Панядзелак, 16 Чэрвень 2025 16:50

2025 г. — 285 гадоў з часу пабудовы Параскева-Пятніцкай царквы ў аг. Дзівін (Кобрынскі р-н; 1740), помніка народнага драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока

Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў аг. Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці мае багатую гісторыю. Пабудавана ў 1740 г. (па іншых крыніцах — у 1728 г.) на месцы храма, які адзначаны ў 1566 г., намаганнямі святара Яна Антонія Ваяводскага. Размешчана на цэнтральнай вул. Леніна (былая Кобрынская) алтаром на захад. Гэта адзін з нешматлікіх праваслаўных храмаў, які размешчаны алтаром на паўночны захад, бо па царкоўных канонах алтар заўсёды звернуты на ўсход.

Жыццё храма прасякнута легендамі. Адно паданне абвяшчае, што каралева польская і вялікая княгіня літоўская Ганна (вотчынніца мястэчка Дзівін) праязджала са сваёй дачкой праз Дзівін. У дарозе дзяўчынка захварэла, і Ганна дала абет — пабудаваць тут царкву, калі яе дачка ачуняе. Дачка паправілася, і царква была пабудавана з круглых сасновых бярвенняў, аб чым выдана грамата, зацверджаная ў Брэсцкім ваяводстве. Існуе таксама легенда, што рускі палкаводзец А. В. Сувораў пасля лёсавызначальнага бою пад Дзівінам (1794) маліўся ў гэтай царкве.

Свята-Параскева-Пятніцкая царква не аднойчы перабудоўвалася. У 1869–1870 гг. будынак перароблены паводле распрацовак інжынера Чэкмасава і архітэктара Барташэўскага: зроблены прытвор, пастаўлены грувасткі купал на светлавым барабане. Абноўлены храм ва ўсёй красе паўстаў перад прыхаджанамі, накіраваўшы ўверх дзве чатырохкутныя вежы з гранёнымі главамі. У другой палове XIX ст. да царквы прыбудаваны ўваходны тамбур, які перарэзаў галерэю, зроблены разьбяныя ліштвы, двух’ярусная каркасная званіца (васьмярык на чацверыку) завершана высокім шатром.

З 1876 г. па 1884 г. храм Параскевы-Пятніцы быў прыпісным да Успенскага, які пабудаваны ў Дзівіне ў 1870 г. У 1886 г. царкву капітальна адрамантавалі. Рамонты і перабудовы былі таксама ў 1892–1895 гг. і ў 1899 г.

У час Першай сусветнай вайны будынак царквы быў пашкоджаны пажарам, але нязначна. Царква на два гады стала казармай для кайзераўскіх салдат. У 1917 г. пачаліся аднаўленчыя работы, скончаныя ў 1919 г.

Служба ў храме вялася, пакуль у «хрушчоўскую адлігу» не павесілі на царкву замок. 6 жніўня 1962 г. рэлігійнае аб’яднанне знялі з рэгістрацыі, а царкву — з уліку дзеючых. Было вырашана прыстасаваць будынак пад клуб, аднак у выніку ён выкарыстоўваўся як склад і паступова прыходзіў у заняпад. Да закрыцця ў храме захоўваліся іконы «Святой Ануфрий в пустыне» і «Вознесение», якія належалі пэндзлю польскага іканапісца XVIII ст. Томаша Міхальскага. Цяпер гэтыя абразы знаходзяцца ў Музеі старажытнай беларускай культуры ў Мінску.

Пасля рэгістрацыі праваслаўнай суполкі ў 1990 г., храм аднаўляўся па праекце і пад кіраўніцтвам Георгія Канстанцінавіча Маразевіча. У рамонце храма прымалі ўдзел жыхары Дзівіна, Осы, Барысаўкі. Старажыл вёскі, краязнаўца Афанасій Мікіціч Гапановіч, ахвяраваў храму званы. Свята-Параскева-Пятніцкая царква асвячона ў 1992 г. архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам (Хомічам).

Царква драўляная, з дрэва выканана і асобная званіца. Сцены вертыкальна абабітыя дошкай. Будынак двухзрубны, складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб'ёму і пяціграннай апсіды з дзвюма прыбудоўкамі. Інтэр'ер храма зальны: два стэнды ля ўвахода падтрымліваюць хоры. Акцэнт у кампазіцыі зроблены на галоўным фасадзе, які завершаны дзвюма чацверыковымі вежамі з фігурнымі яруснымі купаламі і цыбулепадобнымі купалкамі. На вышыні даху ў вежах зроблены франтальныя прамавугольныя вокны-праёмы, закрытыя жывапіснымі абразамі святых. У інтэр'еры захаваўся іканастас 1830-х гг.

