Аўторак, 21 Кастрычнік 2025 16:20

18 кастрычніка 2025 г. — 100 гадоў з часу асвячэння Крыжаўзвіжанскага касцёла ў г. Баранавічы (1925), помніка архітэктуры эклектыкі

У канцы ХІХ ст. мястэчка Баранавічы актыўна развівалася дзякуючы дзейнасці буйнога чыгуначнага вузла. У 1897 г. налічвалася 8718 жыхароў. У пачатку ХХ ст. мясцовыя ўлады хадайнічалі аб пераводзе мястэчка ў разрад горада. Напярэдадні Першай сусветнай вайны пражывала больш за 30 тыс. чалавек, дзейнічалі 4 царквы.

Вернікі Баранавічаў на пачатку ХХ ст. не змаглі атрымаць дазвол на будаўніцтва рымска-каталіцкага касцёла. У 1904 г. памерла Лізавета (Эльжбета) Развадоўская, жонка графа Яна Тадэвуша Развадоўскага, уладальніка маёнтка Баранавічы з 1881 г. Яе пахавалі на каталіцкіх могілках у адмыслова збудаваным родавым склепе, на месцы, прызначаным для касцёла. Дзякуючы дапамозе мінскага губернатара, быў атрыманы дазвол на будаўніцтва на магіле драўлянай каталіцкай капліцы. Пабудавана яна была ў 1908 г., час ад часу тут адпраўляў Святую Імшу ксёндз Антоній Ганіч з Новай Мышы.

У 1911 г. была заснавана баранавіцкая каталіцкая парафія. Пасля Рыжскай мірнай дамовы (1921) Баранавічы апынуліся ў складзе Польшчы, дзе каталіцызм з’яўляўся дзяржаўнай рэлігіяй. У 1923 г. быў арганізаваны камітэт пабудовы касцёла. Праект рапрацаваў архітэктар Тадэвуш Жаландкоўскі. У 1924–1925 гг. на месцы капліцы, якую перанеслі ўбок, быў збудаваны драўляны касцёл. Храм пад тытулам Узвіжання Святога Крыжа 18 кастрычніка 1925 г. асвяціў біскуп Зыгмунт Лазінскі. На той час налічвалася каля 4100 парафіян.

Крыжаўзвіжанскі касцёл у Баранавічах — помнік эклектычнай архітэктуры, у якім увасоблены гатычны вертыкалізм аб’ёмнай кампазіцыі, барочная эластычнасць сілуэта, класіцыстычная строгасць параднага ўвахода — порціка, авангардная асіметрычнасць і жорсткая канструкцыйнасць — трохнефная аднавежавая базіліка. Да галоўнага прамавугольнага ў плане нефа прылягае 5-гранная апсіда з асіметрычна-прыбудаванай гранёнай сакрысціяй.

Галоўны неф накрыты стромкім 2-схільным дахам, бакавыя — аднасхільнымі, апсіда — вальмавым, сакрысціі — шатровымі дахамі. Перапад нефаў надае кампазіцыі ярусную дынамічнасць. На галоўным фасадзе пластычная шматфігурная вежа-ківорый на 8-гранным барабане. Трохвугольны франтон расчлянёны аконнай аркатурай-трыфорыумам. Ашаляваныя вертыкальна сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Дах падтрымліваюць фігурна апрацаваныя балкі-кранштэйны.

Уваход вылучаны 2-калонным порцікам. У інтэр’еры касцёла 4-калонны алтар, які мае абразы, выкананыя ў 1934–1935 гг. мастаком Турскім у манеры акадэмічнага жывапісу. На вокнах — паліхромныя вітражы. На хорах — арган. Можна ўбачыць унікальныя роспісы і разныя драўляныя элементы, якія падкрэсліваюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць храма.

