Навуковыя колы прызналі зборнік адной з лепшых этнаграфічных прац, а для Беларускага Палесся гэта быў выхад у людзі, адкрыццё для шматнацыянальнай Расійскай імперыі. На момант выхаду кнігі адарванасць палешукоў ад знешняга свету стала знікаць у сувязі з будаўніцтвам чыгункі, аднак гэта дабавіла каштоўнасці назіранням і запісам этнографа. Д. Г. Булгакоўскі за зборнік «Пинчуки» быў удастоены залатога медаля Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства (1888).
Д. Г. Булгакоўскі (1845 – пасля 1918) нарадзіўся ў Арлоўскай губерні. Бацька быў псаломшчыкам у царкве. Дзмітрый вучыўся ў Арлоўскай духоўнай семінарыі, аднак пасля заўчаснай смерці бацькі пакінуў вучобу. У 1864 г. апынуўся ў Беларусі, дзе пасля падаўлення польскага паўстання масава адкрывалі народныя вучылішчы, атрымаў месца настаўніка ў Барысаўскім павеце. Працягваў вучобу ў Мінскай духоўнай семінарыі, у 1869 г. закончыў поўны курс. Быў рукапаложаны ў сан свяшчэнніка.
Першым месцам служэння айца Дзмітрыя была царква сяла Морач Мазырскага павета, але ў наступным годзе яго перавялі ў г. Пінск Мінскай губерні. З жніўня 1870 г. па люты 1874 г. служыў у саборнай царкве святога велікамучаніка Феадора Цірона, якая мае адметную гісторыю. Манументальны мураваны касцёл у стылі класіцызму пабудаваны дамініканцамі ў сярэдзіне ХVІІІ ст. У 1857 г. будынак перададзены праваслаўным і перабудаваны ў царкву, якая асвячона ў імя Феадора, заступніка горада. У час Вялікай Айчыннай вайны моцна пашкоджана, разабрана ў 1949 г., на фундаменце пабудавалі кінатэатр «Дружба», цяпер тут зноў царква. У іншым месцы ў 2001 г. вазвялі новы Свята-Феадораўскі сабор.
Дзмітрый Булгакоўскі выкладаў у Пінскім духоўным вучылішчы рускую і царкоўна-славянскую мовы, падрыхтаваў падручнік «Практическое руководство к наглядному усвоению русского правописания» (1873).
Шмат часу прысвячаў даследаванням этнаграфіі і фальклору жыхароў Пінскага павета, якія з-за аддаленасці ад цэнтраў прамысловага развіцця захавалі архаічныя славянскія традыцыі. У зборніку «Пинчуки» аўтар адзначаў, што пінчукі «несмотря на усиленную пропаганду полонизма и широкий простор католицизма с его жестоким насилием, остались непоколебимы Русскому Престолу и Отечеству и верными сынами Православия с его таинствами и обрядами».
Дзмітрый Булгакоўскі стаяў ля вытокаў народнага руху за цвярозасць у Гродзенскай губерні, калі служыў у Свіслачы і Ваўкавыску. У 1890 г. у сувязі з хваробай выйшаў у пазаштат, жыў у Санкт-Пецярбургу як вольны свяшчэннік. У 1902 г. адмовіўся ад духоўнага сану. Ва ўзросце 57 гадоў стаў вольным слухачом прыродазнаўчага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта.
Літаратурная дзейнасць Д. Г. Булгакоўскага была вельмі разнастайнай: працы рэлігійна-маральныя, гістарычныя, этнаграфічныя, ваеннай тэматыкі, белетрысттыка — усяго 170 назваў, з іх больш за 30 кніг. З найбольш папулярных: «Домик Петра Великого и его святыня в С.-Петербурге» (1891), «Из загробного мира. Явления умерших от глубокой древности до наших дней» (1894), «Иссык-Кульский православный миссионерский монастырь в Средней Азии» (1896), «В стороне от жизни. Повесть из жизни современного духовенства» (1909), «Великое былое. Воспоминания об Отечественной войне по поводу её столетней годовщины» (1912) і інш.Аўтар рамана «Близнецы» (1903), у якім апісаў норавы маскоўскай арыстакратыі.
Па праблеме алкагалізацыі апублікаваў шэраг кніг: «Горе горемычное. Старые и новые речи против пьянства и его ужаснейших последствий и добрые советы, как избавиться от него» (1898), «Новая русская хрестоматия с подбором статей о вредном влиянии спиртных напитков на здоровье, материальное благосостояние и нравственность» (1901), «Вино на Руси по памятникам народного творчества литературным и художественным» (1902), «Как я перестал пить» (1906), «Горькая правда о пьянстве», «Как отказаться от спиртных напитков» і інш. Выдаваў і рэдагаваў часопіс «Всероссийский вестник трезвости», які выходзіў два разы на месяц у 1911–1912 гг.
Этнаграфічны зборнік Д. Г. Булгакоўскага «Пинчуки» і ў ХХІ ст. застаецца важнай крыніцай у вывучэнні Беларускага Палесся, побыту і вусна-паэтычнай творчасці беларусаў. У ім надзвычай рознабакова характарызуецца духоўнае і культурнае жыццё беларускіх сялян Піншчыны 1870-х гг., тады маладаследаванай мясцовасці, аддзеленай ад астатняга свету непраходнымі балотамі і лясамі.