Свята-Параскева-Пятніцкая царква — помнік архітэктуры, які спалучае будаўнічыя прыёмы мясцовага драўлянага дойлідства з элементамі барока. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Разглядалася пытанне аб уключэнні двухвежавай царквы Параскевы Пятніцы са званіцай у в. Дзівін у спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

На сённяшні час царква дзейнічае, настаяцель — пратаіерэй Мікалай Аляксандравіч Гляд. Прастольнае свята — 10 лістапада. Архітэктурны помнік нагадвае пра колішні росквіт Дзівіна, які ўпершыню згадваецца ў 1466 г., а прыгажосць царквы надоўга застаецца ў памяці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дзівінская царква Параскевы Пятніцы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 111–112.
  2. Дивинская церковь Параскевы Пятницы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 323–324.
  3. Дивинская церковь Параскевы Пятницы // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 373–374.
  4. Дзівінская царква Параскевы Пятніцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 3. С. 394–395.
  5. Габрусь, Т. В. Дзівінская царква Параскевы Пятніцы / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 292.
  6. Дивинская Свято-Параскево-Пятницкая церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 173.
  7. Кулагін, А. М. Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы : [в. Дзівін] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2007. С. 144–145.
  8. Кулагін, А. М. Свята-Параскева-Пятніцкая царква : [в. Дзівін] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 71–72.
  9. Габрусь, Т. В. Дзівінская царква Параскевы Пятніцы / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 194.
  10. Алисейчик, В. В. Церковь Параскевы Пятницы : [д. Дивин] / В. В. Алисейчик // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 255–256.
  11. Алісейчык, У. В. Царква Параскевы Пятніцы : [в. Дзівін] / У. В. Алісейчык // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 231–232.
  12. Церковь святой великомученицы Параскевы Пятницы // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 120.
  13. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Гл. на с. 118, 283, 332.
  14. Кулагін, А. М. Драўлянае царкоўнае дойлідства : Свята-Параскева-Пятніцкая царква ў в. Дзівін / А. М. Кулагін // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 463–464.
  15. Гапанович, А. Н. Памятники архитектуры. Свято-Параскева-Пятницкая церковь / Афанасий Гапанович // Дивин – древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 36.
  16. Габрусь, Т. В. Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі / Т. В. Габрусь. – Мінск : Беларуская навука, 2020. – 318 с. : іл. – Гл. на с. 167–168.
  17. Свята-Параскева-Пятніцкай царкве ў в. Дзівін (1740) – 285 гадоў // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 186.
  18. Дзівін. Свята-Параскева-Пятніцкая царква // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 49.
  19. Свята-Параскева-Пятніцкая царква // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 17–18.
  20. Старонка мая – непаўторны куток : буклет да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын, 2016.
  21. Зарэцкая, К. Тая, што бачыла гісторыю : [гісторыя царквы святой Параскевы Пятніцы аг. Дзівін Кобрынскага раёна] / Ксенія Зарэцкая // Культура. 2023. 15 красавіка (№ 15). С. 14.
  22. Елизарова, Ж. Дивин древний, Дивин юный. Таямніцы зямлі кобрынскай / подготовила Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 23 сакавіка (№ 21). С. 4–5.
  23. 280-летие со дня освящения храма в аг. Дивин : [280-летие со дня освящения храма вмч. Параскевы] / по материалам pravbrest.by // Кобрин-информ. 2020. 19 ноября (№ 47). С. 11.
  24. Гневушева, А. Храмы Брестчины – в Список ЮНЕСКО : [церковь Параскевы Пятницы в Дивине могут включить в список Всемирного наследия ЮНЕСКО] / Алена Гневушева // Заря. 2017. 18 ноября. С. 4.
  25. Строк, В. Культурны ракурс : [драўляную царкву Параскевы Пятніцы са званіцай у в. Дзівін плануецца ўключыць у спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА] / Вера Строк // Літаратура і мастацтва. 2017. 31 сакавіка. С. 16.
  26. Ефціфеева, Н. Званы для Параскевы : [жыхар аг. Дзівін А. Гапановіч падарыў званы для мясцовай царквы Святой Параскевы Пятніцы] / Наталля Ефціфеева // Кобрынскі веснік. 2016. 2 лістапада. С. 2.
  27. В список ЮНЕСКО : [церковь Параскевы Пятницы со звонницей аг. Дивин предполагается внести в список Всемирного культурного наследия] // Кобрынскі веснік. 2016. 1 кастрычніка. С. 12.
  28. Козлович, В. Старое лучше нового : [в списке Всемирного наследия ЮНЕСКО могут оказаться пять православных храмов области, в числе их – церковь Параскевы Пятницы в Дивине] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2015. 11 апреля. С. 7.
  29. Марчук, Н. Православные храмы Дивина / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2014. 6 октября. С. 11.
  30. Шаўчук, А. Храмы Кобрыншчыны: у вёсках Гарадзец, Дзівін, Кісялёўцы / А. Шаўчук // Кобрынскі веснік. 2000. 6 снежня. С. 3.
  31. Адноўлены храм у сяле Дзівін: царква Вялікапакутніцы Пятніцы // Кобрынскі веснік. 1992. 15 жніўня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 14 разоў