Некалькі разоў Багародзіца яўлялася ў сне безнадзейна хвораму селяніну з Ляскавіч і казала, каб на тым месцы, дзе знойдзена ікона, пабудавалі царкву. Селянін заявіў аб гэтым памешчыку Самуілу Юрэвічу, які паставіў капліцу, а затым заклаў царкву, якую дабудавалі яго дзеці. У алтары быў змешчаны цудатворны абраз, які знялі з сасны. У верхняй левай яго частцы — выява Божай Маці з немаўлятам Іісусам, у верхняй правай частцы — Мікалай Цудатворца, у ніжняй частцы — свяціцелі Пётр, Алексій, Іона, Філіп і святая велікамучаніца Варвара.
Будынак Чарнякоўскай царквы драўляны, трохзрубны. Прамавугольны бабінец, амаль квадратны ў плане асноўны зруб і 5-гранная алтарная апсіда з ашаляваным шчытом і развітым прычолкам на галоўным фасадзе. Накрывае будынак двускатны дах з вальмай над апсідай. Раней бабінец завяршала вежа-званіца, цяпер — цыбулепадобная галоўка на глухім 8-гранным барабане. З поўначы да царквы прылягае рызніца. Пры галоўным уваходзе — тамбур. Вокны прамавугольныя. Інтэр’ер царквы зальны з плоскай балечнай столлю. Над прытворам размешчаны хоры з бакавой лесвіцай.
Першапачаткова Чарнякоўская царква была ўніяцкай, толькі ў 1864 г. стала праваслаўнай. У 1865–1915 гг. тут служыў свяшчэннік Адам Iгнатавіч Сабаткоўскі (1837–1917). Яго намаганнямі ў 1868 г. храм адрамантаваны, прыбудаваны прытвор, сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі, дах накрыты чырвоным гонтам, зроблены іканастас, для якога іконы напісаў мастак Цітоў. З другой паловы ХIХ ст. перад храмам знаходзіцца 2-ярусная брама-званіца каркаснай канструкцыі (чацвярык на чацвярыку), накрытая шатровым дахам.
У Першую сусветную вайну перад нямецкай акупацыяй (1915) усё каштоўнае з царквы вывезлі ў глыб Расіі, трохпудовы звон закапалі. Чарнякоўская ікона была вывезена ў Маскву, а ў 1922 г. па бласлаўленні Патрыярха Маскоўскага Ціхана вярнулася ў роднае Чарнякова.
У 1959 г. храм быў зачынены, толькі праз трыццаць гадоў вернуты вернікам. У 1989 г. храм адрамантаваны і 23 лістапада асвечаны благачынным Баранавіцкай царкоўнай акругі протаіерэем Аляксандрам Дзічкоўскім. Храм наведваюць жыхары вёсак Ляновічы, Боркі, Ястрабель, Пешкі, Батарэя і інш.
Калі храм зачынялі, цудатворную ікону вывезлі ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР у Мінску, дзе яна захоўваецца і цяпер. Іканапісец Віктар Пятровіч Ціханаў зрабіў спісак святыні, які быў асвячоны 7 чэрвеня 2007 г. мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам. Урачыстае вяртанне святыні ў Чарнякова адбылося 30 жніўня 2009 г. У храме за шкляной вітрынай знаходзіцца спіл той самай сасны, на якой была ўяўлена цудатворная ікона.
Каля царквы знаходзіцца магіла мітрафорнага протаіерэя Мікалая Адамавіча Сабаткоўскага (1865–1947), які служыў тут з 1918 г. У 1947–1956 гг. тут служыў яго сын, Мікалай Мікалаевіч Сабаткоўскі (1896–1974). З 1990 г. настаяцель Свята-Мікалаейскага храма — протаіерэй Сергій Мікалаевіч Вайтовіч. Прастольнае свята — 22 мая. Чарнякоўскі храм — помнік народнага драўлянага дойлідства, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000157).
Гісторыю вёскі і Свята-Мікалаеўскай царквы даследаваў ураджэнец Чарнякова, брэсцкі гісторык, краязнаўца Анатоль Антонавіч Гладышчук, які напісаў кнігу «Черняков» (2020). У кнізе ўпершыню публікуецца поўны тэкст «Летописи Черняковской Свято-Николаевской церкви», які цудам захаваўся, і вялікая колькасць архіўных дакументаў.
