб узяць пад кантроль важную дарогу на г. Сухінічы. Па гэтай трасе да Сухініч адступалі танкавыя падраздзяленні Гудэрыяна. Дыверсантам даручылі адцягнуць немцаў, утрымліваць дарогу да падыходу асноўных сіл 328-й стралковай дывізіі. У ліку атрада з 22 воінаў быў Аляксей Алесік.

У ноч на 23 студзеня 1942г.атрад выйшаў да Хлуднева. Высветлілася, што ў вёсцы засяроджаны ўзмоцнены танкамі пяхотны батальён гітлераўцаў колькасцю да 400 чалавек. Нягледзячы на няроўнасць сіл, было прынята рашэнне ўступіць з ворагамі ў бой, разлічваючы на раптоўнасць удару і своечасовую падтрымку 1103-га стралковага палка 328-й стралковай дывізіі.

Байцы ўварваліся ў вёску і закідалі гранатамі некалькі дамоў, у якіх знаходзіліся гітлераўцы. Пачалася паніка, але бой зацягнуўся да ранку. На світанні з Маклакоў прыйшла мотакалона фашыстаў, яны акружыла вёску з трох бакоў, адкрылі шквальны агонь з гармат і мінамётаў. Атрад нёс вялікія страты, але воіны паспелі ўжо знішчыць і параніць больш за 150 гітлераўцаў. Аднак 1103-і стралковы полк не пачаў запланаваную атаку.

Увесь атрад загінуў, але выканаў задачу. У гэтым баі загінуў і Аляксей Алесік. Усе героі-лыжнікі былі ўзнагароджаны пасмяротна ордэнам Леніна, а снайперу Лазару Хаймавічу Паперніку (1918–1942) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На шэрым граніце абеліска ў гонар герояў-лыжнікаў у в. Хлуднева выбіты імёны савецкіх воінаў, у тым ліку А. Н. Алесіка.

У 1961 г. выйшла кніга М. С. Пруднікава «Неуловимые», у якой быў апісаны подзвіг атрада воінаў-лыжнікаў у Хлуднева. Так на малой радзіме даведаліся падрабязнасці гераічнай дзейнасці А. Н. Алесіка.

У 1967 г. імя А. Н. Алесіка было занесена ў Кнігу народнай славы Маларыцкага раёна, імя героя прысвоена піянерскай дружыне Олтушскай сярэдняй школы, імем героя названа вуліца ў Маларыце. У 1980 г. на будынку раённага аддзела міліцыі ўстаноўлена мемарыяльная дошка (вул. Савецкая, 18).

Памяць пра героя-земляка трапятліва захоўваецца ў Олтушскай сярэдняй школе, якой у снежні 2023 г. прысвоена імя Аляксея Алесіка. Тут працуе гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральны раздзел экспазіцыі прасвечаны А. Н. Алесіку. Кіраўнік музея — кандыдат гістарычных навук Кацярына Якаўлеўна Алесік. 7 мая 2025 г. на будынку школы адкрыта мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

 

  1. Олесик Алексей Наумович // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 458–459.
  2. Вёска Нікольская : Алесік Аляксей Навумавіч ; Маркаў, В. П. [Аляксей Алесік…] / В. П. Маркаў // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 380–381.
  3. Мемориальная доска Олесику Алексею Наумовичу : [г. Малорита] // Свод памятникаов истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 296.
  4. Мемарыяльная дошка Алесіку Аляксею Навумавічу : [г. Маларыта] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 267.
  5. История Малоритского районного отдела внутренних дел / Малорита : Малоритская централизованная библиотечная система; отдел библиотечного маркетинга, 2006. С. 5–6.
  6. Прудников, М. С. Неуловимые / Михаил Сидорович Прудников. – Москва : Воениздат, 1961. – 207 с. – (Военные мемуары).
  7. Навумчык, М. У сэрцах пакаленняў : [аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі А. Н. Алесіку на будынку Олтушскай СШ імя А. Н. Алесіка] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 14 мая. С. 8.
  8. Олесик, Е. Зов крови : [на Малоритчину из Башкортостана приехала семья Мелянчуков, чтобы найти свои корни и побывать на могилах родственников. Родственники А. Н. Олесика] / Екатерина Олесик // Голас часу. Маларыта, 2024. 21 жніўня. С. 6.
  9. Алесік К. Памяць пакаленняў : [аб прысваенні Олтушскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна імя героя Вялікай Айчынная вайны А. Н. Алесіка] / Кацярына Алесік // Настаўніцкая газета. 2024. 16 студзеня. С. 11.
  10. Королюк, И. Присвоено имя Алексея Олесика : [в Олтушской средней школе прошло торжественное мероприятие, посвященное присвоению школе имени Алексея Олесика] / Ирина Королюк, Екатерина Олесик // Голас часу. Маларыта, 2023. 20 снежня. С. 3.
  11. Куликова, О. Малорита: от истоков до современности: [история милиции] / Ольга Куликова // На страже. 2017. 4 августа. С.16–
  12. Яцура, Н. Навекі застыў на граніце : [А. Н. Алесік – участковы ўпаўнаважаны па Радзежскім сельсавеце раённай міліцыі з в. Нікольская. Прыняў няраўны бой з фашыстамі ля в. Хлуднёва Калужскай вобласці, дзе і загінуў] / Надзея Яцура // Голас часу. Маларыта, 2017. 22 лютага. С. 3.
  13. Гусько, І. Маларытчына ганарыцца героем і памятае яго : [А. Н. Алесік] / І. Гусько // Голас часу. Маларыта, 1997. 29 студзеня.
  14. Босько, В. Помнят героя в Малорите : [А. Н. Олесик] / В. Босько // Человек и экономика. 1990. № 2. С. 24.
  15. Босько, У. У грозным сорак другім : [пра подзвіг А. Алесіка] / У. Босько // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1989. № 1. С. 13.
  16. Бугаёў, Л. Тыдзень памяці : [памяці міліцыянера, героя Вялікай Айчыннай вайны А. Алесіка] / Л. Бугаёў // Сельскае жыццё. Маларыта, 1988. 31 сакавіка.
  17. Марков, В. Героические лыжники : [о подвиге А. Олесика] / В. Марков // Заря. 1974. 18 июня.
  18. Маркаў, В. Героі-лыжнікі : [пра подзвіг А. Алесіка] / В. Маркаў // Сельская жыццё. Маларыта, 1974. 9 мая.
  19. Федарук, М. Па слядах подзвігу : [пра подзвіг А. Алесіка] / М. Федарук // Сельскае жыцё. Маларыта, 1972. 14 снежня.
  20. Федорук, М. По следам подвига : [о подвиге А. Олесика] / М. Федорук // Заря. 1972. 13 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 16 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 16:46