Панядзелак, 22 Верасень 2025 11:32

2025 г. – 120 гадоў з часу першага згадвання пра школу ў вёсцы Імянін Кобрынскага раёна (дзяржаўная ўстанова адукацыі «Імянінская сярэдняя школа»; 1905)

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Імянінская сярэдняя школа» (в. Імянін, вул. Школьная, д. 49) — адна з найстарэйшых школ Кобрынскага раёна. Упершыню згадваецца ў Памятнай кніжцы Гродзенскага епархіяльнага вучылішчнага савета ў 1905 г. Гэта была аднакласная царкоўна-прыходская школа, дзе навучалася 37 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак. Загадчыкам школы і законанастаўнікам быў святар Аляксандр Паўлавіч Вятчанінаў.

Да 1939 г. навучанне ў школе вялося на польскай мове. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў школе было чатыры класы і два настаўнікі, з пачаткам вайны школу зачынілі. У 1944 г. яна была спалена. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў заняткі праходзілі ў дамах мясцовых жыхароў Парфёна Мароза, Казіміра Крыжаноўскага, Спірыдона Вакулюка.

У 1947 г. пабудаваны новы будынак школы. У 1949 г. школа атрымлівае статус сямігадовай, з кожным годам прырастае новымі вучнямі і настаўнікамі пад кіраўніцтвам дырэктараў Мікалая Цімафеевіча Сігаева (1951–1953), Івана Іванавіча Пракапука (1953–1959), Пятра Грыцука і Крывашэева (перыяд з 1959 па 1961 гг.).

У 1962 г. кіраўніком установы быў прызначаны Пётр Еўстаф’евіч Дашчук, з імем якога звязана буйнамаштабная мадэрнізацыя ўстановы. У рэжыме вялікага будаўніцтва Імянінская школа жыла шмат гадоў, з кожным годам змянялася і прырастала новымі пабудовамі. 26 ліпеня 1964 г. пачата будаўніцтва дадатковых чатырох класных пакояў. У 1968 г. разабралі старую школу, на яе месцы пабудавалі майстэрні. З часам з'явіліся асобныя будынкі для шасцігодак і навучэнцаў старэйшых класаў. Калі колькасць вучняў дасягнула ста васьмідзесяці, быў пабудавана новы будынак для пачатковых класаў.

У 1977 г. дабудавалі некалькі новых класаў і заклалі спартыўную залу. На тэрыторыі школы размясціўся вялікі сад, яго пладамі дзеці маглі ласавацца на працягу ўсяго навучальнага года. Была пабудавана кацельня. Прышкольны эксперыментальна-доследны ўчастак здзіўляў экзатычнымі раслінамі. Клумбам на школьным двары не было роўных у раёне. Невыпадкова, што ў 1980-я гады школа, якая мела такую добрую адукацыйную базу, была запрошана ў якасці ўдзельніка на ВДНГ СССР.

У 1989 г. Імянінская школа стала сярэдняй. З новабудоўляў з’явіліся бібліятэка і камп’ютарны клас, што дазволіла невялікай вясковай школе ісці ў нагу з часам і зрабіла яе прывабнай для школьнікаў з бліжэйшых населеных пунктаў і нават з горада. У 1997 г. школу ўзначаліў Уладзімір Рыгоравіч Луцэнка, у 2004 г. абавязкі дырэктара былі ўскладзены на Наталлю Сямёнаўну Панасюк.

З 30 жніўня 2008 г. працуе школьны гісторыка-краязнаўчы музей «Імяніначка», які размешчаны ў адным з будынкаў школы і прадстаўляе сабой выяву старажытнай вясковай хаты. З усіх куткоў вёскі былі сабраны экспанаты для экспазіцыі: прылады працы, прыстасаванні, вялікая калекцыя ручнікоў. Колькасць экспанатаў — 322, у т. л. асноўнага фонду — 275. Арганізаваны два раздзелы экспазіцыі: «Беларусь сёння» і «Гісторыя Імянінскай сярэдняй школы». У 2013 г. у школе зроблены рамонт, дабудаваны тры новыя кабінеты для пачатковых класаў з пераходам, які злучае навучальны корпус са школьнай сталовай.

З верасня 2016 г. калектывам, у якім працуюць 29 педагогаў і навучаецца 165 вучняў, кіруе Марына Рыгораўна Юрэня. У школе дзейнічаюць дзве групы падоўжанага дня. Пасля ўрокаў вучні могуць паглыбіць веды па вучэбных прадметах на факультатыўных занятках або прысвяціць некалькі гадзін заняткам па інтарэсах — заняцца спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, робататэхнікай. Цяпер для ажыццяўлення вучэбна-выхаваўчага працэсу ў школе ёсць 11 навучальных кабінетаў, асобны кабінет інфарматыкі, спартыўная зала, група прадоўжанага дня, стадыён, бібліятэка, сталовая, кабінет псіхолага.

Імянінская школа стала адной з першых у раёне, дзе была ўкаранёна прафесійная адукацыя: у 10–11 класах юнакі набываюць спецыяльнасць разьбяра па дрэве і бяросце, дзяўчаты — швачкі. У рамках дабрачыннага праекта ААТ «ААБ Беларусбанк» «У школу з Беларусбанкам» ДУА «Імянінская сярэдняя школа» першай у Брэсцкай вобласці атрымала новы аўтобус (2013). У 2023 г. школа стала першай у Брэсцкай вобласці, дзе рэалізуецца праект «Кібербяспека дзецям». Вучні школы становяцца пераможцамі конкурсаў, навуковых канферэнцый, прадметных алімпіяд.

