Панядзелак, 14 Ліпень 2025 17:06

2025 г. – 305 гадоў з часу пабудовы Свята-Раства-Багародзіцкай царквы ў в. Востраў (Пінскі р-н; 1720), помніка народнага драўлянага дойлідства

У цэнтры в. Востраў Ласіцкага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіцца Свята-Раства-Багародзіцкая (Свята-Прачысценская) царква. Пабудавана ў 1720 г. як уніяцкая. Пасля скасавання уніі (1839) перададзена праваслаўным. У 1869 г. часткова перабудавана.

У Востраве з пачатку ХVI ст. вядома царква ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Прыход уваходзіў у Турава-Пінскую епархію. Праз дзвесце гадоў на месцы даўняй царквы пабудаваны новы ўніяцкі храм у традыцыях палесскага народнага дойлідства. Па стане на 1837 г. царква была прысвечана Беззаганнаму Зачаццю Дзевы Марыі. У парафіі налічвалася 593 вернікаў. Апошнім уніяцкім пробашчам быў Аляксандр Страпко.

Драўляны прамавугольны будынак накрыты двухсхільным дахам, які на галоўным фасадзе стварае ўсечаны франтон з чацвярыковай вежай, завершанай барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Вальмавы скат над трохсценнай апсідай увенчаны маленькім чацвярыковым барабанам з высокім шлемам і макаўкай. Уваход вырашаны праз нізкі прамавугольны прытвор, накрыты двухсхільным дахам. Вертыкальна ашаляваныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі (па два акны на бакавых фасадах) і бусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Перад царквой у ХІХ ст. узведзена трох’ярусная зрубна-каркасная званіца, накрытая шатровым чатырохгранным дахам. Перад прыходам нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1941) са званіцы знялі званы і закапалі на адным з бліжэйшых агародаў. Пасля вайны званы адкапалі і вярнулі на званіцу.

У інтэр’еры плоская столь, разны іканастас, многія іконы ўпрыгожаны вышытымі рушнікамі. Прастол асвечаны ў імя Раства Прасвятой Багародзіцы. У храме захоўваецца абраз «Маці Божая Замілаванне» ХVIII–ХІХ стст. — самае жывое і трапяткое адлюстраванне Багародзіцы з Дзіцяткам.

З 1869 г. працяглы час настаяцелем служыў свяшчэннік Антоній Кагачэўскі. У 1877 г. прыхаджане пабудавалі для свяшчэнніка новы дом. Працавала царкоўна-прыходская школа.

На вясковых могілках у канцы ХІХ ст. была пабудавана невялікая драўляная капліца. Квадратны цэнтрычны аб’ём пад чатырохсхільным дахам. Прамавугольныя вокны аздоблены ліштвамі. Вуглы ўпрыгожаны лапаткамі з ордэрным завяршэннем.

У в. Парэ, што за 5 км ад Вострава, захавалася капліца ў імя святога Мікалая Цудатворцы, пабудаваная ў 1902 г., — помнік архітэктуры з элементамі класіцызму. Кампактны мураваны будынак, накрыты чатырохсхільным шатровым дахам, які ўвенчаны шарам і крыжам. Па вуглах раскрапаваны пілястрамі, бакавыя фасады дэкарыраваны паўкруглымі простымі ліштвамі над вокнамі і карнізам над імі. Вокны маюць паўцыркулярнае завяршэнне і размешчаны парамі на бакавых фасадах. Перад капліцай двухслупавая званіца пад жалезным дахам, на якой два званы. Капліца адрамантавана ў верасні 2023 г. на ахвяраванні жыхароў і пры падтрымцы ААТ «Ласіцк».

У Востраве ў 1940 г. было 855 жыхароў. У час Вялікай Айчыннай вайны службы ў царкве працягваліся. У чэрвені 1944 г. немцы спалілі 8 двароў, загубілі 10 жыхароў. 19 жыхароў не вярнуліся з фронту. У 1960 г. — 641 жыхар, у 1970 г. — 524, у канцы ХХ ст. — 139, у 2019 г. — 52. Тут нарадзіліся пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч Міхаіл Фёдаравіч Дубянецкі (1927–1990), філосаф, палітолаг, публіцыст, кандыдат філасофскіх навук Станіслаў Фёдаравіч Дубянецкі (1940–2022).

Свята-Раства-Багародзіцкая царква в. Востраў — помнік народнага драўлянага дойлідства першай паловы ХVIII ст. Прыход адносіцца да Пінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай праваслаўнай епархіі. Прастольнае свята — 21 верасня. Царкву наведваюць жыхары суседніх вёсак Парэ, Вешня, Ладараж, Ласіцк. Настаяцелем служыць іерэй Аляксей Пыцько, які закончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «тэалогія». У 2007 г. рукапаложаны ў свяшчэннікі, служыў у г. Ганцавічы і аг. Фядоры Столінскага раёна.

14 чэрвеня 2025 г. адбылася святочная літургія з нагоды 300-годдзя асвяшчэння храма, якую ўзначаліў епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій. Яму саслужылі свяшчэннікі Пінскага і Столінскага благачынняў. На свята прыехалі шмат паломнікаў з Пінска, вёсак Пінскага раёна і іншых месцаў Беларусі. Па заканчэнні літургіі ўладыка Георгій уручыў узнагароды прыходскаму актыву.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Островская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 175.
  2. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Востраў] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 90.
  3. Свята-Раства-Багародзіцкая царква : [в. Востраў] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 43.
  4. Церковь Рождества Пресвятой Богородицы : [д. Остров] // Храмы Брестчины. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2024. С. 155.
  5. Якимович, Ю. А. Пречистенская церковь : [д. Остров] / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 343.
  6. Прачысценская царква : [в. Востраў] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 298.
  7. Злобін, Э. Л. Помнікі культавай і сядзібна-паркавай архітэктуры : Прачысценская царква. Капліца : [в. Востраў] / Э. Л. Злобін // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 509.
  8. Злобін, Э. Л. Помнікі культавай і сядзібна-паркавай архітэктуры : Капліца : [в. Парэ] / Э. Л. Злобін // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 522–523.
  9. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. –  511 с., [40] л. іл. – Гл. на с. 94–95.
  10. Востраў : [Пінскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 389–390.
  11. Ребковец, Л. У духовного истока : [о празднике к 300-летию со дня освящения церкви Рождества Пресвятой Богородицы в д. Остров] / Людмила Ребковец // Пінскі веснік. 2025. 20 чэрвеня. С. 15.
  12. Парчук, Н. К 300-летию церкви Рождества Пресвятой Богородицы д. Остров : [стихотворение] / Надежда Парчук // Пінскі веснік. 2025. 20 чэрвеня. С. 15.
  13. Урбанович, И. Обновили святыню толокой : [о проведенном ремонте часовни начала ХХ в. в д. Паре Пинского района] / Инна Урбанович // Пінскі веснік.  2023. 6 кастрычніка (№ 40). С. 17.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1 разоў