Пасля заўчаснай смерці бацькі Уладзімір з чатырнаццаці гадоў жыў самастойна, зарабляў прыватнымі ўрокамі, займаўся самаадукацыяй. З 1875 г. вучыўся ў Пінскім рэальным вучылішчы, дзе ўступіў у тайны гурток, які меў багатую бібліятэку забароненых кніг. У 1883 г. паехаў у Маскву, каб самастойна рыхтавацца да экзамену на атэстат сталасці. Служыў пісцом і канторшчыкам.
У 1884 г. арыштаваны па абвінавачванні ў «пособничестве» членам партыі «Народная воля», падвяргаўся катаванням і пасля спробы самазабойства вызвалены пад надзор паліцыі. У 1888 г. арыштаваны зноў, пасля чаго прабыў паўтара гады ў папярэднім і два гады ў адзіночным зняволенні ў Пецярбургскай турме (з абавязковай працай за ткацкім станком).
Пасля вызвалення Уладзімір Краніхвельд жыў у Варонежы, стаў пісаць у «Воронежском телеграфе», «Русских ведомостях» і «Русской мысли», дзе змясціў артыкулы «Подоходный налог» (1892) і «Земское школьное дело» (1895). З 1893 г. яго перакананні сталі марксісцкімі. У 1895–1896 гг. — загадчык статыстычнымі работамі ў Варонежскім земстве. У 1896–1900 гг. жыў у г. Уральску (цяпер у Казахстане), працаваў у органах статыстыкі ва Уральскай вобласці, рэдагаваў газету «Уралец» і змяшчаў артыкулы ў «Памятных книжках Уральской области».
У 1900 г.Уладзімір Краніхвельд атрымаў дазвол жыць у Санкт-Пецярбургу. Супрацоўнічаў у часопісах «Северный курьер», «Журнал для всех», «Образование», дзе змясціў артыкулы пра Леаніда Андрэева, Сямёна Юшкевіча і інш. 1903 г. правёў за мяжой, друкаваўся ў часопісе «Освобождение». Быў штатным літаратурным крытыкам часопіса «Русское богатство». Адным з першых заўважыў і адобрыў раннія апавяданні Максіма Горкага, сачыў за яго творчасцю, крытыкаваў раман «Мать» (1906).
У 1907 і 1911–1913 гг.быў рэдактарам часопіса «Мир Божий» (з 1906 г. «Современный мир»). У гэтым часопісе змясціў шэраг вялікіх артыкулаў пра Глеба Успенскага, Мікалая Някрасава, Міхаіла Салтыкова-Шчадрына; вёў агляд часопісаў. Значная частка аглядаў увайшла ў яго трохтомнае выданне «В мире идей и образов» (1911–1917). Лічыў літаратуру простым адлюстраваннем грамадства і жыцця, разглядаў мастацкія творы як адлюстраванне пэўнага сацыяльнага стану пісьменніка. Так, светапогляд Льва Мікалаевіча Талстога тлумачыў яго станам «великого барина».
Напісаў гісторыка-літаратурныя работы пра М. Някрасава, Д. Пісарава, М. Салтыкова-Шчадрына ў «Истории русской литературы ХIХ века» (1908–1910). У 1914 г. пачаў супрацоўнічаць у палітычнай і літаратурнай газеце «Киевская мысль». Выступаў супраць бальшавізму, крытыкаваў Леніна, Троцкага, Луначарскага, у прыватнасці абвінавачваў бальшавікоў у недаацэнцы ролі інтэлігенцыі.
У 1914 г. У. П. Краніхвельд быў прыцягнуты да суда па абвінавачванні ў блюзнерстве за публікацыю «Санина» (1907) і аповесці С. І. Гусева-Арэнбургскага «Призраки» (1912) у перыяды часовага выканання абавязкаў рэдактара «Современного мира». Быў прыгавораны да васьмі месяцаў турмы ў Петрапаўлаўскай крэпасці, аднак, па хадайніцтве Літаратурнага фонду тэрмін быў скарочаны, адсядзеў у адзіночнай камеры каля чатырох месяцаў.
У верасні–снежні 1917 г. — рэдактар штомесячніка «Библиографический справочник». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыібыў загадчыкам аддзела гістарыяграфіі і музея Усерасійскага саюза гарадоў.
У. П. Краніхвельд памёр 16 мая 1918 г.у Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэкай.
Каваленка, Я. У., бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Зыкова Г. В. Кранихфельд Владимир Павлович / Г. В. Зыкова // Русские писатели, 1800–1917 : биографический словарь. Москва, 1994. Т. 3. С. 129–130.
- Кранихфельд Владимир Павлович // Краткая литературная энциклопедия : [в 9 т.]. Москва, 1966. Т. 3. Стб. 800–801.
- Кранихфельд Владимир Павлович // Энциклопедический словарь / издатели: Ф. А. Брокгауз, И. А. Ефрон. Санкт-Петербург, 1895. Т. 16а (22). С. 500.
- «Мир Божий» : [журнал, в котором сотрудничал В. П. Кранихвельд] // Большая советская энциклопедия. Москва, 1974. Т. 16. С. 309.
- Кранихвельд, В. П. Т. Г. Шевченко – певец Украины и Запорожья / В. П. Кранихвельд. – СПб. ; Пг., 1911–1917.
- Кранихвельд, В. П. В мире идей и образов : [в 3 т.] / В. П. Кранихвельд. СПб. ; Пг., 1911–1917. Т. 1–3.
- Кранихвельд, В. П. Очерки / В. П. Каранихвельд. СПБ., 1901.
- Кранихвельд, В. П. А. С. Пушкин / В. П. Кранихвельд. – Уральск, 1899.