22 мая 2025 г. адбылося святкаванне 300-годдзя асвячэння храма. Божую літургію здзейсніў благачынны цэркваў Бярозаўскай акругі протаіерэй Георгій Шаўцоў, яму саслужыла духавенства Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў. Пасля літургіі адбыўся хрэсны ход. Сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Петрусевіч правёў узнагароджанне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Черняковская Николаевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. С. 459.
- Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Чарнякава] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2007. С. 418.
- Свята-Мікалаеўская царква : [в. Чарнякава] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 204.
- Чарнякоўская Мікалаеўская царква // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 482.
- Кацер, М. С. Николаевская церковь : [д. Черняково] / М. С. Кацер // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 129.
- Якімовіч, Ю. А. Чарнякоўская Мікалаеўская царква / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 516.
- Якімовіч, Ю. А. Чарнякоўская Мікалаеўская царква / Ю. А. Якімовіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 4. С. 604–605.
- Якимович, Ю. А. Черняковская Николаевская церковь / Ю. А. Якимович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1981. Т. 4. С. 629.
- Церковь святителя Николая Чудотворца : [д. Черняково] // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 46.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Гл. на с. 212–213.
- Гладыщук, А. А. Черняков / Анатоль Гладыщук. – Гродно : ЮрСаПринт, 2020. – 777 с. : ил., портр., табл., факсим., карты.
- Чарнякава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 212–213.
- Наркевич, О. Под защитой святителя Николая : [о 300-летии Николаевской церкви в д. Черняково] / Оксана Наркевич // Маяк. Берёза, 2025. 28 мая. С. 5.
- Занин, А. Свет старинной церкви : [о 300-летии Николаевской церкви в д. Черняково] / Александр Занин // Вечерний Брест. 2025. 23 мая (№ 21). С. 3.
- Горовая, М. Светлый праздник в черняковской «Мыколе» / Маргарита Горовая // Маяк. Берёза, 2023. 27 мая. С. 10.
- Горовая, М. Внутри святыни : [о служении настоятеля Свято-Николаевской церкви в д. Черняково протоиерея Сергия Войтовича] / Маргарита Горовая // Маяк. Берёза, 2022. 24 августа. С. 5.
- Лаўранкова, Ю. Чарнякоўскі цуд / Юлія Лаўранкова // Царкоўнае слова. 2021. 27 жніўня (№ 35). С. 8.
- Ролич, О. Церковь святителя Николая Чудотворца : [д. Черняково Березовского района] / Ольга Ролич // Заря. 2021. 13 января. С. 18.
- Гладыщук, А. Соботковские в Чернякове / Анатолий Гладыщук // Маяк. Берёза, 2020. 16 мая. С. 4 ; 4 июня. С. 4 ; 17 июня. С. 5.
- Гладыщук, А. Колокола Черняковской звонницы : [об истории колокольни Черняковской Свято-Николаевской церкви] / Анатолий Гладыщук // Маяк. Берёза, 2019. 24 августа. С. 4.
- Горовая, М. Триста лет со святителем Николаем : [история Черняковской Свято-Николаевской церкви] / Маргарита Горовая // Маяк. Берёза, 2017. 28 октября. С. 9.
- Гладыщук, А. Пешки, Борки и Михалки – ровесники Черняковской церкви : [история деревень и их жителей] / Анатолий Гладыщук // Маяк. Берёза, 2017. 1 февраля. С. 5.
- Гладыщук, А. Откуда пошел Черняков : [история деревни] / Анатолий Гладыщук // Маяк. Берёза, 2016. 5 ноября. С. 4 ; 12 ноября. С. 9.
- Гладыщук, А. Черняковской «Мыколе» – 300 лет : [история Свято-Николаевской церкви] / Анатолий Гладыщук // Маяк. Береза, 2016. 14 мая. С. 4.
- Казанская, М. Юбилей храма / Мария Казанская // Маяк. Берёза, 2015. 30 мая. С. 16.
- Гладыщук, А. «Черняков: о церковном святе – Мыколе» / Анатолий Гладыщук // Маяк. Берёза, 2011. 21 мая. C. 6.
- Карпеш, Р. Хранители наследия : [о Свято-Николаевской церкви в д. Черняково] / Р. Карпеш // Маяк. Берёза, 2008. 1 марта. C. 4.