Некаторыя кнігі Д. Г. Булгакоўскага, у тым ліку 2 экземпляры «Пинчуков», знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага з 1960 г. захоўваецца арыгінальнае выданне кнігі «Пинчуки». Экземпляр у добрым стане, у цэльнакалянкоравым пераплёце з залатым цісненнем і абрэзам. На форзацы надпіс: «Многоуважаемому Сергею Петровичу Дюшенъ от свящ. Д. Г. Булгаковского. 11 января 1895 г.». С. П. Дзюшэн (1857–1918) — расійскі дзеяч ваенна-марскога флоту, генерал. У 2012 г. у Маскве выдадзены рэпрынт арыгінальнага выдання «Пинчуки».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii
- Булгаковский, Д. Г. Пинчуки : этнографический сборник : песни, загадки, пословицы, обряды, примеры, предрассудки, поверья, суеверья и местный словарь / собрал в Пинском уезде Минской губернии Д. Г. Булгаковский ; [под редакцией Ф. Истомина] / Д. Г. Булгаковский. – СПб. : в Типографии В. Безобразова и Комп. (Вас. Остр., 8 л., д. № 451), 1890. – [2], VI, 200 с.
- Гурскі, А. І. Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч / А. І. Гурскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 330.
- Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 116.
- Булгаковский Дмитрий Гаврилович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 555.
- Гурскі, А. І. Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч / А. І. Гурскі, І. У. Саламевіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 193–194.
- Бандарчык, В. К. Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч / В. К. Бандарчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 124.
- Бандарчык, В. К. Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч / В. К. Бандарчык // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 513–514.
- Бандарчык, В. К. Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч / В. К. Бандарчык // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 463.
- Щеглов, Г. Э. Печальник о благе народном : жизнь и литературные труды Дмитрия Гавриловича Булгаковского / Г. Э. Щеглов. – Минск : Белорусская Православная Церковь, 2009. – 269, [2] с., [16] л. ил. : портр.
- Щеглов, Г. Э. К биографии писателя Дмитрия Гавриловича Булгаковского (1843 – после 1918). Детство, учеба, годы приходского служения / Г. Э. Щеглов // Труды Минской Духовной академии. 2009. № 7. С. 89–113.
- Гурскі, А. І. З любоўю да народа : з жыцця і фальклорна-этнаграфічнай дзейнасці Д. Г. Булгакоўскага і П. П. Дземідовіча / А. І. Гурскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – 65 с.
- Булгаковский, Д. Практическое руководство к наглядному усвоению русского правописания : для начальных школ и людей, не учивших грамматики / Д. Булгаковский. – СПб., 1873. – VI, 90 с.
- Булгаковский, Д. Белорусские песни. Волочобные (запсианы в Борисовском уезде Д. Булгаковским) / Д. Булгаковский // Минские губернские ведомости. 1868. № 23. С. 156–157.
- Бычков, А. Ф. Отзыв о труде священника Д. Булгаковского: «Пинчуки. Этнографический сборник» / А. Ф. Бычков // Приложения к отчету императорского Русского географического общества за 1887. СПб., 1888. С. 33.
- Булгаковский, Д. Г. Пинчуки : этнографиечский очерк : [о редком издании] // 100 раритетов из фонда Брестской областной библиотеки им. М. Горького / сост.: Е. А. Пинкевич, Л. А. Цапкова. Брест : Белстан, 2025. С. 64.
- Ильин, А. Л. Очерки истории культуры Пинщины (IX – нач. XX вв.) / А. Л. Ильин, Е. А. Игнатюк. – Пинск : Полесский государственный университет, 2013. – 220 с.
- Курков, И. Н. Книга о русалках и не только : [о книге Д. Г. Булгаковского «Пинчуки» (1890)] / И. Н. Курков // Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 26–28.
- З любоўю да народа : [пра Д. Г. Булгакоўскага і яго кнігу «Пінчукі»] // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 545–547.
- Самуйлік, М. Аўтар «Пінчукоў» : [пра Д. Г. Булгакоўскага] / М. Самуйлік // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 152–153.
- З кнігі Дз. Г. Булгакоўскага «Пінчукі» // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 153–155.
- Довнар-Запольский, М. Д. Г. Булгаковский. Пинчуки. Этнографический сборник. 1890 г. : (рецензия) / М. Довнар-Запольский // Этнографическое обозрение. Москва, 1891. Кн. ХI. № 4. С. 207–210.
- «Пинчукам» – 125 лет : [об этнографическом сборнике Д. Г. Булгаковского «Пинчуки» (1890)] // Пінскі веснік. 2015. 6 студзеня. С. 4.
- Ильенков, В. «Ой! Добрый вечор, пане господару, Святый вечор!» : [о сборнике Д. Г. Булгаковского «Пинчуки» (1890) и главе в нем, посвященной празднику Рождество Христово] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2015. 6 студзеня. С. 4.
- Жэлянгоўская, I. «Пінчукі», альбо Кніга пра побыт, звычаі і духоўную культуру жыхароў Палесся / Ірына Жэлянгоўская // Заря. 2012. 1 декабря. С.9.
- Дзюрич, Э. «Пинчуки» : [об этнографическом сборнике Д. Г. Булгаковского] / Эмма Дзюрич // Заря. 2006. 23 мая. С. 2.
- Курков, И. Дмитрий Булгаковский. Этнограф от Бога / Илья Курков // Обозреватель. 2005. 18 ноября (№ 46). С. 24.