Меркавалася, што ў хуткім часе касцёл перабудуюць у мураваны. Але потым сярод парафіян паўстала ідэя будаўніцтва вялікага мураванага касцёла ў цэнтры горада, падмурак якога заклалі на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Каханоўскага (цяпер плошча Леніна). Але з-за цяжкасцяў фінансавання і эканамічнага крызісу, будаўніцтва не было скончана.

Уваход на тэрыторыю касцёла вырашаны мураванай манументальнай брамай у стылі неаготыкі ў выглядзе 3-пралётнай аркады з каванымі варотамі. Перад касцёлам зроблены з бутавага каменю грот, у арачнай нішы якога — скульптура Дзевы Марыі. Недзе на тэрыторыі знаходзіцца магіла Яна Развадоўскага (1855–1930), але дакладнае месца невядома. У 2006 г. на месцы, дзе быў адзін з дамоў Развадоўскіх (вул. Камсамольская, 46), адкрыты памятны знак заснавальнікам горада Развадоўскім.

У 1935 г. капліца была перабудавана ў парафіяльны дом, які быў страчаны ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1990 г. у касцёле пачалі весціся беларускамоўныя службы. Цяпер храм адносіцца да Заходне-Баранавіцкага дэканата Пінскай дыяцэзіі. Парафіяльнае свята адзначаецца 14 верасня — дзень Узвіжання Святога Крыжа. Адрас: г. Баранавічы, вул. Куйбышава, 36.

Пробашчы парафіі ў розны час: Вінцэнт Франкевіч (1911–1913), Станіслаў Эйсмант (1913–1915), Міхаіл Маеўскі (1920–1923), Люцыян Жаландоўскі (1923–1933), Казімір Бохуш (1927–1930), Эдвард Завадскі (1933–1935), Ян Барысюк (1933–1949), Францішак Піваварскі (1935–1939), Вацлаў Краўчык (1937–1941), Станіслаў Рагоўскі (1950–1978), Ежы Росек і Антоні Гей (1978–1991). Казімір Велікаселец (1991–?), Юзаф Дзяконскі (2006–2011), Валянцін Новак (з 2011 г.).

Баранавіцкі касцёл — помнік культавай архітэктуры, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000042).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

 

  1. Каласоўская, А. М. Баранавіцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл / А. М. Каласоўская // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 444–445.
  2. Барановичский Кретовоздвиженский костел // Регионы Беларуси : энцыклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 47.
  3. Костел Воздвижения Святого Креста : [Барановичи] // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 22.
  4. Касцёл Узвіжання Святога Крыжа : [Баранавічы] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 27.
  5. Касцёл Узвіжання Святога Крыжа : [Баранавічы] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2000. С. 12–13.
  6. Куцлагін, А. М. Архітэктурная спадчына : Крыжаўзвіжанскі касцёл у Баранавічах / А. М. Кулагін // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 654.
  7. Кулагин, А. Н. Крестовоздвиженский костел : [Барановичи] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 83.
  8. Крыжаўзвіжанскі касцёл : [Баранавічы] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 71.
  9. Баранавіцкі Крыжаўзвіжанскі касцёл // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 286.
  10. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. –  511 с., [40] л. іл. – Са зместу: 1925, Баранавічы : [Свята-Крыжаўзвіжанскі касцёл]. С. 343.
  11. Баранавічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 21–27.
  12. Орлова, И. Старейший костел : [в г. Барановичи отметил 100-летие] / Ирина Орлова // Заря. 2025. 24 сентября. С. 19.
  13. Загацкий, А. Костельная брама : [Крестовоздвиженский костел в Барановичах] / А. Загацкий // Наш край. Барановичи, 2012. 18 февраля. С. 4.
  14. Астрога, В. Баранавіцкія касцёлы / В. Астрога // Наша вера. 1999. № 2. С. 62–66.
  15. 70 лет римско-католическому приходу Вознесения Святого Креста Барановичей // Наш край. Барановичи, 1995. 9 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 104 разоў