За гады сваёй дзейнасці Імянінская школа дала пуцёўку ў жыццё больш за 1000 выпускнікам, сярод якіх ёсць грамадскія дзеячы, вучоныя, урачы, інжынеры, святары. У в. Імянін нарадзіўся Уладзіслаў Паўлавіч Падпалаў, беларускі вучоны ў вобласці клінічнай медыцыны, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, выдатнік аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар.

На будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка Барысу Мікалаевічу Сурыну, першаму камандзіру 123-га знішчальнага авіяпалка ў Кобрыне, які загінуў у баі 22 чэрвеня 1941 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дзяржаўнай установе адукацыі «Імянінская сярэдняя школа» (1905) – 120 гадоў // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 194.
  2. Летапіс роднай старонкі : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 500-годдзя з часу першага ўпамінання в. Імянін Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Т. М. Баранская. – Кобрын, 2019. – 40 с : фат. – (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
  3. Белов, Д. Посетили мемориал «Остров Мужества и Скорби» : [учащиеся Именинской СШ и руководители по военно-патриотическому воспитанию приняли участие в торжественном митинге по случаю Дня памяти воинов-интернационалистов, который прошел на острове Мужества и Скорби в г. Минске] / Дмитрий Белов // Кобрынскі веснік. 2025. 1 сакавіка (№ 9). С. 7.
  4. Андросова, О. Почему пост – не диета : [перед учащимися Именинской средней школы выступил настоятель храма д. Береза Кобринского района отец Александр] / Ольга Андросова // Кобрынскі веснік. 2025. 22 лютага (№ 8). С. 7.
  5. Белов, Д. Награда лидеру : [председатель первичной профсоюзной организации Именинской средней школы Тамара Цапко отмечена Благодарностью Брестской областной организации профсоюза работников образования и науки] / Дмитрий Белов, Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2024. 21 верасня (№ 38). С. 7.
  6. Бакун, Е. О кибербезопасности детям : [Именинская СШ стала первой в Брестской области, где реализуется проект «Кибербезопасность детям»] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2023. 25 лістапада. С. 15.
  7. Бакун, Е. С заботой о детях : [в рамках благотворительного проекта ОАО «АСБ Беларусбанк» «В школу с Беларусбанком» ГУО «Именинская СШ» первой в Брестской области получила новый автобус] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2023. 11 лістапада. С. 8.
  8. Елизарова, Ж. С днем рождения, школа! : [Именинской средней школе исполнилось 115 лет] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2020. 30 верасня. С. 4.
  9. Елизарова, Ж. Будущее уже сегодня : [в ГУО «Именинская средняя школа» углубленно развивают интерес школьников к научно-техническому творчеству] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2020. 25 студзеня. С. 1.
  10. Пальто, К. На крыльях фантазии : [воспитанники объединения по интересам Именинской СШ – активные участники районных и областных творческих конкурсов] / Ксения Пальто // Кобрынскі веснік. 2018. 19 мая. С. 12.
  11. Кузина, С. Становление советского школьного образования на Кобринщине / Светлана Кузина // Кобрин-информ. 2017. 28 декабря. С. 6.
  12. Пашкович, Л. Прикосновение к живой природе : [учащиеся Именинской средней школы на каникулах посетили Кобринский районный эколого-биологический центр] / Людмила Пашкович // Кобрынскі веснік. 2017. 11 лістапада. С. 3.
  13. Казакова, А. Отдых с пользой для души : [в ГУО «Именинская средняя школа» организован для учащихся палаточный лагерь с круглосуточным пребыванием] / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2017. 22 июня. С. 2.
  14. Сытин, А. С пользой для тела и души : [для учащейся молодежи Именинской средней школы работал православный палаточный лагерь] / Александр Сытин // Кобрынскі веснік. 2016. 25 чэрвеня. С. 9.
  15. Тимошук, А. Добро, подаренное детям : [80-летний юбилей отпраздновал Пётр Евстафьевич Дащук, бывший директор Именинской СШ] / Анна Тимошук // Кобрынскі веснік. 2016. 20 красавіка. С. 2.
  16. Бялоў, Д. Ключ ад каштоўнай скарбонкі : [Імянінская СШ – да Дня ведаў] / Дзмітрый Бялоў, Ігар Сідарук // Кобрынскi веснiк. 2012. 5 верасня. C. 1.
  17. Магдысюк, С. Век живи, век учись… : [Именинская СШ Кобринского района] / Сергей Магдысюк // Заря. 2005. 18 октября. С. 3.
  18. Пятроўская, М. Юбілей школы / Марыя Пятроўская // Кобрынскi веснiк. 1994. 16 лістапада. С. 3.
  19. Хоміч, В. Ёсць над чым падумаць : [працоўнае навучанне ў Імянінскай 8-гадовай школе] / В. Хоміч // Камуністычная праца. Кобрын, 1978. 9 лютага.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 13 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Верасень 2025 11:42